Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Анатоля Вярцінскага

   Анатоль Вярцінскі — паэт, які трывала абраў адзін з самых перспектыўных і малараспрацаваных у беларускай паэзіі шляхоў — інтэлектуальна-філасофскае асэнсаванне быцця ва ўсім багацці і шматграннасці яго праяў, інтэграцыю нацыянальнага ў агульначалавечы кантэкст.
    Мастацкая мадэль свету ў паэзіі Анатоля Вярцінскага грунтуецца на ідэі прыярытэту дабра і чалавечнасці, усёперамагаючай любові, увагі і павагі да асобы, якая разам з тым павінна самаўдасканальвацца і арганізоўваць жыццё па прынцыпах справядлівасці, разумнай мэтазгоднасці і высокай духоўнасці. Творы Вярцінскага, як правіла, свядома зарыентаваны на дыдактызм, перакананне. Паэт не стамляецца вучыць чалавечнасці, патрабаваць высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця, выкарыстоўваючы напрацаваны тысячагоддзямі духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў і філасофскіх канцэпцый, архетыпы і мастацкія сімвалы фальклору і літаратуры. Анатоль Вярцінскі надзвычай чуйны да сутнаснага, умее ўзняць дэталь альбо канкрэтны характар да ўзроўню агульначалавечых сэнсавобразаў, сфармуляваць думку ў скандэнсавана змястоўнай форме афарызму ці, наадварот, трапна раскрыць алагізм сітуацыі, разбудзіць разумовую актыўнасць чытача, падключыць яго да працэсу сатворчасці.
    Вытокі творчага светапогляду кожнага паэта — у яго біяграфіі і найперш у эмацыянальным вопыце дзяцінства.
    Анатоль Ільіч Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
    Наймацнейшая дамінанта ўспамінаў пра маленства — ваенныя ўражанні, адчуванне сусветнай бяды. Як успамінае паэт, побач з трагічным вайна настройвала і на "гераічна-ратны" лад (адзінаццацігадовы хлапчук, мала ўсведамляючы сур'ёзнасць і небяспечнасць сваіх дзеянняў, праводзіў партызан у пушчу і расклейваў па вёсцы наіўную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку з заклікам "біць немцаў"). Драматызм падобнай сітуацыі добра перададзены А. Вярцінскім у вершы "Яны да вайны гулялі ў вайну". Боль вайны прыходзіць у сны паэта і сёння, і звязаны ён з вострай памяццю пра начныя баі, пажары, пагрозу смерці і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. "Вайна наклала глыбокі адбітак на нашу псіхалогію, на наша светаадчуванне, вызначыла ў значнай ступені нашу маральна-філасофскую арыентацыю, вядома, не толькі ў негатыўным, але і ў станоўчым сэнсе, у сэнсе нашай большай жыццястойкасці, больш устойлівага аптымізму".
    Пачаў пісаць вершы А. Вярцінскі дастаткова позна, у 1951 годзе. Калі паэт вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, яго вершы друкаваліся ў перыядычным друку. Закончыўшы універсітэт, А. Вярцінскі працаваў журналістам, быў галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва", дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Выдаў кнігі паэзіі "Песня пра хлеб" (1962), "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "Выбранае" ( 1973), "З'яўленне" (1975), "Час першых зорак" (1976), " Ветрана" (1979), "Святло зямное" (1981), "Хлопчык глядзіць" (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988).
    Пачатак творчай біяграфіі Анатоля Вярцінскага быў няпростым. Кніга "Песня пра хлеб" (1962), у цэлым прыхільна сустрэтая крытыкай, мела адзнакі дэкларатыўнасці і апісальніцтва, хоць, вядома, у зборніку былі і ўдалыя вершы. Поспех кнігі быў звязаны ў асноўным з паэмай "Песня пра хлеб", якая знаходзілася ў плённым для беларускай паэзіі рэчышчы "Новай зямлі" Якуба Коласа і вызначалася народным поглядам на хлеб і працу, сакавітымі, падрабязна і з любоўю выпісанымі дэталямі побыту, апісаннямі, што ішлі ад "магіі народнай абрадавасці" (Т.Чабан).
    Першы зборнік Анатоля Вярцінскага даў падставу даследчыкам назваць яго аўтара традыцыяналістам, які вальней адчувае сябе ў свеце эмоцый, а не думкі. Аднак лінія творчай эвалюцыі А. Вярцінскага ішла ў зусім іншым накірунку, і наступныя кнігі "Тры цішыні" (1966) і "Чалавечы знак" (1968) ні ў чым не паўтаралі папярэднюю. Гэтыя зборнікі засведчылі надыход творчай сталасці паэта, станаўленне яго паэтычнай індывідуальнасці. Паэзія А. Вярцінскага знаходзілася ў самым пачатку плённай для тагачаснай літаратуры тэндэнцыі да ўзмацнення рацыянальнага, паглыблення асацыятыўнасці, шматзначнасці і эстэтычнай змястоўнасці вобраза. Напружаны інтэлектуальны пошук, філасофскае даследаванне маральна-этычных праблем, высокая ступень абстрагаванасці і сэнсавай канцэнтрацыі паэтычнага слова — тыя новыя рысы, якімі вызначалася паэзія А. Вярцінскага ў канцы 60-х гадоў. Паэт бачыў у жыцці каштоўнасці, якія не залежаць ад палітычнай кан'юнктуры і штодзённых патрэб.
    "Дзівак", які не можа змірыцца з няпраўдай, які марыць сумленна і годна прайсці свой шлях і не здаецца перад нягодамі, — такі лірычны герой паэзіі Анатоля Вярцінскага і такі ж абагульнены воблік Чалавека:

Дзівак чалавек...
           Яму Хірасіму, Асвенцім,
яму, замест імя, —
           асвенцімскае таўро.
А ён паўтарае,
           што ёсць дабро на свеце;
што будзе дабро
           і што пераможа дабро...

   Унутрана-палемічны і пафасны верш "Дзівак чалавек" пабудаваны на супрацьпастаўленні, тыповым для А. Вярцінскага прынцыпе антытэз, праз які аналізуецца сітуацыя маральнага выбару ("сцяжынка гладкая" ці "цярністы шлях"). Дадатковую падтэкставую "падсветку" вершу надаюць настойліва, шматразова падкрэсленыя анафары, вылучаныя і іранічна-роздумнай інтанацыяй, і "ламаным" радком, які нібы расколваецца ад укладзенага ў яго супрацьлеглага зместу. Такім, расколатым і канфліктным, светаадчуванне чалавека і паэта было ва ўсе часы і эпохі, аднак асабліва абвастраецца яно ў атмасферы хлусні і няшчырасці.
    Актыўнасць аўтарскай маральнай пазіцыі, яе максімалізм нярэдка знаходзілі выйсце ў адкрыта публіцыстычных пытаннях, у імкненні да ўнутранай і знешняй дыялогавасці: "дзе расцём, а дзе абрастаем?", "як памагчы чалавеку?", "а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?" На некаторыя з пытанняў, якімі шчодра насычаны вершы А. Вярцінскага, паэт сам дае адказ, большасць жа абуджае думку, патрабуе самастойнага вырашэння, працягвае ўздзеянне верша ў творчым уяўленні чытача.
    Згадваючы біблейскую прытчу пра тое, што трэба падставіць правую шчаку, калі б'юць па левай, Анатоль Вярцінскі ўздымае важную думку аб грамадзянскай актыўнасці дабра, аб тым, "каб гордасці нашай і годнасці ніхто не наносіў абраз, каб не было неабходнасці рашаць: ці біць у адказ?"
    Вершы А. Вярцінскага былі інтэлектуальна-рэфлексіўным адказам на двудушнасць і замаскіраваную подласць ("Пра воўка памоўка"), на манію велічы ("Акіян і лужына"), на двайную, зручную мараль ("Бунт анёла") і прыстасаванскае нежаданне думаць і жыць сваім розумам ("Хунвэйбіны").
    Паэта востра хвалюе праблема ўзаемаразумення паміж людзьмі, раз'яднанасць чалавечых душ. Шукаючы паралелі ў свеце навуковых ісцін ("падаюць бар'еры гукавы, светлавы, зямных гравітацый"), паэт трывожна пытаецца: "ці хутка дойдзе чарга да бар'еру глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?" ("Бар'еры"). У вершы "Дзве паралельныя прамыя" сімвалам раз'яднанасці людзей выступаюць матэматычныя паняцці. Выкарыстанне навуковай лексікі, свабодная апеляцыя да паняццяў, тэрмінаў, лагізаваная манера выкладу думкі (тэзіс – аргументы – вывад) — гэтыя ўласцівасці навуковай паэзіі былі нязвыклымі, наватарскімі для беларускай літаратуры і актывізавалі ўспрыняцце ідэйнага зместу, таксама новага, незвычайнага па гуманістычнай абвостранасці і аналітычнай глыбіні. Ачышчальным подыхам абнаўлення, надзеяй на заўтрашні дзень прасякнуты адзін з самых аптымістычных па грамадзянскай ідэі вершаў А. Вярцінскага — "Навагодні тост", у якім глыбока асэнсоўваецца філасофская катэгорыя добрага, мудрага Часу, што "ставіць ўсе кропкі над "і".

Нам памагае ўбачыць Час:
тут толькі попел,
                       там — алмаз,
тут — зерне,
                  там — палова,
тут — пустазвонства гучных фраз,
там — ісціннае слова.

   Сказаныя ў канцы 60-х гадоў афарыстычныя радкі сёння ўспрымаюцца як прадбачанне, выказанае ў дасканалай эстэтычнай форме. Матыў Часу-сааўтара, галоўнага героя (П. Антакольскі) быў распаўсюджаны ў тагачаснай паэзіі, аднак верш А. Вярцінскага, сацыяльны падтэкст якога амаль не зашыфраваны ў мастацкую ўмоўнасць, вылучаўся сярод іншых. Ён быў, як сведчыць сам паэт, "выпакутаваны", але, на жаль, амаль не заўважаны (калі не лічыць віншавальнага званка Аркадзя Куляшова).
    Надзею наблізіць жаданы час дапамагае найперш "высокае неба ідэала" — тыя асноўныя маральна-філасофскія прынцыпы, якія даюць чалавеку сілы жыць годна і прыгожа. Верш "Высокае неба ідэала" — адначасова і споведзь, і пропаведзь, дзе аўтар раскрывае свой духоўны свет, поўны трывог і ўнутранай барацьбы, і разам з тым вучыць бачыць у жыцці "новы сэнс", якім асвятляе яго вера. Вера ў ідэал дае чалавеку ўсё: мудрасць і моц, сяброў і каханне, дарогу і

мэту, і жыць трэба так, каб
Зноў уздымала і вяло,
зноў хвалявала, бунтавала,
давала сілы і святло,
усяму нізкаму назло,—
высокае неба ідэала!

   Нават смерць аказваецца пераможанай, толькі б і ў "халодных зрэнках ззяла высокае неба ідэала". Вечная і заўсёды плённая для літаратуры (асабліва сацрэалістычнай, якая існавала ва ўмовах таталітарнага грамадства) сітуацыя маральнага выбару даследуецца ў гэтым вершы з пазіцый агульнафіласофскіх, і яе вырашэнне ўзнята да значэння экзістэнцыяльнай ісціны. Верш, у якім свабодна і арганічна, не перашкаджаючы самаразвіццю думкі, чаргуюцца пяці-, шасці-, васьмірадковыя строфы, "агучаны" адпаведнай велічнай, роўнай інтанацыяй, якая ўздымаецца толькі на рэфрэне.
    Вядома, высокая ступень абстрагаванасці, імкненне да абагульнення фактаў, некаторы адрыў ад канкрэтна-пачуццёвых рэалій давалі крытыкам падставу для вываду аб перавазе рацыянальнага ў творчасці паэта. Аднак мера пачуцця і думкі не можа быць строга рэгламентавана, і стылёвыя адзнакі паэзіі Анатоля Вярцінскага 60-х гадоў: цвярозы і часам усмешлівы рацыяналізм, засяроджаны на роздуме, шырокае выкарыстанне лагічнай аргументацыі — якраз і сталі тым адметным і каштоўным, што вызначае асобу паэта і сёння.
    Увогуле, як трапна заўважыла даследчыца Тамара Чабан, А. Вярцінскі — "увесь з шасцідзесятых", калі мець на ўвазе ідэалы часу, рыцарскую вернасць ісціне і дабру, аналітычны пафас і інтэлектуальную культуру верша. Паэт больш чуйны да болю, чым да радасці, таму так натуральна ўспрымаюцца спакойныя і зажураныя радкі яго верша "Гора — не бяда, бяда — не гора..."

Я спасціг, што беды — непазбежнасць,
немінучы спадарожнік мой.
Я прызнаў жалезную залежнасць
ад прыроды — мёртвай і жывой.
Я сцярплю усе яе няміласці,
і капрызы, і сюрпрызы ўсе.
Толькі аднаго —
                      несправядлівасці
чалавечы дух мой не знясе.

   Адчуваннем унутранай еднасці з прыродай, сінкрэтычнасцю мастацкага мыслення, драматычным, балючым напружаннем духоўнага пошуку ўражвае верш "Косім траву — яна не крычыць...":

Косім траву — яна не крычыць, 
Яна маўчыць адчайна.
Мы пачынаем камень крышыць —
зацятае тое ж маўчанне...

   У арганічнай форме свабоднага маналогу, не абмежаванага класічнай строфікай і рытмоўкай, паэт сцвярджае надзвычай важную для ўласнай канцэпцыі свету філасофскую думку аб адказнасці чалавека за будучае прыроды. Вобразы верша "ўключаюць" мысленне чытача: і людзі часам "цішэй вады, ніжэй травы", цвёрдыя, як камень, маўчаць, як рыба... Ды гэта не значыць, што ім не баліць і што іх боль не адзавецца крыкам у сэрцы бліжняга ці катастрофай у сусвеце, дзе ўсё цесна пераплецена па законах вышэйшай, мо толькі паэту ў яго азарэнні відавочнай, мэтазгоднасці.
    Уласцівае паэзіі А. Вярцінскага канца 60-х гадоў імкненне да агульнага, сусветнага арганічна лучылася з уменнем задумацца над канкрэтным фактам, стварыць трапны, псіхалагічна дакладны характар. Асабліва выразна гэтыя рысы, якія сведчылі пра эпічныя адзнакі таленту паэта, пра схільнасць да аб'ектывізаванай манеры пісьма, выявіліся ў зборніку "Тры цішыні" (1966), і найперш у вершы "Дынамік", лепшым з цыкла ваенных. У гэтым творы, адназначна і заслужана высока ацэненым крытыкай, даецца, здавалася б, звычайная бытавая сцэнка: у старой адзінокай жанчыны, трох сыноў якой забрала вайна, сапсавалася радыё, і яна ідзе за дапамогай да радыста. "А ў радыста сын нарадзіўся, сын нарадзіўся і крычыць". За спакойнай, лагоднай інтанацыяй верша схаваны вялікай унутранай сілы канфлікт маўклівай, горкай адзіноты і неадольнай радасці новага жыцця. Усё ў гэтым вершы эстэтычна выверана, нават адкрытасць, незавершанасць канцоўкі. Ніякія высновы з гэтай трагічнай у сваёй безвыходнасці сітуацыі не патрэбны — іх робіць само жыццё.
    Глыбокае асэнсаванне фактаў, эпічны маштаб паэтычнага мыслення былі ўласцівы для вершаў "Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня" і "Рэквіем па кожным чацвёртым". А. Вярцінскі абагульняе маштаб страт і праецыруе трагічны вопыт мінулага на наш сённяшні дзень. Нездарма эпілог да "Рэквіема..." напісаны ў форме ўрока спражэння: вайна — своеасаблівая страшная навука аб тым, чаго не павінна быць на зямлі.
    Не павінна быць на зямлі і горкай жаночай адзіноты, незапатрабаванай пяшчоты, няспраўджанага кахання — гэта скразны матыў любоўнай лірыкі, і найперш лірычнага маналогу "Эдзіт Піяф хоча любві", у якім аб'ектывізаваны псіхалагічны стан чалавека праз унутраныя маналогі і звернутыя да чытача развагі, рэплікі.
    Пра каханне А.Вярцінскі піша не толькі з глыбокім разуменнем жаночага характару ("Мною забыта нямала", "Сведчылі месяц, ноч і я"), але і з "перахопленым дыханнем" (менавіта такую назву мае цыкл вершаў з кнігі "Чалавечы знак"), бо для паэта гэтае пачуццё — знак вечнасці, далучанасці да таямніц жыцця: 

Я быў улюблёны.
Я быў, як усе мы.
І я, як звяно,
уключаўся ў ланцуг
любові, яе ўсепланетнай сістэмы.

   Адзін з лепшых вершаў пра каханне складаецца толькі з чатырох радкоў:  

Пра месца ў жыцці, як дзеці,
Гадаем, думаем, снім.
Месца маё ў свеце –
Месца ў сэрцы тваім.

   Сцверджаная паэтам "усепланетная сістэма любові", трымаецца найперш на бязмежнай самаахвярнасці Маці, вобраз якой створаны з асаблівым драматычным лірызмам і сімвалічнай узвышанасцю.
    Сканцэнтраваны ў паэтычных вобразах за некалькі год пасля смерці маці, пакутлівы матыў бяды і віны ўвасобіўся ў паэме "Заазер'е" — ліра-маналагічным творы, у якім жалоба і роздум узаемна абвастраюць і паглыбляюць гуманістычную аўтарскую канцэпцыю. Воблік роднага чалавека паўстае праз шчымліва-светлыя згадкі дзяцінства, успаміны пра трывожна-клапатлівае гасцяванне маці ў горадзе ("як яны там без мяне — тата, хата і карова?"), добрыя словы, што гаворацца на памінках "вясковаю ўсёю сябрынай". Лагічным і трагічным падагульненнем лёсу матулі ўспрымаецца заключная частка паэмы — некралог, напісаны не афіцыйнымі асобамі, а сынам, які ўспамінае матчыны вясковыя "пасады" і справы.
    Паэтычнай звышзадачы твора — эпічнаму ўзвелічэнню народнага характару — добра служаць выкарыстаныя аўтарам абрады памінання, фальклорныя прыёмы галашэння, псіхалагічнага паралелізму, адухаўлення прыроды, жывёлы, рэчаў. Як заўсёды, бліскуча выкарыстоўвае А. Вярцінскі паўторы, анафары, пераасэнсаванне гучання і зместу слоў, што надае ім магічную сілу замовы, загадкавую таямнічасць.
    Памяці маці прысвечана і паэма "Дажынкі", у якой уздымаецца праблема міласэрнасці, увагі і павагі да жанчыны-працаўніцы. У адрозненне ад лірычнага маналогу, якім з'яўляецца паэма "Заазер'е", "Дажынкі" — твор больш аб'ектывізаваны, сюжэтны, падзеі апісваюцца падрабязна і паслядоўна. Аўтар нібы імкнецца захаваць храналагічную дакладнасць, прасачыць кожны крок пакутніцкага шляху галоўнай гераіні Аксінні за два дні хваробы. Вялікая ўвага надаецца ўнутраным маналогам жанчыны, яе перажыванням і ўспамінам, лірычным адступленням.
    Паэма "Даруйце!", якая ў свой час выклікала неразуменне і нават раздражнёна-негатыўную ацэнку афіцыйнай крытыкі, увасобіла агульны для беларускай паэзіі 60-х гг. матыў віны і пакаяння (Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка) у найбольш публіцыстычна абвостранай форме. Ацэньваючы з пазіцый маральнага максімалізму найперш уласную віну і адказнасць за ўвесь свет, паэт фармулюе закон захавання чалавечай сутнасці, які дзейнічае ў любым грамадстве і нават у самы неспрыяльны час:

Сумленне — заўсёды
                                на лаўцы падсудных. 
Само сябе садзіць,
                            само сябе судзіць. 
Тым самым ратуе
                          яно сваю сутнасць ...
Усе мы за ўсіх і ўсё ў адказе, 
І ўсе вінаваты
                    ва ўсякім разе.

   Паэме шкодзіла празмернае нагнятанне эмоцый, клічных інтанацый, змяшэнне высокага і сентыментальна-чуллівага стыляў, аднак грамадзянская ідэя яе была надзвычай мужнай і сумленнай, як і ў вершы "Пасмяротна рэабілітаваным", напісаным у 1964 годзе і, на жаль, не апублікаваным у тагачасных зборніках. У вершы віна перад лепшымі сынамі народа ўсведамляецца больш канкрэтна, ён у многім дапаўняе пафасна-ўзнёслую паэму "Даруйце!"
    Вершам А. Вярцінскага 60-х гг., якія не ўвайшлі ў тагачасныя зборнікі і былі апублікаваны пазней, уласцівы выразна выяўлены сацыяльны падтэкст і алегорыя ("Казка пра белага бычка", "Перасцярога", "Не дражніце гусей", "Вялікі атракцыён"). Аўтар пратэставаў супраць "пакорнасці сляпой", моцнага "статкавага" пачатку, заклікаў берагчы і паважаць асобу, індывідуальнасць. 
    Зборнікі А. Вярцінскага 70-х гадоў ("З'яўленне", 1975; "Час першых зорак", 1976; "Ветрана", 1979) — працяг і творчае развіццё набыткаў паэзіі шасцідзесятых.
    Сутнасны для паэта канфлікт дабра і зла, чалавечнасці і жорсткасці, любові і нянавісці вырашаецца па меры ўзрастання абстрагаванасці і філасофскага абагульнення, выводзіцца ў вялікія прасторава-часавыя абсягі, даследуецца з пазіцый агульначалавечых этычных і культурных традыцый. Паэтычны свет А. Вярцінскага ўзбагачаецца не толькі за кошт далейшага засваення асноў народнай духоўнасці ("Цётка плакала па ўсім свеце"), але і за кошт выкарыстання маральна-філасофскага вопыту антычнай міфалогіі ("Варыяцыі на тэму "Гефест — друг Праметэя") і кітайскай філасофіі, усходняй рэлігіі ("Каментарый да карана"), пашыраецца змястоўнымі гістарычнымі паралелямі ("Адлучэнне Талстога ад царквы") і новымі прасторавымі ўяўленнямі ("3 польскіх уражанняў", "Балгарыі", "Драугістэ", амерыканскі цыкл вершаў).
    У той час, калі афіцыйна дазволеная грамадзянскасць знаходзіла сваё ўвасабленне ва ўслаўляльна-сцвярджальным, уяўна-наступальным выказванні, крытычны пафас якога не падымаўся вышэй традыцыйнага бічавання мяшчанства і проціпастаўлення яму наіўна-ідэалізаванай, бязгрэшнай асобы лірычнага героя, А. Вярцінскі звярнуўся да вечных агульначалавечых тэм, да пошуку самага істотнага ў жыцці і характары чалавека. Заканамерна, што такая творчая арыентацыя прывяла да далейшага ўзмацнення рацыянальнага пачатку і павелічэння сэнсавызначальнай ролі падтэксту, асацыяцыі, актыўнага выкарыстання лагічных канструкцый, сілагізмаў. Паэтычная думка ўсё часцей увасабляецца ў форме чыста "мысліцельных" катэгорый, Анатоль Вярцінскі імкнецца не толькі інтуітыўна "намацаць", пазначыць, але і сфармуляваць заканамернасці, па якіх жыве свет ("Закон шчодрасці", "Вясновы закон", "Ёсць сіла — будзе справа", "Любоў адкрывае скарбы"). Паэт знаходзіць галоўны закон гарманічнага існавання чалавецтва — закон любові як дзейснай і актыўнай сілы, якая ўзвышае і вядзе наперад.

— Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць?
— Любіць.
— Што значыць зямное шчасце здабыць?
— Любіць.

   У самой лагічнай выверанасці, разумнай дакладнасці, якімі вызначаецца паэзія А. Вярцінскага, дзейнічае закон эстэтычнай гармоніі, вялікай стваральнай сілы прыгажосці.
    Маштабнасць паэтычнага мыслення, бездакорны эстэтычны густ і глыбіня асацыятыўнага падтэксту вызначаюць верш "З'яўленне" — адзін з лепшых у аднайменным зборніку. Велічная і ўнутрана напружаная інтанацыя зачыну, выдатна падкрэсленая анафарай, падрыхтоўвае да таго, што павінна адбыцца незвычайна важная падзея, якую бласлаўляе сусвет:

З'яўленне зор і сонца ў вышыні.
З'яўленне сокаў з глыбіні карэння.
З'яўленне траў у веснавыя дні...
I вось тваё, і вось маё з'яўленне.

   Паэт не раскрывае сэнс гэтага з'яўлення, аб якім дамовіліся "глыбіні цёмныя і залатыя высі", а дае чытачу магчымасць самастойна пазнаць, хто ці што прыйшло "як ранняе святло": жанчына, краса, ісціна, паэзія, каханне? Гэты асацыятыўны рад можна свабодна дапаўняць іншымі эмацыянальна блізкімі сэнсавобразамі, якія складаюць аснову мастацкага свету А. Вярцінскага і аб'яднаны адным ключавым паняццем — дабро.
    Карані такога касмаганічнага імкнення да ідэалу можна знайсці ва светаўспрыманні творцаў Адраджэння, якія ўславілі дзейсную сілу любові і прыгажосць чалавечай душы. 3 антычнасці і Адраджэння, кандэнсуючы ў сабе лепшыя здабыткі чалавечага розуму, існуе архетып самаахвярнай любові — вобраз Праметэя, увасоблены ў творах Авідыя і Кальдэрона, Вальтэра, Гётэ, Байрана і Камю, Э. Межэлайціса, Ю. Марцінкявічуса, М. Карыма. Як і папярэднікам, А. Вярцінскаму вобраз Праметэя дапамагае ўвасобіць ідэю духоўнага разняволення і ўнутранай гармоніі чалавека. Выратавальны агонь — "агонь любві... нябеснай ці зямной", якая перамагае цемру і смерць, эгаізм і страх, надае высокі сэнс зямному існаванню. Ахвярнасць Праметэя, на першы погляд, абсурдная:

"Арол піць будзе кроў тваю!" 
"Арла таго я палюблю..."
"Святла пазбаўлю, асляплю!"
"А я змрок вечны палюблю..."

   Праметэй у А. Вярцінскага нясе ў сабе нейкую пасіўнасць, непрыймальную безабароннасць перад сіламі зла. Гэтым трактоўка вобраза адрозніваецца ад класічнай і, у прыватнасці, ад канцэпцыі Чалавека ў Э. Межэлайціса, аўтара цэлай тэорыі праметэізму як актыўнага дабра. 
    Анатоль Вярцінскі настойліва і бескампрамісна дзеліць людзей на "праметэяў" і "непраметэяў". Імкненне самаахвярна служыць людзям аб'ядноўвае многіх, здавалася б, непадобных герояў ягонай лірыкі: маці і сціплых вясковых жанчын, герояў Вялікай Айчыннай вайны і ахвяраў рэпрэсій, Праметэя і ўкрыжаванага Спартака. Агульнае ў гэтых характарах — светланосны пачатак, які, паводле А. Вярцінскага, вызначае сапраўдную сутнасць асобы. Лагер "непраметэяў" таксама немалы: мяшчане і зайздроснікі, Гефест і бяздушныя ваяўнічыя хунвэйбіны. Гэта асяродак цемры, якая, аднак, ніколі не зможа перамагчы святло і дабрату.
    Да праметэеўскага архетыпу ўзведзены А. Вярцінскім і вобраз сонца ў паэме "Начны бераг", прысвечанай сур'ёзным філасофскім праблемам: гармонія чалавека і прыроды, сэнс жыцця і мэта творчасці. 
    Моцны дыдактычны пафас творчасці А. Вярцінскага заканамерна прывёў да пашырэння ў ёй жанру прытчы, для якога ўласціва перавага інтэлектуальнага элемента над вобразным, пэўная зададзенасць сканструяваных сітуацый, апасродкаваная праекцыя на жыццёвы вопыт чалавека ("Каментарый да карана"", "Тры браты"). Прытчы А. Вярцінскага канцэнтруюць у сабе роздум паэта над сапраўднай і ўяўнай прыгажосцю, крытэрыямі маральнай дасканаласці ("Дурман"). У іх выразна адчуваецца схаваны за алегорыяй публіцыстычны напал: пратэст супраць самазаспакоенасці і інертнасці ("Арол галодны і сыты"), заклік бачыць за матэрыяльнымі каштоўнасцямі духоўную вартасць іх творцаў ("Мы, мёд і пчала"). Прытчы створаны А. Вярцінскім у адпаведнасці з законам класічнага жанру, аднак паэт дадае да іх сваё, адметнае — стыль іранічнага рацыяналізму, афарыстычную дакладнасць слова.
    Прыкметнай асаблівасцю паэзіі А. Вярцінскага стала і пераасэнсаванне багаццяў вуснай народнай творчасці, асабліва прыказак і прымавак. 
    Кніга "Ветрана" (1979), у самой назве якой — трывога і надзея на абнаўленне, сведчыла пра далейшае паглыбленне ў філасофска-медытатыўную сферу, узмацненне абстрагаванасці і інтэлектуальна-культуралагічнай насычанасці паэтычнага слова. Гістарычныя паралелі, аналогіі, факты, якія раней узнаўляліся ў вершах непасрэдна, цяпер існуюць у падтэксце, актывізуючы думку чытача, ствараючы непаўторную атмасферу праніклівай дапытлівасці і ўнутрана-засяроджанага роздуму. Новым, больш драматычным гуманістычным падтэкстам напаўняецца і ключавое для паэта паняцце любові як філасофскай асновы быцця:

Любоў нараджае не толькі дзяцей. 
Любоў нараджае не толькі надзеі.
Любоў апрача дзяцей і надзей
прыносіць сумненні і падзенні.
Свету явіўшы плады залатыя,
самазнішчае яна сябе, і разам з ёю
знішчаюцца тыя, хто яе носіць...

   Рэчыўнасць, пластычнасць амаль поўнасцю знікае з мастацкай палітры А. Вярцінскага, канкрэтна-зрокавы вобраз, калі ён зрэдку і з'яўляецца ў вершы, служыць толькі штуршком для паэтычнай медытацыі. Затое ўзбагачаюцца магчымасці асацыятыўнага верша, без якога паэт, па яго прызнанні, не ўяўляе развіццё нашай літаратуры. Мастацкая ўмоўнасць у А. Вярцінскага — вынік творчай эвалюцыі паэта, сведчанне высокай культуры паэтычнага мыслення, звернутага да даследавання філасофскага вобраза сучаснасці. Анатоль Вярцінскі ведае самыя складаныя формы іншасказання, шматзначнасці, у якіх цэнтральны вобраз-перажыванне вынікае з асацыятыўнага збліжэння з'яў і паняццяў, знешне часта далёкіх і несуадносных. Умоўнасцю такога роду адзначаны цэнтральны твор кнігі — паэма "Колькі лет, колькі зім!" (першая назва "Усе чатыры вятры"), дзе грамадска-палітычныя праблемы знаходзяцца ў такім дыялектычным адзінстве з філасофіяй, гісторыяй, светам асобы, эквівалент якому — само жыццё. Паэма ўяўляе сабой, па словах М. Арочкі, арыгінальны камбінавана-мантажны тып буйнога паэтычнага твора, надзвычай разгалінаванага, ледзь не глабальна-шматахопнага, і складаецца з асобных маналогаў (Францішка Багушэвіча, Напалеона, чэрвеньскай навальніцы), гістарычных і геаграфічных экскурсаў ("Апошні дождж камунара Мільера", "Абмен надвор'ем жартам і ўсур'ёз), філасофскіх эцюдаў і рэфлексій на маральна-этычныя тэмы, дзённікавых запісаў. Пэўная фрагментарнасць, знешняя выпадковасць тэматыкі стварае ўражанне несупыннай і непрадказальнай плыні жыцця, у якім на самой справе складана адрозніць істотнае ад дробязнага. Паэт збліжае часавыя і прасторавыя вымярэнні, рознамаштабныя падзеі і аб'ядноўвае іх па прынцыпе кантрапункта вядучым матывам вятроў стагоддзя , у якіх гучаць змястоўныя рэмінісцэнцыі з класічнай літаратуры ("Слова пра паход Ігаравы", паэмы А. Блока і інш.). "Паэма надвор'я", як вызначае яе жанр сам аўтар, выдатна перадае атмасферу часу, неабходнасць веснавога абнаўлення, навальнічнага ачышчэння і нясе вядучую ідэю актыўнай адказнасці чалавека за чысціню сваёй душы і клімат агульнага жыцця, "за лёс наш адзіны зямны".
    Адметнай адзнакай творчай манеры А. Вярцінскага з'яўляюцца гумар, дасціпная іронія, сарказм — якасці, што арганічна спалучаюцца з рацыянальным, інтэлектуальна заглыбленым даследаваннем жыцця. Асабліва ўзмацнілася гэтая рыса ў кнізе "Ветрана" (цыклы "Смешныя вершы", "Лясныя прымаўкі"). Публіцыстычная вастрыня праблематыкі ў А. Вярцінскага часта паглыбляецца і адцяняецца шматзначнай і тонкай іроніяй, гульнёй у слова ("Не будзе для свету вялікім ударам, калі станеш блытаць катарсіс з катарам, Сезана з сезамам, а "макра" з "мікра"...). Нярэдка асновай для публіцыстычнага вобраза, прасякнутага іроніяй і сарказмам, становяцца эпіграфы — канкрэтныя факты з газет, прыказкі, прымаўкі і г.д. Так, штуршком для верша "Свята на бабровых тонях" стала газетная заметка, у якой паведамлялася, што "ўдасканаленыя пасткі для лоўлі баброў больш зручныя як для паляўнічых, так і для самога звярка". Іранічна ўслаўляючы НТР ("весела ў пастку бабёр папёр..."), А. Вярцінскі нязмушана накіроўвае думку чытача на экалагічныя праблемы.
    Пра імкненне А. Вярцінскага да пашырэння жанравых абсягаў творчасці, цікавасць да сцэнічнага ўвасаблення паэтычнага слова, схільнасць да яго драматызацыі сведчаць вершы-зонгі з лібрэта оперы па матывах аповесці Васіля Быкава "Воўчая зграя" і п'есы для дзяцей "Дзякуй, вялікае дзякуй" і "Скажы сваё імя, салдат". П'есы А. Вярцінскага наватарскія па мастацкім увасабленні тэм, маюць добрыя сцэнічныя якасці і з поспехам ідуць на сцэне Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі.
    Анатоль Вярцінскі — з тых мастакоў, якія патрабавальна і прынцыпова ставяцца да сваёй творчасці і не спяшаюцца выносіць на суд чытача новыя кнігі. Апошні зборнік выбраных твораў паэта "Хлопчык глядзіць" (1992), складзены ашчадна і самакрытычна, уключае сапраўды лепшае з напісанага аўтарам. Вершы А. Вярцінскага дазваляюць зрабіць выснову аб устойлівасці яго эстэтычнай сістэмы, яе заўсёднай зарыентаванасці на маральна-этычную і філасофскую праблематыку, на ідэалы духоўнасці і дабра. "Верх мудрасці нашай — гэта ўсё ж дабрыня", — не стамляецца паўтараць паэт. А. Вярцінскі актыўна выкарыстоўвае знойдзеныя раней ідэйна-мастацкія прыёмы: сацыяльную алегорыю і прытчавасць, інтанацыйную гнуткасць фразы і выразны гукапіс, афарыстычную сцісласць верша:

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыццесцвярджальны.
Інакш — якая ад жыцця карысць?
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —
Тварыць!

   Побач з уласцівай сучаснай беларускай паэзіі тэндэнцыяй да публіцыстычнай актыўнасці слова, у сучаснай творчасці А. Вярцінскага вылучаюцца новыя і адметныя тэндэнцыі. Мацнее імкненне да асваення розных жанраў паэзіі (оды, байкі, вершы-прысвячэнні), тэндэнцыя да празаізацыі паэтычнага слова. А. Вярцінскі адзін з першых у беларускай літаратуры стварыў новы жанр прозапаэзіі ("Яблыня ў горадзе", "Ствараецца новая казка...", "Ода магчымасцям мірнага жыцця..."), для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы, сціранне ўмоўных жанравых межаў. 
    Новыя тэндэнцыі ў творчай эвалюцыі Вярцінскага дазваляюць прагназаваць яго зварот да эпічных, празаічных жанраў ці драматургіі (тым больш, што ў колішнім інтэрв'ю з А. Гардзіцкім сам паэт гаварыў пра задумы п'ес, раманаў, пра тое, што жанравае абнаўленне для яго — "пошук самога сябе").  

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!