Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Андрэй Мрый - Рабін

Увага! Поўны змест

I

   Мне трэба было адпачыць ад тлуму і пылу нашага гораду, і я не паехаў ні ў Крым, ні на Каўказ, а параходам заехаў у м. Гілёўку і спыніўся там у заезджым доме Гіршы Карасіка.
   Я нічога раней не ведаў пра гэтае мястэчка. Яно нічым не вызначалася ў нашай гісторыі. Я проста разглядаў карту населеных мясцоў па Сожы, і калі прачытаў назву Гілёўка, яна мне здалася месцам ціхім, маўклівым, дзе няма тлуму гарадскога, дзе чалавек яшчэ мала налажыў свае рукі на непакорную прыроду.
   Прыехаўшы, такім чынам, у гэтае мястэчка, я не вельмі шкадаваў на гэта, бо быў пад модным уражаннем толькі што закончанага вандравання.
   Цэлы дзень я ехаў параходам, а дзень быў ціхі, сонечны, сіні і пахучы. Перада мною праносіліся прыгожыя дубовыя гаі, бярозавыя ляскі, сасновыя гушчары і бязмежныя прасторы лугоў. Самае мястэчка яшчэ здалёку вабіла вока сваёю вежаю старой ратушы, зграбнымі мурамі двох касцёлаў і кумпаламі двох цэркваў!
   Заняўшы пакой, які адвёў мне гаспадар дому, я адчыніў вакно на вуліцу, і ціхі гоман кірмашу, які заціхаў, і вясёлай гульні яўрэйскай дзятвы парушыў маўклівасць заезджага дому. З вакна разгортваўся перад вачмі вялікі кругавід, і я глядзеў на сінюю стужку Сожа і складаў у сваёй галаве план, як у мяне пройдзе час тут, у гэтым мястэчку. Першым чынам, я, канешне, не застануся ў гэтым заезджым доме, а знайду ціхую хатку ў садку над Сожам...Другія думкі не йшлі ў галаву. Хацелася самых простых фізічных перажыванняў. Добра было б асвяжыцца ў хвалях Сожа, аддаць сваё цела яго цёплым плыням, перажыць радасць злучэння з водна й стыхіяй!
   Гэтае жаданне было вельмі модным. Я расчыніў партфель, дастаў адтуль рушнік і накіраваўся на вуліцу. Але ў самых дзвярах мне прыйшлося затрымацца. З другога пакоя, якраз такога, які заняў я, выйшаў не зусім звычайнага выгляду чалавек.
   Гэта быў яўрэй гадоў за 40 з вельмі шырокай і доўгай, старанна пешчанай чорнай барадой, з рэдкімі сям-там сівымі валасінкамі. На ім быў старамодны сурдут, вельмі старанна пачышчаны і зусім без плямаў. На галаве была нейкая асаблівай формы ярмолка. Вочы ў яго былі смелыя, рухавыя, з нейкай схаванай насмешкай. Яўрэй зірнуў на рушнік у маіх руках і запытаўся:
   — Купацца? Я таксама іду. Можа, пойдзем разам?
   — Не супярэчу! — адказаў я і першы выйшаў на вуліцу.
   Праўду кажучы, мне хацелася пабыць аднаму, аднаму паляжаць на пяску пад цёплымі праменнямі сонца і ціха заснуць пад рытмічны бег ракі, але я не вельмі злаваў, што сустрэліся перашкоды майму жаданню.
   Мы некалькі хвілін ішлі моўчкі. Я думаў і хацеў здагадацца, што за чалавек ідзе са мною... Гандляр які-небудзь? Не! Зусім не падобны да гандляра! Чысты сурдут, асцярожныя рухі, рукамі не махае, ідзе купацца, а гандляром усё жыццё «некалі» пачысціцца, усё ганяюцца за грашыма! Хто ж ён? Каб даведацца, я загаварыў:
   — Вялікае ваша мястэчка?
   — Не ведаю! Яно зусім не маё. Я тутака першы раз і такі самы прыезджы, як і вы.
   — Вы прыезджы? Якія-небудзь справы?
   — Я — рабін! — зусім проста і як быццам з гонарам адказаў яўрэй.
   — Рабін? — троху расчаравана перапытаў я і падумаў: «Ну, канешне! I як сам я не здагадаўся пра гэта, а яшчэ вывучаю быт і сацыяльныя праслойкі!»
   — Так! Я рабін. Ужо больш тыдня жыву тут, і абрыдла мне гэтае мястэчка, ой як абрыдла! Толькі адзін Сож і радуе.
   — А што, пашаны мала?
   — Не ў тым справа! Я — рабін, якога ведае ўся Літва, уся Польшча, Аўстрыя і Нямеччына! Пашаны яшчэ хапае з мяне!.. Можа, вы чулі пра рабіна Мардуховіча?
   — Таго самага, што з пачаткам вайны...
   — Але, але! — не даў дагаварыдь рабін. — Я і ёсць той самы Мардуховіч!
   Мы падышлі да самага Сожа і, абраўшы выгоднае месца, пачалі распранацца.
   — Чаму вам абрыдла мястэчка і што вы робіце тут? — запытаў я, вельмі зацікаўлены.
   — Я езджу па ўсіх мястэчках і вяду прапаганду за рэлігійнае ажыўленне, вяду сярод яўрэяў дыспуты з бязбожнікамі...
   — За гэта што-небудзь плацяць?
   — Вядома! Хто ж паедзе так? Ды яшчэ такі вядомы чалавек, як я? Канешне, цяпер людзі не такія шчодрыя, як раней. Яны не даюць і пятай долі ад таго, што калісьці давалі. Цяпер грошай больш усяго шкадуюць, жыццё зноў пачалі страхаваць! А моладзь зусім адышла ад рэлігіі, пі шэлега гарэлага ад яе не вырвеш, ды яшчэ бацькоў падгаварваюць... Але як там ні ёсць, а наша справа яшчэ моцная. Мне, напрыклад, ахвотна плацяць па 10 руб. за дзень.
   — Праўда, па гэтым жыць можна! — сказаў я і ўсміхнуўся, параўнаўшы свой заробак з рабінскім. — Праўда! Справа ваша яшчэ моцная, мацней, чым папоўская!
   — Але слабей, чым ксяндзоўская! Толькі ўсё гэта мне абрыдла: і грошы іх, і пашана. Вельмі хочацца дамоў. Два месяцы ўжо раз’язджаю і кожны дзень гавару, гавару, гавару. — Рабін пагладзіў свой напуклены жывот, пачухаў валасатыя грудзі, хвіліну памаўчаў і загаварыў:
   — У мяне ёсць жонка, і яшчэ вельмі прыгожая жонка. Па праўдзе сказаць, я надта занудзіўся па ёй. Цяжка мне кінуць яе адну на такі доўгі час, і ой як страшна, а самому хоць прападай. Гэтыя два месяцы я сам не свой. Усё думаю пра жонку, усё баюся за яе. А яшчэ трэба месяц валачыцца па гэтых мястэчках.
   — Прыгожая жонка — турбота чалавеку! Але кажуць, што жонка рабіна, як і жонка цэзара, павінна быць вышэй усякіх западозранняў.
   — Так было раней, а цяпер зусім не так. Вы ведаеце, што сказаў адзін разумны чалавек пра жанчыну? Ён сказаў: «Жанчына ў 20 год — дзікая, пустэльная Азія, у 30 год — гарачая Афрыка, у 35 — палкая Эўропа, у 40 год — вольная Амэрыка і ў 50 — закінутая Аўстралія».
   — А ваша жонка да якой часткі свету належыць?
   — Ёй 37 год. Кажуць, што ў гэты перыяд у жанчыну ўлазіць нейкі д’ябал ды абуджае звера. Цяпер ні за кога нельга паручыцца. Вы кажаце, што жонку рабіна ніхто не зачэпіць. Якраз наадварот. Празмусціць жонку духоўнай асобы — гэта так прынадна! Гэта самую рэлігію падрывае. Нават пачуццё граху не можа спыніць чалавека. Не было яшчэ выпадку, каб чалавек, якога захапіла каханне, ці, прасцей кажучы, — фізіялагічнае імкненне, спыняўся ці думаў аб грахоўнасці. Чалавеку гэта і з галавы вон! Такая гарачая кроў запылае ў жылах, так усё нутро загарыцца, што ніякае пекла, ніякі смяртэльны агонь, ніякі суд божы не запалохаюць чалавека. Што будзе далей — няважна. Пасля можна каяцца, але гэта позна ходзіць!
   — Гэта праўда, і не зусім голая, як кажуць. Цяжка адзін раз перайсці мяжу, а пасля лёгка схадзіць у пекла! Альбо, як кажа народ, «усцервіўся воўк жарабятак рэзаць!». Вы гэта так кажаце, як быццам часта перажывалі гэта пачуццё ўсемагутнага любоўнага інстынкту, які не спыняецца ні перад чым. Ксяндзы, вядома, найбольш напрактыкаваныя ў гэтых грахох. Дый папы не ўпушчаюць моманту... А як рабіны? — запытаўся я.
   Мардуховіч усміхнуўся:
   — Рабіны — не! Скажу вам, што асабіста я чужых жанчын нават мязінцам не зачапіў!
   Я палез у ваду. За мной нясмела, асцярожна ступаючы, пасунуўся і рабін, але, як вада дайшла да грудзей, ён спыніўся і пачаў, як дзіцёнак, пялёскацца каля берагу. А я паплыў на другі бераг. Плывучы, думаў пра сваю жонку, якая не вельмі вернай мне была (як і я ёй). У гэтым годзе мне здаецца, што яна належыць і другому чалавеку, таму, якога я паважаю, з якім я не магу парваць дачыненняў, якому я шмат чым абавязан. Я не хачу разблытваць гэту гісторыю, не хачу і не магу кінуць жонкі. Яна ні ў чым мне не супярэчыць, яна вельмі ласкавая, у яе няма дзікунскіх фантазій, яна проста скарб для мяне. I я нават баюся калі-небудзь захапіць іх... Я думаю, што ў гэты час там на дачы мая жонка не адна. Мне зрабілася лядашна, і, каб знішчыць дрэнны настрой, я моднымі ўзмахамі пачаў перасякаць плынь ракі.
   Мардуховіч выйшаў з вады і модна расціраў цела шурпатым ручніком. Як нейкую надзвычайную навіну, ён паведаміў мне, што мае неўроз сэрца, праводзіць без сну ноч, усё думае, думае, думае...
   Я зірнуў на ўсю постаць Мардуховіча, на яго напуклены жывот, і мне смешна зрабілася. Я прыпамятаў удалую характарыстыку, якую дае народ такім людзям: «На плечы тонкі, дык на пуза ўсядзісты!»
   Я сказаў рабіну:
   — Вам трэба фізічнай працай заняцца, трэба тлушчу пазбыць, ды кінуць сваю прафесію. Тады ўсё пройдзе! Па-мойму, ад сыці чалавек шалее, а кажа: неўроз!
   — Бываюць дні, што я нічога не ем! А неўроз вельмі непрыемная хвароба! Я ў вас запытаю: што з вамі робіцца, калі жонка скажа: паляжы троху, а я сабе пагуляю. Што тады робіцца!
   — Не ведаю! — сказаў я.
   — А тое робіцца, што сэрца тыхкае, як не выскачыць! Так і са мною, калі пачынаю думаць ды вырашаць праклятыя пытанні. Сэрца стукоча. I так горасна робіцца ва ўсім целе і галаве! Ад таго і ночай не сплю.
   — Вы ўжо не малады чалавек! Можа, ад гэта га? Пад старасць часта не спіцца! Нічога не зробіш! Быў конь, ды з’ездзіўся!
   Рабіна, як відаць, зачапілі мае словы аб яго старасці, і ён энергічна адказаў:
   — Па ўзросту яшчэ я не зусім стары. Я магу вам адказаць на гэта тое, што адказала адна тоўстая жанчына. У нас думаюць, што ў тоўстых жанчын няма запалу ў справах кахання. I калі я запытаўся ў аднае тоўстае жанчыны, ці праўда гэта, дык яна з пагардай адказала: «Пашукай больш тоўстую жанчыну і запытайся, няшчасны, у яе!» I я вам тое самае скажу: пашукайце больш старога чалавека, чымся я.
   Мы апрануліся і пайшлі па сцежачцы, якая вінталём вяла нас на гару. Мы зноў ішлі моўчкі. Мне прыйшла ў галаву адна думка, і, калі мы падняліся на гару, я ўсміхнуўся і таемна загаварыў з рабінам:
   — Я ведаю, чаму вы ноччу не спіцё, чаму ў вас сэрца б’ецца, чаму вы шмат думаеце і ні да чога не дадумаліся.
   — Ну? — неахвотна адклікнуўся рабін, адчуваючы нейкія хітрыкі.
   — А таму, што безнадзейная справа — абараняць цяпер рэлігію. Рэвалюцыя зняла прыгожы ўбор з яе, і цяпер выразна агалілася брыдота, распуста, глупства! Мне здаецца, што кожны разумны чалавек з вашага стану не можа не адчуваць страшэннае маны ўсяго гэтага, не можа не мучыцца.
   Рабін нечакана схапіў мяне за руку і хутка загаварыў:
   — Праўду вы кажаце! Ведаеце, як пачалася рэвалюцыя, у мяне часта з’яўляецца спакуса і моцнае жаданне расчыніць вочы людзям, якія яшчэ вераць. Ніхто з яўрэяў не можа так лоўка гэтага зрабіць, як я. Я мог бы напісаць самыя сенсацыйныя выкрыцці адносна Бібліі і Талмуду. Я мог бы хоць кожны дзень даваць усё новыя і новыя факты і думкі супраць рэлігіі. Гэта так прынадна, што я, прызнаюся вам, спрабаваў пісаць такія карэспандэнцыі ў «Бязбожнік», але, напісаўшы, ірваў іх на мэтлахі. Неяк сорамна робіцца. Я не маю права гэтага рабіць!
   — Не разумею! Чаму не маеце? Вы ўпэўнены ў правільнасці сваіх думак?
   — Я баюся разбіваць ілюзіі. Рэлігію нельга разбурыць, бо тады будзе страшэнная распуста!
   — Гэта недарэчнасць. Замест рэлігіі будзе новая мараль, больш чалавечная, свабодная і рэальная!
   — Чаму ж цяпер у вас няма гэтае маралі?..
   — Яшчэ мала часу прайшло, каб новая мараль аформілася, але яна афармляецца...
   Рабін не слухаў мяне:
   — Чаму так каламажыцца народ, якому няма прыстану, бо вы лейцы з рук выпусцілі, разбэсцілі яго? А чаму моладзь так матэрыялістычна, беспрынцыпна і прагна на грошы?
   — Вашы словы хлусня! — раззлаваўся я. — Моладзь матэрыялістычна?! Так і трэба. Няхай прызнае толькі рэальнае! Але ў яе сталыя, акрэсленыя прынцыпы. За грошы яе не купіце!.. Я не бачыў, каб яна цаніла грошы самі па сабе!
   — Моладзь?! Ім усё гігікі! Усё яны гатовы вынесці на смех...
   — Усё, што варта смеху...
   — Дарэчы, я хачу запытаць, што азначае слова «абскурвант», якім яны абазвалі мяне ў адной іхняй газеце?
   — Абскурант? Яно азначае прыхільніка цемры народнай.
   — А я так і думаў, што гэта нешта непрыстойнае! Добра яшчэ, што ніхто з маіх прыхільнікаў не ведае сэнсу гэтага слова!
 

ІІ

   Быў абедзенны час. Сеўшы на ганку, у цяні старых ліп, я глядзеў на вуліцу і людзей, якія сонна рушыліся па ёй. Выйшла гаспадыня дому і таксама на хвіліну прысела на ганку. Яе звалі Цыляй. Гэта была яшчэ маладая, прыгожая і чарнавокая жанчына. З белымі пульхнымі рукамі, вішнёвымі губамі, белымі як часнок зубамі і стромкай фігурай. Я думаю, што Цыля ў кожнага здаровага мужчыны безумоўна выклікала нейкую фізічную радасць, нейкае няяснае хваляванне ў крыві ад аднаго толькі ўзгляду яе вачэй... Цыля была поўнай процілегласцю свайму мужу Гіршу — слабаму, хударляваму, неахайнаму і немаладому мужчыну, які ўвесь дзень цацкаўся з дзіцёнкам, маленькім сынком Ёселькам, што ледзьве дыхаў і жыў.
   Прыходзілася дзівіцца, што ад такой здаровай маткі з'явіўся зусім слабы адростак.
   Цыля запытала, ласкаючы мяне сваімі вачмі і свежымі губамі:
   — Ці не хочаце, таварыш, абедаць? У нас ёсць фаршыраваная рыба, ёсць крупеня, і яшчэ што-небудзь знойдзецца!
   — Добра! Дайце рыбу, дайце крупеню, дайце бутэльку піва, — сказаў я, стараючыся ўкласці ў гэтыя словы ўсю сваю зацікаўленасць ёю. Я пайшоў услед за Цыляй і сеў за стол. Рабін, пабачыўшы, што я ўсаджваюся абедаць, выказаў жаданне паабедаць разам, заявіўшы мне развязна:
   — Я люблю ў кампаніі.
   Абедаючы, зноў гаварылі аб рэлігіі.
   — Гэта праўда, што чым адукаваней чалавек, тым менш яму патрэбна рэлігія! — гаварыў Мардуховіч. — Я маю вялікую здольнасць самыя заблытаныя тэзы тлумачыць проста, зразумела. Сярод яўрэяў няма такіх, якія выступілі б супроць мяне, калі я кажу пра рэлігію. Але пад сакрэтам скажу вам, што таксама я здолеў бы гаварыць і супраць рэлігіі, і тады не знайшлося б чалавека, хто гаварыў бы...
   — Значыць, вы не шчыра кажаце? Не шчыра прапаганду вядзеце, а за грошы?
   — Гэта не зусім так, — сказаў ён, пачырванеўшы. — Дагэтуль я шчырым быў, але гады два ўжо нейкі д’ябал супярэчнасці жыве ў маёй галаве, і я не ведаю, чым гэта скончыцца. Гэтыя два месяцы зусім змардавалі мяне і яскрава падкрэслілі, што хоць мы і маем патэнт на жыццё, але справа наша скончаная.
   — Лагічны вывад?
   — А вываду і няма. Калі цяпер рэлігію разбурыць, дык, зноў кажу, будзе распуста, людзі кінуць трымацца якіх-небудзь прынцыпаў, усё роўна як тая жонка, каторай муж усё дазволіў. Яна асмакавала густ у распусце і забажаліла яе, як зелля якога ці смерці.
   — Рэлігія цяпер не можа быць кіруючым прынцыпам! Людзі перараслі рэлігію! — сказаў я, адчуваючы непатрэбнасць далейшай размовы.
   — Я з вамі не згодзен! — не ўнімаўся рабін. — Для большасці людзей яна неабходна. Вось вам прыклад. Бачылі вы гаспадыню гэтага дому? Бачылі яе нікчэмнага чалавека? А дзіцёнка? Гэтай Цылі не такі мужчына патрэбен, і не такі дзіцёнак радзіўся б! Праўда?
   — Праўда! — сказаў я.
   — I вось каб не рэлігія, — урачыста сказаў рабін, — бацькі кінулі б гэтага рахітычнага дзіцёнка. Дужа ім трэба цацкацца! Толькі рэлігія і яе законы прымушаюць песціць гэтага заморка.
   — Рэлігія тут ні пры чым. Інтарэсы роду, інстынкт пашырэння індывідуальнасці.
   — Інстынкт сляпы! Яго трэба акрэсліць законам.
   — Гэта можна акрэсліць звычайным законам, чалавецкім.
   — Вось вам яшчэ прыклад, — сказаў рабін, — у старыя часы я меў шмат грошай і часта даваў людзям пазыкі на гаспадарчы ці гандлёвы пераварот.
   — На працэнтах?
   — Вядома! Дык вось мой вывад: тыя гандляры, што былі набожнымі, не скруцілі ні аднае капейкі, а хто быў так сабе, у каго была цверж натуры і вальнадумства, той часта кудысьці з’язджаў, і даводзілася яго шукаць законам, судом.
   Рабін раптам змоўк. ён зірнуў у вакно і пабачыў на вуліцы нейкага чорнага барадатага чалавека, які зрабіў нейкі ўмоўны знак. Мардуховіч папрасіў у мяне прабачэння і выйшаў на ганак, дзе завёў доўгую размову з барадатым чалавекам.
   Я быў вельмі рады гэтаму. Рабін пачынаў выклікаць варожасць і пачуццё нейкай трухлявіны. Я пайшоў аглядаць прыгожыя аколіцы мястэчка.
 

ІІІ

   Ноччу я доўга не мог заснуць на новым месцы. Здавалася, што па ўсім целе поўзаюць няўлоўныя агідныя стварэнні, якія выклікалі непераносную ісцу на целе. Я ніяк не мог супакоіцца, і толькі як запелі другія пеўні, на хвіліну задрамаў. Але раптам пачаўся моцны стукат у дзверы. На стукат ніхто не выйшаў адчыняць дзверы, але разам з гэтым (што мяне вельмі здзівіла) у пакоі гаспадара пачуўся нейкі таемны шэпт, нейкая мітусня, нейкае ойканне. Я падумаў, што нешта нядобрае здарылася, схапіў сярнічкі, хутка запаліў свечку і пайшоў да дзвярэй, дзе стукалі яшчэ мацней. Вачом маім давялося пабачыць дзіва: з пакоя гаспадара выходзіў рабін. Вочы яго былі апушчаны. Ён баяўся зірнуць на мяне і, цяжка дыхаючы, шмыгануў у свой пакойчык.
   Я пайшоў да дзвярэй і запытаўся:
   — Хто там?
   — Я! — пачуўся голас Гіршы Карасіка. Уся гісторыя зрабілася мне зразумелай. Не ведаю, па якой асацыяцыі прыпамяталася калісьці абрыдлая латынь:
   Facіlіs est
   descensus avernі!
   А па-нашаму: лёгка дайсці да пекла!
 


І929
 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!