Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Васіль Быкаў - Абеліск

   У канцы цёплага кастрычніцкага дня, калі «ўраджай ужо вырашчаны, а прырода поўнілася мірным спакоем восеньскай зморанасці і лагодай», саракагадовы журналіст адной з раённых газет Гродзенскай вобласці, сустрэўшы на вуліцы знаёмага, даведаўся, што два дні таму памёр яшчэ малады (36 гадоў!) настаўнік Міклашэвіч з сяла Сяльцо. Сэрца зашчымела ад усведамлення непапраўнай віны. Чапляючыся за апошнюю магчымасць апраўдацца перад сабой, ён вырашыў ехаць у Сяльцо неадкладна. Уладкаваўшыся на рулонах толю ў кузаве грузавіка, які праязджаў міма, журналіст пагрузіўся ва ўспаміны.
   Два гады таму, на настаўніцкай канферэнцыі, Міклашэвіч сказаў журналісту, што даўно хацеў звярнуцца да яго з адной заблытанай справай. Усе ведалі, што Міклашэвіч ў падлеткавым узросце падчас акупацыі быў неяк звязаны з партызанамі, а яго пецярых аднакласнікаў расстралялі фашысты. Клопатамі Міклашэвіча ў іх гонар быў пастаўлены помнік. Настаўнік займаўся гісторыяй партызанскай вайны на Гродзеншчыне. І цяпер яму патрабавалася дапамога ў нейкай заблытанай справе. Журналіст абяцаў прыехаць і дапамагчы. Але ўвесь час адкладваў паездку. Да Сяльца было каля дваццаці кіламетраў, і ўзімку ён чакаў, «пакуль мінуць маразы ці завеі, увесну – калі падсохне ды пацяплее; улетку ж, калі было і суха і цёпла, найбольшы клопат адбіраў адпачынак і ўсе звязаныя з ім турботы дзеля нейкага тлумнага месяца на цесным, гарачым, перанаселеным поўдні». І вось спазніўся.
   Успомнілася надта худая вастраплечая постаць Міклашэвіча, з выпнутымі пад пінжаком лапаткамі і амаль хлапечай шыяй. У яго быў абвялы, густа зморшчаны твар. Здавалася, што гэта патрапаны жыццём, пажылы чалавек. Але погляд спакойны і ясны.
   У сваіх думках журналіст лаяў «мітусню дзеля бясконцага, ненаежнага дабрабыту», з-за якой застаецца ў баку самае важнае. Лічыў, што жыццё напаўняецца чымсь значным, калі яно запоўнена клопатамі аб блізкіх ці далёкіх людзях, якія маюць патрэбу ў тваім клопаце.
   За паваротам паказаўся абеліск, які стаяў непадалёк ад аўтобуснага прыпынку. Саскочыўшы на зямлю, журналіст накіраваўся да доўгай алеі са старажытных, таўшчэзных вязаў, у канцы якой бялеў будынак школы. Заатэхнік, які пад'ехаў з скрыняй "маскоўскай" гарэлкі, падказаў, што памінкі спраўляюць у настаўніцкім доме, за школай. Для журналіста знайшлі свабоднае месца побач з пажылым, мяркуючы па ордэнскай планцы, ветэранам. У гэты час на стол паставілі некалькі бутэлек, і прысутныя прыкметна ажывіліся. Слова ўзяў загадчык райана Ксяндзоў.
   Малады яшчэ чалавек з начальніцкай упэўненасцю на твары падняў шклянку і стаў казаць, які Міклашэвіч быў добры камуніст, актыўны абшчэсцвеннік. І зараз, калі залечаны раны вайны, і савецкі народ дабіўся выдатных поспехаў ва ўсіх галінах эканомікі, культуры, навукі і адукацыі ...
   – Пры чым тут поспехі! – Грымнуў кулаком па стале сусед-ветэран. – Мы пахавалі чалавека! Вось дажылі! Сядзім, п'ем у Сяльцы, і ніхто не ўспомніць Мароза, якога тут павінен ведаць кожны.
   Адбывалася нешта такое, чаго журналіст не разумеў, але што разумелі іншыя. Ён ціха спытаў суседа справа, хто такі гэты шумны ветэран. Аказалася, што былы тутэйшы настаўнік Цімох Цітавіч Ткачук, які жыве цяпер у горадзе.
   Ткачук накіраваўся да выхаду. Журналіст рушыў за ім. Заставацца не было сэнсу. Падышоўшы да прыпынку, Ткачук сеў на лістоту, апусціўшы ногі ў сухую канаву, а журналіст, не пазіраючы на дарогу, пабрыў да абеліска. Гэта было прысадзістае – крыху вышэй за чалавечы рост – бетоннае збудаванне з агароджай з штакетніка. Выглядаў абеліск бедна, але быў дагледжаны. Журналіст здзівіўся, убачыўшы на чорнай металічнай таблічцы новае імя – Мароз А. I., выведзенае над іншымі белаю фарбай.
   На асфальт выйшаў Ткачук. Разам з журналістам яны моўчкі накіраваліся ўздоўж дарогі. Каб неяк разрадзіць абстаноўку, журналіст спытаў у Ткачука, ці даўно той знаёмы з Міклашэвічам. Аказалася, даўно. І лічыць яго сапраўдным чалавекам і настаўнікам з вялікай літары. Хлопцы за ім табуном хадзілі. А калі хлапчуком быў, то і сам Міклашэвіч у табуне за Марозам хадзіў. Журналіст ніколі не чуў пра Мароза і Цітовіч пачаў свой аповед.
   У лістападзе 1939-га, калі Заходняя Беларусь уз'ядналася з Беларускай ССР, Наркамат асветы накіраваў Цімоха Ткачука, які скончыў настаўніцкія двухгадовы курсы, у Заходнюю Беларусь арганізоўваць школы і калгасы. Малады Ткачук, як загадчык райана, матаўся па раёне, сам працаваў у школах. Гаспадар сядзібы Сяльцо пан Габрусь падаўся да румынаў, а ў сядзібе Мароз адкрыў школу на чатыры класы. Разам з Марозам рабіла пані Падгайская, пажылая жанчына, якая жыла тут пры Габрусі. Рускай мовай яна амаль не ведала, беларускі трохі разумела. Спачатку пані Падгайская пярэчыла новым метадам педагагічнага выхавання, якія ўвёў Мароз, агітаваў не хадзіць у касцёл. Нават скардзілася Ткачуку. Ткачук, узяў ровар і паехаў у Сяльцо праверыць, што ж адбываецца ў школе.
   На школьным двары было поўна дзятвы. Там поўным ходам нарыхтоўвалі дровы. Бура паваліла велізарнае дрэва, і вось зараз яго пілавалі. Дроў тады не хапала, прыходзілі скаргі са школ наконт паліва, а транспарту ў раёне ніякага. А тут сцямілі і не чакаюць, калі іх забяспечаць палівам. Адзін хлопец, які піліў таўшчэзны ствол на пару з рослым падлеткам, падышоў да Ткачука. Адна нага ў яго была вывернута ўбок і не разгіналася. А так нічога хлопец – плячысты, ладны з твару, позірк смелы. Прадставіўся ён Марозам Алесем Іванавічам.
   Родам Алесь з Магілёўшчыны. Пасля педвучылішча пяць гадоў настаўнічаў. Нага такая з нараджэння. Мароз прызнаў, што з наркаматаўскіх праграмамі ў школе сапраўды не ўсё ў парадку, паспяховасць не дужа бліскучая. Хлопцы вучыліся ў польскай школе, многія дрэнна спраўляюцца з беларускай граматыкай. Але галоўнае ў тым, каб яны спасціглі нацыянальную і агульначалавечую культуру. Ён хацеў зрабіць з дзяцей не паслухмяных зубрылак, а перш за ўсё людзей. А гэта ў праграмах і методыках не дужа распрацавана. Дасягнуць такога можна толькі ўласным прыкладам настаўніка. Мароз вучыў дзяцей душой разумець маральныя пастулаты. Навучаў і пісьменнасці, і дабрыні. Падабралі дзесьці школьнікі трохлапага сабачку ды сляпога ката, і Мароз дазволіў іх пасяліць у школе. Потым з'явіўся шпак, восенню адстаў ад зграі, так яму змайстравалі клетку.
   Аднойчы познім студзеньскім вечарам 1941-га года праязджаў міма Ткачук і вырашыў абагрэцца ў школе. Дзверы адкрыў худзенькі хлопчык гадоў дзесяці. Ён распавёў, што Алесь Іванавіч пайшоў праводзіць праз лес двух малодшых дзяўчынак-блізнятак. Гадзіны праз тры вярнуўся заінелы Мароз. З дзяўчынкамі такая гісторыя. Пачаліся халады, маці не пускае ў школу: кепскі абутак і хадзіць далёка. Тут Мароз купіў ім па пары чаравікаў. Звычайна дзяўчынак суправаджаў Коля Бародзіч, той, што некалі пілаваў з настаўнікам дрэва. Сёння ж ён не прыйшоў у школу, вось і давялося ісці з малымі самому. А пра свайго кватаранта сказаў, што хлопчык пакуль пабудзе ў школе, дома нелады, бацька моцна б'е. Хлопец той і быў Паўлікаў Міклашэвічам.
   Праз два тыдні раённы пракурор Сівак загадаў Ткачуку ехаць у Сяльцо і адабраць у Мароза сына грамадзяніна Міклашэвіча. Пярэчанняў пракурор слухаць не пажадаў: закон! Мароз выслухаў моўчкі, паклікаў Паўла. Той адмовіўся ісці дадому. Мароз няўмела тлумачыць, што па закону сын павінен жыць з бацькам і, у дадзеным выпадку, з мачыхай. Хлопчык заплакаў, а старшы Міклашэвіч павёў яго да шашы. І вось усе бачаць, як бацька здымае з кажуха рэмень і пачынае біць хлопчыка. Міліцыянер маўчыць, дзеці з папрокам глядзяць на дарослых. Мароз, кульгаючы, пабег праз двор. «Стойце, – крычыць, – Спыніцеся біць!» Вырваў Паўлаву руку з бацькавых рук: «Вы ў мяне яго не атрымаеце!» Ледзь не пабіліся, паспелі іх разняць. Перадалі ўсю гэтую справу на выканкам, назначылі камісію, а бацька падаў у суд. Але Мароз усё ж дабіўся свайго: камісія вызначыла хлопца ў дзіцячы дом. З выкананнем гэтага саламонавага рашэння Мароз не спяшаўся.
   Вайна перавярнула ўвесь жыццёвы ўклад. З Гродна прыйшоў загад: арганізаваць знішчальны атрад, каб лавіць нямецкіх дыверсантаў і парашутыстаў. Ткачук кінуўся збіраць настаўнікаў, аб'ездзіў шэсць школ, і да абеду быў ужо ў райкаме. Але кіраўніцтва ўкацілі з усімі сваімі пажыткамі ў Мінск. Немцы наступалі, а савецкіх войскаў нідзе не было відаць.
   На трэці дзень вайны, у сераду, немцы ўжо былі ў Сяльцы. Ткачук ды яшчэ двое настаўнікаў ледзь паспелі схавацца ў лесе. Чакалі, што нашы тыдні праз два прагоняць немцаў. Калі б хто сказаў, што вайна на чатыры гады зацягнецца, яго правакатарам палічылі б. І тут апынулася, што многія людзі не толькі не настроены аказваць акупантам супраціў, але і ахвотна ідуць служыць да немцаў.
   Настаўнікі сустрэлі групу акружэнцаў, якой кіраваў кубанскі казак Селязнёў, кавалерыйскі маёр. Акапаліся ва ўрочышчы Воўчыя ямы і сталі да зімы рыхтавацца. Зброі амаль не было. Прыстаў да атрада і пракурор Сівак. Тут ён ужо быў радавым. На радзе вырашылі, што трэба наладзіць сувязь з вёскамі, з надзейнымі людзьмі, «памацаць на хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся». Маёр разаслаў усіх мясцовых, каго куды.
   Ткачук і Сівак вырашылі зайсці ў Сяльцо, дзе ў пракурора быў знаёмы актывіст. Але даведаліся, што актывіст Лаўчэня ходзіць з белай павязкай на рукаве – паліцаем стаў. А настаўнік Мароз працягвае працаваць у школе – немцы далі дазвол. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы – там цяпер паліцэйскі засценак, – а ў адной з хат. Ткачук быў уражаны. Ад Алеся ён такога не чакаў. А пракурор кажа, што ў свой час, маўляў, трэба было гэтага Мароза рэпрэсаваць – не наш чалавек.
   Сцямнела. Дамовіліся, што Ткачук зойдзе адзін, а пракурор пачакае ў загуменні за кустамі. Сустрэліся з Марозам моўчкі. Алесь кісла ўсміхнуўся і стаў казаць, што не будзем вучыць мы – будуць абалваньваць немцы. А ён не для таго два гады ачалавечваў гэтых хлопцаў, каб іх расчалавечылі. Паклікалі пракурора. Пагаварылі па шчырасці аб усім. Стала зразумела, што Мароз разумнейшы за іншых. Ён сваім розумам браў шырэй. Нават пракурор гэта зразумеў. Вырашылі, што Мароз застанецца ў вёсцы і будзе паведамляць партызанам аб намерах фашыстаў.
   Настаўнік аказаўся карысным памочнікам. Да таго ж яго паважалі і вяскоўцы. Мароз паціхеньку слухаў радыёпрымач. Запіша зводкі Саўінфармбюро, на якія самы вялікі попыт быў, распаўсюдзіць сярод насельніцтва і ў атрад перадасць. Два разы на тыдзень хлопцы клалі запіскі ў дуплянку на хвоі каля леснічоўкі, а ноччу іх забіралі партызаны. Сядзелі ў снежні па сваіх ямах – усё замяло снегам, холад, з ежай туга, і толькі радасці, што гэтая Марозава пошта. Асабліва калі немцаў разбілі пад Масквой.
   Першы час у Мароза ўсё ішло добра. Немцы і паліцаі не прыставалі, сачылі здалёк. Адзінае, што каменем вісела ў яго сумлення – лёс тых двух блізнятак. У пачатку чэрвеня сорак першага Мароз ўгаварыў іх матулю адправіць дачок у піянерскі лагер. Толькі яны выехалі, а тут вайна. Так і прапалі дзяўчынкі.
   Адзін з дваіх мясцовых паліцаяў, былы знаёмы пракурора Лаўчэня, часам дапамагаў вяскоўцам і партызанам, папярэджваў іх аб аблавах. Зімой сорак трэцяга немцы расстралялі яго. А вось другі аказаўся апошнім гадам. Па вёсках яго звалі Каін. Шмат бяды ён прынёс людзям. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады быў, нежанаты – хлопец як хлопец. Але прыйшлі немцы – і перарадзіўся чалавек. Напэўна, у адных умовах раскрываецца адна частка характару, а ў іншых – іншая. Сядзела ў гэтым Каіна да вайны нешта нягоднае, і можа, не вылезла б наверх. А тут вось выперла. З стараннасцю служыў немцам. Расстрэльваў, гвалтаваў, рабаваў. Над габрэямі здзекаваўся. І западозрыў Каін нешта ў дачыненні да Мароза. Аднойчы наляцела паліцыя ў школу. Там як раз ішлі заняткі – чалавек дваццаць дзетвары ў адным пакойчыку за двума доўгімі сталамі. Урываецца Каін, з ім яшчэ двое і немец – афіцэр з камендатуры. Ператрэслі вучнёўскія сумкі, праверылі кніжкі. Нічога не знайшлі. Толькі настаўніку допыт наладзілі. І тады хлопцы на чале з Бародзічам нешта задумалі. Затаіліся нават ад Мароза. Аднойчы, праўда, Бародзіч, быццам між іншым, намякнуў, што нядрэнна б прыстукнуць Каіна. Ёсць такая магчымасць. Мароз забараніў, але Бародзіч не думаў расставацца з гэтымі думкамі.
   Паўлу Міклашэвічу ішоў тады пятнаццаты год. Коля Бародзіч быў самы старэйшы, яму было васямнаццаць. Яшчэ браты Кажаны – Цімка і Астап, аднафамільцы – Смурны Мікола і Смурны Андрэй, усяго такім чынам шасцёра. Самаму малодшаму – Смурнаму Міколу, было гадоў трынаццаць. Гэтая кампанія заўсёды трымалася разам. Дурасці і адвагі ў іх было хоць адбаўляй, а вось спрыту і розуму – у абрэз. Доўга меркавалі, і, нарэшце, распрацавалі план.
   Каін часта прыязджаў да бацькі на хутар, праз поле ад Сяльца. Там ён п'янстваваў ды забаўляўся з дзеўкамі. Адзін прыязджаў рэдка, больш з іншымі паліцаямі, а то і з нямецкім начальствам. У першую зіму яны трымалі сябе нахабна, нічога не баяліся. Усё здарылася нечакана, неспадзявана. Ўжо наступіла вясна, з палёў сышоў снег. Ткачук стаў камісарам атрада. Рана раніцай яго разбудзіў вартавы. Сказаў, што затрымалі нейкага кульгавага. У зямлянку ўвялі Мароза. Ён прысеў на нары і кажа такім голасам, быццам пахаваў родную маці: «Хлопцаў забралі».
   Аказалася, што Бародзіч ўсё-ткі дамогся свайго: хлопцы падпільнавалі Каіна. Некалькі дзён таму той на нямецкай машыне з фельдфебелем, салдатам і двума паліцаямі прыкаціў да бацькі. Там і заначавалі. Перад гэтым заехалі ў Сяльцо, забралі свіней, пахапалі па хатах з дзесятак курэй. На дарозе, недалёка ад скрыжавання з шашы, праз равок быў перакінуты невялікі масток. Да вады метры два, хоць і вады той па калена. Да мастка вёў крутаваты спуск, а потым пад'ём, таму машына або подвода вымушана браць разгон, інакш на пад'ём не вылезеш. Хлопцы гэта і ўлічылі. Як сцямнела, усе шасцёра з тапарамі і піламі – да гэтага мастка. Падпілавалі слупы напалову, каб чалавек ці конь маглі перайсці, а машына не. Двое – Бародзіч і Смурны Мікола засталіся назіраць, а астатніх адправілі дамоў.
   Але ў той дзень Каін спазніўся. Машына паказалася на дарозе, калі ўжо цалкам развіднела. Машына павольна паўзла па дрэннай дарозе і не змагла ўзяць неабходны разгон. На мосце шафёр стаў пераключаць хуткасць, адна папярэчына надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як потым высветлілася, седакі і свінні з курамі проста з'ехалі ў ваду і тут жа павыскоквалі. Не пашэнціла аднаму немцу, трапіў пад борт. Яго прыціснула да смерці.
   Хлопцы ірванулі ў вёску, але нехта з паліцаяў заўважыў, што ў кустах мільганула постаць дзіцяці. Праз якую гадзіну ўсе ў вёсцы ўжо ведалі, што здарылася ў раўку. Мароз адразу кінуўся ў школу, паслаў за Бародзічам, але таго не аказалася дома. Міклашэвіч не вытрымаў і расказаў настаўніку пра ўсё. Мароз не ведаў, што прыдумаць. І вось у поўнач чуе стук у дзверы. На парозе стаяў паліцай, той самы Лаўчэня. Ён паведаміў, што хлапчукоў схапілі і ўжо ідуць за Марозам.
   Мароза пакінулі ў атрадзе. Прайшло некалькі дзён. І раптам у лес прыбегла Ульяна – сувязная з ляснога кардона. Ёй дазвалялася прыходзіць толькі ў самым крайнім выпадку. Немцы патрабавалі выдаць Мароза, інакш пагражалі павесіць хлопцаў. Ноччу да Ульяны прыбеглі іх маці, просяць Хрыстом-Богам: «Улляначка, дапамажы». Яна ў адказ: «Адкуль мне ведаць, дзе той Мароз?» А яны: «Схадзі, хай ён ратуе мальцоў. Ён жа разумны, ён іх настаўнік».
   Яшчэ шэсць камянёў на душу беднага настаўніка! Ясна было, што і хлопцаў не адпусцяць, і яго заб'юць. Вылезлі з зямлянкі, а тут Мароз. Стаіць каля ўваходу, трымае вінтоўку, а ў самога твар, нібы смерць. Усё чуў і просіцца ісці. Селязнёў і Ткачук узлаваліся. Крычалі, што трэба быць ідыётам, каб паверыць немцам, быццам яны выпусцяць хлопцаў. Ісці – вар'яцкае самагубства. А Мароз спакойна адказвае: «Гэта праўда». І тады Селязнёў сказаў: «Праз гадзіну працягнем гутарку». А потым выявілі, што Мароза нідзе няма. Паслалі ў Сяльцо Гусака, у якога там пражываў сваяк, каб прасачыць, як яно будзе далей. Вось ад гэтага Гусака, а потым ужо і ад Паўла Міклашэвіча і стала вядома, як развіваліся падзеі.
   Хлопцы сядзяць у свіране, немцы дапытваюць іх і б'юць. І чакаюць Мароза. Маці лезуць на двор да старасты, просяць, прыніжаюцца, а паліцаі іх гоняць. Спачатку хлопцы трымаліся цвёрда: нічога не ведаем, нічога не рабілі. Іх сталі катаваць, і першым не стрываў Бародзіч, узяў усё на сябе, і думаў, што астатніх адпусцяць. І ў гэтую самую пару з'яўляецца Мароз. Рана раніцай, калі сяло яшчэ спала. Немцы скруцілі Марозу рукі, здзерлі кажушок. Як прывялі ў стараставу хату, стары Бохан знайшоў момант і кажа ціхенька: «Не трэба было, настаўнік».
   Зараз уся «банда» апынулася ў зборы. Хлопцы яшчэ ў свіране ўпалі духам, калі пачулі за дзвярыма голас Алеся Іванавіча. Да самага канца ніхто з іх не думаў, што настаўнік прыйшоў добраахвотна. Лічылі, што схапілі яго недзе. І ён ім нічога пра сябе не сказаў. Толькі падбадзёрваў. Пад вечар вывелі ўсіх семярых на вуліцу, усе так-сяк трымаліся на нагах, акрамя Бародзіча. Старэйшы брат двайнят Кажаноў – Іван вылез наперад і кажа нейкаму немцу: «Як жа так? Вы ж казалі, што калі з'явіцца Мароз, то адпусціце хлопцаў». Немец яму парабелумам у зубы, а Іван яму нагой у жывот. Івана застрэлілі.
   Вялі па той самай дарозе, цераз масток. Наперадзе Мароз з Паўлікам, за ім двайняты Кажаны, потым аднафамільцы Смурныя. Ззаду два паліцаі валаклі Бародзіча. Паліцаяў было чалавек сем і чатыры немцы. Размаўляць нікому не давалі. Рукі ва ўсіх былі звязаны ззаду. А вакол – знаёмыя з дзяцінства месцы. Міклашэвіч успамінаў, што такая журба на яго напала, што хоць крычы. Яно і зразумела. Па чатырнаццаць-шаснаццаць гадоў хлопцам. Што яны бачылі ў гэтым жыцці?
   Падышлі да мастка. Мароз шэпча Паўліку: «Як крыкну, бяжы ў кусты». Паўліку здалося тады, што Мароз нешта ведае. А лясок вось ужо – побач. Дарога вузенькая, два паліцаі ідуць наперадзе, двое па баках. Раптам Мароз гучна крыкнуў: «Во ён, во – глядзіце!» І сам налева ад дарогі глядзіць, плячом і галавой паказвае, нібы кагосьці ўбачыў там. І так натуральна гэта ў яго атрымалася, што нават Паўлік туды зірнуў. Але толькі раз глянуў, потым скокнуў у супрацьлеглы бок і апынуўся ў гушчары. Праз секунды хтосьці стукнуў з вінтоўкі, потым яшчэ. Паліцаі прывалаклі Паўліка. Кашуля на яго грудзях набрыняла крывёй, галава абвісла. Мароза збілі так, што ўжо не падняўся. Каін для ўпэўненасці ударыў Паўліка прыкладам па галаве і спіхнуў у канаву з вадой.
   Там яго і падабралі ўночы. А тых шасцярых давезлі да мястэчка і патрымалі яшчэ пяць дзён. У нядзелю, як раз на першы дзень Вялікадня, вешалі. На тэлефонным слупе ля пошты ўмацавалі перакладзіну – тоўсты такі брус, атрымалася падабенства крыжа. Спачатку Мароза і Бародзіча, потым астатніх, то з аднаго, то з другога боку. Для раўнавагі. Так і стаяла гэта каромысел некалькі дзён. Закапалі ў кар'еры за цагельняй. Потым ужо, калі вайна скончылася, перахавалі бліжэй да Сяльца.
   Калі ў 44-м выбілі немцаў, у Гродне засталіся сякія-такія паперы: дакументы паліцыі, гестапа. І знайшлі адну паперу датычна Алеся Іванавіча Мароза. Звычайны лісток з сшытка ў клетку, напісана па-беларуску, – рапарт старшага паліцэйскага Гагуна Хведара, таго самага Каіна, свайму начальству. Маўляў, такога-то красавіка 42-га каманда паліцэйскіх пад яго пачаткам захапіла завадатара мясцовай партызанскай банды Алеся Мароза. Узялі хлопцаў, а праз тры дні злавілі і завадатара банды – было пра што рапартаваць. Ведама, спрэс хлусня. Але Каіну гэта было выгадна, мусіць, таксама, як і ягонаму начальству. Як ні дзіўна атрымалася, але і партызаны ненаўмысля пацвердзілі гэты дурацкі міф паліцая. Улетку, калі ў атрадзе набралася нямала забітых і параненых, запатрабавалі з брыгады дадзеныя пра страты. Успомнілі Мароза. Ён усяго два дні ў партызанах пабыў. Селязнёў і кажа: «Напішам, што трапіў у палон. Хай самі разбіраюцца». Так да нямецкага дадаўся яшчэ і наш дакумент. І абвергнуць гэтыя дзве паперкі было амаль немагчыма. Дзякуй Міклашэвічу. Ён усё-такі даказаў ісціну.
   Але здароўя ён так і не набраў. Грудзі прастрэленыя, ды яшчэ столькі часу ў вясновай вадзе праляжаў. Пачаліся сухоты. Амаль кожны год у бальніцах лячыўся. У апошні час, здавалася, нядрэнна сябе адчуваў. Але пакуль лячыў лёгкія, здало сэрца. «Як ні ратаваўся ад праклятай, а праз дваццаць год усё ж дагнала. Даканала нашага Паўла Іванавіча», – скончыў Ткачук.
   Міма праскочыла машына, але раптам замарудзіла ход і спынілася. Загадчык райана Ксяндзоў пагадзіўся падвезці. Машына кранула. Загадчык павярнуўся напаўпаварота і працягнуў спрэчку, пачатую ў Сяльцы. Ксяндзоў ментарскім тонам вяшчаў, што ёсць героі не пара гэтаму Марозу, які нават ніводнага немца не забіў. І ўчынак яго бязглузды – нікога не выратаваў. А Міклашэвіч выпадкова застаўся ў жывых. І ніякага подзвігу ў гэтым ён не бачыць. Ткачук, больш не стрымліваючыся, адказаў, што відаць загадчык душэўна сляпы! І астатнія, падобныя яму – сляпыя і глухія, нягледзячы на пасады і рангі. Ксяндзову ўсяго 38 гадоў, і вайну ён ведае па газетах ды па кіно. А Ткачук яе сваімі рукамі рабіў. I Мароз прыняў удзел. Міклашэвіч у яе кіпцюрах пабываў, ды так і не вырваўся. Скончылася тым, што Ткачук абазваў Ксяндзова «бязглуздым дурнем» і запатрабаваў спыніць машыну. Шафёр стаў прытармажваць. Журналіст паспрабаваў яго спыніць. Ткачук кінуў яшчэ некалькі фраз пра тое, што такія людзі, як Ксяндзоў, небяспечныя тым, што для іх усё ясна загадзя. Але так нельга жыць. Жыццё – гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў і лёсаў. Іх нельга ўціснуць у дзве-тры ходкія схемы, каб найменей клопатаў. Мароз зрабіў больш, чым калі б забіў сто немцаў. Ён жыццё паклаў на плаху добраахвотна. Няма ні Мароза, ні Міклашэвіча. Але яшчэ жывы Цімафей Ткачук! І больш маўчаць ён не будзе. Усім раскажа пра подзвіг Мароза.
   Не сустрэўшы пярэчанняў, Ткачук замоўк. Ксяндзоў таксама маўчаў, утаропіўшыся на дарогу. Фары ярка рэзалі змрок. Па баках мільгалі белыя ў промнях святла слупы, дарожныя знакі, вербы з пабеленымі камлямі (стваламі)...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!