Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Дзе канец свету?

Увага! Поўны змест

   Даль была туманна-празрыстая, аббрызганая з берагоў пазалотаю сонейка. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Месцамі ўзгорак у самае неба ўпіраўся. Дзе-нідзе палосы далі, істужка за істужкаю, кайма за каймою, сшывалі неба з зямлёю. Нібы тканіны былі раскіданы радамі паміж небам і зямлёю дзеля таго, каб яны бяліліся на сонейку. Пачынаючы ад бору, яны былі спачатку цёмныя, потым сівелі і лёгкім, ледзь прыкметным дымком зліваліся з блакітам...
   Янка, малы сямігадовы хлопчык, пасвіў гусей на выгане ля рэчкі і пазіраў навокал здзіўленымі васільковымі вачамі. На кожным кроку бачыў ён дзівы-дзіўныя:
   — ...З-з-м! з-з-м! Глядзі, Янка, — кажа залатая пчолка з кветкі канюшыны, — які велізарны абшар зямлі, канца-краю няма. А колькі гэтых кветак з салодкімі, зацукраванымі збаночкамі! Ой, вялік свет...
   — ...С-с-с! колькі каласоў, братоў родных, вакол мяне, — шэпча жытні колас Янку, — ліку няма...
   — ...Чалом! чалом! чалом, Яначка, — пяе жаўранак над галавою пастушка. — Ой, як высока неба над намі, каб ты ведаў...
   Янка шмат чаго бачыць, чуе і ведае. Равеснікі смяюцца з яго — ён заўсёды адзін, як дзікі ваўчок. Ні з кім у конікі не гуляе. Хаваецца ад усіх... Гэта нядобра. Вочы ў яго часам смутныя... Ён сумуе тады, калі па шырокім гасцінцы едуць падарожнікі. Яны паказваюцца з аднаго краю нябёс чорнымі жучкамі, большаюць, большаюць, пакуль зробяцца вялікімі, як Янкаў бацька. Чуе Янка ляск пугі, бачыць успацелых коней.
   Здалёк-здалёк едуць падарожнікі. Янка вельмі зацікаўлена ўглядаецца ў іх. Цікавіць гутарка, вопратка, коні, каламагі.
   I дзівіцца маленькі Янка і надзівіцца не можа...
   Уздоўж, у даль дарогі едуць падарожнікі. Скрыпяць і грукаюць калёсы. Цішэюць-цішэюць. Меншаюць-меншаюць. I коні, і людзі робяцца тымі самымі маленькімі жучкамі, якімі былі спачатку. Вось-вось схаваюцца за пагорак на самым краі неба... Няма ўжо іх — згінулі-зніклі...
   I зноў жоўтая дарога апусцела-анямела... Улёгся пыл залацістымі плямінамі... А ціш такая сярод летняга дня, што здаецца — увесь свет заснуў.
   А Янка дзівіцца. Канца-мяжы няма дзівам яго неадступным:
   — Скуль гэтыя падарожнікі, што прыехалі з «канца зямлі»?
   — Куды яны паехалі, згінуўшы на другім «канцы зямлі»?
   Пільна-пільна ўглядаецца Янка ў маўклівую істужку залацістай дарогі — нічога зразумець не можа.
   Дарога мяккімі дыванамі залацістага пяску цягнецца ўздоўж, перарэзваецца ўпоперак, вузлавата пляцецца ў розныя стораны на паверхні зямлі, нібы маршчыны на твары бабулі.
   — Старая-старэнькая зямля наша, — думае Янка, — а жыве-жыве... Ды яшчэ якімі маладымі галасамі часта яго, Янку, дражніць.
   Помніць ён, як аднаго разу з маткай у грыбы пайшоў. Загуляўся тады каля канца пры муравейніку і згубіў матку. Спужаўся і падняў крык на ўвесь лес:
   — Матка, дзе ты?
   — Матка, дзе ты? — дражніла яго зямля з усіх бакоў: з бярэзніку, з бору, з пусткі.
   Ён у смех — зямля ў смех. Ён у плач — зямля ў плач.
   Але больш за ўсё цікавіць яго дарога, бо па ёй людзі прыходзяць немаведама адкуль і ідуць немаведама куды...
   То пакажацца сляпы жабрак-лірнік з хлопчыкам-павадыром. То на кірмаш едзе шмат народу.
   I Янка бачыць і адчувае несупынны рух жыцця.
   Гусі ідуць у шкоду, а Янка, разявіўшыся, пазірае на бязмежную дарогу, поўную незразумелых, цікавых рэчаў, абвеяную вабнымі з’явамі.
   Шмат разоў меў Янка ад бацькі гарачую лупцоўку за тое, што гусей у шкоду пускае.
   — Дзе канец свету?
   Янка думае цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі і даведацца не можа.
   — Дзе канец свету?
   — I бабка Аўдоцця гэтага не ведае. А дзядзька Арцём робіць толькі тое, што смяецца з яго запытанняў.
   — Бацька то пэўна знае, але ў яго боязна дапытвацца: яшчэ, чаго добрага, раззлуецца. Бацька вечна працуе, часу не мае.
   — Сам, сам пазнаю. Розумам уласным даведаюся.
   Прыслухоўваецца да страшных дзядоўскіх казак. Болей за ўсіх дрыжыць Янка ад страху, калі апавядаюць пра людаедаў і разбойнікаў. Слёзы самі коцяцца з яго вачэй пры жаласлівых песнях начлежнікаў. Сэрца маленькае выскачыць хоча з грудзей. Аднак тут жа ён набіраецца адвагі — як вырасце, усіх людаедаў і разбойнікаў знішчыць?
   — Дзе канец свету?
   — Пэўна, сонейка ведае, — думае Янка. А сонейка — яго першы сябар.
   I ўлетку, і ўзімку, і ўвосені, і на вясну Янка ад усходу да захаду любіць пазіраць на сонца.
   Жмурыць вочы на сонейка і чуе, што вялікая радасць расце ў яго сэрцы.
   Сонейка — добры, шчыры вартаўнік таго абшару зямлі, што ведае Янка. Сярод лета сонца ўзыходзіць вельмі рана з правага краю гары, залоціць вершаліны альхоўніку пад гарою ля рэчкі, а заходзіць яно вельмі позна з левага краю гэтай самай гары і таксама залоціць вершаліны дрэў. Сонца робіць тады ледзь не цэлы круг над тым абшарам зямлі, што ведае Янка.
   Увосені сонца падымаецца ўжо з бярэзніку і заходзіць у цёмны бор. Яно дзеліць увесь круг толькі напалавіну.
   Узімку сонца ўзыходзіць вельмі позна над дарогай на краі неба і заходзіць вельмі рана ў лагчыну. Яно абхоплівае зусім малы кавалак неба.
   — Пэўна, ўзімку холадна сонейку, — думае Янка.
   А на вясну, як пачынае цяплецъ, сонца зноў даўжэй спацыруе на небе. Яно часам вельмі хораша хмаркі фарбуе. Янка наглядзецца не можа. Чаго-чаго не бачыш тады ў небе, — і розныя замчышчы з белага і ружовага мрамару, і цэлыя стады невядомых звяроў, і велізарныя вогнішчы, і чырвоныя рэчкі...
   Сонца ведае, дзе канец свету, — пераканаўся Янка аднаго разу над вечар. Маці строга сказала — нікуды далёка ад гусей не адыходзіць, але раз назаўсёды трэба дабрацца да канца свету. Трэба дабрацца вось туды, дзе сонейка начуе за лесам, вось туды, куды знікаюць з зямлі падарожнікі...
   Хлопчык зірнуў на гусей, што гагаталі ў сухой канаве на выгане. Глянуў на вёску: мо хто з сваіх па вуліцу выйшаў. Усюды было ціха і пуста. Цішыня на захадзе сонейка.
   А сонца чырвоным пажарышчам стаяла за гарой і вабіла і звала да сябе малога Янку.
   Янка пусціўся бягом.
   Бег, бег дарогай; насустрач бярозка, дзе сонца павінна было зайсці ўніз. Бач — аж сонца адскочыла далей ад сівой крушні. Яшчэ ніжэй спусцілася, апіраецца там круглым бокам аб зялёны дуб.
   Нядоўга думаючы, хлопчык з усіх ног пусціўся далей. Надта хочацца зірнуць, дзе сонца заходзіць...
   А яно ад яго далей уцякае...
   Янка змарыўся, спацеў, але імкнецца ўперад супроць сонца, супроць таго вялікага пажарышча, якім яно запаліла неба...
   Новыя далі адкрыліся вачам Янкі, новыя лагчыны, новыя ўзгоркі, новыя лясы, новыя дарогі, дарожкі і сцежачкі, простыя і крывыя, ва ўсе бакі...
   — Стой! — крычыць ён сонцу, крыху ўстрывожаны, бо бацьку ўспомніў, успомніў тую кару, якую будзе ён мець ад бацькі, бо, пэўна, гусі ў жыце.
   — Стой! — дражніць яго зямля з лесу, з-пад гары — з усіх старой.
   — Стой!
   А Янка бяжыць з імпэтам уперад. Вочы гараць. Ёй хоча ведаць:
   — Дзе канец свету?
   Сонца зайшло... Змрокі паплылі па лагчынах... Сівы туман узнімаецца пад рэчкай. Паказаліся зоркі ў небе, заміргалі аганькі на зямлі.
   — Дзе канец свету?
   — Пэўна, ў кнігах аб гэтым напісана, — падумаў Янка. — Увосені ў школу пайду, вучыцца буду і аб усім, аб усім даведаюся.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!