Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Абразкі і лірычныя мініяцюры

   Абразкі і лірычныя мініяцюры Змітрака Бядулі нясуць у сабе матывы пакутлівага шукання прыгажосці пры адмаўленні сацыяльнага гора, неўладкаванасці жыцця чалавека на зямлі.

   Абразок-імпрэсія «Плач пралескаў» пакідае вялікае ўражанне вобразнасцю, якая дасягаецца праз мноства дакладных і каларытных штрыхоў і дэталей у апісанні малюнка прыгожых вясенніх першацветаў, эмацыянальна і псіхалагічна напоўненых вобразаў кветак і дзяўчыны, метафар, параўнанняў і эпітэтаў.
   У творы пераважае сумна-лірычны настрой, які ствараюць вобразы-матывы «плачу пралескаў» і роспачы дзяўчыны, якая разумее, што яе аддадуць замуж за нялюбага, чым яна і пагубіць сваю маладосць, а таксама паўтарэнні («плакалі пралескі, плакалі пралескі»), эпітэты «кволых, далікатных пялёстках »). Нават спеў жаўранка не можа зняць засмучанасць апавядальніка аб тым, што такія прыгожыя кветачкі хутка адцвітуць. Іх нябесна-чысты колер аўтар параўноўвае з слёзкамі, што перш за ўсё асацыіруецца з плачам. Гэтае мімалётнае хараство прыроды хвалюе эмацыянальную душу чалавека (дзяўчына ўбачыла плач пралескаў, ды і сама заплакала). Мастацкія сродкі робяць твор жывым і непаўторным. Чалавеку, лічыць аўтар, трэба заўважаць прыгажосць вакол сябе і даражыць кожным імгненнем хараства, любіць жыццё і радавацца яму.
   «Весяліся разам з кветкамі канюшыны, завадзі песні з крынічкай, і шчасліў будзеш», — пісаў Бядуля ў абразку «У заварожаных казках».

   У абразку «Нібы рупны араты...» перадаецца роздум і стан чалавека, які пасля бяссоннай ночы выйшаў досвіткам за вёску на дзядзінец. Герой-апавядальнік хоча сустрэць сонейка, дачакацца яго ўсходу і цеплыні. Таму на душы ў яго радасна, ён шле сонейку «шчырую малітву». Стан сваёй душы ён параўноўвае з аратым, які таксама так рана («яшчэ як сам бог спіць») ідзе ў поле працаваць.
   У апісанні наваколля пераважаюць белы і чырвоны колеры. Прыгожы малюнак раніцы ўтвараецца з дапамогай эпітэтаў, параўнанняў, метафар: пад белым морам туману, бярэзнік ахоплен чырвоным морам усходняй зарніцы; нібы рупны араты, дрыжыць густы хвойнік.