Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Выбачайце, калі ласка. Ідэйны змест, характарыстыка галоўных герояў

   З'яўленне сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка» (1953) — грамадзянскі і творчы подзвіг драматурга. Спектаклі па п'есе выклікалі шырокі рэзананс ў краіне, прынеслі Андрэю Макаёнку ўсесаюзнае прызнанне.
   У той час, калі ў літаратуры панавала тэорыя бесканфліктнасці і ў творах змагалася добрае з лепшым, малады драматург звярнуўся да вострага жыццёвага канфлікту, паказаў залежнасць калгасаў ад раённых кіраўнікоў. Макаёнак вывеў старшыню райвыканкома, які дзеля кар'еры ідзе на падман дзяржавы, з'едліва высмеяў стыль кіраўніцтва, калі жывая праца падмяняецца пасяджэннямі. Калібераў — тыповы кіраўнік савецкага часу, і высмеяны драматургам, ён не адно дзесяцігоддзе кіраваў калгасамі, раёнамі, прадпрыемствамі, абласцямі, нават рэспублікамі, ён выдатна ўпісаўся ў сённяшнюю рэчаіснасць.
   Як нельга лепш адносіны такога кіраўніка да народа характарызуе наступная рэпліка: «Таварыш Гарошка! Я яшчэ не помню такога выпадку, каб за нізкі працадзень каму-небудзь абвясцілі вымову. А за адставанне з хлебапастаўкамі я асабіста... ведаю такіх кіраўнікоў, якія па дзве і тры вымовы маюць». Мэта Каліберава — вярнуцца ў сталіцу. Там ён займаў нейкую адказную пасаду, але не справіўся з абавязкамі, і яго «панізілі» — перавялі на працу ў раён. Даючы прадгісторыю персанажа, Андрэй Макаёнак гаварыў пра заганную практыку савецкіх і партыйных функцыянераў — кіраўніка, які не ўмее ці не хоча працаваць, не здымаюць з пасады, а пераводзяць у іншае месца.
   Талент Калібераў мае, але зусім не той, каб разумна наладзіць працу ў раёне. Ён выдатны дэмагог, за клопатам пра дзяржаву лоўка хавае свае эгаістычныя намеры. Метады ў яго тыя ж, што і ў Гарлахвацкага («Хто смяецца апошнім»), ён запалохвае Гарошку фармуліроўкамі тыпу «сабатаж», «кулацкая тэндэнцыя», «шкодніцтва». Перад пагрозай выкрыцця «здае» сваіх бліжэйшых памочнікаў, звальвае віну за прыпіскі на Моцкіна. Ён сапраўды нібыта ў баку, у яго прынцыповасць і сумленнасць доўга вераць Гарошка і калгаснікі.
   Моцкін — другі цікавы характар у п'есе. Ён дзейнічае актыўна, нахрапіста, яму няма за каго хавацца. Дапамагае Калібераву таму, што ад старшыні райвыканкома не ў малой ступені залежыць — уздымецца Моцкін ці не па службовай.лесвіцы.
   Андрэй Макаёнак адкрыў новы тып — запалоханага, зацюканага начальствам старшыні калгаса. Гарошка ўнутрана сумленны чалавек, дбайны і разумны гаспадар. Калгас, якім ён кіруе, не з горшых, за што раённае начальства пастаянна завышае гаспадарцы план здачы збожжа дзяржаве.
   Становішча, у якое трапіў Гарошка — стаў, не жадаючы таго, махляром — аўтар тлумачыць асаблівасцю яго характару. Персанаж не вызначаецца ні настойлівасцю, ні рашучасцю, ён падатлівы, палахлівы, баіцца начальства, баіцца калгаснікаў. Аднак такое тлумачэнне нясе ў сабе пэўны момант спрашчэння і згладжвання жыццёвага канфлікту. Супрацьстаяць самаўладдзю раённага начальства, калі зверху дыктавалі, што сеяць і калі ўбіраць, было вельмі цяжка і старшыням валявым, рашучым.
   Нават ідучы на махінацыі, Гарошка кіруецца інтарэсамі калгаса, думае, што можна «і другія работы падцягнуць, не будзе той гарачкі». Даўшы гарантыйную распіску Печкурову, ён жыве ў трывозе, душэўна пакутуе. У п'есе адбываецца «перавыхаванне» Гарошкі, ён пераадольвае сваю нерашучасць, палахлівасць і выступае супраць Моцкіна і Каліберава. Дапамагаюць гэта зрабіць старшыні калгасніца Ганна Чыхнюк, брыгадзір Міхальчук, сакратар райкома партыі, які прыязджае на сход.
   Пры ўсёй смеласці пастаўленых праблем камедыя «Выбачайце, калі ласка» застаецца творам свайго часу. Аўтар крытыкаваў асобных кіраўнікоў, хоць і падкрэсліваў пры гэтым іх тыповасць і жывучасць. Пытанне пра Сістэму, пра дзяржаўны стыль кіраўніцтва ён не ставіў.
   У камедыі шмат сцэн, напоўненых іскрамётным смехам, дасціпным гумарам. Так, паказваючы здзелку Гарошкі і Печкурова, А. Макаёнак «абыгрывае» імёны персанажаў:
Печкуроў. Э-э, ды Ягор Сяргеевіч можа нас аб'ягорыць.
Гарошка. Што вы, Кузьма Прохаравіч? Каб вы мяне не падкузьмілі.
   Альбо: старшыні райвыканкома Курбатаў гаворыць выпадкова, яшчэ не ведаючы пра ролю ў махінацыях Каліберава, што «аферысты бываюць розных калібраў». Старшыня, быццам не пачуўшы, перапытвае, хоча ўпэўніцца, што стаіць за словамі пракурора, бо Калібераў і калібр вельмі блізкія па гучанню.
   Мова персанажаў індывідуалізавана. Гарошка, напрыклад, не толькі пазнаецца праз сваю любімую прымаўку «хоць круць-верць, хоць верць-круць», але дзякуючы ёй акрэсліваюцца рысы яго характару, яго становішча. Яму сапраўды даводзіцца «круціцца», «варочацца», трымаючы адказ перад начальствам, якому патрэбны «план», і перад такімі сумленнымі калгаснікамі, як Ганна.
   Дыялогі камедыі поўныя дынамікі, драматург часта звяртаецца да падтэксту, іроніі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!