Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Натальчына сямейка

Увага!!! Поўны змест

   Сям’я ў Наталькі невялікая – Каця і Мішка. Вы скажаце: якая ж гэта сям’я? Гэта ж цацкі. Няхай сабе цацкі, але яны як жывыя.
   Каця ўмее плакаць. Толькі яе зачэпіш, яна адразу ж: а-а-а! А пачне Наталька супакойваць, на руках калыхаць, дык яна аж заходзіцца. Вочы ў Каці сінія, вялікія, самі расплюшчваюцца і заплюшчваюцца. А валасы чорныя-чорныя. Шмат клопату Натальцы з Кацяй – і накармі яе, і прычашы, і памый, і спаць палажы, ды яшчэ і спявай ёй:

Лю-лі, лю-лі, лю-лі,
Ўсе даўно паснулі.
Не спіць адна ў хаце
Толькі мая Каця!


   Затое калі ўжо Каця засынала, дык спала доўга. А Наталька тым часам бралася за іншую працу. Шыла Каці новую сукенку. А Мішка сядзеў сабе каля Кацінага ложка і круглымі, быццам гузікі, вачыма ўважліва цікаваў, як бегае ў Натальчыных пальчыках іголка.
   Мішка быў паслухмяны і добры. Праўда, яму часта балеў жывот. Калі хто знянацку ткне, бывае, яму пальцам у жывоцік, дык ён аж прысядзе ад болю: ой-ой!
   Наталька шкадавала Мішку. Яна ведала, чаму ён крычыць. «Яму рабілі аперацыю, – расказвала. – Была ў яго на жывоціку болька. Дактары яе выразалі, а ў ямачку ўставілі кнопку».
   Моцна спіць Каця. Наталька шые сукенку. I тут зусім неспадзявана хтосьці – торк Натальку пад локаць: ай! Аж кропелька крыві выскачыла на паколатым пальчыку. Усхапілася Наталька, замахала рукою ад болю. А вусаты Кузьма трэцца аб ногі, як ні ў чым не вінаваты. Кузьма – гэта кот. I Наталька добра ведае, што гэта ён штурхнуў яе пад локаць. Ён заўсёды ляжыць, ляжыць у запечку, а сумна стане – падыдзе, выгне спіну і трэцца аб цябе. Хоча, каб з ім гулялі.
   – Ты будзеш тата! – строга загадала яму Наталька.
   Кузьму гэты абавязак прыйшоўся не па душы. Ён пакрыўджана паглядзеў на Натальку, сонна пазяхнуў і адышоў у куток. Але доўга ўседзець не мог.
   Як толькі Наталька ўзялася за шытво, ён, крадучыся, падпоўз да Мішкі і драпнуў яго лапай па жываце. Мішка як войкне, як заенчыць ад болю, як кінецца пад Кацін ложак, каб схавацца. Але ж каму невядома, якія ўсе Мішкі непаваротныя. Ложак перакуліўся. Каця выпала з пасцелі. Нічога не цямячы спрасоння, яна то расплюшчвала, то заплюшчвала вочы. I так заплакала, што Кузьма, ведаючы віну, кінуўся з-пад самых Натальчыных ног, адным махам ускочыў на палічку, прыбітую над мыцельнікам, і схаваўся там за гладышом.
   – Хіба так робяць таты? – сказала з дакорам Наталька і сярдзіта паківала яму пальцам. Хто ведае, колькі б ён там прасядзеў, але з гладыша так пахла смятанай, што Кузьма не вытрываў – падняўся на лапах і зазірнуў у гладыш. Ён памятаў, што раніцай, калі снедала Наталька, дык і яго частавала. Смачная смятана. Але засталося мала, толькі на самым дне. Як яе адтуль дастаць? Кузьма лапамі нагнуў гладыш, асцярожна паклаў яго і залез з галавой усярэдзіну. З гладыша тырчэў толькі хвост.
   – Кузьма! – крыкнула Наталька.
   – Мала, м-м-а-ла! – пачуўся гулкі водгалас.
   – Вось я табе задам мала! – прыгразіла Наталька.
   Кузьма хацеў уцячы і разам з гладышом бразнуўся з паліцы.
   Калі Наталька глянула на падлогу, там ляжалі толькі чарапкі. А Кузьма… Убачыўшы Кузьму, Наталька так і зайшлася ад смеху… Уся яго галава да вушэй і пушыстыя вусы былі белыя, нібы мылам набеленыя.
   Кузьма незадавлена паморшчыўся, потым, наслініўшы лапу, пачаў старана скрэбці ёю каля вусаў… На той час у хату зайшла Натальчына мама. Яшчэ з парога яна заўважыла непарадак.
   – Што тут робіцца ў вас? – спытала яна.
   – Наш тата голіцца! – смеючыся, адказала Наталька.

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Трывога ў Ельнічах

БиографииВасіль Вітка

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Генерал верабей

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Слова

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Ружа і штык