Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Ашчаслівіла

Увага!!! Поўны змест

Дылі, дылі дудка
Саламяна будка
А ў тэй будцы
Чэрці вядуцца

(Народная)

  

   Вёска Жаброўшчына ляжыць у адным з самых глухіх куткоў Беларусі. Гэта гняздо ўсіх жабракоў нашай ваколіцы. Тут вядзецца іхняя адукацыя і фабрыкуюцца жабракі для ўсяе ваколіцы. Здаўна жывуць яны тутака сваім асобным жыццём і больш нічым не займаюцца. «Што ж, і гэта праца!» – як яны самі кажуць. Хаткі ў Жаброўшчыне страшэнныя, падгніўшыя, крывыя, з сукаватымі падпоркамі і выглядаюць быццам сівыя жабрачкі, абвешаныя старымі торбамі. Здаецца, «дай! дай!» стогнуць яны ўсякаму рэдкаму падарожнаму.
   – Дай! дай! – плача там вецер паміж сухастоек на пагорку. Само неба мае там колер мутнага бяльмістага вока сляпога жабрака.
   Людзі там маюць іншы фасон, іншую фастацыю, чым усюды: розныя храмыя, крывыя, сляпыя, нямыя; калекі на ўсялякія лады, калекцыя розных калек, якія толькі могуць быць на свеце.
   Кажуць, што большая частка іх нават родзіцца гэткімі. Кажуць, хто мае ў іх большае калецтва, той і фанабэрыцца гэтым і болей шчасліў бывае.
   – Калецтва – наша саха і барана! – кажуць самі жаброўцы.
   Дзяцей сваіх яны ў хаце, перад выхадам у свет, навучаюць, як жабраваць, якім голасам, якімі спосабамі, як жаліцца кемна, як выставіць іншым свае калецтва. Некаторыя з іх робяць гэта з вялікім штукарствам.
   Часам знаходзяць у Жаброўшчыне закапаны ў зямлі гладыш з грашамі – чартоўскім спосабам запрацаваны яны і чорту лысаму застаюцца.
   Вось у Жаброўшчыне вялікае свята: бязносая дурнаватая Магдуля выходзіць замуж за сляпога Сідаронка, і народ разгульвае.
   Дайшло да таго, што некаторыя кульгавыя выпрасталі ногі, некаторыя нямыя гаварыць пачалі; проста з панталыку збіліся. Скора кончылася гульня, і жыццё зноў пайшло сваім першым чарадом.
   Жаброўцы зноў распусціліся, рассеяліся па вёснах, хто скокам, хто бокам; хто каго на каламажцы, як бязногага, павёз, хто са сляпым пацягнуўся – і жаласлівыя кабеты енкі і стогны пачулі.
   – Дайце, родненькія! Дайце, даражэнькія! Дайце калеку галоднаму, халоднаму! Дайце! Дайце!
   I даюць.
   Кабеціна перажагнаецца і апошняе яйцо, якое трымала, каб мыла ў краме купіць за яго, аддае; дае ратай коўш жыта, потам крывавым запрацаваны, бо сабе ўсё роўна мала... «Гэтак трэба рабіць», – думае ён, абціраючы слёзы...
   Пусцілася дурнаватая Магдуля са сляпым Сідаронкам, дзед з бабай, разам – і якая шчаслівая пара гэта была! На плячах торбы чуць не трэскаліся – гэтак перапоўнены яны былі; анучкі з вузламі розных медзякоў, як вярыгі, абціснулі іх грудзі пад кашулямі.
   Яны толькі абгаварвалі ды высмейвалі суседзяў сваіх: той кленчыць, быццам у трубу дзьмухае, а гэты смешна пацеры гаворыць; тая ажно лаецца, калі ёй не дадуць, а гэты зусім саромеецца прасіць, асалапень той!
   I гэтак караталі яны вольныя ад «працы» хвіліны. Найболей смяяліся яны з аднарукага дзецюка Тодара. Малец мае гэткі талент і пайшоў у пастухі!
   Ці не мог ён, як бацькі яго, торбу надзець ды пайсці ў свет жабраваць?
   – Золата назбіраў бы; вось дурань – у людзі выйсці не хоча...
   Магдуля з Сідаронкам пачалі выклікаць зайздрасць у сваіх суседзяў: яны зрабіліся самымі найшчаслівейшымі ў Жаброўшчыне. Ніхто не мог так жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто не мог так манточыць пад вокнамі ды прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы... Але «не ўсягды, як на Дзяды», бо шчасце – не палец, у рукі не возьмеш. Вырвалася яно ад іх на час.
   Справа была вось якая: радзіла Магдуля дачку, і, здаецца, гэта яшчэ лепей, чым добра: будзе памочніца пад старасць. Але як глянула Магдуля першы раз на дачку сваю, дык абамлела на месцы; зірнула другі раз, абмацала яе, абнюхала з усіх бакоў, заламала рукі ды горка заплакала:
   – А Езус! А Божухна родненькі! Няшчасную дачку радзіла я на свет!.. Што мне рабіць з ёю? Ой, не вытрымаю!.. Якое вялікае гора для маці: ручкі цэлыя, ножкі цэлыя!..
   Яна голасна прычытвала, перахіляючыся на сенніку над дачушкай, якая плюскалася ў начоўках, дзе бабка Марыся купала яе.
   – Ніякага калецтва! – стагнала Магдуля. – Хай бы яна хоць у бацьку пайшла ды сляпой радзілася. А то з чаго яна будзе хлеб есці? А Езус, Божухна родненькі!..
   Пачалі яе суседзі ўцяшаць:
   – Магда, годзе табе калатырыць. Ну, перастань. Яшчэ невядома, можа, яна глухая ці нямая. Гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі, тырчаць, а ручкі і ножкі здаровенькія! Эт, будзе яна хлеб зарабляць мо лепей ад нас ды яшчэ бацькам пад старасць паможа – годзе безгалоўе і дурнату нейкую плясці.
   Магдуля не ўнімалася:
   – Што ж, матчына сэрца не з жалеза! Нашаму брату, жабраку, калі не маеш напаказ калецтва нейкага, дык ніхто халоднай вады не дасць.
   – О-ей, – пачалі зноў суседкі, – ёсць чаго шкадаваць! Яна і без жабрацтва карміцца будзе!
   – Не! Не! Не! – ажно зачырванеўшыся, замахала рукамі Магдуля. – Не хачу ды не хачу! Хай жабруе, як бацькі і дзяды яе. Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!
   Змоўклі кабеты, бо ў душы яны думалі, што яна праўду кажа. Пагутарылі яшчэ крыху і разышліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак хоць і быў сляпы, але ў хаце сваёй добра ведаў кожны кут I куточак. Цяперака ён падаў вячэраць жонцы і, сам пад'еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.
   «Ат, – думаў ён, – дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзях і лагодненька!»
   Аб тым, што яна будзе пасля яго смерці рабіць, ён і не падумаў.
   У хаце асталася Магдуля з дачкой. Спярша стагнала яна, лежачы на сенніку, пасля паставіла вячэру на зэдаль і давай уздыхаць:
   – Няшчасная! Няшчасная!
   Праз маленькую брудную шыбіну часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праяснілася, бо хмары пераплылі і залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у аконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыяментавым пылам... Цішыню перарывалі толькі глыбокія ўздохі Магдулі. Быццам непрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку і давай зноў азіраць яе. Месяц асвячаў голае дзіцё, якое трапятала ручкамі і ножкамі на руках маці.
   – Якія вялікія вочы! – шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, якія ў праменнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак.
   – Як глядзіць! Як глядзіць! – бурчала Магдуля. Палажыла дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сценах.
   – Чуць знайшла.
   Яна трымала нешта бліскучае паміж пальцаў. Зноў узяла дачку на рукі і паднесла к свету да самага аконца.
   Яшчэ болей заблішчалі вялікія вочы маленькай Магдулінай дачушкі. Здаецца, здзіўлена яны ўглядаліся на красу свайго першага вечара.
   Але вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць; дзіцянё пачало плакаць працяжным слабым галаском. Магдуля засаплася, панесла яго скора на ложак, кажучы:
   – Ашчаслівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчаслівіла!
   Яна асляпіла вочы дачкі іголкай...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!