Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Пяць лыжак заціркі

   — Агата! Агата!
   — Ну чаго глотку дзярэш?
   — Скора зацірка згатуецца?
   — Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш!
   Яшчэ не паспела яна адказаць свайму Антосю, які ляжаў на пяколку і стагнаў, — не то ад болю, не то ад голаду, — як з усіх бакоў апанавалі яе дзеці — нямаведама, хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі... Запішчалі яны ўсе ў адзін голас:
   — Мамка зацільку гатуе!
   І давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.
   — Мамка, мне дасі!
   — Мамка, мне дасі!
   І блішчалі іх галодныя вочы ад радасці...
   — Ці-і-ха, каб вы скіслі! — крыкнула Агата. — Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка...
   Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас выйшаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака... Горкае цяпер жыццё ў хворага Антося. Ён сам рабіць не можа. Адна толькі жонка працуе на яго і дзяцей.
   Учора ёй, Агаце, пашанцавала. Яна выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку.
   Вось і гатуе яна для сямейкі снеданне... У цёмнай малой хатцы вялікае свята...
   Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчаў. Ён ведаў, што цяпер Агата валадарніца.
   Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы аганёк у печы і шушукаліся.
   Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.
   — Гатова! — крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.
   — Гатова! Гатова! — запішчалі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям'і.

   Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце...

   І шчаслівая сямейка хваталася за лыжкі.
   — Ай! Ай! — запішчалі дзеткі.
   Антось вылупіў вочы і моўчкі давіўся гарачай заціркай.
   — А каб вас ліханька не ўзяло. Я ж вам казала — не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.
   Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і не вытрывалі — зноў давай есці... Ажно слёзы каціліся з вачэй. Не з'елі яшчэ і трэцяй часткі, як у хату ўвайшла суседка Сцёпчыха.
   — Дзень добры!
   — Дзень добры!
   — Хлеб ды соль!
   — Дзе тут хлеб, — зацірку ядзім, просім на снеданне! — кажа Агата.
   — Ого! На зацірку і я ахвотніца! — адказала Сцёпчыха, і яе галодныя вочы заблішчалі. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі...
   Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусціў галаву.
   «Нам і самім мала», — падумаў ён.
   З'ела Сцёпчыха адну лыжку і ўзялася за другую.
   «О, каб цябе!» — хацеў сказаць Антось і ледзь стрымаўся. Дзеткі таксама пачулі небяспеку і, скоса пазіраючы на Сцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі...
   «Тры!» — чуць не крыкнуў Антось, як Сцёпчыха зачэрпнула лыжкай у трэці раз.
   «Ратуйце! Ратуйце!» — ледзь не плакаў ён, як яна апусціла лыжку ў міску ў чацвёрты раз. А як з'ела пятую, то ўжо міска была пустая...
   — Разбойніца! — крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сцёпчыха падзякавала і пайшла. — Разбойніца!..
   — Ці я вінавата, што яна гэткая свіння! — лямантавала Агата.
   І папсулася свята беднай сямейкі. Спахмурнелі твары.
   Кожны думаў: «О-го! Каб лепей я з'еў гэтыя пяць лыжак заціркі...»

   Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце.

1912 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!