Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Гусляр

А Змітра старога
Не трэба прасіці
На гутаркі-сходы.
Прыходзіць ён першым,
Выходзіць апошнім.
Ён добра ўсё знае:
Як рэчка спявае,
Як стогнуць сыр-боры,
Як зоркі мільгаюць,
Як родзіцца траўка,
Як неба ў пажары
Мяцеж апранае,
Як плача дзяўчынка
Па хлопцу па любым,
Як тужыць сіротка
Па матцы радзімай,
Як скачуць вяселле,
Спяваюць на полі,
Як гора-нядолю
Ратай спатыкае,
Як парабак горбіць
Спіну ў панскім жыце.
I любіць без конца
Гусляр гарапашных.
I струны на гуслях,
I струны у сэрцы,
Як воклічы ў пушчы,
Завуць і варожаць.
На кожнае гора,
На кожную радасць
Знаходзіцца водгук
У сэрцы гуслярскім.
У словах у шчырых,
У словах гарачых,
У думках трывожных,
У думках бунтарскіх –
Крыніца пакуты,
Крыніца надзеі.
Бо сэрца народу –
Мазольнага люду –
У грудзях яго б’ецца
Арліхаю вольнай.
Не мае убогі
Ні хлеба – да хлеба,
Дык мае ён сытасць
У песнях гуслярскіх.
Не мае убогі
Ні радасці-шчасця,
Дык песні гукаюць
Да смелых учынкаў.
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .
А Змітра старога
Не трэба прасіці,
Каб музыкай цешыў, –
Не йграць ён не можа,
Як жыць без паветра.
Ён струн не купляе
У краме за грошы –
Пад небам, над сонцам
Іх многа, іх многа.
Іх ветрык у жыце
Наладзіць, настроіць,
Жаўронкі на крыллях
Нясуць яму струны.
Азёры і рэчкі
Даюць падарунак.
Начлежнік прыносіць
Паўночныя струны,
I парабак панскі
Іх тчэ ў сваім сэрцы.
Іх мыюць расіцы,
Заранкі фарбуюць,
Салоўкі іх туляць
Да вуснаў дзявочых,
Мяцеліцы ўзімку
Іх грэюць у путчах.
Працягнуты струны 
Ад хвойкі да хвойкі,
Ад рэчкі да рэчкі,
Ад поля да поля.
Жывуць у грымотах,
Маланках і бурах,
З пакутнага сэрца
Агонь высякаюць.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!