Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Лірыка Васіля Зуёнка

   У таленавітай асобе Васіля Зуёнка арганічна сумяшчаюцца розныя іпастасі: грамадскі дзеяч, перакладчык, даследчык літаратуры, пісьменнік. Прычым пісьменнік, які не замыкаецца ў межах адной, шчасліва знойдзенай літаратурнай дзялянкі. Аднак у якім бы амплуа ні выступаў Васіль Зуёнак, ён перадусім застаецца Паэтам. І ў вершах, і ў паэмах, і ў прозе аўтар выяўляе сябе як паэт-лірык, але лірык з эпічным светабачаннем – трывогі свету ён прапускае праз сябе, нібыта асабіста іх перажывае. Прыродай таленту «эпічнага лірыка» прадвызначаны зуёнкаўскі метад мастацкага даследавання рэчаіснасці, які заключаецца ў аднолькавай увазе да самых простых з’яў і да глабальных сусветных праблем.
Незаўважнае для іншых выклікае ў душы паэта вялікі эмацыйны рэзананс:

 

Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем –
Ля Халопеніч, на Беларусі.
Ніхто не пачуў –
Ні людзі, ні травы, ні вецер…
Ніхто.
А шар зямны
Здрыгануўся…


   Вытокі такой выключнай пільнасці і вялікай «умяшчальнасці» сэрца – у нялёгкім маленстве. «Хто-хто, а я ўжо ж (ды, пэўна, і не толькі я), – разважае Васіль Зуёнак, – ведаю: бывае, прахопішся ў будане пад яблыняй, калі раптам гупне па даху ці нават па доле яблык, які гэта землятрусны выбух, асабліва калі ўспомніць назапашаную нашым пакаленнем крытычную масу падчас ваеннага дзяцінства». Выяўленая ў вершы «Ніхто не пачуў…» надзвычайная чуйнасць вызначае адметную, зуёнкаўскую, рэцэпцыю быцця, якая рэалізуецца ў вершах рознай праблематыкі.
   У многіх творах Васіля Зуёнка ўвасобілася памяць пра вайну, пра маленства, азмрочанае вялікай агульнай бядой. Паказальна, што яго літаратурныя равеснікі – паэты і празаікі – узнаўляюць вайну праз прызму непасрэднага дзіцячага ўспрымання. Характэрнай адзнакай іх твораў, у тым ліку і эпічных, з’яўляецца лірызм – узрушанасць, усхваляванасць як вынік асабістай далучанасці да падзей. Гэта ўласцівасць выяўляецца і ў вершах Васіля Зуёнка, аднак у асэнсаванні ім ваеннай тэмы ёсць свае нюансы. У яго лірыцы вайна – не толькі ўспамін пра мінулае; паэт падкрэслівае, што для многіх мір так і не настаў. Пачынаючы ўжо з першай кнігі, Васіль Зуёнак звяртаецца да праблемы няскончанай вайны. Пры яе раскрыцці аўтар даследуе душэўны стан – бязногага ветэрана, які і праз шмат гадоў ніяк не можа прывыкнуць да «нагі са скрыпам хромавым»; маці, удоў і нявест, што доўгія дні і ночы чакаюць салдат дадому. Для іх вайна працягваецца і праз шмат год пасля перамогі («У прымыльніку – мыліцы…», «З вайны…», «Дзень і ноч»). З часам тэма няскончанай вайны яшчэ больш драматызуецца, узбуйняецца і «эпізуецца», як, напрыклад, у вершы «Удовы (Сюжэт для сучаснага рамана)». У полі зроку аўтара – простая беларуская сялянка, у якой Вялікая Айчынная вайна забрала мужа, афганская – сына, у мірны для Беларусі час у гарах Каўказа забіты яе ўнук. Паэт зводзіць разам народжаныя рознымі войнамі праблемы, кожная з іх складаная і глыбокая сама па сабе: драма салдацкіх удоў і вечных нявест, «асірацелых» маці і бабуль. Верш сведчыць пра маштабнае мысленне аўтара, яго здольнасць лаканічна, лірычнымі сродкамі перадаць шырокі раманны змест.
   Паэтычны свет Васіля Зуёнка цесна знітаваны са светам жывой, зменлівай прыроды, мастака захапляе стан наваколля ў розныя поры года. Яго пейзажная лірыка – гэта сапраўдны слоўны жывапіс, створаны сакавітымі фарбамі, пластычна-зрокавымі вобразамі. Нават будзённае, убачанае вачамі паэта, здзіўляе сваёй навізной, нечаканасцю: «сонцам атачонае прырэчча плавае ў сп’янеласці малін»; «горы спелых навальніц» «агністымі хвастамі хвошчуць сонца наўздагон»; «чырвоныя ветры гуляюць па лесе», «дрыготкая бярозка пад акном, як адзінца, калыша ліст змарнелы»… Васіль Зуёнак занатоўвае ў слоўных вобразах не толькі ўбачанае, але і пачутае і адчутае: «над полем спелым хлебны водар бушуе, быццам у дзяжы» («Змярканне»), «гром – аблачынна-калматы – марудна сплывае за лес» («Першы гром»). Гукавая «карціна» лірыкі ствараецца музыкай птушынага аркестра, шапаценнем аўсоў і шэптам жыта, «чмялёў басамі і восаў звонню» і не саступае ў багацці і разнастайнасці «тонаў» зрокавай; у мастака нават цішыня не маўклівая – яна звініць ніццю далёкай песні («Цішыня»).
   Прыкладна з другой паловы 1970-х – пачатку 80-х гадоў анімістычны першасна-пачуццёвы, амаль што паганскі погляд узбагачаецца элементамі навуковага пазнання. Пазней вершы набываюць усё большую філасафічнасць і медытацыйнасць і ўрэшце – рэлігійнае асвятленне. Пра гэта асабліва яскрава сведчыць натурфіласофская лірыка «сутоку тысячагоддзяў». Паганскі і хрысціянскі пачаткі не супярэчаць адзін аднаму, а зусім арганічна спалучаюцца («Прыходжу да свяцілішча ляснога…», «Калі маўчаць дрэвы…»). Па словах пісьменніка, «увага да біблійна-хрысціянскай вобразнасці – з’ява той прыроды, што і схільнасць да анімізму: гэта творчае набліжэнне да сутнасных каранёў, да асноў быцця, да яго вытокаў. Прырода – калыска чалавека фізічная, Біблія – духоўная». У натурфіласофскіх творах раскрываецца асаблівы дар Васіля Зуёнка – мысленне ва унісон са светам прыроды, – які, увасобіўшыся ў слове, стаў характэрнай рысай і адметнасцю яго паэтычнага стылю.
   Апошнім часам мастацка-вобразная палітра творчасці значна ўзбагацілася за кошт вершаў-роздумаў над «вечнымі» пытаннямі. Васіль Зуёнак спрабуе прыўзняць заслону невядомага: «Божа, адкрый мне сакрэт: / А што далей – за Сусветам?» («Я разумею: Сусвет…»).
   Ключавымі ў разуменні светапогляднай пазіцыі аўтара паўстаюць антыноміі «жыццё – смерць», «быццё – небыццё», «час – вечнасць», «святасць – грэх». Філасофскія вершы маюць выразную рэлігійную падсветку: часта гэта вельмі асабістыя звароты да Усявышняга, маленні-просьбы даць духоўнай моцы, дапамагчы захаваць веру, не заблытацца ў падмане і несправядлівасці. Простыя па форме вершы ўражваюць сваёй зместавай глыбінёй і ўспрымаюцца як адкрыццё – адкрыццё не толькі для аўтара, але і для чытача. Многія паэтычныя радкі прэтэндуюць на тое, каб стаць афарызмамі:

Ці самы грэшнік, ці самы святы –
З душой, як жаўрук на праталінцы,
Да Бога спрадвеку толькі на «ты» –
Ніхто на «вы» не звяртаецца.
«Я знаю: малітвы такія ёсць…»


   Васіль Зуёнак належыць да пісьменнікаў экстравертнага тыпу, таму, натуральна, побач з філасофскімі і пейзажнымі вершамі ў яго творчасці шырока прадстаўлены водгукі на балючыя сацыяльныя тэндэнцыі.
   З самага пачатку ў цэнтр увагі паэта трапляе праблема парушэння прыродна-касмічнага суладдзя, разбурэння гармоніі ў сістэме «чалавек – навакольны свет». экалагічная тэма выступае скразной у творчасці і раскрываецца ў сувязі з тэмай экалогіі душы. Праблема зберажэння прыродных багаццяў і прыгажосці ў Васіля Зуёнка заўсёды неадлучная ад праблемы захавання лепшых маральных якасцяў чалавека. Асабліва востра яна ставіцца ў вершах, напісаных пасля красавіка 1986 года: чарнобыльская трагедыя заўважна паглыбіла драматызм светаадчування паэта: «Бо зараз не сэрца ў грудзях у мяне – / Чарнобыля зона» («Касмічная вестка», «Дожджык, дожджык, сыпані…», «Урок паўтарэння»).
   Шчырым клопатам за будучыню народа, што апынуўся на гістарычным раздарожжы, азмрочаным вялікай нацыянальнай бядой – Чарнобылем, прасякнуты шматлікія творы грамадзянскай лірыкі.
   Праз эмацыйную ацэнку, даследаванне сутнасці асобных фактаў паэт асэнсоўвае змены ў грамадскай свядомасці краіны, якія адбываюцца пад уплывам сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў. Па Васілю Зуёнку, вялікая праблема сучаснай Беларусі – адсутнасць нацыянальнага прарока, чаканне яго становіцца адным з лейтматываў лірыкі на мяжы стагоддзяў. У лірыцы з’яўляюцца творы-звароты да Бога з пакутнай просьбай падараваць Беларусі сапраўднага Месію («Маленне», «Дай нам, Божа, прарока…»).
   Вялікі пласт паэзіі Васіля Зуёнка складаюць вершы, прысвечаныя «сялянскай Атлантыдзе» (Алесь Адамовіч). Праз усю творчасць праходзіць матыў вяртання на малую радзіму, развіццё якога ў паэзіі розных дзесяцігоддзяў мае значныя адрозненні: сталеў аўтар, паглыбляўся яго светапогляд, знаёмыя рэчы і з’явы пачыналі бачыцца па-іншаму, змянялася і сама вёска. Лірычны герой ранніх вершаў «Добры прыезд», «Вясновая казка» – малады чалавек, які прыязджае ў родныя мясціны як жаданы госць. ён яшчэ не зазнаў таго душэўнага надлому, стану неўладкаванасці, настальгічнага суму, што будуць суправаджаць яго ў больш сталыя гады («Прыпар», «Пахаванне»).
   У сувязі з матывам вяртання ў паэзіі Васіля Зуёнка сімвалічнае значэнне набывае вобраз дарогі: пакуль пульсуюць жыццём дарогі ў вёску, перспектыва з’яўлення вясковага могільніку з чорнымі крыжамі вокан не стане рэальнасцю. Дарогі дадому Васіль Зуёнак вылучае сярод усіх шляхоў свету і на іх ускладае спадзяванні – вярнуцца да першаасноў чалавечага быцця, духоўна ўзвялічыцца («Стыхія і розум дарог…», «Калі дадому вяртаешся…»). Семантыка гэтага вобраза пашыраецца да сімвала жыццёвага шляху, набывае філасофскае напаўненне…
   Паэт настойліва праводзіць думку, што вяртанне да вёскі – як да асяродку духоўнасці і маральнасці – неабходнае: «Пасля стрэсаў і рэвалюцый / Мы да хат яшчэ мусім вярнуцца…» У лірыцы апошніх дзесяцігоддзяў атрымлівае развіццё апазіцыя «вёска – горад» («Мы з табою браты вяртанняў…», «Ці жывы, ці памёр я?..», «Вы прабачце, гарадскія хаты…»). Вясковае і гарадское суадносяцца як духоўнае і прагматычнае, шчырае і штучнае, спакойнае і мітуслівае. Васіль Зуёнак з пазіцый вяскоўца глядзіць на праявы гарадскога жыцця і параўноўвае, асацыятыўна суадносіць іх са светам вёскі. Шырокая, змалку звыклая да прастору душа вяскоўца (хай ён і стаў гараджанінам) не можа адчуваць сябе камфортна ў вузкай гарадской «клетцы». Узмацняе апазіцыю настальгічная падсветка, мінорныя ноткі шкадавання па дзяцінству дадаюць «ідэальнасці», «ружовасці» вобразу вёскі. У вёсцы Васіль Зуёнак адчувае паўнату быцця, захопленасць сялянскай стыхіяй абумоўлівае актуалізацыю ў яго творчасці элементаў фальклорнай паэтыкі – у лірыцы ўзнікаюць вобразы жытнёвага поля, перапёлкі, жаўранка, васілька. Усё гэта надзвычай дарагое мастаку, на поле ён марыць вярнуцца ў іншабыцці: «…Памру – сюды хоць аднойчы / Жаўранкам прылячу».

Наталля Заяц

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!