Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Казкі Васіля Віткі

   Казка Васіля Віткі «Вавёрчына гора» з першых радкоў захапляе дзяцей, стымулюе іх увагу і эмоцыі, чытачы спачуваюць вавёрачцы. Кранае тое, як усхвалявала гора ўсіх жыхароў, як ласкава, уважліва аднесліся да бяды вавёрачкі яе дзеці, унукі.
   Не перастаюць балець у вавёрачкі зубкі. Вавёрачка падказала, што ёй дапамог бы малаток: яна б ім арэшкі біла і зубкі свае не верадзіла. Героі казкі сустракаюць на сваім шляху шмат нечаканых перашкод – тут нічога не даецца проста. Каб адправіць тэлеграму, кавалю-ворану, сёстрам-вавёрачкам давялося немала патурбавацца, і хоць яны вельмі спяшаліся, усё ж прыпыніліся на імгненне, каб залюбавацца агністым ззяннем чырвоных арабін, асабліва прывабілі іх гронкі спелых арэхаў. У казцы «Вавёрчына гора» ачалавечаны не толькі звяры, птушкі, а нават маланка, гром, дождж. Калі сёстры-вавёрачкі прыбеглі на тэлеграф і хацелі адправіць тэлеграму з маланкай, дык аказалася, што ў маланкі выхадны, а гром пасля работы спіць. Дамовіліся, што тэлеграму адаб’е дождж. Ва ўсё казачнае Васіль Вітка вынаходліва ўключае рэальнае: гэта тыгр, фашысцкі танк, што быў падбіты у час вайны і шмат гадоў гібеў на балоце. Ад гэтага танка засталася груда іржы, ледзь удалося наскубсці з яго «шматок шэрсці» на «бранябойны» малоток. Твор прасякнуты дабрынёй, спачуваннем. У канцы казкі апісанне застолля бяседы. У канцоўку уключаны традыцыйныя казачныя словазлучэнні «І я там быў», «Хто паслухаў казку – той маладзец».
   Галоўны герой казкі «Буслінае лета» – Васіль – школьнік, які скончыў 3 класы. Яго цікавіць прырода. Настаўніца задала заданне – «даць прыроды апісанне». Васіль вырашыў напісаць казку пра буслоў. Зрабіўшы першыя накіды пачатку казкі ён схаваў сшытак ў дупло вяза, але сшытак прападае. Гэта завязка казкі, а развіццё сюжэта звязана з пошукам сшытка. Васіль знаёміцца, а потым і сябруе з разумным, шматвопытным, прыветным і добразычлівым буслам і яго сям’ёй. Па запрашэнні бусла Васіль трапляе ў буслянку. Аўтар апісвае побыт сям’і буслоў, у якой вялікая ўвага ўдзяляецца буслянятам. Яны добра выхаваны, у іх ёсць чаму павучыцца маленькім чытачам. Напрыклад: калі бацька бусел прадстаўляў Васілю буслянят, дык кожнае з іх «уставала і на ножках прысядала»… У казку ўключаны пазнавальны матэрыял: расказваецца, як робіцца буслянка, як жывуць, чым кормяцца буслы, як яны ловяць рыбу, гадзюк, якую карысць прыносяць чалавеку. Звесткі падаюцца з выкарыстаннем элементаў гульні.
   У «Казцы пра цара Зубра» дзецям адкрывавюцца прасторы Белавежскай пушчы. Герой казкі – школьнік Вася Вясёлкін. Ён прыцягвае ўвагу адвагай, незалежнасцю, тым, што абараніў гонар свайго сябра Зая: не дазволіў звярам насміхацца з яго. Васіль адмовіўся служыць цару Зубру і быць яго падначаленым, не напалохала хлопчыка і пагроза цара Зубра, што калі Вясёлкін не зробіць тэлевізар, які так хоча ўбачыць сын Зубра, дык царскія ахоўнікі не выпусцяць яго з пушчы. Васіль не разгубіўся – ён пачаў дзейнічаць, прыняў возера за тэлевізійны экран. Зрабіў тэлевізійную антэну з цвікоў, вінцікаў і скрутка дроту, што знайшоў у кішэні. Калі дроту на антэну не хапіла, то шустрая вавёрачка дапамагла яму лоўка падтачыла дрот… хмелем. Так Вася Вясёлкін зрабіў тэлевізар і прадставіў камедыйнае тэлевізійнае шоу «Зай-Зайчына - малайчына». Лясная публіка буйна выяўляла эмоцыі, нават Зубр гучна засмяяўся. У казку пакладзена філасофская думка, каб дзеці ўсвядомілі, чаму Зубр, які напачатку непрыхільна аднёсся да Вясёлкіна, раптам змяніў свае адносіны да яго і выказаў яму пры ўсіх звярах шчырыя словы павагі, нават абвясціў, што ён, цар, аддае Васю Вясёлкіну ва ўладаранне сваю зубрыную дзяржаву і будзе сябраваць з ім, служыць яму. Сваімі паводзінамі, душэўнымі якасцямі, розумам, вынаходлівасцю Вася Вясёлкін даў магчымасць цару Зубру адчуць перавагу чалавека, якога прырода надзяліла такімі здольнасцямі і магчымасцямі, якімі не валодае на зямлі ні якая іншая жывая істота.
   У птушынай пачатковай школе з казкі «ППШ», як і ў звычайнай школе, ёсць вучэбныя класы, буквары і іншыя падручнікі, геаграфічныя карты, сшыткі, дзённікі і самі вучні. Гэта школа для птушак. Чытачы трапляюць у школу на экскурсію. У казцы шмат камедыйных сітуацый, гумару. Напрыклад: выдатнік індык, хваліцца, што вельмі захоплены чытаннем, а сам, «пяты год буквар дзяўбе, а запомніў А і Б» . Васіль Вітка паказаў у казцы столькі адмоўнага, каб дзеці пад уплывам казкі непрыкметна карэкціравалі свае паводзіны.. Заканчваецца казка тым, што чытачы даведваюцца, што экскурсаводам у ППШ быў Вася Вясёлкін. Ён дае гэтай школе справядлівую ацэнку, больш не будзе ён туды вадзіць экскурсіі.

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - ППШ

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі і краскі

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Вавёрчына гора

ККазка

Максім ТанкМаксім Танк - Казка пра Музыку