Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віталь Вольскі - Лёс Дункана

(скарочана)


Хто такі Дункан?
   Загадзя мушу папярэдзіць, што Дункан – леапард.
   На зямлі жыве акрамя нас і побач з намі даволі вялікая колькасць розных істот, у першую чаргу – звяроў і птушак, якія знаходзяцца з намі ў рознабаковых, часам складаных і супярэчлівых узаемаадносінах. Мы мала іх ведаем, а некаторыя зусім не ведаюць. Маюць аб іх вельмі цьмянае, а то і няправільнае ўяўленне.
   Чалавек, жадае ён ці не жадае, ведае ці не ведае, арганічна і непарыўна звязаны з прыродай – з лясамі, палямі, гарамі, стэпамі і пустынямі, з морамі, рэкамі і балотамі, звярамі, птушкамі і рыбамі. Ён не можа без іх існаваць, як не можа існаваць без паветра, вады і ежы, без святла і цяпла. Чалавек – усяго толькі частка прыроды, частка навакольнага асяроддзя. I як ён уплывае сваёю дзейнасцю, самім фактам свайго існавання на прыроду, так і прырода ўплывае на яго. Жыццё, здароўе, самаадчуванне і настрой чалавека залежаць і ад змен надвор'я, атмасфернага ціску, ад тэмпературы паветра і вады, ад ураджаю ці недароду тых ці іншых раслін, ад наяўнасці ці адсутнасці некаторых звяроў і птушак, ад вялікага мноства розных, часам не вядомых і не зразумелых прычын, звязаных са з'явамі прыроды. Чым больш мы будзем цікавіцца імі, тым лепш для нас. I ў першую чаргу гэта датычыцца нашых узаемаадносін з усё яшчэ таямнічым светам звяроў і птушак, які нас акружае з маленства.
   Вось у мяне і з'явілася жаданне напісаць пра жыццё леапарда Дункана, які існаваў у сапраўднасці і якога не забылі яшчэ і да гэтых дзён.

Сіротка
   У заапарку горада Гродна самка леапарда нарадзіла трох малых. Гэта ўсхвалявала і ўзрадавала ўсіх работнікаў заапарка. Толькі сама парадзіха аднеслася да падзеі з дзіўнай абыякавасцю. Спачатку яна ляжала з малымі, сагравала іх цеплынёю свайго цела і карміла малаком, але неўзабаве раптам паднялася і адышла ў другі бок клеткі. Адбылося гэта ўначы. Калі работнікі заапарка з'явіліся раніцай на работу і падышлі да клеткі, то ўбачылі, што двое малых ужо загінулі. Трэцяе, крыху буйнейшае за іншых, было яшчэ жывое.
   Сляпое і бездапаможнае леапардзяня калацілася ўсім целам ад холаду і тоненька, ледзь чутна папісквала, як хворае кацяня, тыцкаючыся носікам у падлогу, але маці не звяртала на яго ніякай увагі. Яна не хацела нават і глядзець на сваё дзіця. Матчын інстынкт, як гэта часта бывае ў дзікага звера ў няволі, пакінуў яе. Зрэдку, праўда, падыходзіла яна, паглядала на сына з яўнай непрыхільнасцю, а потым падштурхвала носам, як нейкую непатрэбную рэч, адсоўвала ўбок, пазяхала і адыходзіла з абыякавым выглядам.
   Што рабіць? Як ратаваць малога?
   Яму пагражала пагібель. Леапардзяня амаль зусім скалела і нерухома ляжала на падлозе.
   I тут яго ўзяла на рукі экскурсаводка заапарка і занесла да сябе на кватэру.
   Вельмі гэта была складаная справа гадаваць на гарадской кватэры леапарда! Дункана, так назвалі леапардзяня, кармілі спачатку каровіным малаком, разбаўленым гатаванай вадой, цукрам і вітамінамі. Потым зменшылі колькасць вады і пачалі дадаваць у малако сырое яйка і цёртую сырую пячонку.
   Праз тыдзень у Дункана прарэзаліся вочы, спачатку адно, а потым і другое. Ён пачаў глядзець на белы свет, але погляд яго быў яшчэ пазбаўлены сэнсу. Дункан недарэчна ўглядаўся ў прадметы. Хадзіў па падлозе слаба, няўпэўнена. Часта хістаўся, траціў раўнавагу і падаў.
   Праз месяц пасля нараджэння леапардзяня зрабілася «зубастым»: у яго прарэзаліся ўсе зубы і іклы, верхнія і ніжнія. Дзень пры дні сіротка рос і папраўляўся.
   Дункан выжыў, вырас і з малой бездапаможнай істоты ператварыўся ў маладога, прыгожага і спрытнага звера.

Гульні на двары
   На двары з'яўленне Дункана кожны раз шумна і радасна сустракалі дзеці. Весела ганяўся ён за Мішам і яго сябрамі. Гуляючы з імі, спрытна ўзлазіў на дрэвы і саскокваў адтуль на зямлю, бегаў за дзецьмі ўсюды, як сабака. Кідаўся за хлапчукамі, а тыя з крыкам і смехам уцякалі ад яго ў розныя бакі. Часам ён збіваў іх з ног, валіў на зямлю, і яны былі гэтым вельмі задаволены. Ніхто ніколі не быў паранены ці падрапаны, бо Дункан хапаў іх мяккімі лапамі. У час гульні і забаў ён не пускаў у ход кіпцюры і зубы. То адзін, то другі з хлапчукоў падкідваў сваю шапку ўгару, а Дункан высока падскокваў і лавіў шапку лапамі ў паветры.
   Любіў Дункан гуляць і ў мяч. Хлапчукі падбівалі футбольны мяч нагамі, а Дункан гнаўся за ім і хапаў лапамі з-пад самых ног у заўзятых футбалістаў. Асцярожна і далікатна гуляў ён з дзяўчынкамі, падштурхоўваючы маленькі каляровы мячык носам.
   У такіх гульнях час праходзіў непрыкметна і для дзяцей і для Дункана.
   Дзеці, мабыць, здаваліся Дункану яго родзічамі, такімі ж малымі леапардамі. Толькі, можа, крыху нязграбнымі, не вельмі спрытнымі і дужымі, не вельмі шпаркімі ў руху. Але Дункан любіў дзяцей, як і дзеці – яго. Ён быў агульна-прызнаным любімцам усіх хлапчукоў і дзяўчынак двара, а двор гэты – вялікі, бо аб'ядноўваў некалькі шматкватэрных дамоў па вуліцы Міра.

Сутычка з грозным веліканам
   У суседнім доме жыў у прафесара вялізны і страшэнны, чорны дацкі дог, вельмі дужы і вельмі люты. На двары ён трымаў сябе – як гаспадар. Нікому спуску не даваў. Усе яго баяліся: і сабакі, і людзі. Адзін толькі Дункан, тады яшчэ зусім невялікі, не спалохаўся.
   Калі дог пры першай сустрэчы кінуўся на яго. Дункан не ўцёк, не саступіў з дарогі. Ён застаўся стаяць на месцы, толькі зашыпеў, прыгнуўся, зморшчыў нос і выскаліў у знак перасцярогі вострыя белыя іклы.
   Грозны велікан з разгону падляцеў да дзёрзкага смельчака. Ён прывык да хуткіх і бліскучых, маланкавых перамог, але на гэты раз пралічыўся. У наступную хвіліну дог уцякаў з крывавымі ранамі на грудзях, на баку і на спіне. Ён жаласна скавытаў, забыўшыся на ўсю сваю сілу і на свой аўтарытэт. Дог хацеў зараз толькі аднаго – каб найхутчэй апынуцца на знаёмай надзейнай лесвіцы і схавацца там на пляцоўцы другога паверха. А Дункан застаўся на месцы. Ён стаяў з абыякавым выглядам, быццам абсалютна нічога тут не здарылася.
   З таго моманту малады леапард пачаў лічыць сабак сваімі ворагамі.
   Пасля памятнай сутычкі грозны дог стараўся ніколі не трапляць на вочы Дункану. Ён заўсёды абмінаў леапарда, далёка яго абыходзіў.
   Становішча дога на двары моцна і непапраўна пахіснулася.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГульні ў двары

БиографииАртур Вольскі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Пагоня

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Несцерка

БиографииВіталь Вольскі