Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Васіль Быкаў - Бедныя людзі

   Героя-інтэлігента, навукоўца прадстаўляе чытачу Васіль Быкаў у апавяданні «Бедныя людзі». Прафесар аднаго са сталічных ВНУ Скварыш не верыць ні ў сяброўства, ні ў каханне. Для гэтага ў яго былі сур'ёзныя прычыны. Пабудаванае на недаверы да чалавека савецкае грамадства канчаткова дэфармуе свядомасць прафесара, ператварае яго ў пачвару. Адна з галоўных філасофскіх ідэй твора – ідэя алагічнасці быцця, у якім чалавек – ахвяра. Герой Васіля Быкава не здольны спасцігнуць логіку быцця, і логіка жыцця страчвае перад ёй сваё значэнне.
   Прафесар Скварыш павінен зрабіць маральны выбар: напісаць данос на аспіранта ці стаічна зносіць абвінавачванні ў палітычнай ненадзейнасці. Напружаная барацьба героя з самім сабой ператвараецца ў самаразбурэнне. У творы Васіля Быкава экзістэнцыяльна ўсё: і спосаб зносін са светам – унутраны дыялог, і дэфармацыя псіхікі, і ўнутранае супрацьстаянне свету, людзям, і вакуумная адзінота, і ступень абагуленасці – яна заключана ў назве «Бедныя людзі», якая становіцца сімвалам пэўнай эпохі. Сітуацыя адчужэння героя ад свету (пачынаючы ад унутранага пратэсту супраць несправядлівых абвінавачванняў да адчування сваёй віны, а потым і даносу) ёсць працэс самаразбурэння асобы чалавека, працэс памірання жывой матэрыі.
   Праблема выбару ўвасабляецца Васілём Быкавым у па-майстэрску прадуманай сітуацыі сустрэчы прафесара і аспіранта, дзе ўсё замкнёна на праблемах свет без Бога, мараль і інтэлект. Пісьменнік адназначна сцвярджае, што разбурэнне маралі непазбежна цягне за сабой разбурэнне інтэлекту, і прычыны гэтага трэба шукаць не толькі ў знешніх абставінах, а найперш у самім чалавеку, яго духоўных асновах.
   Навакольны свет для герояў Васіля Быкава (прафесара, аспіранта) – гэта свет-пастка, дзе важна намацаць хоць нейкую кропку апоры, каб зразумець, у якім вымярэнні, часавым і прасторавым, яны знаходзяцца. Усе персанажы без выключэння пастаўлены ў сітуацыю выпрабавання. Пісьменнік выпрабоўвае сваіх герояў на «пасрэднасць», і яны цалкам адпавядаюць мастакоўскай канцэпцыі, сутнасць якой у тым, што свет належыць чалавеку «сярэдзіны».
   Канцэптуальна арганізаваная мастацкая рэчаіснасць у апавяданні «Бедныя людзі» дае падставы гаварыць пра арганічнае спалучэнне ў творчым метадзе пісьменніка рэалістычнага і экзістэнцыяльнага кантэкстаў, скіраваных на раскрыццё сутнасці чалавека ў свеце. Экзістэнцыяльны аналіз на межах дапамагае высвяціць падтэкст учынкаў, якія мала матываваны знешнімі абставінамі і могуць знаходзіцца па-за станам лінейнага псіхічнага развіцця асобы. Паглыбленне філасофскіх патэнцый твораў В. Быкава канца XX ст. адбываецца праз свядомую ўстаноўку пісьменніка на псіхалагічны эксперымент, узмацненне ідэі адчужанасці чалавека ў свеце, на пашыранае даследаванне сферы экзістэнцыяльнага быцця. Такім чынам матыў парога, мяжы дае магчымасць мастаку зазірнуць у патаемныя куточкі чалавечай душы, у глыбіні падсвядомага.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!