Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вячаслаў Адамчык - Чужая бацькаўшчына

   "Чужая бацькаўшчына" (1977) — першая кніга тэтралогіі, якая была закончана пісьменнікам у 1990 годзе і куды яшчэ ўвайшлі раманы "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца", "Голас крыві брата твайго". У многім гэта аўтабіяграфічныя творы, бо тут выкарыстаны асабісты жыццёвы вопыт празаіка, яго ўражанні і эмоцыі. У "Крэсках з аўтабіяграфіі" Вячаслаў Адамчык пісаў: "Пасля завяршэння чацвёртага рамана, пасля вялікай штодзённай шчасліва-пакутнай працы, пасля няверы ў сябе і радасных хвілін натхнення, пасля сямнаццацігадовага творчага неспакою я як ніколі адчуў вялікую пустэчу і нікчэмнасць жыцця. Можа, я перабольшваю тое адчуванне і тое пачуццё, але я папраўдзе праваліўся ў нейкі летаргічны сон, я ледзьве ўваскрос...".
   Звярнуўшыся ў сваіх творах да паказу лёсу народа, складанасці яго гістарычных шляхоў, пісьменнік раскрывае адзін з самых істотных перыядаў у жыцці заходнебеларускай вёскі — пярэдадзень вайны і ажыццяўленне сацыяльных перамен. Трыццатыя гады падаюцца празаікам як перыяд цяжкага працэсу ломкі не толькі старога свету, але і старых чалавечых зносін. Тэтралогія не з'яўляецца абсалютна цэласным творам. Кожнаму яе раману ўласціва пэўная самастойнасць, ды і выдаваліся яны ў розны час. У выніку крытыка і чытачы ўспрымалі іх як асобныя творы. Крыніцай творчай задумы пісьменніка стала рэчаіснасць Заходняй Беларусі, мясцін, у якіх ён нарадзіўся. Тут расказваецца пра жыццё беларусаў у складзе Польшчы, пра аб'яднанне з Усходняй Беларуссю і пра пачатак вайны з немцамі.
   Каларытны і непаўторны свет сялянскага побыту ў рамане "Чужая бацькаўшчына" ўзноўлены В. Адамчыкам да дробязяў. Гэты свет узведзены да такой ступені абагульненасці, што можна гаварыць пра ўзнаўленне аўтарам пэўнага тыпу беларускай свядомасці на канкрэтным адрэзку народнай гісторыі.
   Падзеі жыцця жыхароў вёскі Верасава абраны аўтарам не па прычыне выключнасці іх, а з-за тыповасці. Вячаслаў Адамчык імкнецца да максімальнай гістарычнай дакладнасці, да таго, каб факты асабістых успамінаў не засланілі сапраўднага народнага жыцця ў рамане. З вялізнай колькасці жыццёвых з'яў ён выбірае толькі тыя, якія можна назваць тыповымі, якія маглі адбывацца ў любой беларускай вёсцы: змаганне за кавалак зямлі, сваркі, забабоны, каханне і нянавісць.
   З першых старонак твора вясковая верасаўская рэчаіснасць уражвае суровасцю штодзённага побыту. Сялянскае жыццё, здаецца, не змяняецца на працягу стагоддзяў. Цяжкая праца і змаганне з прыроднымі і грамадскімі катаклізмамі фарміруюць народны менталітэт. Вясковае жыццё па сутнасці адмежавана ад жыцця вялікага свету. Пісьменнік нібыта знарок выбраў для адлюстравання самую глухую мясціну Беларусі, якую мясцовы ксёндз называе "вёскай п'яніц і зладзеяў, мясцовым ядром цемнаты". Аднак В. Адамчык паказвае, што ў гэтай вёсцы, як і ва ўсім свеце, жывуць розныя людзі, як працавітыя і шчырыя, так і злодзеі і гультаі.
   У цэнтр падзей у сваім творы ён ставіць сям'ю Корсакаў. Яны такія ж, як і ўсе іншыя, але разам з тым крыху і адметныя людзі. "Заўсёды знаходзяцца людзі, хоць і няшмат, асабліва ў вёсцы, якія хоць бы на паўкрока выпярэджваюць сваё роднае і блізкае ім асяроддзе, часта несучы ў сабе некаторыя яго звычкі побытавай непатрабавальнасці і маральнай спрошчанасці. Такія ў раманах В. Адамчыка Корсакі. Пры ўсёй уключанасці ў гушчу вясковага побыту, што часам схіляе іх да слоў і ўчынкаў сумніцельных, калі судзіць па законах суровай маралі, усё ж ідзе ад іх як людзей нейкае свячэнне высакароднасці, што адчуваецца, хоць можа і слаба, аднавяскоўцамі. Яны, Корсакі, ужо асобы, а не шэрая маса, а толькі асобы вызначаюць народ...", — так характарызаваў герояў рамана В. Адамчыка акадэмік В.А. Каваленка.
   Стары Улас Корсак — сур'ёзны, паважлівы і разам з тым вельмі душэўны, далікатны чалавек. Пісьменнік падкрэслівае гэта, расказваючы аб тым, як чула і глыбока захоўвае герой памяць пра памерлую жонку: у год, калі яна памерла, ён пасадзіў на сваім участку параненую плугам дзікую грушку. Прайшло дзесяць гадоў, дрэўца вырасла і стала стройным, а Улас па-ранейшаму прыходзіць сюды, каб прыгадаць сваю сяброўку, пабыць сам-насам з успамінамі. Улас шчыры і спагадлівы да людзей, да яго думкі прыслухоўваюцца аднавяскоўцы, з ім раяцца і яму давяраюць.
   Зусім іншы чалавек дачка Уласа — прыгажуня Алеся Мондрая. З маладых гадоў ёй было цесна і цяжка ў цёмным вясковым свеце, і яна імкнулася з яго вырвацца, цягнучыся душой да высокага і светлага. У юнацтве яна закахалася ў адукаванага і культурнага сына асадніка Грабянкі, і гэтае няспраўджанае пачуццё ў нейкай ступені пакалечыла яе долю. У марах пра лепшую будучыню Алеся не магла змірыцца з тым, што прапаноўвала ёй родная вёска. У выніку, крытычна ставячыся да вясковых людзей і густаў, яна ўпусціла свой час і змушана была выйсці замуж, як і многія з яе акружэння, паводле прынцыпу "сцерпіцца — злюбіцца".
   Нешчаслівае замужжа вядзе гераіню да духоўнага спусташэння. Рана застаўшыся ўдавой, Алеся жыве ў доме свекрыві, дзе і знаёміцца з Імполем, які наняўся да Мондрыхі малаціць збожжа. Закахаўшыся ў Імполя, жанчына спадзяецца стварыць з ім шчаслівую сям'ю, якой так не хапала ёй у першым шлюбе. У дасягненні пастаўленай мэты Алеся праяўляе ўпартую настойлівасць і хітрасць. Імкнучыся завалодаць зямлёй нябожчыка мужа, яна ідзе на злачынства: высяляе ў гумно сваю свякруху Таквілю і яе дачку Еўку, хворую на тыфус, а затым атручвае іх чэмерам.
   Але шчаслівае сумеснае жыццё з Імполем у Алесі не атрымалася. Імполь хоць і ажаніўся з ёю, але кахае іншую, яе сваячку, выхаванку старога Уласа — Хрысцю. Гэты факт Алеся ўспрымае як боскае пакаранне за ўчыненае забойства.
   Носьбітам дабра і святла ў атмасферы паняверкі і змроку стаў у рамане сын Уласа Корсака, Алесін брат, — Міця (Змітрык). У "Крэсках з аўтабіяграфіі" Вячаслаў Адамчык пісаў: "Вобраз Міці Корсака, які я шукаў у самім сабе, спярша здаваўся мне арыгінальным і нязбіта-шаблонным, покуль я не дайшоў да Бібліі, — вобраз Хрыста-пакутніка мы паўтараем усе". У дзённіку 70-х гадоў пісьменнік удакладніў гэтую сваю думку: "Міця (Змітрык) — не Левін Талстога. Ён загіне ад тых людзей, дзеля якіх рабіў дабро. Дарэчы, гэта пакутная, усвядомленая смерць усяе нашае інтэлігенцыі. Беларуская Галгофа. Смерць Хрыста — смерць Міці. А можа, і так?"
   Пачуццё адказнасці за свой народ, за яго гістарычны лёс, імкненне асэнсаваць сваю ролю ў жыцці і свеце з маладых гадоў уласцівы гэтаму герою. Міця ў адрозненне ад свайго асяроддзя прагне навукі і культуры. Ён вучыцца ў польскай школе, але веды, якія там набывае, не скіроўваюць яго ў бок польскай культуры, а толькі абвастраюць успрыманне роднага. Герой валодае нацыянальна вызначаным светапоглядам. "Міця выпісваў газеты найбольш усё беларускія, з Вільні". Пачынае пісаць вершы таксама па-беларуску. Вызначальным у станаўленні нацыянальнай свядомасці Міці становіцца яго знаёмства ў бібліятэцы з Лаўрынам Царыкам, чалавекам, шчыра аддадзеным беларускай справе, якога польскія ўлады не раз кідалі ў турму. З ім і такімі, як ён і Міця, найперш асацыіруецца паняцце беларускасці. Невыпадкова ў рамане іншыя героі то здзекліва, то са здзіўленнем гавораць пра іх: "Яны ж усё нейкую Беларусь шукаюць...".
   Пошукі Беларусі — справа няпростая. Вельмі часта за гэта прыходзіцца пакутаваць, плаціць гадамі турэмнага зняволення, а то і жыццём. Так расплачваўся за сваю беларускасць Царык, гэта ж наканавана і Міцю: і яго забіраюць у пастарунак (паліцэйскі ўчастак). Характэрна, што асаблівую нянавісць у польскіх паліцыянтаў выклікае сшытак з беларускімі вершамі, бо акурат гэтыя вершы і ёсць доказам існавання і мовы беларускай, і самабытнага беларускага народа, што так імкнецца адмаўляць афіцыйная ўлада.
   Гэтая любоў да свайго, роднага, да Беларусі, вырасла ў Міці ў тым асяроддзі, дзе ён нарадзіўся, якім бы цёмным і забітым яно не здавалася. Канешне, гэтаму спрыялі і асаблівасці яго індывідуальнага характару, яго схільнасць да рэфлексіі і роздуму над сэнсам жыцця. "Няўжо праўда, што ўсё павінна змяніцца на зямлі: вёска, далёкі лес, лапік стракатай руні на грудку... І гэтак бясконца будуць мяняцца людзі ў гэтай ціхай вёсцы. А колькі іх змянілася ўжо? Няўжо і я без ніякага следу павінен згінуць, растаць, як дым, у гэтым бясконцым свеце?", — разважае юнак.
   Усведамленне імклівасці, часовасці жыцця абвастрае ў Міці прасветленую любоў да гэтай зямлі, на якой ён вырас. Ідучы па выкліку паліцыянтаў у пастарунак, герой чуе крыклівы спеў дзяўчынкі-падлетка, і душа яго адклікаецца на гэты голас шчымлівай з'яднанасцю з навакольным светам. "Міця любіў гэты крыклівы голас дзяўчаці, гэтую ясную познюю, ужо ў апалай расе, раніцу, неба ў белых, як растрэсеная на верацяне кудзеля, хмарах, гэтае балота, рэчку ў прысадзістым алешніку, дзе востра цвірчалі маладыя, з жоўтымі дзюбамі, рудаватыя шпакі. Нейкая любасць у душы прыходзіла да гэтага свету, радасць мяшалася са светлым смуткам".
   Вячаслаў Адамчык імкнецца спасцігнуць народную душу ва ўсёй яе складанасці, убачыць не толькі вытокі дабра і чалавечнасці ў характарах сваіх герояў, але і спазнаць прычыны зайздраснай хцівасці, злосці і жорсткасці. Пісьменнік далёкі ад ідэалізацыі сялянскага жыцця, сваіх персанажаў ён паказвае рэальнымі няпростымі людзьмі.
   Напрыклад, прымак Алесі — Імполь Верамей. Трапіўшы ў сям'ю Мондрых, ён, парабак, чалавек без зямлі і дому, адчувае сябе сапраўдным мужчынам, гаспадаром, таму і пагаджаецца ажаніцца з Алесяй. Але хоць фармальна ён і належыць да сям'і Корсакаў, на справе застаецца для іх чужым. У яго характары заўважны душэўная няўстойлівасць, схільнасць да прыстасаванства. У творы В. Адамчык малюе яго трохі іранічнымі фарбамі. Часам, здараецца, што і Імполю ўласцівыя высакароднасць, рашучасць, эмацыянальны парыў. Кідаецца ж ён бараніць ад раз'юшанага мужа Ладакаву Вацю, якая падабалася яму, хоць за гэты ўчынак яго і пазбавілі працы. Але гэтакія высокія парыванні ў яго непрацяглыя, ён больш практычны і больш эгаістычны ў жыцці, чым Корсакі, а значыць — больш звычайны. Алеся называе яго "мяньком", чуйна заўважыўшы адну з галоўных рыс яго характару — уменне выслізнуць з цяжкіх сітуацый, скарыстаць на сваю карысць любыя абставіны. Тым не менш і Імполь — чалавек з народа, без такіх, як ён, немагчыма ўявіць народнае жыццё.
   А вось Жэнік Рэпка — постаць цалкам іншага плана. Гэта нікчэмны чалавек, з сям'і гультаёў і злодзеяў, якімі пагарджае і з якіх смяецца ўся вёска. Маленькі і недарослы Жэнік спеліць у сваёй душы глыбокую нянавісць да ўсіх людзей, якая з часам выльецца ў злавесныя жорсткія ўчынкі.    Адкуль гэта ягоная злосць — ад крыўды на сваю фізічную нягегласць? А, можа, гэта жаданне адпомсціць за недарэчную смерць брата Сяргея, які атруціўся па-нейчаму недагляду на станцыі, чысцячы цыстэрну? Аўтар паказвае, як усё складана і пераблытана ў чалавечым свеце, як немагчыма часам дакладна вызначыць вытокі зла, трагедыі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!