Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак - Трыбунал

   У драматургіі, абмежаванай законамі жанру, цяжка стварыць ілюзію "акопнай праўды". У паказе вайны пісьменнікі адмаўляліся ад павярхоўнасці і імкнуліся дасягнуць глыбіні і шматмернасці. Адным з этапных твораў на гэтым шляху была трагікамедыя Андрэя Макаёнка "Трыбунал".
   Гэтая п'еса была поўнай нечаканасцю. Зрэшты, амаль кожны твор Андрэя Макаёнка, непрадказальнага аўтара, парадаксаліста, бянтэжыў крытыкаў і прымушаў іх карэктыраваць уласныя падыходы да літаратуры. Крытыка прызвычаілася да таго, што аўтары "ваенных" твораў абіраюць трагічную або рамантычную танальнасць пісьма. І раптам з'яўляецца п'еса пра вайну, у якой прысутнічаюць камічны пачатак, смех.
   П'есы адпаведнага жанру належаць да гераічнай камедыі. У літаратурнай гісторыі ёсць тыпалагічна блізкія творы: "Прыгоды ўдалага ваякі Швейка" Я. Гашака, "Васілій Цёркін" А. Твардоўскага, "Прыгоды радавога Чонкіна" А. Вайновіча. Аб'ядноўвае іх гумар, камізм, якія фенаменальным чынам існуюць на фоне трагічных, кровапралітных рэалій.
   Андрэй Макаёнак вызначыў жанр твора як "трагікамедыю" або "народны лубок". "Трыбунал" набліжаецца да паэтыкі батлейкі з яе камічнымі тыпажамі. Паказаны ў п'есе нямецкі камендант нагадвае тых карыкатурных "фрыцаў", што выступалі ў якасці антыгерояў на сатырычных плакатах ваеннага часу. У рэалістычным творы такі персанаж выглядаў бы недарэчна павярхоўным. А ў межах "лубка" ён са сваімі тупаватасцю і пыхай успрымаецца арганічна:
   " К а м е н д а н т. ...А ты, староста, какой дольжносць імел от большэвікі?
   Ц я р э ш к а. Я? Пастух. Пастухом быў колькі год. З пугай хадзіў. З такой доўгай пугай, што страляла. (Жэстам паказвае, як гэта ён страляў пугай.) Свіней, кароў пасвіў. Маладзейшы быў, за свіннямі хадзіў. А потым за кароўкамі. А дзеці, як падраслі, --адзін на трактары, другі шоферам, трэці ў горад падаўся. А каторыя дома памагалі. Не скажу, што лёгка было. Але неяк мадзелі.
   К а м е н д а н т. Ты страляў швінні, карова. Ты есць мьяснік?
   П а л і н а. Ну і абух.
   К а м е н д а н т. Што есць "абух"?
   Ц я р э ш к а. Гэта яна мяне так - ласкава, далікатна".
   Галоўны персанаж твора, Цярэшка Калабок, мае выразны, псіхалагічна напоўнены характар. Ён з'яўляецца носьбітам традыцыйных рыс беларускай ментальнасці, але сваімі паводзінамі гэты тыпаж і разбурае.
   На пачатку твора Цярэшка Калабок, задыханы, прыбягае дахаты і паведамляе родным, што прызначаны нямецкімі ўладамі старастам. Якая, здавалася б, гэта радасць для яго, былога калгаснага пастуха, што не асмельваўся камандаваць нават жонкай, гэтая нечаканая ўлада над людзьмі! Ён не хавае, а наадварот, усяляк паказвае гэтую радасць: "Кандзібоберам хадзіць буду!"
   Здавалася б, на прыкладзе Калабка можна дэманстраваць славутую беларускую памяркоўнасць, даведзеную да скрайнасці. "Ты есць дзікі чалавек. Ты есць джунглі чалавек", - чуе Цярэшка ад немца. І дабрадушна адказвае: "Абы чалавек, а ета ўсё... хай сабе і дзікі".
   Драматург так пабудаваў дзеянне, што ў гледача міжволі ўзнікае здагадка: з гэтым Калабком не ўсё так проста. Не можа быць, каб гэты смешнаваты маленькі чалавек, бацька дванаццаці "кіндэраў" быў такім ужо закончаным халуём, цынічным калабарантам. Штосьці тут не тое...
   Хітры Калабок па-майстэрску вядзе сваю падвойную гульню і падманвае не толькі немца і паліцая, але і сваіх родных, нават праніклівую жонку Паліну. Бясспрэчнае перабольшванне ў п'есе -сцэна, у якой дзеці і жонка запіхваюць Калабка ў мяшок і рыхтуюцца патапіць яго ў студні. З драматургічнага адзінства выпадае штучны фінал, дзе Валодзька, не вытрымаўшы сораму за бацьку, падрывае сябе разам з камендатурай.
   Такія творы, як "Трыбунал" дапамагаюць глыбей зразумець тыя якасці беларускага характару, якія выяўляюцца падчас пагрозы, што вісіць над лёсам чалавека, яго сям'і і ўсёй нацыі. Незвычайныя паводзіны Калабка, уменне весці падвойную гульню, ягоныя дыпламатыя і гнуткасць, здольнасць прыкінуцца прастадушным, дурнаватым - яны дапамагаюць зразумець нязломнасць беларусаў падчас другой сусветнай вайны. І не толькі - бо, паводле свайго геапалітычнага становішча, народ вымушаны быў змагацца з захопнікамі.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Лявоніха на арбіце

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора