Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Анатоль Грачанікаў - Гусак і Певень

Певень аднойчы
Сказаў Гусаку:
– Пойдзем, мой дружа,
З табой на раку!
Ты – пехатою,
А я – палячу.
Плаваць і я
Навучыцца хачу.

– Гэта выдатна, –
Прамовіў Гусак, –
Але калі ты
Надзейны дружбак,
На крылах да рэчкі
Мяне данясі,
А там ужо
Добра мяне папрасі...

Узняліся у неба
Высока сябры.
Войкаюць
Куры і гусі ў двары:
– Куды вы?
– Куды вы?
– Куды вы?
– Куды?
О-го-го-го!
Не мінуць вам
Бяды!

Бачылі вы,
Хоць бы раз,
Альбо не:
Гайдаецца ў Пеўня
Гусак на спіне.
Аслупянелі усе.
Нават і дзед,
Разявіўшы рот,
Пазірае
Услед.


Крыламі Певень
Штосілы махае,
Ды і Гусак той
Яму памагае.
Разам яны
Так да рэчкі дапялі.
Разам і ўпалі
Ў халодныя хвалі.
Певень храбрыцца,
Але ўсё адно
Вір яго цягне
На цёмнае дно.
Зубы драпежна
Ашчэрыў Шчупак...
Сябра ў бядзе
Не пакінуў Гусак.

Бачылі вы,
Хоць бы раз,
Альбо не:
Певень плыве
Ў Гусака на спіне.
Гусі і куры
На беразе скачуць:
– Не, малайцоў такіх
Не перайначыць,
Не, не загінуць
Яны анідзе,
Бо дружбакамі яны
I ў бядзе!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!