Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

   Увага! Поўны змест

   Гэта было год дваццаць назад...
   Але раскажу спярша, што было летась.
   Я ехаў дадому, не — спярша ляцеў. Жаўтаваты "АН-2" (у аэрапорце, дзе грэліся на сонцы, нібы шчупакі каля плыткага берага, доўгія "ТУ", ён здаўся мне бог ведае якою старызнаю) доўга вісеў, што лёгкі камар, над чорнымі палеткамі ўжо зааранага на зіму ржышча, над блішчастымі, вузенькімі і ў адных петлях рэчкамі — здаецца, наступі нагою — і запыніш, над маленькімі, хоць збяры ў жменю, вёскамі, над лесам: зверху выдавала — гэта не лес, а растрэсены мох. З моху курыўся сіні дымок, як тлела папяроса: недзе быў пажар.
   Лес там-сям быў жаўтаваты — на асінах і бярэзінах чэзла лісце. Стаяла восень — чорствая, сухаватая — ужо капалі картоплі. Каля Наваградка, калі самалёт пачаў зніжацца, даганяючы свой цень, кабеты з гародаў, абапёршыся на капачы, узіраліся на нас, мусіць, як на лялек у кругленькіх вокнах-ілюмінатарах.
   Самалёт дагнаў свой цень, цвёрда стукнуўся, аж скрыпнуўшы ад злосці, і заскакаў па зялёным аблогу; траву гнуў, усё роўна як падлізваў, вецер ад прапелера.
   Не верылася, што ўжо Наваградак: жоўтыя вяргіні млеюць ад цеснаты ў гародчыках і хіляцца на плот, чырванеюць буйныя яблыкі ў дробных садках, таўкатня каля аўтобуса на станцыі — і праз якое паўгадзіны ты будзеш дома.
   А кругом, як другое царства — старадаўняе, бо ў аўтобус зайшоў чалавек у суконным фрэнчы з кішэнькамі на грудзях, з прыклееным да губы білецікам, каб бачылі ўсе, і яму крычыць бялявая, шырокая ў крыжы кабета, ставячы на сядзенне кошык з капачамі:
   — Міхалко, ці ж узёў мне білет?
   Аж ёкае сэрца ад нейкае дзікаватае, нязвыклае радасці — гэта ўжо наша гутарка.
   — Хібо не бачыш...
   I доўга гуркоча, як нешта там у яго саржавела, і ніяк не заводзіцца аўтобус — круглы, кароценькі, з тонкаю рэйкаю на падлозе — мусіць, пасля рамонту. Я помню, такія аўтобусы хадзілі ў Мінску год пятнаццаць назад недзе ўсё на край горада — то на Грушаўскі пасёлак, то на цагельню.
   — Садзіся, чаго стаіш,— сапе, не аддыхаўшыся, кабета і здымае з сядзення кошык з капачамі.
   — На тым тыдні сядзеў, на гэтым пастаю,— разам з губою варушыцца ружовы білецік.
   Шафёр, малады, няголены хлапец у стракатай кепцы, за доўгую блішчастую ручку зачыняе дзверцы — нарэшце паедзем: аўтобус дрыжыць, востра дзынкаюць шыбы; каля мяне адна "ўтоплена", і ніяк яе не падкруціш угору: зламалася ручка.
   — Пачакай, браток, дочачка асталася тамака,— схамянуўся чалавек і чапіў шафёра за плячо.
   — Цьфу, каб ты не даждоў разам з ёю! — нагінае галаву і адварочваецца кабета.
   Толькі цяпер я ўспомніў, што каля аўтобуса дробненька круцілася, усё хаваючыся за нечыя ногі, чорная сучачка.
   Шафёр абярнуўся, падняў брыво і пацягнуў за доўгую ручку.
   Чалавек зняў з губы білецік, высунуўся з аўтобуса і паклікаў:
   — Мушка, цю-цю-на! Мушка...
   Сучачка скочыла ў аўтобус і палахліва задрыжала, затрапяталася ў чалавека каля ног. Ён узяў яе на рукі і ўмасціўся на сядзенне каля дзверцаў — мы паехалі: застракацелі запыленыя платы, вішні — жоўта-чырванаватае ў прамежку з зялёным лісцем, вокны з белымі ліштвамі, і ў некага на падаконніку я ўбачыў памідоры. I нешта зашчымела ў грудзях: падумалася пра дом, пра памідоры, што некалі таксама спялілі на сонцы, на цёплым акне. Як гэта даўно было! Колькі ж я не жыву дома?! I ўжо як счужэла ўсё тут, і гутарка, і шаша, і мне было трохі нязвыкла, што няма бруку, а шарэе асфальт, дзе на трэшчынах заліты тлустаю смалою. Гэта адтуль, з дому, ідуць машыны і гудуць, як вялікія чмялі, мінаючыся з аўтобусам. I недзе туды бяжыць бензавоз — пад ім матляецца ланцужок, нібы пупавіна ў ягняці. Фыркае халодны вецер праз адчыненае акно і студзіць, што аблівае халоднаю вадою, маё плячо.
   — Сцішылася, як дзіцятко,— кажа нейкая маладзіца ў плюшавым сачыку, прыглядаючыся да сучачкі.
   А мне пачынае здавацца, што я недзе бачыў гэтую маладзіцу, гэты чырванаваты круглы твар і нават помню яе голас. Толькі дзе, калі? I не магу ўспомніць...
   — Балазе знайшоў сабе забаўку,— усё скоса паглядае на свайго чалавека дзябёлая бялявая кабета з кошыкам і капачамі.
   Чалавек адварочваецца, як не да яго гавораць, і маўчыць. Сучачка дрэмле ў яго на каленях і раптам палахліва ўздрыгвае, адкрываючы вочы, і пільна глядзіць на маладзіцу ў плюшавым сачыку.
   Я прыглядаюся да чалавека ў суконным фрэнчы: твар у яго дробны, худы і трохі васпаваты і нейкія хітрыя, быстрыя вочкі — і думаю, што ён рыхтык, як той Марцін Дзікуць з нашае вёскі, і, мусіць, гэтакі трохі махляр, і добры гультай, і такі самы бяскрыўдны.
   Чалавек як чуе, што я думаю пра яго, і пільна азіраецца. Я адварочваюся да акна і гляджу на белавата-шэры апаласканы дажджамі папар, на цёмны, карычняваты лапік нявырванае грэчкі,— ужо кончыўся горад,— на балотца з маладою атаваю, на разасланы лён, дзе цэлаю плоймаю топчуцца гракі, на сароку, што ляціць пад нечую зводдаль шашы хату, і думаю, што я не люблю гэтае пары, калі на сметнікі прылятае сарока — знак, што скора халады, а з памяці ўсё не сходзіць Марцін Дзікуць. Помню: рабаваты, чорны, з-пад шапкі вылезлі і вісяць на вушах касмылі. Згадалася яго смерць, страшная, нечалавечая смерць...
   З ім у вёсцы ніхто інакш не вітаўся, як пытаў здалёк: "Марцін, сечку жнуць?" Найбольш смяяліся тады, калі збіралася многа мужчын перад святам у каго-небудзь на падворку і Марцін прыносіў сваю аблупленую, шчарбатую машынку, каб падстрыгаць усіх. Машынка, мусіць, ірвала валасы, бо хто-небудзь, седзячы на скрыпучым табурэце з хусткаю на плячах, спачатку моршчыўся, а потым крычаў: "Марцін, сечку жнуць... тваю матары, валасэ павырывоў!"
   Гэта некалі яшчэ, мусіць малым, Марцін пайшоў на сяло, а там у яго спыталі, што робяць маці з бацькам. "Сечку жнуць",— сказаў Марцін (яны, мусіць, рэзалі сечку), і з таго дня за ім цягнуўся гэты хвост і кожны тузаў...
   З Марціна смяяліся ўсе — і ён, папраўдзе, быў трохі нягеглы і негаспадарскі чалавек. Невядома дзеля чаго трымаў трое сабак. Зямля на Марцінавым хутары колькі год ляжала аблогам, і на ёй ужо займаўся ядловец, і рос сівец, і дзе-нідзе цвіла жоўтымі калівамі дзіванна — яна любіць песчугу і сонца. Кожнае вясны Марцін падпальваў сухую траву, нізка па зямлі бег агонь, сіні дым пах ядлаўцовымі ягадамі, як у царкве. Толькі каля самае хаты зелянеў загон позняга жыта і цвіла ліловым цветам картопля-варшаўка — рана, наша толькі ўсходзіла.
   У Марціна не было ні гумна, ні хлява, а толькі хата: зялёнымі купінамі-пляйстрамі мох на страсе, старая шапка на калу каля коміна, каб салому не дралі вароны, кошык на шчыце для галубоў, але я не помню, каб яны там вяліся, два акны ў чатыры балонкі і на адной накрыж лучынкі, каб не вывалілася разбітае шкло. I каля хаты ніводнай прысадзіны, толькі гусценькія хвоечкі, што, пэўна, выраслі самі па сабе — адтуль кожны раз, падцягваючы порткі, выходзіў Марцін Дзікуць.
   Я бачыў гэта раніцаю, калі прыганяў на сваё поле карову: у нас, у Заходняй Беларусі, яшчэ не было калгасаў.
   Наша "дзялка" — надзел поля ў паўтара гектара — была праз сценку — вузкую дарогу, што зарасла дзяцелінай, бо па ёй ездзілі толькі тады, калі вазілі з поля збожжа ці картоплі, і на якую, барануючы, сцягвалі пырнік.
   На сценцы, трымаючы за вяроўку, пасвіла пярэстую маладую карову Марцінава дачка — мая равесніца — тонкае, няспелае дзяўчо, помню, кожан дзень у адной з чырвонымі вылінялымі кветкамі сукенцы. Карова чмыхала, круціла галавою — доўгай павуцінаю цягнулася на сонцы яе сліна — і лезла ў наш авёс. Меншы Марцінаў хлопчык у кароткіх портачках на шлейцы вазіў па сценцы нейкую старую, пагібаную, у белай вапне тачку — аб днішча церлася і вішчала кола.
   Калі памерла Марцінава жонка — я не помню.
   Дзікуцеў хутар быў вясёлым месцам: за хвоечкамі, дзе крута абрываўся бераг, цякла і рабіла свой заварот плыценькая рэчка; раніцаю, змялеўшы, вада перакочвалася па пяску, не займаючы нават купіны з расою, і калі глядзіш на іх у гэтую пару, здавалася, што нехта высунуў з рэчкі галаву і да яе ліпнуць доўгія валасы. Старая алешына з колам на вяршку (мусіць, зацягнуў Марцін для буслоў, але на ім крычалі, аж давячыся, вароны) берагла гэты грудок ад паводкі.
   За рэчкаю жаўцеў поплаў: улетку — ад курачае слепаты, увесну — ад пяску, што наносіла вадою. I нехта пасыпаў яго попелам, каб расла трава. Па пяску слаўся падбел, цвіў белымі чачоткамі, як у рабіны, крываўнік, і гнала ўгору асот — увосень ён быў што абсыпаны ватаю: вецер нёс адтуль на наша поле лёгкія парашуты. За нерухомымі купамі вербаў, за маладым алешнікам на другім грудку бялелі атынкованыя местачковыя хаты, чуўся нізкі сыраваты грукат цягніка, раптоўны крык гусей і тоўсты голас з рэпрадуктара, быдта гаварыў нехта высокі, велічынёю да неба.
   I цяпер, бывае, пачуўшы далёкі голас з рэпрадуктара, я ўспамінаю поле, траву ў скалках расы, ад якое шчымелі і заходзіліся ногі, белыя атынкованыя домікі, што былі за маладым алешнікам, і Марцінаву хату.
   У ёй я быў усяго раз — спамінаецца — улетку, як пажалі жыта, пазвозілі з поля снапы і браліся касіць гарох. На нашым іржышчы паднялася трава, а ў Марціна яшчэ ўсё стаяў зажаты загон — жыта, пэўна, пераспела і асыпалася.
   Я пасвіў тады на ржышчы карову, пільнуючыся, каб яна не ўскочыла ў Войнаву канюшыну, што ўжо густа закучаравілася на пакошы маладою атаваю: на другі бок нашае "дзялкі" было поле Клемуса Войны.
   Клемуса я пабойваўся, бо аднаго разу, калі мая карова сцягнула з яго мэндля сноп-шапку, невядома адкуль узяўся гаспадар, трымаючы ў руцэ бізун з чорным плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі. Я гэта ўбачыў потым, а спярша ўчуў, як нешта раптоўна, нібы лінулі кіпятку, апякло маю шыю, потым плячо — на ім нешта з тыдзень не сходзіла, наліваючыся, што жоўцю, сінявата-цёмная пісяга.
   Клемуса Войну недалюблівалі ўсе: у часе вайны ён загадваў бэнээсаўскім складам, куды немцы звозілі яўрэйскае рыззё, і, казалі, набраўся золата. Не ведаю, праўда гэта ці не, але што ён неяк адразу пасля вайны прынёс дадому грама д фон — помню: кожнае нядзелі Клемус Война адчыняў акно, закідваў на вяровачку край фіранкі і заводзіў грамафон — мы, дзеці, сабраўшыся на вуліцы, бачылі толькі карычневую трубу, што вялікую засохлую кветку.
   Седзячы на мяжы, я назіркам паглядаў на карову і пароў чмялёў — яны, вялікія, чорныя, з жоўтымі паскамі, ляцелі сюды і лезлі ў норку пад чубком сухаватае травы: пад мяжою было іхняе гняздо.
   Я падняў галаву і ўбачыў: над мястэчкам стаяла цёмная хмара з папяловымі краямі — кругом зрабілася сцішана і жаўтавата, як на шарай гадзіне, і стаяла духата, як накінулі на цэлы свет радзюжку. Хмара, варочаючыся клубкамі, ішла сюды, проці ветру: над мястэчкам каля шашы ўставалі аж да неба жоўтыя косы пылу. Я ведаў, што папяловая хмара — на град. Раптам вецер сціх, зрабілася страшна — са сполаху цвыркнуў і нізка паляцеў над полем жаваранак. Косы жоўтага пылу пацягнуліся на поплаў, і нечакана дыхнула скразняком і холадам, аж палягчэла. Карова падняла галаву і стала трывожна нюхаць вецер. Рэдка, нібыта і не хацеў, пасыпаўся град. Буйныя, велічынёю з арэх, калівы граду зашасталі па сухім іржышчы, заскакалі па сцежцы, нібы хто кідаў іх, забаўляючыся. Карова згорбіла спіну, закруціла галавою — па вушах яе, мусіць, сек град — і пабегла пад Марцінаву хату. Туды, пад хату, бегла і Дзікуцёва дачка — вецер сарваў з яе галавы і панёс па полі белую хустку.
   Хмара ішла пры самай зямлі — там нешта шумела, гуло, як гарачыя каменні ў дзежцы з вадою. Ужо не было відаць местачковых хат, алешніку на поплаве — там стаяла шэра-жоўтая сцяна. Толькі два галубы, кідаючыся ў бакі, ляцелі туды, дзе яшчэ, як радасць, сярод цёмных хмар яснела неба.
   Холадам у мяне па спіне прабег страх — я кінуўся пад Марцінаву хату, а за мною вецер каціў па ржышчы бярэма скошанага гароху.
   А там, пад мястэчкам, над поплавам грымела, раўло, нібы ламалася і падала на зямлю вялікімі крыгамі неба. Мне зрабілася страшна: я ўспомніў — казала маці,— што калі на зямлю ўпадзе хмара, то на тым месцы паўстане мора.
   Град пабольшаў. Ён моцна сек мне па костачках, па пятах, і раптам па галаве востра трупнула, і было чуваць, як адскочыла вялікая, з курынае яйцо, градзіна — я аж спатыкнуўся і адчуў, як на галаве пякучай гарачынёю наліваецца гуз.
   Я дабег да Марцінавай хаты і стаў пад страху: па сцяне грукацеў, нібы перавярнулі воз з каменнямі, сіняваты, што выліты са шкла, град. За вуглом стагнаў, аціхаючы, нібы клаўся там спаць, а потым тоненька скавытаў, як што яго раздзірала вялікімі кіпцюрамі, і недзе ляцеў, бэрсаўся са страшэнным свістам вецер.
   Карова, панурыўшыся, стаяла пад страхою і тулілася задам да сцяны — яе даставаў град.
   У Марцінавых сенцах нешта шкраблося па дзвярах, дзынкала клямкай — мусіць, яе лапамі даставалі сабакі; і раптам дзверы адчыніліся, аж я струпянеў — з сенцаў выткнуў галаву Марцін Дзікуць:
   — Ідзі ў хату, страшна ж адному?..
   Адганяючы сабак, Марцін упусціў мяне ў сенцы. Паклаў на маю шыю сваю руку — яна была цеплаватая і шорсткая, як тарка,— і падштурхнуў у хату.
   — Ідзі, ідзі, не бойся...
   У хаце яшчэ стаяла сухаватая, напараная сонцам духата і было цемнавата. I з гэтай цемнаты, з ложка на мяне цікавалі Марцінавы дзеці — вочы іх сцішана блішчалі. На калодзе сярод хаты сядзеў Клемус Война — сагнуўшыся, раскарачыўшы высокія калені; босыя ногі яго былі шырокія, як лапці. Ён маўчком, не паднімаючы галавы, зірнуў на мяне, і ў яго апечанай, з белымі лішаямі руцэ я ўбачыў бізун — той самы, з плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі.
   — Гузоў не насадзіў, кажу, град? — спытаў Марцін, прымошчваючыся каленьмі на лаву і ўзіраючыся ў акно.
   Я толькі цяпер учуў, як у мяне шчыміць, расце, сцягваючы на галаве скуру і, здаецца, паднімаючы шапку, гуз.
   — Нічога, пакуль жаніцца — загавіцца! — сказаў Клемус Война і раскруціў доўгі бізун.— Тут во — без хлеба астанёмся. Малоціць як цапамі, саб'е ўсё.
   — Не грашы,— ціха сказаў Марцін і ссунуўся з лавы,— ты жыта нажаў.
   — А ты што — лічыш чужое? — Война падняўся з калоды — цёмны, як хмара, высокі, аж дастаючы галавою да бэлькі.
   Марцін стаяў каля яго дробненькі, быдта дзіця.
   Востра і пякуча кальнула ў вочы маланка — недзе блізка, з ляскам, як у камень, стрэліў пярун, потым з грукатам пачало ламацца неба.
   Марцін скоранька і тройчы перахрысціўся.
   — Ты, брат, як маленькі...— зарагатаў, але адышоўся ад акна Клемус Война: зноў мільганула і, здаецца, зашыпела за акном маланка.
   А па сцяне ўсё цвёрда грукацеў град.
   На гарышчы нешта трашчала — ці не кроквы — і ў коміне грукалася юшка і жаласна, тоненька выў вецер — нібы хто залез на страху, усадзіў у комін галаву і страшыць.
   Ужо замакрэлася над ложкам столь — пачалі налівацца і, расцягваючыся, падаць кроплі вады і потым тоненька задзынкалі — дзеці прынеслі і падставілі чыгунок.
   Град зашоргаў па шкле — вецер павярнуў у вокны, хмара варочалася назад. Па рамах білі, як палкаю, і раптам, як незнарок, патрапілі па шкле — шыба прутка лускнула,— на лаву, суха звонячы, пасыпалася шкло: нібы ў прорву хлынуў і холадам заліў хату вецер.
   Марцін схапіў з ложка падушку і, трымаючы яе за адзін рог, падбег да акна і заткнуў шыбу.
   Але град ужо радзеў, толькі са страхі густа, быццам хто, абмыўшы, яшчэ апалоскваў яе, чуваць было, лілася вада.
   На дварэ, калі мы выйшлі з хаты, стаяў белаваты і нерухомы, хоць ты разводзь яго рукамі, туман. Недзе рыкалі, нібы тапіліся ў ім, каровы. Мая стаяла каля Марцінавае хаты, тыцкаючыся пысаю ў град — нюхала. Яго нападала аж па костачкі, і ён шоргаў пад нагамі, як шоргае сцукраваны напрадвесні снег. З граду вытыркаліся сцябліны зломанае ў каленцах саломы — гэта там, дзе быў загон Марцінавага жыта.
   Марцін у драўляных выдзеўбленых шлэбах з накарэлым на іх зеленаватым гноем пасунуўся да загона. За ім, абнюхваючы яго сляды, беглі сабакі. Марцін пастаяў перад жытам і, не скідаючы шапкі, моўчкі перахрысціўся.
   — Хрысціцца, а святым духам жыць не будзе. Кавалак гультая. Цьфу! — Война плюнуў і адышоўся ад парога.— Усё тут аблатошыць, аб'есць, як вусень.
   I Война пайшоў, гразнучы ў мокрым градзе, і ўжо крыкнуў, каб чуў Марцін:
   — Ого, ліха яго матары, пячэ як прыскам!
   Ён пастаяў на адной назе, падгінаючы другую, як бусел, і сказаў яшчэ:
   — Пайду гляну, што там робіцца ў мяне.
   I пайшоў, схаваўся, як за якою сцяною, за туманам.
   Я адагнаў ад сцяны карову. Яна падняла вушы і пабегла на дарогу, кіруючыся дадому — там яе чакала кожны раз радзюжка зелля.
   — А куды ж ты? — аклікнуў мяне Марцін.— Крый бог, прастудзішся...— і падышоў да мяне, сунучы шлэбы: яны звальваліся ў яго з ног.—На, вазьмі, заўтра прынясеш.— Ён выступіўся з іх і адышоўся пад сцяну — там зелянела сухая трава.
   Я ўсунуў ногі ў шлэбы, усё роўна што ў пячоркі — нагрэў Марцін.
   З акна, уткнуўшыся ў шыбы і расплюшчыўшы насы, на мяне глядзелі яго дзеці, і да самае дарогі бег чорны, з жоўтымі кропкамі пад вачыма і тыцкаўся ў маю руку сабака, пакуль яго не паклікаў Марцін:
   — Цю-цю-на, цю-цю-на...

   — Баба, у руж'ё! — гукнуў чалавек у суконным фрэнчы.
   Дзябёлая, шырокая ў крыжы кабета, паднялася з месца і, чапляючыся капачом за сядзенні, вылезла з аўтобуса.
   А я глядзеў на чалавека ў суконным фрэнчы — ён пусціў з рук сучачку, і яна дробна бегала па канаве — і думаў, што ёсць на свеце дзіўнаватыя людзі, нездароўча чулыя да ўсяго і толькі, мусіць, нядбайныя да сябе.
   Аўтобус тузануўся, з перабоямі і натугай загуў матор — мы паехалі; чалавек і кабета хаваліся з вачэй. Аўтобус выбраўся на грудок, мінаючы з боку шашы могілкі з трыма хвоечкамі — на камлях высока не было галля, нібы хто сашмаргнуў яго вялікаю рукою, пакінуўшы толькі макаўкі.
   Шафёр скінуў газ, і аўтобус ціхенька, дзе часам падскокваючы на ямках і бразгаючы жалезным нутром, пакаціўся ў лагчыну і раптам затрубіў, сцішаючы ход: сярод шашы стаялі спутаныя коні, адзін на аднаго паклаўшы шыі. Было Кашалева — дадому асталося кіламетраў дванаццаць. На нечым хлеўчыку ляжалі доўгія і рабаватыя, як парасяты, гарбузы. На акне цвіў высокі, што куст, агеньчык — і нейкая чырвоная радасць была ад яго. Голы да пояса хлопец, што правіў ганак — прыбіваў з аднаго боку белую абструганую дошку,— аглянуўся, згледзеў коней і, кінуўшы сякеру, падбег да шашы, замахаў абедзвюма рукамі, як ганяючы курэй: коні, задзіраючы галовы і збіваючыся адзін на аднаго, сышлі ў канаву. I аўтобус зноў нехаця завуркатаў: зноў быў грудок, была відаць вёска, уся, як на далоні, і за ёю — пад цёмны, завешаны рэдзенькаю сінечаю лес — доўгія будынкі, кароўнікі ці стайні, над імі громаадводы з растапыранымі лапкамі на вяршку, як што шчупаюць угары, і над вёскаю, высока ў небе, пад белаватаю набрынялаю хмаркаю трапечуцца і ўсё вісяць на адным месцы два галубы. I мне зноў спамянулася тое лета, што было даўно, град, што пабіў на маладым алешніку кару — яна нават адстала на камлях з таго боку, адкуль ішла хмара. Спомніўся Марцінаў хутар і дзікі голуб...
   Я знайшоў іх аж два. Назаўтра мы прыгналі каровы на местачковы поплаў — там хадзіў, звесіўшы крыло, падбіты ў град бусел. Адно вока ў яго было заплюшчана і ў крыві. У рукі ён не даваўся — біў, ляскаючы, дзюбай — і местачковыя дзеці паролі яго доўгімі кіямі здалёк, аж мне зрабілася шкода, і я адышоўся, каб не бачыць, і натрапіў на гэтых галубоў. Яны ляжалі ў лагчынцы з вадою — адзін трохі на купінцы, на сушэйшым. Я падняў абодвух: той, што ляжаў у вадзе, быў ужо спруцянелы і халодны — галава ў яго целяпалася; у другога на воку яшчэ моргала сінявата-белая плевачка — у ім яшчэ тлела цяпло. Я паклаў голуба ў шапку: ён высах, акрыяў і пачаў варушыцца. Местачковыя дзеці заглядалі ў маю шапку і казалі, што гэта іхні, з мястэчка. Але на поплаў прыйшоў Марцін праганяць дзяцей ад бусла, выняў у мяне з шапкі голуба, пагладзіў яго і спытаў:
   — Можа аддасі?..
   Я маўчаў — аддаваць не хацелася.
   — У мяне ёсцека клетка... Падлячу,— тады забярэш.
   Я не хацеў, але паверыў. I праўда, праз тыдняў колькі, прыгнаўшы на сваю дзялку карову, я ўбачыў, што Марцін, стоячы на надворку, махае рукою — кліча мяне.
   Я падышоў пад хату. Да мяне кінуліся, віляючы хвастамі, яго сабакі. Марцін маргнуў вачыма, пайшоў у сені і вярнуўся адтуль, трымаючы абедзвюма рукамі голуба. Голуб круціў галавою, выцягваючы шыю — на ёй сіняватай чырванню пералівалася пер'е. У Марціна варушылася, дрыжала ад радасці ніжняя губа. Ён пагладзіў голуба і падняў яго на далоні — схіліўшы набок галаву, голуб глядзеў на зямлю, мусіць, яшчэ не верачы, што ён ужо вольны. Сабакі, высалапіўшы языкі, цікавалі то на голуба, то на Марціна. Голуб прыгнуўся, натужыўся і, здаецца, няўмысна, спадцішка залапатаў крыллямі і паляцеў — нізка, пры зямлі і неяк улукаткі, як малады, як не навучыўся лётаць. Сабакі кінуліся за ім, падскокваючы ўгору і дзеручы ад злосці зямлю.
   Я глядзеў на шэры знак, што варушыўся, мільгаў, пераварочваючыся, над поплавам, над алешнікам пад мястэчкам, аж пачало ўсё кружыцца і мігцець у вачах. Знак растаў, расплыўся на шэрай хмарцы, і ў мяне нешта як адарвалася ў грудзях.
   — Як усё любіць волю,— сказаў Марцін, тручы вочы: яму, мусіць, таксама заслязіла. Адышоўся пад хату, аглянуўся і спытаў яшчэ: — Шкада, нябось, га?
   ...Праз многа год, спамінаючы выпадкам гэтае далёкае лета, град, Марцінаў хутар, я заўсёды спамінаю гэты міг, гэтую хвілю, калі нізка над демнавата-зялёным, аж да чарнаты алешнікам ляцеў дзікі голуб, трапятаўся, нібы паперка на ветры, прападаючы назаўсёды з вачэй.
   Не ведаю чаму, але і сёння я выразна помню, як ляцеў дзікі голуб.
   А тады я пайшоў пільнаваць карову, думаючы, чаму чалавек не ўмее лётаць. Малому ўсё хацелася зрабіцца птушкаю, каб гэтак высока і вольна лётаць над зямлёю; усё заманьвала вышыня, якой цяпер не зношу: душу агортвае адзінота, калі глядзіш на зямлю здалёк, і яна здаецца табе мурашнікам, а сам ты драбнюткай макавінкай у гэтым бясконцым абсягу.
   Цяпер жа цягне бліжэй да зямлі, і знайшлася ўжо нейкая жаднасць цвярдзей і мацней чуць яе пад нагамі. Ужо бярэ радасць ад таго, што ступаеш на мякаць муравое травы, што бачыш воддаль дарогі корч дзікае грушы, чуеш, як шархаціць, капае са стрэх і точыцца ў пясок пасля дажджу вада — і, бог ведае, якую ты маеш ласку ўсяму, што ты жывеш, глядзіш на гэты свет і будзеш паміраць у ім, як наканована кожнаму. Вельмі ўвосень, калі выпадзе дзень прэлага сыраватага цяпла і стаіць нейкая празрыстая ціш і яснасць, калі пасля лянівага туману з раніцы — уполудзень перад вачыма зазелянее жыта, тады надыходзіць гэтая жаднасць да зямлі і нейкая нядужая, саслабелая, як пасля хваробы, радасць стрэць ці ўбачыць даўнейшае...
   За Кашалевам на грудках паказаўся лес: спярша з аднаго боку шашы — усё ельнік, пануры, цёмны, з цёплымі капцамі мурашніку пры беразе на сонцы, потым — малады, нерухомы, сіваваты хвойнік, далей і ніжай — прагаламі балотца з купінамі зрудзелае асакі, белы рэдзенькі бярэзнік, і далей цёмны гушчар — малады грабнік — галавы не ўваткнеш, а з ім — дубы, ясна-зялёныя, як учора распусціліся. I зноў зварухнулася ў памяці, як у такую пору, ці можа трохі пазней, калі павыкопваюць картоплі, калі на стрэхах, на трэсках каля сметнікаў зашарэе з раніцы і цвёрда зашоргае на траве пад нагамі марозік, хадзіў сюды, у кашалеўскі лес, збіраць жалуды, ужо набрынялыя, патрэсканыя, каторыя з расткамі пад лісцем на зямлі. Спомніўся іх грукат у мяшках на печы і нейкі гаркаваты, сухі, аж сцягвае ўсё ў роце, іхні смак. I цёмная і слізкаватая, што крухмал, іхняя мука...
   Спамянулася тая восень, як мы з Марцінам Дзікуцем наабдзіралі з яловых пнёў паўнюткія, як паднесці, торбы сырое слізгаватае "губы", і не на трут для крэсіва, а на лякарства. Ад хворых на сухоту (у мястэчку быў тады шпіталь для інвалідаў вайны) Марцін дачуўся, што "грыбок", настоены на гарэлцы,— найлепшае лякарства ад сухотаў. I нехта дакляраваў, што купіць, дасць 50 рублёў за кілаграм (вядома, старымі грашыма), калі мы нарвём і прынясём гэты "грыбок" у шпіталь. Марцін падгаварыў мяне, і я пацягнуўся з ім сюды, у кашалеўскі лес. Помню, зранку церушыў, а да полудня разышоўся спорны дождж, і мы добра вымаклі, пакуль натрапілі з краю лесу на яловыя карчы. Наабіваўшы сырое "губы" і папалуднаваўшы,— я частаваў Марціна сухаватым, з цвёрдаю скуркаю, вылежалым за лета на гарышчы салам, кавалачак якога мне дала маці з сабою,— Марцін круціў папяросу з зеленаватага, высушанага на бляхах у печы тытуню, і, абкусваючы край цвёрдае паперы, пытаўся:
   — З пуд будзе? — ён наслініў паперку, прыгладзіў пальцам папяросу і, не ўстаючы з пня, трохі падняў ад зямлі сваю торбу.— I ў цябе на рублёў...
   Марцін раптоўна змоўк, сцішыўся і, задзіраючы ўгору галаву, пачаў узірацца ў неба — над лесам крычаў крумкач — расцяжна, сцішна: крум-крум.
   — Кажуць, калі гэтая пташка сядзе на чыю-небудзь страху, той памрэ.— Але махнуў рукою і пашыўся ў кішэнь па запалкі.— Ат, усе памром... А зрабілі мы з табою добра. Толькі глядзі — нікому не прагаварыся...
   Я, вядома, прагаварыўся — ужо потым, як не было на свеце Марціна. Я і цяпер думаю, што чалавек чуе сваю смерць. Яшчэ і назаўтра ў Марцінавых вачах асталася нерухомасць і нейкая каламутная сцішанасць, як у глыбокай вадзе.
   Мы насілі ў шпіталь прадаваць "губу". Я чакаў Марціна за крамаю, ашаляваным аполкамі домікам з жалезнымі прантамі ў вокнах і з завалаю на дзвярах, што стаяла напроці шпітальнае прахадное. Каля маіх ног ляжалі тыя дзве торбы з мокраю "губою". Праз якое паўгадзіны Марцін прывёў сюды хударлявага чалавека ў сіняй байкавай піжаме з шэрымі закарвашамі і ў пантофлях на босую нагу. Белыя, з сіняватымі жылкамі рукі чалавек трымаў у кішэньках.
   Марцін развязаў торбу. Чалавек у байкавай піжаме прыжмурыўся, нагнуўся над торбаю і, выпростваючыся і закідаючы худою рукою назад валасы, спытаўся:
   — Што ж вы прынеслі? Мне трэба во,— і выняў з кішэнькі лісток сухога, усё роўна як абадранага з каменя, лішаю — грыбок, што расце на дубах.
   Голас у чалавека быў нядужы і сіплаваты.
   Марцін узяў з рукі ў чалавека лісток, патрымаў на далоні, падносячы да носа і ўзіраючыся, потым плюнуў і штурхнуў босаю нагою торбу — з яе высыпаліся тоўстыя пляйстры яловае "губы".
   — Каб чалавек ведаў... Мы і на гэтую нарасць кажам "грыб". А такі лішай, і праўда, расце на дрэве.
   — Яго і нарвіце. Тут у нас купяць. Многім, кажуць, ён памагае,— чалавек суха і нямоцна пакашляў, патаптаўся каля нас і пайшоў, сагнуўшыся і трымаючы рукі ў кішэньках.
   Марцін паглядзеў яму ўслед, падняў сваю торбу, вытрасаючы яловую "губу".
   — Доўга не паходзіць... Кажа, захварэў на сухоты на фронце. А мы на яго рубель пагналіся... Грэх, браце, грэх, таму і не пашанцавала. А ты схадзі, прынясі яму гэтага лякарства,— сказаў Марцін, аддаючы мне той сухенькі лісток лішая...
   I я потым схадзіў, ужо разам з дзецьмі, і нарваў торбу гэтага лякарства: яно расло на дубах, вісела зеленаватымі карункамі на камлях, усё болей з таго боку, дзе няма сонца, і высока ад зямлі.
   Марціна Дзікуця ўжо не было на свеце. Яго забілі ў той год, як выпаў град. Гаварылі, што Марцін капае чужыя картоплі, і ўсе бегалі прыцемкамі на поле. Аднаго вечара я з маці пайшоў пільнаваць свае: там асталіся начаваць, прысыпаныя пырнікам і сухім картаплянікам, два мяхі накопанае мацераю картоплі; маці не дапрасілася ў вёсцы каня, а бацька не паспеў панасіць іх дадому — яшчэ завідна ён выпраўляўся ў мястэчка вартаваць склады.
   Тая ноч была сыраватая, глухая, і нам з маці было страшна: казалі, знайшлася "чорная кошка" — у мястэчку раздзявалі людзей, абкрадалі сельпоўскія крамы і застрэлілі праз акно старшыню сельсавета — помню, рудога, насатага чалавека ў зношаным кіцелі, з пацёртаю скураною сумкаю ў руцэ.
   На поле мы выправіліся шараю гадзінай — у мястэчку ўжо загарэлася электрычнасць, і вострае, тоненькае, як трэшчыны на шкле, святло калола ў вочы. Мы спатыкаліся, абмацваючы нагамі цвярдзейшы грунт, тую нераз'езджаную, зарослую травою сценку, і палохаліся дзе якога ядлаўцовага куста — выдавала, што там стаіць чалавек ці бяжыць воўк, і трэба было прысядаць, нагінацца, каб пазнаць, што гэта.
   Было сцішна, не аказваліся Марцінавыя сабакі. Хата, здаецца, урасла ў цемнату, на белаватым небе былі знаць толькі комін і шапка на кійку — нібы хто залез на страху і выцікоўвае нас. Толькі на Войнавым полі нешта тупала, шастаючы сухім картаплянікам. Тупат чуўся перагонамі, нібы хто бег, падаў і зноў бег. Раптам нешта як запішчала, нібы сава драла зайца, потым глуха енкнула, застагнала, што ў падушку, і сціхла.
   Мы сядзелі на сваіх мяшках з картоплямі. Маці нават ссунула з галавы белую хустку, настаўляючы вуха ў той бок, адкуль быў гэты тупат, і ціха пытала:
   — Там як што робіцца?
   — Тупат блізіўся сюды, да нас.
   — Вунь пабег у нашыя картоплі! — зашаптала і прыгнулася маці. Мне ў грудзі вострым холадам кальнуў страх. У другім канцы поля было відаць, як нехта бег, лукаткамі і сагнуўшыся, і раптам упаў у нашым картаплянішчы.
   — Дальбог, будзе капаць картоплі,— стрывожылася маці і выцягнула з-пад мяне капач — яна яго не брала дадому, а пакідала кожан раз тут, на полі, прыхаваўшы сухім картаплянікам.
   Я ціха сядзеў, баючыся нат зварухнуцца.
   — Уставаймо, прагонім, наробім крыку... Во — чуеш — капае...
   Там нешта цвёрда дзынкнула, як хто, папраўдзе, трапіў капачом у камень.
   Маці паднялася з мяшка, насоўваючы на галаву белую хустку.
   — Што ты капаеш! — крыкнула маці, але голас у яе захлынуўся, нібы яго таксама перахапіў страх. Яна, мякка гразнучы ў перакапанай зямлі, ступіла колькі крокаў туды, дзе ўпаў чалавек.
   — I яшчэ не ўцякае, думае — не бачу! — голас яе задыхнуўся.
   Я крадком пайшоў за мацераю, наступаючы дзе на сухі асот — ён вострай гарачынёю апякаў босыя ногі.
   — Панадзіўся, як у сваё,— яшчэ раз крыкнула маці і аглянулася на мяне, мусіць, ужо баючыся злодзея сама.
   А там як хто капашыўся, шастаў картаплянікам, поўз і стагнаў.
   — Усё адно як стогне,— сказаў я.
   — Няўжо? Няхай крые бог, што гэта? — маці пачала адступацца, трымаючы нагатове капач.
   I адтуль, здалося, нехта клікаў мацеру:
   — Броня, Броня...
   — Ці мне падалося, ці не: во як кліча мяне? — маці нібы сумелася.
   У мяне, што ад холаду, шэрхла скура — уставалі валасы.
   — Броня, памажы. Ідзі сюды, Броня,— голас быў нападобе Марцінаў.
   — Мусіць, Дзікуць...
   — Няўжо? — маці не то здзівілася, не то спалохалася.
   У картоплях нехта варушыўся і поўз да нас. Я прысеў і ўбачыў нешта чорнае — пэўна, спіну: чалавек поўз ракам.
   — Броня, родненькая, памажы!
   — Ага, голас як Дзікуцеў,— спатыкаючыся, маці падступілася туды, дзе стагнаў і варушыўся чалавек.
   — Марцін, гэта ты? — маці нагнулася, узіраючыся здалёк, што робіцца там, у картоплях.
   — Я, Броня, я... Памажы ўстаць,— у картоплях ракам стаяў Марцін Дзікуць, намагаючыся падняцца.
   — Марцін, што ж гэта з табою? — маці падступілася бліжэй, яшчэ ўсё не верачы, што гэта ён, Марцін Дзікуць.
   — Знявечылі, забілі... Ой-й, Бронечка! — нібы яго парнулі чым вострым і глыбока, аж дастаўшы да сэрца, застагяаў Марцін і падняўся на ногі. Голас у яго быў глухі і хрыпеў.
   — Ах, божачка, ды хто ж гэта цябе? — маці падхапіла Марціна пад пахі.
   — Войны, Бронечка,— ён хістаўся, як п'яны.— Яны недзе тутака, хіба можа ўцяклі, як учулі, што ты крычыш.— Марцін быў без шапкі, валасы зліпліся, мусіць, ад крыві, і яна цякла чорнымі рагамі, заліваючы вока, толькі другое, непадбітае, злосна блішчала ў цемрыве.
   — На, хоць абапрэшся,— маці дала яму капач і ўзялася за яго руку вышэй локця.
   Мы павялі яго пад хату. Яна злівалася з чарнатою поля. Там недзе ад злосці зайшліся і кінуліся сюды сабакі — і раптам сціхлі, пэўна, абнюхалі Дзікуця, і толькі чуваць было, як мякка скакалі і дыхалі, мусіць, высалапіўшы языкі. Потым замільгаў адзін, белы, і, яхкаючы, кінуўся Марціну на грудзі, закруціўся каля мяне, б'ючы хвастом па калашыне.
   — Позна, Дружок! — загаварыў Марцін да сабакі, і той аж прылёг на пярэднія лапы.— Дзе ты быў раней? Во забілі мяне...
   I за што, Марцін? — голас у мацеры падабрэў.— Каб гэтак знявечыць. I за што, скажы...
   — Чаму не, скажу. I ў цябе накапаў кошык картопель, во ўчора...
   — Ды каб за кошык картопель?.. Божа!
   — Пачакай, Броня, я прысяду, не магу ісці. Слабасць, цямнее ў вачах,— ён сеў, ды нават не сеў, а неяк асунуўся на калені.— А ў Войны і кошыка не накапаў, я толькі ішоў цераз яго поле...— Марцін трохі падняў руку,— а ён во... біў прэнтам па галаве. Ці дажыву да раніцы. Дзяцей шкада, як жа ж яны без мяне?..
   — Каб, можа, да доктара? — маці ўзяла яго пад пахі, зноў памагаючы ўстаць.
   — Не, Броня, так ужо бог даў. Ой,— ён застагнаў, сагнуўся і ўжо не ішоў, а цягнуў, як нежывы, ногі.— Ды куды ж сярод ночы па таго доктара? Яны мо толькі і пільнуюць, ці пойдзем мальдаваць. А дзяцей, Бронечка, шкада...
   У Марцінавай хаце не было агню. Сляпою цемнатою блішчэлі вокны — дзеці, мусіць, спалі.
   Каля хаты Марцін трохі выпрастаўся. Маці памагла яму падняцца на парог. Ён узяўся рукою за клямку і ўваліўся ў чорную прорву сяней.
   — Я ўжо сам... Ідзі, Броня, дадому,— ён нечым там грукнуў, мусіць, устаючы і шукаючы дзвярэй у хату.
   ...Цярэз паля мы беглі дадому. На ўсходзе між навалы хмар заяснелася неба — браўся ўсходзіць месяц. Весялела ноч. А на Марцінавым хутары пачалі брахаць сабакі, неяк усё гыркаючы, як там хто хадзіў і дражніўся. Зрабілася сцішна, і нуда брала за сэрца.
   — Божачка, за што ж яны чалавека,— маці прыпынілася (яна, пэўна, усё думала пра Марціна) і ціха, нагінаючыся, гаварыла да мяне.
   ...Аўтобус я спыніў напроці вёскі. I ён зноў доўга вуркатаў, у маторы нешта скрыгала, як там церлася ржавае жалеза аб жалеза. А я адчуваў нейкую вінаватасць, што гэта праз мяне шафёр, той малады хлопец у стракатай шапцы, ніяк не можа ўключыць скорасць і недзе, мусіць, злуецца. У грудзях дрыжала, і трохі як слабелі, аднімаліся ногі — ці то з дарогі, ці то ад таго, што так скора і нечакана бачу сваю вёску — ужо як чужую і меншую. I зрабілася трохі непамысна, што зараз каго стрэну, а ён, вітаючыся, будзе трохі сарамяжыцца, як малое дзіця, чырванець, і будзе яму несамавіта перада мною, і мне самому зробіцца ніякавата, як бывае заўсёды, покуль не асвойтаешся з чалавекам. Я перамяніў у другую руку чамадан і борзда перайшоў чужыя падворкі — рады, што нікому не трапіў на вочы, і ўжо азірнуўся на шашу — аўтобус ціхенька і ўпарта пасунуўся, як вялікі жук, і зад яго падкідала на ямках. Я трохі паспакайнеў, сцішыўся; знайшлася весялосць, што я дома, што бачу сваю хату: з гэтага боку ад шашы — сені, якія некалі рабілі з бацькам. Спомнілася, як ачэсвалі дзеравіны, а перад гэтым прывязвалі да цвічкоў вяровачку, бацька шмараваў яе мелам, а потым адцягваў — вяровачка туга, ляскаючы, біла па акоранай жаўтаватай дзеравіне, і на ёй аставаўся роўны белы шнарок. Было дзіўна, што помніцца гэты шнарок, і ўзялася радасць, што чую, як недзе на вуліцы за гушчаром бэзу хрыплавата і нядужа пяе малады певень — мусіць, ужо наш, што бачу, як каля парога курыца дзяўбе гурок-насеннік, які, мусіць, прынесла з гародчыку.
   У хаце быў бацька. Ён высунуўся з-за грубкі нейкі ўвесь зблажэлы, і я ўбачыў, што ён паменшаў і зрабіўся нейкі трохі сухі, што ў яго змянілася хада, калі ён ішоў да мяне вітацца, намацваючы нагамі падлогу, як ходзяць старыя, і неяк няўмела, растапырыўшы пальцы, падаў мне руку. I стала шкада, што старэе бацька.
   — Вот трохі нездаровіцца, сынку,— бацька прысеў на ўслоне каля стала, сагнуўшыся, упёршыся рукамі ў калені.— Нага ўсё баліць...
   — А дзе ж маці? — спытаў я, распранаючыся і пачапіўшы плашч на вешалцы, што была, як і некалі, між вокнаў.
   — Гэта ж пайшла адспёўваць нябожчыка. Памёр Война.
   — Клемус?
   — Ага... Гаварыў, не ідзі, не свянціся ўжо з гэтым набажэнствам... Так не, кажа, грэх... Пайшла.
   Касцёла ў нас няма даўно, і мацеру клікалі адспёўваць нябожчыкаў. Яна брала з-пад бэлькі сшытую чорнымі ніткамі без аднае акладкі "ксенжку для набажэньства" і нейкія старыя, з расхістанымі вушкамі акуляры — бог ведае, як яны знайшліся ў нас,— і ішла.
   I было трохі нязвыкла, што маці яшчэ ходзіць адспёўваць нябожчыкаў, і адначасна дзіўна, што сціраецца след таго даўняга,— бо над сталом няма лямпы са шкляным магазынам, з паліванаю талеркаю-абажурам, у якой заўсёды падскокваў жаўтаваты-ясны язычок полымя, калі адчынялі ці зачынялі хату, прыстукнуўшы дзвярыма, а вісіць вялікая, мусіць, на сто ват, электрычная лямпачка, і на сцяне суха патрэсквае карычневая скрыначка-рэпрадуктар.
   Потым зноў нагадалася даўнейшае, калі вярнулася маці і пачала трэсачкамі распальваць у печы, шоргаючы панівою па прыпеку, а потым засцілала стол вытканым "у каробачкі" абрусам, калі селі вячэраць і яна прыгубляла чарку, калацілася і пытала:
   — Як жа ж людзі п'юць? Але праўду кажуць: кепска замуж, але йдуць, горка водка, але п'юць.
   А ў хату, як і некалі, коса глядзела сонца, востры слупок адным ражком даставаў аж да ложка, а за акном, у гародчыку, на бэзе скакала шэра-карычневатая пташачка з жаўтаватым воллем, і сухі вецер варушыў на бярэзіне доўгае вецце, нібы хто браў яго спаднізу рукою і паднімаў угору.
   — Як жа ж твае там? — маці глядзіць на мяне, а я думаю, які ў яе ўжо зморшчаны твар і як ужо выцвілі і сталі жаўтлявымі вочы, і каля губ знайшліся шнары, толькі, здаецца, голас у яе трымаецца той самы. Дзіўна, але старэйшых людзей у вёсцы я пазнаваў здалёк не па твары, не па выгляду, а па голасу.
   — Чаму ж, я кажу, не прывёз? Няхай бы пабегалі тут. Болыны як быў, во бабы на полі хвалілі.
   — Во, зраўняла,— бацька смяецца, і мне трохі дзіўна, што ён ужо шчарбаты і трохі свішча,— яго — гарадскі, а тут што: ходзяць смаркатыя ды без портак.
   — Як чыё і як да дзіцяці. Вунь Ладкаў, каб бачыў, які спрытны. У мястэчку ў клубе ўсё спявае. I да работы... Каня вунь сёння запрог, як Клемуса хавалі... Гэта ж ці чуў? — маці зноў паварочваецца да мяне.— Клемус Война памёр.
   — Чуў,— ківаю я галавою,— бацька гаварыў.
   — Ды нейкаю наглаю смерцю... Пайшоў да ветру на сметнік і не ўстаў... Ёсцека бог на свеце. Гэта ж, ці помніш, Дзікуця некалі забіў. Таго Дзікуця, што каля нашае дзялкі жыў, што сабак усё трымаў. Ці, можа, ты ўжо і забыўся...
   — Чаму, мама, я забыўся,— кажу я, і мне спамінаецца, як пустую Дзікуцеву хату з забітымі вокнамі — дзяцей ужо забралі ў дзетдом — пільнавалі сабакі. Яны ўсе трое сядзелі пры дарозе каля круглага каменя, соваючыся да кожнага, калі хто хацеў падысці пад хату. Двое пасля недзе прапалі ці сышлі — па ялавіне бегаў толькі адзін — белы, з перахлябленым худым азадкам. I я помню, як яго забілі. Ужо на маладое жыта пускалі авечкі — зямлю ўкаваў мароз, а Клемус Война прыганяў нават сваіх двое спутаных коней. I тады нечае ягня схапіў Марцінаў сабака. Дагналі яго каля хаты. Ды ён нікуды не ўцякаў, ён лёг каля круглага каменя, наставіўшы поўсць, шчэрыў зубы, гыркаў і падграбаў пярэднімі лапамі пад сябе ўжо нежывое ягня.
   — Чаго гледзіце? — крыкнуў Война.— Ён шалёны,— і, азіраючыся кругом сябе, знайшоў вялікі, як падняць, камень.
   Сабака прыціснуўся да зямлі, вочы яго закаціліся недзе пад лоб, але не ўцякаў.
   — Бі, хлопцы! — Клемус размахнуўся і з-за вуха кінуў цяжкі камень — пацэліў сабаку ў спіну.
   Сабака заскавытаў, выцягнуўся і папоўз, трымаючы ў зубах ягня.
   — Не пускай, не давай уцячы! — крычаў Война. .
   Сабака падняўся на ногі, але нечы камень адскочыў ад яго галавы. Сабака ткнуўся мызаю ў зямлю і выпусціў ягня.
   — Пераймай, не давай яму апомніцца,— Война скінуў з сябе доўгі кажух.— Жывушчы, але я яго ўбяру, быць не можа...
   Сабаку перанялі за маладымі хвоечкамі — ён ужо цягнуў перабіты азадак, неяк усё гэльцаючы пярэднімі лапамі.
   Война кінуўся пад хату і сарваў з акна дошку.
   — У-у, я зараз... У мяне, брат, толькі дробненька з...іш і богу душу аддасі.
   Пастухі зарагаталі.
   Сабака ўжо не поўз, а толькі неяк бокам круціўся на месцы — яго па галаве кантам дошкі біў Клемус Война. Мы, дзеці, адышліся — глядзелі здалёк. Война плюнуў, шпурнуў у хвоечкі дошку і падняў з зямлі кажух, накінуў сабе на адно плячо.
   — Нічога, патрапечацца і дойдзе. А жывушчы, ядры яго палку...— Война рукавом выцер змакрэлы лоб.
   Мы пайшлі пільнаваць авечкі, аглядаючыся ўсё на сабаку: ён, лежачы на спіне, трэпаў задняю нагою — даходзіў.
   Назаўтра мы бачылі, як ён ляжаў недалёка ад тых самых хвоечак, уткнуўшыся акрываўленаю мызаю ў пясок і выцягнуўшы спруцянелыя ногі. На ім, як і на ягняці, шарэў мароз...
   — Некатарага году хлопец яго прыязджаў,— маці зноў гаворыць пра Дзікуця.— Каб бачыў, які хлопец,— выкачаўся, выліняў... Тут усе дзеўкі за ім... Кажуць, вывучыўся на нейкага голага.
   — Мо геолага?
   — А ці ж я, сынок, ведаю.
   — Каб жыў Дзікуць,— бацька ап'янеў, расчырванеўся, нібы паздаравеў, і яго сінія вочы заблішчалі, як у маладога,— то і хлопец гэтак хадзіў бы: адзін лапаць, адзін бот...
   — Ты ўжо выдумляеш...
   — Думаеш, маню. Каб не бачыў — сам веры не даў бы. Едзе на возе, звесіў ногі праз драбінкі — адна абута ў хадак, а другая ў бот,— бацька смяецца да мяне, і я бачу яго шчарбаты рот і зноў думаю, як ён скора састарэў.— А што, сынку, думаеш — за польскаю добра жылося?
   I гутарка пайшла пра даўнейшае і пра тое, як жывуць цяпер.
   А потым маці вадзіла мяне ў хлеў паказваць, якую яна купіла авечку — маладую, з чубам — і якая ў яе доўгая воўна.
   Заходзіла сонца — хавалася, як тонкі грош у шчыліну, між хмар і выязджала зноў. А са страхі каля вугла спускаўся на невідочнай павуціне дагары нагамі вялікі павук. Над сцежкаю ад хлява да хаты таўклі камары мак. I мне пачало здавацца, што я нідзе не быў, што я кожан вечар бачыў, як гоняць з пашы каровы, як далёка ззаду за імі цягнуцца пастухі, як ціха сакочуць куры — просяцца на седала, збіраючыся каля парога, як скрыпяць вазы, шоргае аб камень кола і нукаюць на коней — возяць з поля картоплі.
   Назаўтра была нядзеля, быў пагодны дзень з вастраватым ветрам. Толькі ў зацішку, дзе за вугламі прыгравала сонца, была астатняя, трохі пякучая яго ласка, як у немаладое кабеты. I я хадзіў у мястэчка — гэта таксама наш даўнейшы звычай нядзеляю ці святам хадзіць у мястэчка, хадзіць так сабе, дзеля размаітасці, дзеля весялосці таптацца купкаю на рынку, стаяць ля крам.
   Цяпер здавалася смешнаю і дзікаватаю гэтая весялосць, было ўжо дзіўна, што цяпер гэтаксама, як некалі, маладзіцы з вёсак мераюць, дастаўшы з кошыка, адломаным ад дзеркача дубчыкам чаравікі для дзяцей, а дзядзька, успёршыся на прылавак, панура глядзіць на хамуты — на ніжняй губе ў яго вісіць, прыклеіўшыся, папяроса, дым заходзіць у вока, і ён жмурыць яго.
   На вуліцы каля плота стаялі кабеты: каля ног у іх валтузіліся ў мяшках парасяты — мусіць, уставалі на ногі і тыцкаліся лычамі, паднімаючы мяшок. П'яны чалавек з рудым, спечаным на сонцы тварам, з расхрыстанаю белай грудзінай крычаў маладым хлопцам, пэўна, са свае вёскі:
   — Каму даць у морду?
   — Усім, дзядзька. Пачынай па парадку,— азваўся баявейшы з іх.
   I чалавек, падышоўшы да хлопцаў, стараўся абняць за плечы ўсіх.
   Гэта быў таксама наш звычай. I гэтаксама, як і некалі, быў кірмашовы дзень: за высокім плотам з адламанымі дошкамі, са сцежкамі праз нечыя картоплі да гэтых дзірак стаяла некалькі вазоў, параспраганыя коні ў аглоблях, а на вазах цэбры са слівамі, скрынкі з грушамі, але іх мала хто купляў, людзі — адны кабеты — збіліся пад навесам, дзе прадавалася адзежа. Чырвонае маладое дзяўчо мерала зялёнае паліто.
   — Дальбог, сядзіць як уліта.
   — Як на яе і шылі...
   — Дзіва што, каб за такія грошы не пашыць,— сказаў нейкі чалавек, і зноў у суконным фрэнчы і суконных галіфэ, падступаючыся на камень, каб бачыць, што там робіцца.
   Бабы азірнуліся, і я ўчуў, як некаторая з іх сказала, ужо пра мяне:
   — А во, Бронін прыехаў.
   Мне зрабілася ніякавата, і я пайшоў і, здаецца, доўга чуў на спіне іх вострыя позіркі, пайшоў дадому — не шашою, а сцежкаю, што адлучылася ад шашы пад рэчку. Сышоўшы на рудаватае выпасенае балотца з вяночкамі зялёнае травы, адчуў лёгкую радасць, што я адзін, што дыхае тугаваты востры ветрык і паднімае крылы пінжака, халодзіць грудзі і недзе пад пахамі цячэ за плечы, што раптоўна шуміць і раптоўна сціхае алешнік — яшчэ зялёны здалёк, а зблізку лісце ўсё ў дзірках і спаднізу карычняватае, і наападала яго многа, і яно суха шасціць пад нагамі.
   А калі ўлягаўся вецер, было чуваць, як ціхенька пляскалася вада ў рэчцы, нібы там купалася маладое дзяўчо і баялася, каб хто яго не ўбачыў.
   Я пайшоў берагам: на вадзе бліскала, пералівалася і сляпіла ў вочы разарванае сонца — рабаватыя палоскіцені беглі па пяску на дне, і перакочваўся там-сям счарнелы альховы ліст-тапелец. Зялёнаю шапкаю водарасцяў выглядалі з рэчкі купіны. Пры беразе хісталася высокая, збэрсаная павуціннем мятліца і варушыліся дзе падсохлая крапіва і карычняваты шчаўюк.
   Я падышоў да грудка, дзе некалі стаяла Марцінава хата, і здзівіўся, што няма тае высокае старое алешыны, што рэчка падмыла груд — сярод вады ляжаў пень, тоўстымі счарнелымі карэннямі ўгору, каля яго віравала вада, круцілася, плавала жаўтаватая шапка шумавіння, лазовы дубчык матляўся і выводзіў на вадзе глыбокі равок — здавалася, корч плыў проці вады і цягнуў яго за сабою.
   Я перайшоў кладкаю на другі бераг. Яна ледзьве ліпела: нехта клаў на ёй агонь — павыпальваў жэрдкі. На другім беразе цягнуліся каровы, шукалі лепшае травы, адмахваючыся галовамі ад куслівых асенніх мух. Адна, бязрогая, рабая, тупавата глядзела з высокага берага ў рэчку — мусіць, хацела піць.
   I балотца каля грудка здалося мне чужым і голым — і я ўспомніў, што тут павысякалі малады алешнік: на купінах каля корчыкаў рос марны хвошч, сохлі кучкамі жаўтаватыя воўчыя грыбы на танюсенькіх ножках. Толькі адзінока сумаваў разложысты кусцік старое шыпшыны, і на ім чырванелі спелыя ягады.
   Я падняўся на грудок, і нейкаю жальбою агарнула маю душу. Там, дзе некалі былі хвоечкі, цяпер маўкліва цямнеў сіваваты малады лясок, пасеяны год дзесяць назад, ужо не пры мне. Высока над ляском, і не было відаць дзе, драў горла крумкач — расцяжна і счакаўшы — крум-крум. А тут, дзе стаяла некалі хата, горбаю ляжала патрушчаная цэгла, між яе выбілася трава і паднялася ўжо высокая бярэзінка; каля круглага каменя пераспела і хісталася сухая крапіва, а там, дзе быў якраз покуць, цвіло ліловым цветам каліва смакатухі. Сярод двара, недалёка ад котлішча, зелянела таўставатая ліпка з адламаным вяршком — я ўжо і не помню, ці расла яна тут.
   I мне зрабілася тужліва, што няма хаты, раптоўнага брэху сабак, старое алешыны — усяго таго, што было памяткаю малых год. Я заплюшчыў вочы і, здаецца, зноў убачыў Марцінаву хату, купіны зялёнага сыраватага моху на страсе, кошык на шчытку для галубоў, і, здаецца, учуў, як зайшліся ад злосці і недзе з-за вугла пакаціліся да мяне сабакі. I неяк раптам ціха, нібы баючыся, іх паклікаў Марцін:
   — Цю-цю-на-а, цю-цю-на-а.
   Я адкрыў вочы, пастаяў яшчэ колькі і пайшоў.
   Халаднаватасць вечара кралася на балота — цень ад мяне быў доўгі і доўгі цень ад алешніку. Недзе далёка на полі надрываўся і раптам глух трактар. За алешнікам, на шашы, з ляскам страляла машына, потым нізка і густа гула, нібы пад зямлёю. З гвалтам ляцелі, расцягнуўшыся, гракі — астатні крычаў, усё роўна як ікаў. Зашарахцела грамадка шпакоў, і даўгахвостая тоненькая пташачка ціліўкала, даганяючы іх.
   Адсвечвалі чырванню вокны ў нашай вёсцы — там яснелі галасы, рыкала недзе ў гародах каля вёскі цяля.
   Я аглянуўся на Марцінаў хутар: сонца стаяла нізка — баба качаргой дастане — якраз над тым грудком, дзе была калісь Марцінава хата. На балоце, як хто накінуў вялікую сетку, блішчала танюсенькае павуцінне.
   I мне зноў падалося, як недзе там, на грудку Марцін клікаў сваіх сабак:
   — Цю-цю на-а, цю-цю на-а!
   Я, здаецца, выразна чуў яго голас.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!