Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аналіз вершаванай аповесці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Гапон"

   Вершаваная аповесць «Гапон» была напісана ў 1855 г. і працягвала гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Аднак, калі ў першым творы галоўнымі героямі выступалі паны, то ў «Гапоне» імі сталі мужыкі. Жыццё простага працаўніка, такім чынам, паказваецца больш шырока.
   Разам з тым і тут сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома, а ў лёсе галоўных герояў Гапона і Кацярынкі адбываюцца шчаслівыя перамены. Здадзены ў салдаты Гапон не прапаў на вайне, а даслужыўся да чыноў, стаў афіцэрам. Нават паквітаўся са сваім крыўдзіцелем: выкрыў яго хлусню і адправіў у войска. Кацярынка ў пакоях пані дачакалася каханага.
   Пісьменнік у творы паказаў цяжкое, бяспраўнае становішча селяніна. I пры добрай пані забралі ў жанчыны-ўдавы адзінага сына. Пані баіцца, каб «хлопы» не ўзбунтаваліся, не паўцякалі ад рэкруцкага набору ў лес, таму згаджаецца аддаць у салдаты Гапона. Аднак яна прычынілася да няправеднай справы з-за ўласнай даверлівасці і наіўнасці. Пісьменнік не кідаў крытычных стрэл у адрас гаспадыні двара. Пачуўшы расказ Кацярынкі, пані «і ўспляснула рукамі, і залілася слязамі». Адразу загадала, каб «пана аканома ні нагі тут каля дома за гадзіну не было». Кацярынка і Гапон плацяць пані адданасцю і павагай.
   Паказваючы ўзаемаадносіны паноў і прыгонных сялян, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ствараў ідылічны, далёкі ад рэальнага жыцця свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемапаразумення паміж багатымі і беднымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, найперш прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго таленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад селяніна. Ідэя гуманная, аднак, на жаль, мала прыдатная для істотных змен у жыцці грамадства. У яе ўтапічнасці досыць хутка пераканаўся і сам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
   У вершаванай аповесці «Гапон», як і ў іншых творах дарэформеннага перыяду, пісьменнік шырока выкарыстоўваў фальклорныя сродкі — прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні і г. д. Выразна па узорах вуснай народнай творчасці малюецца, напрыклад, партрэт маладой дзяўчыны:

 

У Грыпіны ж Кацярына,
...Як у садочку маліна,
Расла, цвіла, даспявала;
На шчоках кроў з малаком,
А вочкі блішчаць агнём...


   Часам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч уводзіў у творы фальклорны матэрыял без ніякіх змен (у «Гапоне», напрыклад, прыпеўкі). Даследчык В. Жураўлёў у сувязі з гэтым адзначае: «Знешнія і не заўсёды глыбінныя сувязі вуснапаэтычных і літаратурных ліній у мастацкай структуры твора сведчаць не толькі пра індывідуальную творчую манеру пісьменніка, але адлюстроўваюць таксама заканамерны, канкрэтна-гістарычны перыяд узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй».

Похожие статьи:

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Ідылія

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічТворчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Прыпяць