Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Карамазаў - Падранак

   Мажліва, што ў памяці маёй даўно б ужо сцёрся гэты абразок, калі б не той крык, што ціхім чэрвеньскім ранкам зусім нечакана ўварваўся праз акно ў маю леснічоўку і... яшчэ ўсё стаіць у вушах:
   — Падранак, падранак!..
   Божа мой, які скаланаюча-трывожны, які пранізлівы то быў крык. Ён у момант сарваў мяне з крэсла і выкінуў у акно, а там я ўжо адразу згледзеў    Уладзіка: з усіх ног ён шыбаваў з лесу. Хваравіта худы і бледны заўсёды, цяпер, ад перапугу, хлопчык здаваўся яшчэ больш худы і бледны. Засошпыся, цяжка дыхаючы, ён бухнуўся перада мной на калені і таропка пачаў вышморгваць з-пад папружкі выкачаную ў лясных зёлках кашулю.    Потым страсянуў падолам перад сабой, і адтуль, з-пад кашулі, на траву выпаў вялікі трапяткі камяк. Напоўнены тым жа спалохам, што і сам Уладзік, камяк прыцяўся да зямлі і затросся.
   — Падранак,— ціхім шэптам выдыхнуў Уладзік, лыпнуўшы на мяне блакітнымі вачыма, у якіх цяпер панаваў не толькі спалох, але разам з ім нейкае прачулае шкадаванне і шчырая надзея наіўнай дзіцячай душы.
   — Дзе слонку злавіў?
   — Сама чмякнулася ў ногі. Іду, а яна шусь з-пад куста. На крыло была паднялася, ды напаролася на дрэва. I чмякнулася. У саменькія ногі.
   — Што ж гэта з ёй?
   — Падранак яна, вось што. З адным вокам. Другое зарасло пухам. Бачыце?..
   — Бачу, Уладзік. Гэта яе шроцінай чыркнулі па воку, яно і выплыла. Але што рабіць нам з ёй? У лес пусціць — звяры з'ядуць. Як яна толькі да гэтага часу бераглася...
   — Можа пакормім? Вунь злядашчала, аж ногі не трымаюць. Цяжка ёй карміцца...
   З гэтымі словамі Уладзік вывернуў кішэню і пачаў вытрасаць з яе ў далонь хлебнае крошыва. Потым асцярожна паднёс далонь пад дзюбу — птушка баязліва адскочыла.
   — Палохаецца. Відаць, лепей у лес пусціць.
   — Не, Уладзік, куды яе з такой інваліднасцю выпускаць. Сабакі ці звер які зловяць, шкада. Бяры лепш у хату. Там накормім, напоім, глядзі — і прыжывецца.
   З хвіліну пастаяўшы наўколенцах перад птушкай, Уладзік нарэшце пагадзіўся са мной і ціха-асцярожна пацягнуўся да яе рукамі... Яшчэ не крануўся слонкі, як яна рванулася ад яго і, слепа адмераўшы некалькі крокаў, узвілася ўгару. Яўна не сваім слончыным — звычайна павольна-ўпэўненым, а цяпер таропка-бязладным — махам вялікіх крылаў яна падымалася над намі ўсё вышэй і вышэй, а мы з Уладзікам аж раты паразяўлялі ад нечаканасці, нерухома, нібыта нежывыя, стаялі, задраўшы галовы ў неба. На што яна спадзявалася там, высока ў небе, што яна магла адшукаць там, у бязмежна далёкай пустэчы. Я зірнуў на Уладзіка: ён даволі хутка мяняўся з твару, напаўняўся нейкай яшчэ неасэнсаванай, як мне здалося, радасцю.
   — Глядзіце, глядзіце! — раптам урачыста закрычаў ён.— А вы думалі, што яна не лётае ўжо.
   — Я так не думаў, Уладзік.
   — Думалі, думалі... А яна ляціць, глядзіце...
   Ну, хіба мог я пярэчыць яму, такому міламу ў гэты час, хіба мог я зрабіць хоць крок да разбурэння яго шчаслівага спадзявання?.. Ды шчасце Уладзікава аказалася такім кароткім. Яшчэ свяціўся яго твар, а там, высока-высока, на вышыні птушынага подзвігу, ужо здарылася неспадзяванае. Спачатку слонка дробна і адчайна біла крыллем, потым некалькі разоў перавярнулася ў паветры і каменем паляцела ўніз.
   Праз двор, дарогу, ручай мы стрымгалоў кінуліся туды, дзе птушка назаўжды вярнулася да зямлі. Я ледзьве паспяваў за Уладзікам, а як толькі мы выбеглі за ручай на балацяністае куп'ё, Уладзік і зусім адарваўся ад мяне, што вецер, несучыся наперад. На ўзлеску ён рэзка спыніўся, і калі я падбег да яго, то ўбачыў на купіне мёртвую слонку. Яна ляжала на спіне пустым шэрым воллем угару, з адкінутай убок галавой, і яе адзінае вока, бліскучае, нібыта жывое, глядзела ў неба.
   Зірнуўшы на Уладзіка, я ўбачыў, як пад вейкамі ў яго набягала буйная, з гарошыну, слязіна. Я павярнуўся, каб паціху праставаць назад, бо адчуў: хлопца трэба пакінуць сам-насам з птушкай і сваім амаль шокавым здзіўленнем ад яе мужнага ўзлёту. I я пайшоў.
   Перад вачыма стаяла купіна, а на ёй, здавалася, няўмольна глядзела вялікае слончына вока, і чулася мне вясновая шлюбная песня — даўно знаёмая і хвалюючая да ачмурэння:
   — Хор-р, хор-р…
   Уладзікава здзіўленне было і маім, хоць я больш за яго пажыў на свеце, з жыцця ведаў, як гэта бывае калі параненая слабая істота ў прадчуванні свайго блізкага канца знаходзіць сілы на апошні ўзлëт, на тую вышыню, дзе, не вытрымаўшы напружання, разрываецца сэрца.