Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Зуёнак - Павучок

Увага!!! Поўны змест

   Павучок быў маленькі, нават вельмі маленькі. Але апетыт меў павучыны і есці хацеў, як і ўсе павукі. Таму і сядзеў ад самага ранняга ранку, як толькі сонца збольшага збіла расу, у маркотным і самотным чаканні. Сядзеў на беразе свайго, па ягоных мерках, вялікага павуціннага возера, закінуўшы ў затоку сетку, зразумела, таксама павуцінную. А як жа інакш: сам ён павук, хай сабе і маленькі, і ўсё ў яго мусіла быць з павуціны. Нічога іншага ён не меў: ні вады, ні пяньковых нітак, ні капронавых, як цяпер павялося, каб сплесці сетку. Не кажучы ўжо пра які-небудзь перамёт з учэпістымі сталёвымі кіпцюрамі-хапунамі ці хаця 6 вуду з жылістай лёскай і джалістым кручком... Сядзеў, як сядзіць, бывае, малы хлапчук з самаробнаю вудачкай-свісцёлкай: вудзільна арэхавае, а то і лазовае – амаль што дубчык, лёска – з конскага хваста, паплавок – з гусінага пяра-пішчыка, – сядзіць у чаканні якога-небудзь печкурка ці верхаводкі-ўклейкі... I раптам ухопіцца за нажыўку што-небудзь вялізнае і здаравеннае...
   Гэткая нечаканая ўдача надарылася і павучку. Затрымцела не толькі ягоная сетачка, але і ўся азярына ўскалыхнулася.
   Павучок адразу аж спалохаўся, але беспамылкова вызначыў, адкуль накочваюцца гэтыя ўраганныя, як дзявяты вал, хваляванні. Падхапіўся ён, слізгануў па нітачцы павуцінкі да месца здарэння. Сам дробненькі, як чорная расінка, а перад ім – страшыдла разоў у пяць, а то і ў дзесяць большае за яго, ды і сківіцы – абцугі-кусачкі – не раўня павучковым: драціну сталёвую, здаецца, умэнт перашчыкнуць, а не тое што павуцінку. Ды і сам павучок такому на зуб не пападайся... Ён адразу ж і зразумеў гэта: пастаяў на бяспечнай адлегласці, прыкінуў, ацаніў свае баявыя магчымасці і ціхенька адкаціўся, слізгануў назад, на ранейшую пазіцыю.
   Павучок ведае: цяпер яму спяшацца не варта, ды і сэнсу ніякага няма. Цяпер усё зробіць павуцінка. Танюсенькая яна, кволая: махне заграбастай лапкаю ці сківіцай, зачэпіць страшыдла – і як не было той павуцінкі... Так то яно так, але замест яе, парванай, ужо віснуць на той лапцы ці на сківіцы дзве альбо тры новыя павуцінкі. I чым больш размахваецца, бушуе страшыдла, тым шчыльней заблытваецца ў павуцінні. Як бач: ужо і на дзве нагі спутаны, і на чатыры, і на ўсе шэсць... А там, глядзіш, і ўжо махаць няма чым... Толькі сківіцы яшчэ то разыходзяцца, то сцінаюцца, аж рыпяць, здаецца...
   Падбяжыць павучок, калі трапятанне сунімецца, паглядзіць: не, яшчэ ранавата набліжацца... Так і цікуе, так і цікуе раз за разам...
   А страшыдла тым часам знямогла прыбілася ў куточак і варухнуцца не можа, адно толькі як ад сораму схавалася: з такімі сківіцамі і так ганебна ў палон здавацца!.. Ды яшчэ каб у палон: павучок жа быў галодны...
   Калі б павучок пазнаёміўся са страшыдлам, то даведаўся б, што гэта не хто іншы, як скакун палявы... Яшчэ б і пасябравалі, можа...
   Але павучку было не да знаёмстваў: павучок хацеў есці... У-у, натура павучыная – яна і ёсць павучыная...

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Павучок-мухаед

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Пачапіўся павук

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Павучковыя арэлі

Пераказы, дыктантыБачыць прыгожае

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Павук