Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

   Адна з самых яркіх беларускіх паэтак – Еўдакія Лось. Калі выбудоўваць жаночую радаводную лінію ў нашай літаратуры, пачынаючы ад Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, то да гэтага сузор’я з творцаў другой паловы ХХ стагоддзя адной з першых трэба далучыць менавіта яе, Еўдакію Лось. Яшчэ адным красамоўным пацвярджэннем значнасці і неўвядальнасці яе таленту з’яўляюцца выдатныя, самыя лепшыя старонкі мастацкай спадчыны пісьменніцы, якія склалі прыгожа выдадзены том «І каласуе даўгалецце» (1998).
   Еўдакія Лось належыць да першага пасляваеннага пакалення творчай моладзі, якое асабліва прыкметна сцвердзіла сябе ў літаратуры на зыходзе 1950-х – у 1960-я гады і якое даследчыкі часта называюць «пакаленнем дзяцей вайны», а яшчэ «філалагічным» (апошняе вызначэнне некаторыя з «шасцідзесятнікаў» успрымаюць крытычна). Родам з пасляваеннага пісьменніцкага пакалення і слаўных 1960-х гадоў у нашай літаратуры таксама Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Кляўко, Алесь Наўроцкі, Пятрусь Макаль, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Мікола Арочка, Анатоль Грачанікаў, Алег Лойка, Анатоль Вярцінскі і інш. Сапраўды, гэта «зорнае» пакаленне. Сфармаваныя як творчыя індывідуальнасці ў другой палове 1950-х – 1960-я гады, «шасцідзесятнікі» сталі ў беларускай літаратуры найярчэйшымі, непаўторнымі асобамі. Паэт і літаратуразнаўца Алег Лойка назваў Еўдакію Лось «Паэтэсай Пакалення» і з перакананасцю сцвярджаў, што «жыццё яе будзе ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры як жыццё Паэтэсы». «Еўдакія – ушацкая мадонна...» – так велічна-пашаноўна сказаў пра паэтку свайго пакалення і зямлячку Рыгор Барадулін. Знакаміты мастак слова ў вершы «Еўдакія Лось» ўслаўляе яе па-сялянску рупную натуру і па-мастацку важкае, таленавітае слова.
   Зрэшты, Е. Лось была ў сваім часе беларускай савецкай паэткай, і гэтая «савецкасць» выяўляецца ў кожнай яе кнізе, праз гэтую «камуністычную ідэйнасць» сёй-той можа паставіцца да яе асобы скептычна. Так, яна з таго самага «ружовага туману», пра які казаў на старонках «ЛіМа» ў 1998 годзе публіцыст і крытык Сяргей Дубавец, маючы на ўвазе фальшыва-казённыя ідэі, якія сцвярджала наша літаратура ў савецкія часы. Адвага і смеласць палеміста С. Дубаўца палохае, даруйце, сваім бальшавіцкім падыходам – пад рэвізію трапляюць усе, хто прысвячаў творы Леніну, КПСС, камуністам, дружбе савецкіх народаў і г. д. «Нічога не вылушчыш з кніг Броўкі, Глебкі і нават яшчэ блізкіх Мележа, Танка... Там паўсюль ёсць няпраўда, або метастазы сатанізму, ачалавечвання бесчалавечнасці», – даводзіць крытык. Акрамя згаданых пісьменнікаў, савецкі «сатанісцкі культ» як чорна-цяжкае таўро кладзецца на паэтаў Пімена Панчанку, Аляксея Пысіна... Не сумняваюся, што падобныя да С. Дубаўца гарачыя галовы паставілі крыж і на творчасці Е. Лось, якая пісала:

 

Як маці беражлівая дзіця,
Так партбілет нашу я каля сэрца.
Яго на глум пачварнай паняверцы
Я не аддам ажно да забыцця.
(«Як маці беражлівая дзіця...»)


   Што ж, была такая вера – у Леніна, камуністычную партыю. Але хіба, акрамя вершаў ідэйна-палітычнай тэматыкі, паэтка нічога больш не стварыла?! Пасля гэтага міжвольнага запытання так і просіцца адказ: «Яшчэ колькі напісала цудоўных лірычных твораў!» Адзін з іх – верш «Роднай мове» (1957), які гучыць як узнёслая песня. Гэтым шчасцем тварыць на роднай мове і жыла Еўдакія Лось. А яшчэ тым, што ў творчасці мела магчымасць выказаць самыя запаветныя і спавядальна-шчырыя пачуцці. Навошта агулам «ляпіць» з нашых паэтаў і пісьменнікаў савецкага часу вобразы нейкіх надчалавечых істот і нават монстраў? Хапала, вядома, усякага, і негатыўнага перадусім. Але ж было і станоўчае, і вечнае, бо людзі не маглі не кахаць, не нараджаць дзяцей, яны радаваліся і здзіўляліся красе прыроды, жыццю, імкнуліся быць чалавечнымі, спагаднымі, асуджалі зло і подласць. На гэтыя агульналюдскія радасці і пачуцці, разнастайныя перажыванні чалавечага сэрца багатая лірыка паэткі Еўдакіі Лось. Яе вершаванае слова нараджалася ў глыбінях чулай і чуйнай душы, таму абсалютная большасць твораў трымаецца не на эстэтыцы сацрэалізму, а на той адвечнай эстэтыцы мастацтва, згодна якой на зямлі ёсць высокае і нізкае, прыгожае і брыдкае, вечнае і часовае.
   Родная старонка Еўдакіі Якаўлеўны Лось – Ушаччына, дзе яна нарадзілася ў вёсцы Старына 1 сакавіка 1929 года. А Ушаччына, як вядома, дала нашай літаратуры Петруся Броўку, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна. Крэўнай прыналежнасцю да гэтага краю паэтка вельмі ганарылася, як ганарылася і тым, што яе землякі – слынныя беларускія пісьменнікі. У вершы «У мяцеліцу» яна малюе радзіму свайго маленства.
   Пра дзень сваіх народзінаў на самым пачатку вясны, калі ўвесь навакольны свет абуджаецца да жыцця, Е. Лось гаварыла з вялікай радасцю ў вершы «Сакавік».
   Незвычайна-дзівосны час адраджэння прыроды, напэўна, паўплываў на тое, што ў беларускай паэзіі з’явілася такая апантаная пяснярка вясны і кветак, а яе першы вершаваны зборнік невыпадкова атрымаў вясновую назву – «Сакавік» (1958).
   Словы любові і ўдзячнасці выказала Еўдакія Лось бацькам, якія далі ёй жыццё, і ўжо гэтым падаравалі магчымасць адчуць сваю прысутнасць у свеце і повязь з усім, што акаляе чалавека. У вершы «Маці» вобраз Наталлі Якаўлеўны раскрываецца перад намі як той крынічны першавыток, які ўзбагаціў паэтку найвялікшымі скарбамі – пачуццём радзімы і прыроды, а таксама такімі якасцямі, як працавітасць і жыццястойкасць перад нягодамі. Зрэшты, гэта быў адзін з яе першых вершаваных маналогаў, напісаных прачула і сардэчна (верш «Маці» датуецца 1947 годам).
   Не абышла паэтка ў сваёй творчасці і вобраз бацькі. У творы «Памяці бацькі» (1966) яна гаворыць з ім, як з жывым, спавядаецца пра зведанае і перажытае. У дарослае жыццё Е. Лось уваходзіла без бацькоў, была яшчэ зусім, зведала нямала горкіх хвілін, як і многія яе раўналеткі, каго асіраціла вайна. Але каму, як не самаму роднаму чалавеку, – бацьку, – хацелася, няхай хоць і ў думках, шчыра расказаць пра сваю долю.
   Свет Еўдакіі Лось, асобы духоўна памятлівай, трымаўся не на нейкіх абстрактных паняццях і абстрактным гуманізме. Індывідуальны лёс і творчасць паэткі красамоўна пераконваюць у тым, што чалавек правяраецца стаўленнем да канкрэтных людзей – і найперш да сваіх родных і блізкіх, аднавяскоўцаў, землякоў. Праз усё жыццё яна пранесла любоў да бацькоў, брата Сяргея, сясцёр Мані і Марусі, свайго адзінага сына, імкнулася шчыра любіць людзей і «цаніць... любоў людскую» («Мне ўсё цяжэй развітвацца з людзьмі...»).
   Найвялікшым болем яе душы стала страта роднага брата, які загінуў на вайне. З самага ранняга дзяцінства Сяргей для будучай паэткі быў добрым сябрам, вялікім аўтарытэтам, яму яна даверыла першыя вершы, якія пачала пісаць да вайны. У сваёй аўтабіяграфіі Е. Лось пісала, што брат захапляўся літаратурай, збіраў фальклор, і тлумачыла, чаму вобраз брата стаў у яе паэзіі адным з галоўных: «Я гавару пра Сяргея, можа, і многа, але не магу інакш. Усё жыццё перада мной – яго светлы вобраз. Што ні раблю, нібыта пытаю: «А што сказаў бы на гэта Сяргей?». Паездка ў горад Фастаў на Украіне, дзе пахаваны брат, моцна ўзрушыла сэрца, якое, як прызнаецца паэтка, «разгаварылася», і тады напісалася цэлая нізка вершаў. А да гэтага часу ў творчасці Е. Лось доўжыўся перыяд маўчання (1950-1956), яна пасля ранняга творчага дэбюту ў друку (верш «Сэрца дзяўчыны» быў надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» ў 1948 годзе) як бы аказалася на раздарожжы. Адчутае і перажытае на магіле брата дапамагло псіхалагічна дакладна раскрыць тую чалавечую драму, якую прынесла на зямлю вайна, – балюча «Пад колаў стук, пад свой жа плач / / Адлічваць шляху сотні вёрстаў» («На магіле брата»). На кранальнай і шчымлівай ноце напісаны верш «Брат» (1962). У гэтай споведзі збалелай і чалавекалюбнай душы гучаць матывы смутку, тугі.
   Вобраз брата і памяць пра яго складаюць змест вершаў «Братка мой, не меў ты жонкі...», «Я здолею нашчадку перадаць...», «Пісьмо ў Фастаў» і некаторых іншых. Для паэткі шмат значылі словы «Беражыце сыноў жывых», яна ўкладвала ў іх непадробную трывогу жаночага і мацярынскага сэрца (верш «Беражыце жывых сыноў...»).
   Вельмі радавалася Еўдакія Лось свайму мацярынству, выказвала пяшчоту, ласкавыя словы і любоў да дзіцяці, марыла прычакаць сыноўняй «любві асэнсаванай» (верш «Ці дачакаюся, сынок...»). Сын стаў галоўным сэнсам жыцця, і гэтым тлумачыцца тое, што яму прысвечана так багата вершаў: «Сынок, сынок...», «Пісьмо», «Сынку», «Дарослым будзеш...», «Матчыны строфы» і інш. Застаўшыся адна з сынам, гэтая жанчына праяўляла вялікае дбанне і клопат, каб выхаваць у ім усё самае лепшае і добрае, верыла ў яго спагадную зорку. Сын жа, у сваю чаргу, адкрываў матчын свет, нечаму па-дзіцячы дзівіўся, радаваўся, а пазней, калі пасталеў, засмучаўся, бо «ведаў матчыны «ўсе болькі» і «груз пакут». У атмасферу дзіцячага наіву акунае нас верш «Мамін атэстат» (1975). Малы сын, узяўшы ў рукі атэстат, не можа паверыць, што мама некалі таксама была вучаніцай.
   А была Е. Лось у школьныя гады сапраўды выдатніцай. Сямігодку ва Ушачах закончыла на «выдатна». Аднак вучобу перапыніла вайна, пасля якой пачаліся сіроцтва, бясхлебіца. Як згадвала паэтка, тады прыгнечвалі «халодныя сцены і туга – непазбыўная, сіроцкая... Хто б яе скончыў, тую школу, калі б не вялікая прага ведаў і цвёрдая надзея на лепшыя дні!».
   На сваёй пасляваеннай жыццёвай сцежцы Е. Лось зазнала шмат цяжкасцяў і гаркоты, і пра гэта яна гаворыць у аўтабіяграфічных нататках: «...Цяжкое ўсё-такі пераважала на кожным адрэзку часу». Асабліва страшным ударам для будучай паэткі і яе сясцёр стала смерць блізкіх, да таго ж згарэла хата, давялося спазнаць у тыя гады,

Што такое бяздом’е сцюжнае,
Што такое бяссонне мужнае,
Што такое, як есці хочацца,
Што такое, як раны сочацца...

 

   У гэтых радках з верша «Хударлявай дзяўчынкай бяляваю...» (1957) уражальна раскрыты драматызм лёсу дзяцей вайны, пасляваеннага пакалення бязбацькавічаў. У кнізе прозы «Пацеркі» (1966) са скрухай гаварыла Е. Лось пра тое, чым сталася і што прынесла ваеннае ліхалецце: «Калі мы сабраліся пасля вайны і падлічылі, колькі ж чалавек з ліку сваякоў страцілі, то жахнуліся». Сіроцтва нарадзіла ў душы дзяўчынкі абвостранае ўспрыманне рэчаіснасці, прымусіла адчуць, што побач са спагадаю існуе несправядлівасць, абыякавасць да дзіцячай бяды, гора іншых людзей: «Я не знаю, чаму пра сясцёр забываюць, / / Як гавораць аб моцнай і вернай любві?» («Сястра»). Пазней, у сталым веку, яна не адзін раз з болем пераканалася, што свет бывае розны, часам вельмі неспагадны, бо «на сэрца клалася прыгнётам // хоць нечая, ды нелюбоў...» («Ого, калі б усе любілі...»). Ды, нягледзячы на гэта, паэтка намагалася не спасаваць перад злом і нядобразычлівасцю, нястомна даводзіла, што ў любові паратунак чалавечага свету. Да яе прыйшло разуменне няпростасці, складанасці жыцця.
   Пераадольваць цяжкасці, ісці насустрач жыццю даводзілася супольна з сёстрамі. Было адчуванне ўнутранай неабходнасці сказаць пра крэўную непадзельнасць родных душ. Усім сэрцам, шчыра прычынялася Е. Лось да жыцця сясцёр, іхняга лёсу, пра што сведчаць вершы «Чаго ты плакала, Маруся?..», «Мінула пара дзявочая...». Адзін з цудоўных твораў, прысвечаных сёстрам, – верш «Гняздо ластавак» (1961), які ўспрымаецца як пейзажная замалёўка. Вобраз дзвюх белагрудых ластавак паэтэзуецца з пяшчотай і захапленнем. «Песенька... прывітальная» птушак гучыць як сімвал жывой повязі з радзімай і яе дзіўна-светлай музыкай. Паэтка дзялілася з сёстрамі, людзьмі і светам радасцю сваіх адчуванняў.
   Асноўныя вехі жыцця паэткі ў пасляваенныя гады і пазнейшы час у даведніку «Беларускія пісьменнікі» пазначаны лаканічна: «Пасля заканчэння Ушацкай сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча (1945-1948), затым на аддзяленні мовы і літаратуры педінстытута ў Мінску (1948-1955). Працавала літработнікам у рэдакцыі газеты «Зорька» (1951-1952), рэдактарам мовы і літаратуры Вучпедвыдавецтва БССР (1952-1959). У 1959-1961 вучылася на вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР у Маскве. З 1961 літсупрацоўнік газеты «Звязда», з 1963 на творчай рабоце. У 1970-1972 працавала адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», з 1975 галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка».
   Калі расказваць пра жыццё і перыпетыі лёсу Е. Лось, то нельга абмінуць многія і многія падзеі і факты, радасці і расчараванні, перажытыя няпростыя жыццёвыя сітуацыі і драматычныя моманты, а галоўнае тое, што стаіць за ўсім гэтым, – свет адкрытай і ранімай жаночай душы, творчы неспакой, эмацыянальна-псіхічныя перагрузкі сэрца – сэрца паэткі.
   Найперш – пра радасныя моманты. Бо і падчас ваеннага дзяцінства, безбацькоўства прабівалася няхай хоць і кволая, але радасць – радасць жыць і сузіраць родны свет. Паэтка казала, што ёй «сіроцтва не глушыла жаўрукоў...». А хіба не радасныя хвіліны зведала яна ў свае дзевятнаццаць год, калі быў надрукаваны першы верш «Сэрца дзяўчыны»? Вельмі хвалявалася, калі ў Глыбоцкім педвучылітттчы ў прысутнасці вядомага паэта-земляка Петруся Броўкі чытала верш, а пасля сарамліва зведвала радасць яго пахвалы: «Хутка вы будзеце пісаць вершы лепш за мяне!» Радавала тое, што яна вучыцца, адкрывае свет мастацкай літаратуры. Хоць і цяжэй давалася вучоба ў Мінскім педінстытуце, але і тут яна вызначылася, напісаўшы даследчую працу пра знакамітую паэму рускага паэта Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін». Студэнцкая праца была адзначана граматай Міністэрства вышэйшай адукацыі. Пазней радавалася таму, што атрымала магчымасць вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, куды з Беларусі яна паехала разам з Уладзімірам Караткевічам. Гады літаратурнай вучобы адчувальна ўзбагацілі ў плане прафесійнага станаўлення, а таксама прынеслі незабыўныя сустрэчы з высокім мастацтвам, знаёмствы з цікавымі творчымі людзьмі. А хіба не магла не акрыляць спазнаная радасць кахання?! I хоць была асуджаная лёсам адна гадаваць сына, радавалася, што маці, што мае «сваё шчасце, – няўрымслівае, малое...» («Настаўніцы першага класа»).
   Выхад кожнай кнігі, як і нараджэнне дзіцяці, чаканы і ў радасць. Еўдакія Лось прычакала восем арыгінальных зборнікаў паэзіі – пасля першага «Сакавіка» пабачылі свет «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Апошняя кніжка паэзіі выйшла ў год заўчаснай смерці аўтаркі. А былі ж яшчэ і іншыя радасна-жаданыя моманты, калі ў рукі паэтка брала толькі што выдадзеныя томікі выбранага «Вянцы зруба» (1969), «Лірыка» (1975), кнігі апавяданняў «Пацеркі» (1966) і «Травіца брат-сястрыца» (1970). Выходзілі зборнікі паэткі і ў перакладах на рускўю мову («Если помнить о солнце», «Зелёная светлица» і інш.). Ужо пасля адыходу Е. Лось з жыцця «Выбраныя творы» ў двух тамах (1979), кнігі «Валошка на мяжы» (1984), «І каласуе даўгалецце» (1998) сталі своеасаблівым падрахункам зробленага паэткай на літаратурнай ніве.
   Радасць Еўдакія Лось зведала, калі адну з рэкамендацый у Саюз пісьменнікаў ёй даў паэт Васіль Вітка, які, акрамя іншага, заўважыў яе ўменне пісаць вершы для дзяцей, заклікаў і надалей не забывацца на маленькіх чытачоў. І як рэдактар «Вясёлкі», і як дзіцячы паэт Е. Лось з радасцю несла беларускім дзецям роднае слова, клапацілася пра іх духоўнае развіццё. Сваімі кніжкамі для дзяцей «Абутая елачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978) яна будзіла дзіцячыя эмоцыі, фантазію, адкрывала свет хараства, дабрыні, выступала як тонкі педагог, выхоўваючы лепшыя чалавечыя якасці. Паэтка ўмела намаляваць жартоўную сцэну, расказаць пацешную гісторыю, ненавязліва, пры дапамозе займальнасці і гульні падвесці малога слухача ці чытача да пэўнага эмацыянальнага рэагавання на падзеі, выклікаць у яго адпаведныя асацыяцыі, дапамагчы зрабіць для сябе адкрыццё. З яркім паэтычным майстэрствам напісаныя такія цудоўныя творы для дзетак, як «Чорны дзяцел», «Рукавічкі», «Дзяўчынка-расінка», «Гуляка», «Жыжа», «Казка пра Ласку», «У гасцях», «Дажджынка» і інш. Зразумела, з’яўляліся пад пяром і творы ідэйна-палітычнай тэматыкі, пазначаныя адкрытай дыдактыкай, але ж, на шчасце, не яны вызначаюць сапраўднае аблічча Е. Лось як дзіцячай пісьменніцы. Яе творчасць для дзяцей у цэлым і сёння застаецца надзвычай яркай і сімпатычнай з’явай, бо адорвае цяплом і радасцю чалавечага сэрца, якое любіць дзяцей. Паэтка не цярпела нуднага дарослага сюсюкання, таму слова яе – натуральнае, па-дзіцячы непасрэднае і трапяткое.
   Творы для дзяцей у пэўнай ступені ратавалі Еўдакію Лось ад звыклай будзённасці, дапамагалі акрыяць пасля сутычак з фальшам, нядобразычлівасцю. «Яна, – як піша пра паэтку В. Бечык, – ускладняла сабе жыццё тым, што была адкрытай ва ўсіх праявах характару». Розных нечаканасцяў, трывог, выпрабаванняў, якія вымагалі жыццястойкасці і мужнасці характару, на шляху пісьменніцы было нямала, і таму, нягледзячы на аптымістычны пафас шматлікіх твораў, у яе лірыцы мы сустракаем шмат драматычнага, інтымна-элегічнага. Увогуле, светлае і сумнае, радаснае і балючае ў яе паэтычным свеце ідуць побліз адно аднаго, перакрыжоўваюцца, перадаючы тым самым складаны душэўны вопыт яе жыцця.
   Драматычна ў лірыцы Еўдакіі Лось гучаць матывы нешчаслівага кахання, адзіноты, чалавечага непаразумення. Паэтка кажа пра тое, як «адной нялёгка заставацца». Яна шукае падтрымкі і душэўнага апірышча, звяртаючыся да кветкі-пралескі ў вершы «Ні тумановых занавесак...» Гэты зварот да пралескі невыпадковы. У Е. Лось стаўленне да кветак было самае цёплае, любоўна-замілаванае (вершы «Рамонкі», «Фіялкі», «Мядуначка», «Белая ружа» і інш.). Яна, пяснярка кветак, адчувала ў іх асаблівую патрэбу, бо з «маўклівай сінню» васількоў можна «сум вераснёўскі перажыць» («Васількі на праспекце»).
   Часам жаночае сэрца ціха і неяк пакорліва пераносіла адзіноцтва і самоту, на першы погляд здаецца нават, што гэткае сваё існаванне паэтка прымала як наканаванасць лёсу, змірылася са сваёю доляй: «Мне добра, калі я адна, // адна да цямна, // Я тады адчуваю паўней, // я тады разумею значней» («Мне добра, калі я адна...»). Ды ўсё ж за гэтымі знешне спакойнымі радкамі адчуваецца драматызм душэўнага стану жанчыны, міжволі разумееш цяжар яе жыццёвай ношы. З часоў нялёгкага дзяцінства і юнацтва самота, журба, туга сталі спадарожнікамі паэткі, і гэтыя «журбы негаваркое воблікі» сведчаць пра нейкую прадвызначанасць драматычнага светаадчування Е. Лось. Яна жыла, часта спазнаючы смутак, боль, крыўды, аднак ведала цану радасці, святлу і жыццю.
   Добра ведала Еўдакія Лось, што галоўнае ў жыцці – гэта каханне, любоў, дабрыня, чалавечнасць. У адным з твораў яна выказалася даволі афарыстычна: «Галоўнае ў любві – любоў, // галоўнае ў жыцці – жыццё. // Між імі – бесталач званоў // і дыму шызага шмаццё» («Галоўнае ў любві – любоў...»). Лірычная роздумнасць і сэнсавая ёмістасць думкі-пачуцця з’яўляюцца характэрнай рысай яе паэтычнага выказвання.
   Пісьменніца спавядала высокі народны маральна-этычны ідэал жыцця, паводле якога чалавек павінен імкнуцца рабіць добрыя справы, падтрымліваць рупнасць і сілу талакі, дапамагаць іншаму ў бядзе, турбавацца пра лёс дзяцей і вечнае на зямлі (вершы «Тры добрыя справы», «Гатоўнасць», «Пра вечнасць» і інш.). Таму ў яе творах – непрыманне подласці, чэрствасці і рознага кшталту антыгуманнай звыродлівасці. Мусіць, меў рацыю Віктар Каваленка, калі пісаў, што «лірыка Е. Лось не прымірэнчая, а баявая ў адносінах да зла». Але выказвала яна сваю непрымірымасць да негатыўных з’яў не публіцыстычнымі сродкамі, а ў лірыка-эмацыянальным ключы, з усёй страснасцю свайго жаночага сэрца. Паэтцы, якая ішла праз складанасці жыцця, былі блізкія і зразумелыя душэўная горыч пакрыўджанага, чалавечыя пакуты.
   Вострае прадчуванне, што побач ёсць і тыя, каму «не жывецца, не пяецца», выклікала такое ўзрушанае пытанне: «як магло здарыцца тое, // што гублялі // ч а л а в е к а ?!.» («Не магу чытаць без плачу...»). Паэтка перажывала, што зямны свет далёкі ад гармоніі, клікала сябе і іншых уздымацца вышэй «над рознай цвіллю» – у нябёсы, да чыстага і светлага: «Вышэй! – над выдумкамі злымі, // Вышэй! – над зайздрасцю дурной...» («Вышэй! – над выдумкамі злымі...»). Цяжка, вядома, было жыць «красотою неизменной» (выраз Івана Буніна), але яна неадольна жыла «ў прадчуванні хараства», у адкрытасці і чуйнасці да гэтага хараства і болю.
   Еўдакія Лось пісала пра каханне ці на фальклорны лад, ці з інтымнай даверлівасцю голасу, ці паэтызуючы гэтае пачуццё ўвогуле – як найвялікшы зямны і Божы дар. Разам з тым у вершах выказаныя і горкія нараканні, шкадаванне і жаль, якія прынёс «кахання час». Згрызоты і тамленне – гэта драма закаханай душы. Без кахання паэтка не ўяўляла свайго і зямнога бытавання. «Мучаюся – дык кахаю, // а кахаю – дык жыву...» – прызнавалася яна («На любоў глядзяць са смехам...»). Лірычная гераіня Е. Лось не прымае лёгкасці ва ўзаемаадносінах яго і яе, асабліва – фальшу і пустых, хоць і звонкіх, слоў, якія нішчаць каханне. Слова «любоў» набывае вялікую першакаштоўнасць, у яго ўкладваецца глыбокі адухоўлены сэнс:

 

Я гавару – любіць, пяю – кахаць,
каб днём апошнім не пашкадаваць

самой любві, што дзеля трат жыла,
а яе чамусьці берагла...
(«Чага ні давялося перажыць...»)


   Вершы пра каханне Е. Лось – гэта пранікнёныя песні душы. Лірычна-спеўна голас паэткі гучыць і ў пейзажных ды патрыятычных творах. Вытокі яе задушэўна-песеннага стылю – у народнай песні, пра што красамоўна сведчаць такія творы, як «Маці і сын», «Кашуля», «Белая ружа», «Рэшата хмелю» і інш. Музыкальнасць і спеўнасць лірыкі Е. Лось добра адчулі Юрый Семяняка, Уладзімір Алоўнікаў, Генрых Вагнер, Дзмітрый Смольскі і некаторыя іншыя беларускія кампазітары, якія паклалі яе вершы на музыку. Дасягала ж паэтка прыкметнага поспеху там, дзе выяўляла свае пачуцці і эмоцыі інтымна, усхвалявана, роздумна-ціха. Яна ўмела вычуць паэзію і музыку ў прыродзе. Музыка прыроды, кажучы словамі з верша «Лясная музыка», «поўная гучання, ладу, пекнаты».
   Словы любові выказаны пра родную зямлю, радзіму, Беларусь у вершах «Люблю цябе, мая зямля...», «Усе мае думкі з табою, Айчына...», «Ах, Беларусь, мая ты доля...», «Дай перамерзнуць у сцюжах тваіх...», «Радзіма пачынаецца з двароў...», «Радзіма...». Паэзія Е. Лось, – як адзначае Уладзімір Гніламёдаў, – «прасякнута пачуццём гістарызму стыхійнага і глыбока ўсвядомленага». Радзіма паэткі – гэта зямля крывічоў, таленавітых і майстравітых людзей, рукі якіх зрабілі «зрубы залатыя, / / Нарогі, гонкія чаўны / / І сцены белыя Сафіі // Над плынню быстраю Дзвіны» («Продкі»). Радзіма для паэткі – гэта продкі і мінулае Беларусі, родная мова і пах мурагу... У лепшых патрыятычных вершах Еўдакія Лось выказвала пачуцці неяк асабіста-задўшэўна, надзвычай прачула: «Ах, Беларусь, мая ты доля, // Мая сляза і пацалунак...»; «Я цябе ведаю добрай і рознай... // Як чалавеку, табе гавару: / / Не пакідай, абыходзься як з роднай, / / Нават калі далюблю, дагару». Радзіме-маці яна даверыла самае запаветнае, звярнулася да яе з вялікай любасцю. Паэтка лічыла, што ёй «удалася любоў да Бацькаўшчыны» («Няхай вятры па мне галосяць...»), і ў гэтым адчувала сапраўднае шчасце.
   Еўдакія Лось шкадавала «ўсіх, хто з год... нішчымных», гаварыла, што «шчасная за ўсіх, хто ўстаў пасля», ганарылася і даражыла сваім пакаленнем дзяцей вайны (вершы «Пра пакаленне», «Якія зараз дзеці вырастаюць!..» і інш.). І ўвесь свой век жыла памяццю пра вайну і сіроцкае дзяцінства, уражальна ўзнаўляла час, калі «ахвярай вайны была». Шэраг вершаў на тэму вайны напісаны па-мастацку ярка, запамінаюцца эмацыянальнай скандэнсаванасцю паэтычнай вобразнасці, як, напрыклад, твор «Дзяўчаты мінулай вайны» (1962), у якім выявілася сурова-трагедыйная праўда вайны.
   Паэтка журылася па палеглых, спаленых, закатаваных і, як усе людзі, што спазналі жахі вайны і акупацыі, перажылі страту блізкіх, жадала аднаго – вечнага міру на зямлі (вершы «Дома», «Вёскі, якія не ўсталі», «Мая Хатынь», «Майданак» і інш.). Ваенная тэма – не проста скразная ў яе творчасці, а перадусім – паэтычная споведзь, у якой раскрываецца ахвярна-пакутніцкі лёс пакалення дзяцей вайны і ўвогуле беларусаў у гады фашызму.
   Унутраны водгук нараджаў часам у творах Е. Лось паглыбленае эмацыянальна-медытатыўнае саманазіранне і роздум. Сведчанне таму – вершы «Сляды», «Гады жывуць у чалавеку...» і некаторыя іншыя. Але філасофскай ускладненасцю адметны шэраг вершаў з напісанага напрыканцы жыцця «Бараўлянскага сшытка». Трагедыйны адбітак ляжыць на строфах ад усведамлення завядання жыцця. Думалася пра тое, што застанецца пасля адыходу, і найперш думалася пра сына. Духоўнае шуканне адказу на хвалюючыя пытанні быцця вызначае змест яе «Думак» (1976).
   Як патрабавальны творца, Еўдакія Лось ведала мерку і кошт сапраўднай паэзіі. Найвялікшым ідэалам для яе стаў Янка Купала (вершы «Свой Купала», «Верная заўсёднай звычцы...», «І лажылася з вершам...»). Зусім натуральна, што Е. Лось нямала разважала пра паэзію і асобу паэта. Яна адстойвала права выказваць інтымнае, набалелае, пісаць «вершы – пра сваё» («Рэдактар кажа: дайце пра грамадскае...»). Зрэшты, пісьменніца ўмела радавацца добрым вершам, напісаным іншымі, не прымала неаб’ектыўнай крытыкі. А яшчэ прагнула эстэтычнай дасканаласці і высокай мастацкасці. Можа, самае сутнаснае для яе як паэткі было ў тым, пра што яна сказала ў адным з вершаў: «Даў Бог мне сэрца, сэрцу – хваляванне, // А іншых і не хочацца даброт!» («Шчаслівая, што сэрцам адгукнулася...»).
   Свет лірыкі Е. Лось – шматмерны і поліфанічны. Мы свядома стараліся не засяроджваць падрабязную ўвагу на творах паэткі ідэалагічнага парадку і зместу. Ужо аднатыпнай і схематычнай у нашым сучасным літаратуразнаўстве зрабілася манера доўга гаварыць пра запалітызаваную творчасць пісьменнікаў, калі яны траплялі ў палон фальшу, афіцыёзу, прапагандавалі казённыя лозунгі, думалі штампамі, схемамі і да т. п. Напэўна, з вышыні сённяшняга дня насамперш трэба не на мякіну дзьмухаць, бо яе ўжо адвеяў сам час, а адкрываць першародны і неўвядальны сэнс вечных слоў, дзівіцца залацінкам творчасці.
   Імя Еўдакіі Лось упісана на скрыжалі гісторыі нацыянальнай літаратуры ХХ стагоддзя. Яна была паэткай, якая тонка адчувала водар, прыгажосць і мілагучнасць роднага слова, стварыла нямала добрых і выдатных узораў беларускай лірыкі, па магчымасцях свайго таленту ўзбагачала свет нашага паэтычнага мастацтва. А яшчэ яна імкнулася быць яркай творчай асобай, верыла-спадзявалася, што мае права на заслужаную ацэнку сваёй творчасці, на ўдзячную памяць:

Я зведала, як без натхнення горка
I як салодка ў хваляванні.
У мове века – і мая гаворка,
У песні века – і маё спяванне!
(«Бабін век»)


   Беларуская паэтка з гонарам пісала: «Мне даражэй за авацыі // належаць да гэтае нацыі...» («Іншыя нацыі...»). Між тым не можа не радаваць той факт, што на радзіме пісьменніцы годна ўшаноўваюць яе памяць: у 1998 годзе ў Віцебску ўстаноўлены помнік Е. Лось. Найлепшым жа помнікам ёй, думаецца, будзе наша шанаванне яе паэтычнага слова, творчай спадчыны і любоў да беларускай паэзіі. І як тут не згадаць радкі беларускага паэта Рыгора Семашкевіча, які таксама ўжо пайшоў з жыцця: «І не пры магільным граніце, // А скрозь на зямлі // Любіце паэтаў, любіце!..». Хіба можна быць няўдзячным таму, хто ўсё жыццё імкнуўся быць адданым Беларусі-маці, роднаму народу і нацыі. «Любіце паэтаў, любіце!..» – паўторым мы яшчэ раз услед за паэтам.

1998


Крыніца: Бельскі А. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя: Гісторыя і сучаснасць: У дапамогу настаўнікам і студэнтам. – Мн.:, 2005

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!