Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Бондар. ГДЗ

   З вялікай псіхалагічнай дакладнасцю стварае Змітрок Бядуля вобраз галоўнага героя апавядання — старога майстра, бондара Данілы. Пра яго талент ведаюць усе людзі наваколля, бо ён вырабляе самы прыгожы і якасны драўляны посуд: «пасудзіны бялюткія, як малако, як пена марская, гучныя, як шкло... зграбныя, лёгкія, як бы жывыя: вось-вось у паветра ўзнімуцца. Вось-вось зайграюць, як скрыпкі. Пад яркім зімовым сонцам яны пераліваліся рознымі колерамі, нібы крыштальныя». Таму пра Данілу людзі казалі, што ён мае «залатыя рукі».

   Добрым сябрам і дарадчыцай была для Данілы яго жонка Аўдоцця. Яна «ўсім простым, добрым і падатлівым сэрцам наскрозь была пранята майстэрствам Данілы. Як адгалосак, як цень свайго мужа, яна жыла яго жыццём, радавалася яго радасцямі, гаравала яго горам; падабалася ёй тое, што яму было даспадобы, і ганьбіла тое, што ён не любіў. Ён быў як бы сонцам, а яна — планетай, якая кружылася вакол сонца». «Даніла лічыў сваю жонку адзінай разумніцай на ўсю ваколіцу, бо яна яго добра разумела». «Аб розных справах сваёй працы ён раіўся толькі с жонкай. Яе ацэнка была для яго вельмі дорага».

   Самай галоўнай падзеяй свайго жыцця Даніла лічыў заказ пані вырабіць для яе посуд. Даніла быў упэўнены, што менавіта пані — вытанчаная асоба — здольна ацаніць яго мастацкія драўляныя вырабы («правільна ацэніць, бо не такая варона дурная, як нашы мужыкі...»), бо яна мае высокі густ і «незвычайнае вока». Таму майстар так уважліва адносіўся да таго, над чым працаваў. Ён так доўга падбіраў матэрыял, інструменты, выношваў мастацкую задуму. Яму хацелася ўразіць пані, паказаць, на што здольны чалавек. Аднак пані нават не глянула на вырабы, заплаціла за іх, не таргуючыся. Гэта ўзрушыла майстра. Маральна зломлены, ён пачынае піць. «Памерлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыццё». Даніла «валяўся цэлымі днямі пад сталом у карчме і хутка памёр». Ён так стараўся, каб яго ацанілі, таму і не змог перажыць абыякавасці пані да працы яго рук і душы.

   Аўтар апавядання паказаў, які ранімы і далікатны ўнутраны свет таленавітага чалавека. Вобраз Данілы выклікае і спачуванне, і асуджэнне. Ён мастак ад прыроды. Ён умее з простай рэчы зрабіць непаўторны цуд, бо рукі мае залатыя ды тонкую, прыгожую душу. Вельмі шкада майстра, які апынуўся заложнікам сваёй ганарлівасці, веры ў сваю выключнасць. Шкада, што Даніла так недаверліва аднёсся да такіх жа простых людзей, якім быў сам. Ён нікому не перадаў свой талент, свае адносіны да прыгожага, сваю душу, з пагардай ставіўся да сялян. Таму ягоныя аднавяскоўцы зрабілі Данілу непрыгожую і нязграбную труну, бо лепшую зрабіць не маглі, не ўмелі. Справядліва гучыць маральнае асуджэнне яго эгаізму ў гутарках суседзяў: «Калі б каго-колечы з нашых Даніла навучыў, той добрым словам успамінаў бы, як бацьку роднага шанаваў», «Ад пані з двара пахвальбы чакаў. Не туды заехаў».
   Усё гэта дае падставу сказаць, што вобраз бондара-мастака падаецца супярэчлівым. Як мог таленавіты чалавек, выхадзец з народа не верыць у тое, што яго суседзі-сяляне змогуць па-сапраўднаму ацаніць талент мастака, адчуць задавальненне ад прыгожага?!

   Аўтар твора і герой Даніла па-рознаму асэнсоўваюць паняцці сапраўднае — несапраўднае, высокае — нізкае, звычайнае — незвычайнае.
   Сапраўднымі ў Данілы былі прыродны талент, здатнасць і кемлівасць, самаадданасць працы. Яго майстэрства магло прынесці добрыя вынікі, калі б мастак ганарліва не замкнуўся ў сваёй выключнасці, што зусім не да твару адоранаму чалавеку.
   Таму лёс мастака выклікае спачуванне і асуджэнне. Шкада, што так скончылася жыццё таленавітага чалавека, шкада, што не знайшоў талент бондара свайго працягу ў іншых, шкада, што згінула прыгожая чалавечая душа ў самастойна вырашчаным эгаізме і недаверы да сялян-мужыкоў, якіх ён, калі тыя заседжваліся, «міжволі выганяў з сваёй хаты». Нельга жыць сярод людзей занадта адасоблена, быць празмерна ганарлівым, іранічна глядзець на суседзяў, лічыць іх нічога не вартымі, неразумнымі і трымаць таямніцы майстэрства пры сабе. Сапраўдны мастак павінен вучыць людзей бачыць прыгажосць і цаніць яе, упрыгожваць жыццё сваім талентам, дарыць яго іншым, а Даніла марыў аб славе далёка, а сялян лічыў «дурнымі варонамі» без густу і разумення.

   Каб дакладна перадаць унутраны стан героя, Змітрок Бядуля выкарыстоўвае няўласна-простыя маналогі, якія могуць належаць як галоўнаму герою, так і аўтару. (Прыклад: пытальна-рытарычныя разгорнутыя сказы-перыяды пра тое, як Даніла збіраўся майстраваць посуд для пані: падбіраў матэрыял, інструмент, спеліў мастакоўскую задуму; развагі пра «звычайнае вока»).

   Твор уздымае праблему таленавітага чалавека, яго ўнутранага свету, адносін да прыгажосці і таленту. Апавяданне «Бондар» па сваёй ідэйна-тэматычнай накіраванасці вельмі падобны да апавядання «Велікодныя яйкі». Абодва героі — таленавітыя людзі, апантаныя прывідамі прыгажосці, ім цяжка сярод аднавяскоўцаў. Пісьменнік у гэтых творах паказвае адзіноту мастакоў, выхадцаў з народа. Але Сцяпанка, герой апавядання «Велікодныя яйкі», усё ж скіроўваў свой талент для людзей, а вось бондар Даніла вырашыў, што толькі пані можа ацаніць яго майстэрства («правільна ацэніць, бо не такая варона дурная, як нашы мужыкі...»), а простым людзям гэта не пад сілу. Бядуля сваім творам хоча сказаць, што патрэбна быць уважлівым да свайго мастацтва, з умельствам рук патрэбна перадаваць усім людзям і ўмельства сваёй душы.

Похожие статьи:

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Велікодныя яйкі

БиографииЗмітрок Бядуля

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Нібы рупны араты

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - На каляды к сыну

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Маці