Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Зуёнак - Сцэна ля фантана

Увага!!! Поўны змест


   Не, гэта была не сустрэча, прызначаная напярэдадні па тэлефоне ці замоўленая пры ўчарашнім развітанні. Не прадбачылася тут ні вясёлага сяброўскага шчэбету, ні важнай дзелавой размовы, ні сур’ёзнай разборкі... Не нагадвала гэтая дзея і славутую «Сцэну ля фантана» з оперы Мусаргскага «Барыс Гадуноў», дзе Самазванец Ілжэдзмітрый клянецца ў каханні Марыі Мнішак.
   I фантан гэты быў зусім не з такіх, што ўпрыгожваюць прыдворныя паркі царскіх палацаў ці гарадскія плошчы і скверы. Ды і ўзнікнуць яму тут ніяк не выпадала, калі паглядзець на справу сур’ёзна. Вада ўспырсквалася, узлятала ўгору зусім без належнай на тое патрэбы і ў зусім непрыдатным месцы. Можна сказаць, выглядала гэта пустым вадалействам і марнатраўствам, ды яшчэ пэўнай нязручнасцю для людзей, што праходзілі міма.
   А было іх тут, тых людзей, не тое што многа, а вельмі многа. Бо дзеелася ўсё на чыгуначнай платформе. I фантаніравала вада ды разлівалася лужаю вакол трубы, што чамусьці тырчала тут са сваім, як гэта часцей водзіцца ў такіх, прывакзальных, выпадках, сапсаваным ці наогул збітым і так-сяк прыкручаным драціною кранам.
   Словам, кран быў. Але – па ўсім жа відаць – дзіравы і нікому не патрэбны. Нікому з людзей. Бо.
   Вось гэтае «бо» якраз і ўгледзела ці пачула плюскатанне і шуснула да вады – спачатку ў выглядзе адной, а потым і другой – наўздагон – галкі.
   Дзень быў спякотны, і галкам хацелася піць. То проста і плюхнуліся яны з прывакзальнай будыніны ў лужу. Раз-другі ўскінулі ўгору дзюбкі, перакочваючы ў перасмяглыя глоткі выратоўныя кроплі вільгаці. А потым і азірацца пачалі. Не таму, што спалохаліся. Прывакзальныя галкі звыклыя да натоўпу. Тым больш, што і натоўп сотнямі сваіх ног не надта набліжаўся да галак, стараючыся абмінуць лужу.
   Азірацца ж галкі пачалі, зацікавіўшыся: адкуль гэта зверху падае вада. I тая, што была больш здагадлівая, тут жа ўспырхнула да крана, уселася побач з фантанчыкам і сунула ў ягоны струмень разяўленую дзюбку.
   О, як было гэта заманліва і прыгожа: лавіць на вышыні мігатлівыя кроплі і ўзносіць раз-пораз – яшчэ вышэй за фантанчык – дзюбку. Быццам горн узнімала галка: вось-вось заіграе-затрубіць.
   Але ўжо гэтага якраз і не магла сцярпець тая, што засталася ў лужы. Да таго ж пачувалася яна, пэўна, мацнейшаю і разумела, што сіла зараз мае перавагу над кемлівасцю. А таму і ўсхапілася яна з лужы і пайшла ў наступ на «разумніцу-фантаншчыцу».
   Спіхнула-такі. I, усеўшыся на абрэзак трубы, тут жа паўтарыла ўсё, што рабіла адпрэчаная галка. А гонару ж колькі было, а пыхі!.. Рыхтык акторка на сцэне. Ды яшчэ, пазіраючы зверху, здзекліва чэкаць пачала. Быццам пыталася: «Ну, як там, у лужы?..»
   А што ў лужы? – кемлівая на тое і ёсць кемлівая: раптам разгарнула крылы – і давай плёскацца, купацца, значыць. На тую, верхнюю, нават і вокам не вядзе.
   «Ах, дык ты яшчэ і гэтак?!» – і паколькі нападаць з вышыні куды ямчэй, то і спікіравала зайздросніца ў лужу, і пачала чубіць купальшчыцу. Паляцелі – і пырскі, і пер’е.
   I толькі задумлівы грак пазіраў з таполі на галчыную мітрэнгу і даўмецца не мог: дзеля чаго ўся гэтая валтузня?..
   Ну, сапраўды: навошта бойка, навошта вайна?.. Каб вады больш ухапіць? Дык яе ў лужы – як у моры, калі па-галчынаму мераць... З-за гонару: вышэй сесці, вышэй дзюбу ўзнімаць з вільготнаю кропляй? Альбо вада там смачнейшая? Дык жа з аднае трубы... Ці ў імя прыгажосці, дзеля «эстэтыкі піцця»? То ўжо гэта – ні ў якую дзюбку, як кажуць, не лезе: прыгажосць – і вайна.
   Мудры грак – ды паспрабуй разбярыся тут з гэтымі галкамі...

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гаварыла маці...

БиографииВасіль Зуёнак

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Пераказы, дыктантыМінскія фантаны

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Сон