Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля — Дванаццацігоднікі

   Больш за сто гадоў воддаль тракта стаяла невялікая вёска Такарышча. Яна «славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным, найлепшай жывёлай і добрым! тканінамі». Восенню, калі з поля ўжо ўсё было сабрана, на кірмашах за такароўскія тавары між гаспадарамі пачыналіся спрэчкі, а часам нават і бойкі. Суседнія вёскі зайздросцілі такароўцам і не любілі іх, стараліся чым-небудзь дапячы. «Дапячы» ж было вельмі проста: нават калі заможнага гаспадара называлі «кутнікам», чалавек ніякавеў, аж шкада на яго было глядзець.
   Зямля Такароўшчыны належала пану Магдановічу. Вельмі даўно продак-пан аддаў дзікую пустку сялянам у арэнду на дванаццаць гадоў. Арандатары шчыра ўзяліся за працу: апрацавалі зямлю, пабудавалі хаты, пасадзілі сады. Кожныя дванаццаць гадоў кантракт аднаўляўся, і як падыходзіў гэты час, такароўцы хмурнелі, непакоіліся, старайся ўсяляк дагадзіць пану. Калі грозная хмара з такароўскага неба мінала, пан Магдановіч падпісваў патрэбныя паперы, жыццё вёскі ўваходзіла ў звыклыя спакойныя берагі. Ужо некалькі разоў абнаўляліся будынкі, мяняліся пакаленні гаспадароў-паноў і сялян-арандатараў. За вёскай з'явіўся свой могільнік.
   Аднак тое, чаго такароўцы баяліся цэлае стагоддзе, урэшце здарылася. Маладому пану спадабаўся апрацаваны мужыцкімі рукамі кавалак зямлі і ён не працягнуў кантракт. Вяскоўцы спачатку прасілі пана, потым падалі на яго ў суд. Суд цягнуўся два гады і нямала каштаваў такароўцам, але выйграў яго пан Магдановіч. Такароўцы вымушаны былі пакінуць родны кут. Праз некалькі дзён апусцелую вёску нехта падпаліў. Шукаць падпальшчыка пан не стаў.
   Стары Лявон наадрэз адмовіўся ехаць у свет. «Я тут радзіўся, я тут і памру!» — заявіў ён дзецям і ўнукам. Узяў старога селянін з суседняй вёскі. Праз год з Лявонавай дапамогай гаспадарка гэтага чалавека прыкметна паправілася, і ўжо кожны ў вёсцы меў бы за шчасце трымаць такога работніка. З часам былы такаровец рабіўся ўсё больш маўклівым і панурым, людзі пачалі яго баяцца, лічылі чараўніком. Яшчэ праз год ён раптам загаварыў, стаў вясёлым, пачаў хадзіць на роднае папялішча.
   На былой такароўскай зямлі пачалося будаўніцтва. «Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў, хату для парабкаў, хату для гаспадара... на панскі манер». На будоўлю пайшоў працаваць і сямідзесяцігадовы Лявон. Старога любілі ўсе: і пан, і майстар, і рабочыя. Сілу ён меў не па ўзросту.
   Новы фальварак пан назваў Магданоўшчынай. Ён загадаў ачысціць зямлю і заараць яе на зіму. Пасля таго, як ад былой Такароўшчыны засталіся толькі могілкі, Лявон зноў зрабіўся маўклівым і суровым.
   Глухімі восеньскімі начамі новы фальварак зіхацеў агнямі. На баль у Магданоўшчыну з'язджаліся госці з усёй ваколіцы. Аднойчы, у самы разгар панскай гульні, будынак загарэўся. Быў моцны вецер і за нейкую гадзіну ад фальварка «засталіся такія самыя знакі, як ад былой вёскі Такароўшчына».
   Назаўтра Лявон, згорблены, слабы, нібы пастарэлы за ноч на цэлых дваццаць гадоў, паўшоў да пана і прызнаўся, што гэта ён падпаліў. «Усе гэтыя апошнія гады злосць на цябе трымала мае сілы... Во гэтымі каравымі рукамі я яшчэ хацеў задушыць пана, але ўстрымаўся: не хацеў паганіць свае чэсныя мазолістыя рукі панскай нячыстай крывёю...»
   Як слугі скручвалі вяроўкамі рукі і ногі, стары не бараніўся. З яго мутных вачэй капалі слёзы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!