Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Андрэй Макаёнак - Выбачайце, калі ласка

Дзеючыя асобы:

Калібераў Сцяпан Васільевіч.
Антаніна Цімафееўна.
Моцкін.
Печкуроў Кузьма Прохаравіч.
Гарошка Ягор Сяргеевіч.
Марыя Кірылаўна.
Наташа.
Лёня.
Ганна Чыхнюк.
Міхальчук.
Гардзіюк.
Курбатаў Сяргей Іванавіч.


Дзея першая.
(Ліпеньскі ранак. Кватэра Каліберава).
    У старшыні райвыканкома Каліберава дрэнны настрой, бо атрымаў вымову за заганны стыль работы. Жонка хоча неяк дапамагчы мужу, прапануе паснедаць, пераапрануцца. Калгасніца Ганна Чыхнюк прыходзіць за мяшкамі, у якіх Калібераву прывозілі купленую бульбу. Ганна гаворыць, што раённае начальства павінна больш патрабавальна ставіцца да старшыні, каб ён крыху варушыўся.
    З'яўляецца адказны за хлебанарыхтоўкі Моцкін. Антаніна Цімафееўна,, жонка Каліберава, жаліцца на мужаву хваробу — камні ў печані, хоча, каб яго шкадавалі і паважалі.
    Моцкін паведамляе Калібераву «сакрэтны сакрэт» — як выйсці на першае месца па хлебанарыхтоўках. Для гэтага трэба, каб дырэктар спіртзавода выдаў распіскі, што калгасы здалі яму збожжа. Старшыня райвыканкома, выслухаўшы Моцкіна, пачынае разважаць, на каго з кіраўнікоў калгасаў можна выйсці з такой справай. Потым абвінавачвае свайго памочніка ў тым, што ён штурхае «на падман партыі, на падман дзяржавы, на злачынства». Абяцае, што калі Моцкін хоць раз яшчэ згадае свой «план», то выкрые яго «камбінатарскія махінацыі» на бюро райкома. Моцкін спалохаўся.
    Антаніна Цімафееўна тлумачыць Моцкіну, што гнеў Каліберава несур'ёзны («Ён жа толькі ведаць не хоча. Яму не трэба гэтага ведаць»).
    Прыходзіць дырэктар спіртзавода Печкуроў з просьбай уратаваць ад вайсковых збораў. Пасля некаторай нязгоды Калібераў тэлефануе маёру Дуеву.
    З двума кошыкамі агуркоў нясмела заходзіць старшыня калгаса Гарошка. Антаніна Цімафееўна запрашае ўсіх на снеданне. Жонка нагадвае Калібераву, калі ён таксама бярэцца за чарку, пра яго «камні ў пячонцы». Гарошка просіць не завышаць хоць у гэтым годзе план хлебазакупа. Калібераў разважае пра інтарэсы дзяржавы. На клопат старшыні, што ў калгасе нізкі працадзень, ён гаворыць: «Таварыш Гарошка! Я яшчэ не помню такога выпадку, каб за нізкі працадзень каму-небудзь абвясцілі вымову. А за адставанне з хлебапастаўкамі — я асабіста... ведаю такіх кіраўнікоў, якія па дзве і тры вымовы маюць. Ясна? »

Дзея другая.
(Двор старшыні калгаса «Партызан» Гарошкі. На верандзе сын Гарошкі малюе, ён сам спіць).
    Марыя Кірылаўна, жонка Гарошкі, будзіць мужа, гаворыць, што прыехаў Калібераў. Старшыня хоча схавацца ад раённага начальства на гарышчы, бо не выканаў план паставак збожжа за тыдзень. Жонка і дачка спыняюць яго.
    Калібераў, з'явіўшыся, адразу пытае пра план паставак. Моцкін нагадвае, што ў калгасным свірне ляжыць сем тон намалочанага збожжа. Тое, што гэта насенны фонд, начальства не цікавіць. «Калібераў. Трэба не забываць першую запаведзь: лепшы хлеб у першую чаргу — дзяржаве. А вы, як аднаасобнік, як прыватнік разважаеце. Больш таго... Вельмі падобна на кулацкую тэндэнцыю». Ён патрабуе зняць калгаснікаў з усіх работ і кінуць на малацьбу, камбайн зняць з цімафееўкі і паслаць на жыта. Брыгадзір Міхальчук адмаўляецца пераводзіць людзей на іншую працу ў гэты дзень. Пагражаючы старшыні калгаса пасяджэннем бюро Калібераў і Моцкін пакідаюць Гарошкаў двор.
    Прыбягае раззлаваная Ганна, заяўляе, што з насеннага участка збожжа не аддасць. Моцкін, які вярнуўся, гаворыць ёй пра датэрміновае выкананне і перавыкананне планаў. Спрабуе Ганну запалохаць: «Вы гарлапан! Вы зрываеце хлебапастаўкі! Вы сабатуеце дзяржаўнае мерапрыемства!..»
    Ганна выказвае Моцкіну ўсё, што думае: «Я знаю, дарагі ты наш начальнік, чаго табе хочацца. На чужым гарбу ў рай! Табе абы толькі хутчэй план выканаць, перад начальствам пахваліцца, тэлеграму ў вобласць паслаць».
    Застаўшыся з Гарошкам, Моцкін прапаноўвае напісаць спіртзаводу гарантыйную распіску на хлеб. Старшыня вагаецца, баіцца Каліберава, пракурора, потым пытаецца, якая выгада дырэктару Печкурову даваць квітанцыі. Моцкін тлумачыць, што ён пабудаваў сабе дамок, а склады адрамантаваць забыўся.
    Пасля напамінку пра пасяджэнне, куды яго выклікае Калібераў, Гарошка згадзіўся даць распіску. З'яўляецца Печкуроў з гатовымі квітанцыямі, усе ідуць у праўленне ставіць пячатку.
    Пракурор Курбатаў пытаецца ў Лёні, сына Гарошкі, дзе бацька, маці, сястра. Яго цікавіць Наташа. Курбатаў і Наташа дамаўляюцца пра вяселле, плануюць мядовы месяц. Лёня стаў сведкам, як сястра пацалавала пракурора.
    Вяртаецца Гарошка, сын паведамляе пра прыезд пракурора. Убачыўшы ўсхваляваную жонку, старшыня зусім разгубіўся, не можа зразумець, што Курбатаў прыехаў сватацца да яго дачкі.

Дзея трэцяя.
(Службовы кабінет Каліберава).
    Настрой у старшыні райвыканкома найлепшы. Ён падлічвае працэнты. З'яўляецца жонка з газетай у руках, зачытвае тое месца, дзе гаворыцца пра перадавікоў. Калібераў уключае радыё, гучыць яго голас: «...Мы з чэсцю будзем трымаць першынство ў вобласці па выкананню дзяржаўных абавязацельстваў па хлебанарыхтоўках. Парукай таму — зладжаная арганізацыя працы, працоўная дысцыпліна і добрае надвор'е».
    Чуваць раскаты грому. Антаніна Цімафееўна марыць пра вяртанне ў сталіцу.
    Уваходзіць Моцкін. Ён занепакоены выступленнем Каліберава, папярэджвае, што цяпер кожную хвіліну трэба чакаць карэспандэнтаў. («Вопыты, метады, перадавікоў ім дай, тое пакажы, гэта раскажы... А што мы ім раскажам?») Калібераў абяцае з Моцкіна «зрабіць блін».
Моцкін: «...За што? Калі б я што-небудзь якое, дык я ж ніколі, нічога, ніякага... Квітанцыі я не выпісваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў». Ён раіць начальніку выклікаць старшынь і паказаць, што ведае пра іх махінацыі.
    У кабінет заходзіць журналістка. Калібераў імкнецца ёй спадабацца, хваліць яе артыкулы. Запрашае спыніцца ў яго на кватэры. Гардзіюк хоча высветліць, як раён дабіўся такіх поспехаў. Калібераў гаворыць пра наладжаную арганізацыю працы і пералічвае праведзеныя сходы, сесіі, семінары, нарады, злёты. Журналістка здзіўлена іх колькасці.
    Нясмела стукаецца Гарошка. Калібераў знаёміць яго з Гардзіюк, намякае пры гэтым, што ведае, як арганізаваў здачу збожжа старшыня-перадавік.
    Калібераў настойліва выпраўляе журналістку пераапрануцца ў сухое. Тэлефануе жонцы, каб сустрэла яе.
    Старшыня райвыканкома адчытвае Гарошку, пагражае аддаць пад суд. Кіраўнік калгаса ледзь не плача, хоча растлумачыць, як усё атрымалася. Яму ставяць умову — за суткі здаць хлеб і вярнуць распіскі.
    Ганна скардзіцца Калібераву на непарадкі ў калгасе, на Моцкіна, які ўчора нагнаў страху на старшыню і ўсе вазілі збожжа на прыёмныя пункты, а зжатае засталося на полі, цяпер гіне. Калібераў, каб супакоіць калгасніцу, абяцае прыехаць на сход.
    У кабінет вяртаецца Гардзіюк. Калібераў імітуе прыступ болю ў печані. Журналістка прапануе паклікаць доктара. Усе выходзяць, акрамя Каліберава і Моцкіна.
    Уваходзіць пракурор. Гаворыць, што на складах у дырэктара спіртзавода няма столькі збожжа, колькі паказана ў зводцы. Просіць Моцкіна з усімі квітанцыямі зайсці ў пракуратуру.
    Жонка паведамляе, што карэспандэнтка паехала з Гарошкам і Ганнай. Калібераў выклікае машыну, каб ехаць у «Партызан», але Антаніна Цімафееўна на машыне адправіла карэспандэнтку. Ён раздражнёны і разгневаны, але верыць, што, націснуўшы на старшынь, можна становішча паправіць.

Дзея чацвёртая.
(Пляцоўка перад канцылярыяй праўлення калгаса «Партызан»).
    Гарошка падпісвае акт рэвізійнай камісіі, старшыня якой Ганна Чыхнюк. Цікавіцца, дзе «карэспандэнтка спецыяльная» і ці распіша яго ў газеце. Ганна абяцае, што абавязкова распіша, яна яе аб гэтым прасіла.
    Наташа пытаецца ў Курбатава пра віну бацькі. Курбатаў не ведае, што рабіць у гэтай сітуацыі. Наташа: «Ну чаго ты хочаш? Хочаш, каб я сказала: «Аддавай бацьку пад суд, запры яго ў турму? » Гэтага ты хочаш? » Пракурор ідзе правяраць накладныя.
    Уваходзіць Гарошка і Марыя Кірылаўна. Наташа папракае бацьку: «Вось які ты мне падарунак да вяселля падрыхтаваў. Мне што цяпер рабіць? А як яму? Ён жа пракурор!.. З кім цяпер я павінна застацца? З табой ці з ім? Парай, ты ж бацька...» У Гарошкі падкасіліся ногі.
    З'яўляецца Моцкін. Раіць вырашыць усё па-сямейнаму, бо пракурор жа зяць. Няхай дачка папросіць яго і справу закрыюць. Наташа абураецца.     Марыя Кірылаўна плача.
    Уваходзіць Калібераў і накідваецца на Моцкіна, потым на Гарошку. Загадвае, каб старшыня замест сходу адправіў калгаснікаў на перавоз збожжа. Ганна, пачуўшы пра гэта, вельмі здзіўленая. Тлумачыць Калібераву, што Гарошка прызнаўся ў махінацыях і без сходу не абыйсціся. З'яўляецца журналістка. Калібераў паведамляе ёй, што выкрыў у калгасе «абураючы выпадак ачкаўцірацельства». Наступае на Гарошку: «Як вы асмеліліся, таварыш Гарошка?! Хацелі ашукаць савецкую ўладу?!» Гардзіюк цікавіць, ці гэта выключны выпадак. Курбатаў гаворыць, што Печкуроў назваў яшчэ чатыры такія «перадавыя» калгасы. Калібераў прапануе зараз жа ачысціць калгас ад махінатара. За старшыню заступаецца Ганна: «Тут дзяліць трэба пароўну: і гэты паганяльшчык (на Моцкіна) нечага варты». Гарошка ўспамінае Калібераву, як ён з Моцкіным націскаў на яго, розным! фармуліроўкамі палохаў.
    Калібераў увесь свой гнеў пераключае на Моцкіна: «Значыць, і вы — такі ж прайдзісвет? Як ты асмеліўся сваімі бруднымі рукамі паганіць святую справу?..». Моцкін бароніцца: «Выбачайце! Вы ж не першы раз чуеце, Я ж вам расказаў яшчэ да прыезду таварыш Гардзіюк пра махінацыі Гарошкі і Печкурова... Вы таксама хацелі стаць перадавіком. Ух, як вы хацелі! І графік такі прыдумалі!.. А цяпер на стрэлачніках хочаце выехаць! А?»
    Міхальчук нагадвае, што чакае сход. Калібераву сход не патрэбны, ён разбярэцца ва ўсім сам. Лёня паведамляе пра прыезд сакратароў райкома і абкома партыі. Калібераў схапіўся за бок і аж заенчыў ад болю. Але людзі не вераць у яго «камень у пячонцы». Ганна заяўляе, што «ўсё роўна перад народам і перад партыяй прыйдзецца адказваць».

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!