Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Зуёнак - Прыцягненне

   Ад Сялібы-Зямлі да касмічных прастораў скіроўваецца аўтарская думка ў паэме Васіля Зуёнка «Прыцягненне». Паэма лірыка-публіцыстычная паводле агульнай інтанацыйнай афарбоўкі. Прысвечаная беларускаму касманаўту Уладзіміру Кавалёнку, земляку аўтара, яна ўяўляе сабой лірычны роздум аб чалавеку і яго месцы ў Сусвеце.
   Матыў «узаемапрыцягнення» Зямлі і Неба – адзін з асноўных у творы: з Зямлёю звязваецца ўсё самае дарагое, роднае, з Небам – вера ў мару, імкненне да нязведанага, прычым супрацьлеглыя стыхіі аднолькава неабходныя чалавеку. Полюсамі прывязанасці для У. Кавалёнка, героя паэмы, выступаюць начное неба, адкуль «загадкава кліча ў палёт Арыён», і знаёмыя мясціны з гаваркімі назвамі – Белае, Падбярэззе, Клён, Зялёная Пушча, што вяртаюць на Зямлю.
   Зямля ў творчасці Васіля Зуёнка, «вечнага аратага» на паэтычнай ніве, – найвялікшая каштоўнасць. Разам з тым, па назіранні І. Шпакоўскага, гэты аўтар, бадай, ці не самы паслядоўны «культавік» сонца сярод беларускіх пісьменнікаў. У «Прыцягненні» адбываецца пэўнае размежаванне свету паэтычных прывязанасцяў Васіля Зуёнка: зямное ён «пакідае» сабе, нябеснае «аддае» свайму герою, пры гэтым дзве іпастасі не супрацьстаяць, а ўзаемадапаўняюцца, выяўляюць розныя грані чалавечай сутнасці. Паэт і касманаўт – два крылы незвычайнай, фантастычнай птушкі – птушкі памкненняў чалавека, сувязнога звяна паміж зямлёй і небам.
   Нягледзячы на неабходнасць чалавеку Неба, галоўная для яго ўсё ж Зямля. Вядома, што на касмічную арбіту У. Кавалёнак узяў томік вершаў Васіля Зуёнка «Нача» – «кавалачкам Радзімы», «лістком Зялёнай Пушчы» разам з ім па бяскрайніх галактычных прасторах ляцеў і паэт:

 

Я ляцеў, каб з роднаю зямлёю
Нітаваўся вырай твой высокі.
«Вось яна – не расставайся з ёю», –
І крылом я расхінаў аблокі. <…>
Чуеш – вецер у дубах зашастаў,
Чуеш – хваляй б’ецца ў бераг Нача,
Чуеш – камень уздыхнуў мышасты:
Метэорны сон, відаць, пабачыў…


   Ключавым, канцэптуальна значным у паэме паўстае сімвалічнае зямное прыцягненне, што разумеецца не проста як фізічны закон, а становіцца духоўным абавязкам кожнага. Аўтарская думка найперш накіравана на сцвярджэнне «духоўнага прыцягнення». Прывязанасць да крэўнага, роднага, знаходжанне «сэнсу галактык» у любові да Радзімы робяць чалавека сапраўды чалавекам, не дазваляюць яму стаць пылінкай у бязмежжы «духоўнай бязважкасці»:

Зямля мая,
Не дай нам адарвацца,
Ляці за намі
Ў тысячу пагонь <…>
І, можа, сэнс галактыкі –
Смаргонь
Ці Лукам’е
Ў світанні сітнягоў,
І крылы мы ствараем,
Каб вяртацца.


   Паэт непакоіцца аб захаванні натуральнай раўнавагі ў сістэме Зямля – Космас. Планета людзей з касмічнай арбіты і з вышыні думак бачыцца маленькай слязінкай: «Яна слязінкаю дрыжыць, / А на слязінцы – людзям жыць…» Глабальны клопат чалавецтва заключаецца ў тым, каб не дазволіць слязінцы-планеце растварыцца ў агромністым акіяне Галактыкі: думаючы пра Зямлю, чалавецтва думае пра сваю будучыню.

 

Наталля Заяц

Похожие статьи:

БиографииВасіль Зуёнак

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гаварыла маці...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Сон