Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Анатоль Бутэвіч - Мір – цыганская сталіца

З кнігі "У гасцях у вечнасці"

 

   Беларускае мястэчка Мір шырокую вядомасць у Еўропе і свеце набыло найперш сваім замкам — выдатным помнікам абарончага дойлідства XVI стагоддзя. Але за смугой часу ці не зусім забылася, што Мір быў і сапраўднай цыганскай сталіцай на ўсё Вялікае княства Літоўскае. Тут праводзіліся выбары караля ўсіх цыганоў, тут ён жыў, тут знаходзілася яго рэзідэнцыя.
   Адкуль жа і як з'явіліся цыганы на Беларусі? Хоць іхняя гісторыя і ахінута наміткай таямнічасці і загадкавасці, аднак захаваліся звесткі, што гэтая старажытная індыйская каста была самай непаважанай і гнанай. Калі на пачатку XV стагоддзя іх хацелі змусіць да ісламу, цыганы ўцяклі з Індыі спачатку ў Аравію, пасля ў Егіпет, адтуль у Турцыю. А затым яны з'явіліся ў Малдавіі, Галіцыі, Польшчы. А з Польшчы ўжо трапілі і на беларускія землі. Тут прынялі іх сапраўды шчыра, нават гасцінна. Калі ў іншых краінах цыганоў цкавалі, даймалі непавагай, нават забівалі, то ў Вялікім княстве Літоўскім гэтага практычна не было. Хоць, вядома, гэтыя няўрымслівыя дзеці ветру не паводзілі сябе цішэй вады і ніжэй травы.
   Самым першым дакументам, які пісьмова засведчыў побыт цыганоў на беларускіх землях, з'яўляецца прывілей вялікага князя Аляксандра Казіміравіча ад 25 мая 1501 года, які захоўваўся ў нясвіжскім архіве князёў Радзівілаў. Прывілей зацвярджае на пасадзе старшага войта, па-сённяшняму — барона, Васіля і надае яму "моц і права судзіць цыганоў і разбіраць усялякія спрэчкі паміж імі. Войт Васіль і яго цыганы ва ўсіх землях нашых Вялікага княства Літоўскага і ў яго валасцях павінны мець поўную свабоду паводле даўных правоў, звычаяў і даўных княскіх лістоў". Спасылка на "даўныя правы" і "даўныя княскія лісты" сведчыць, што цыганы і да гэтага былі звязаны з беларускімі землямі і мелі тут добрае спрыянне. Яны не толькі вандравалі па дарогах Вялікага княства, часта чынячы шкоду гаспадарам коней, а і стала асядалі на працу.
   Аднак з паловы XVI стагоддзя адносіны да гэтых вандроўнікаў змяніліся ў Польскім каралеўстве, што мела ўплыў і на канфедэратыўныя беларускія землі. Нават у Літоўскім Статуце з'явіўся запіс, паводле якога цыганы выганяліся з ВКЛ. Ды, відаць, і раней законы лацвей пісаліся, чым выконваліся. Таму ўжо ў наступным стагоддзі цыганы трапілі пад абарону беларускіх паноў. А самым спрыяльным сталася для іх XVIII стагоддзе. У гэты час яны стала атабарыліся і ў Міры, які належаў нясвіжскім Радзівілам. Княжыў тады Караль Станіслаў Радзівіл. Гэты дзівакаваты князь, празваны Пане Каханку, наладжваў у Міры шумныя балі, гулянкі, меў асаблівыя адносіны да цыганоў, захапляўся іхнімі звычаямі, падтрымліваў іх.
   У знак асаблівай пачцівасці да чорнавалосых і смуглатварых дзяцей ветру ён увёў тытул цыганскага караля, надзяліў яго вялікімі правамі. Караля выбіралі з багатых і статных цыганоў на Мірскім полі. На гэты час сюды з'язджаліся табары з усяго Вялікага княства. Новавыбранага вярхоўнага кіраўніка тройчы з радаснымі воклічамі падымалі на руках угару, засыпалі рознымі падарункамі. Першацыган меў вялікую ўладу над сваімі суродзічамі, мог караць іх і мілаваць.
   Калі ў Польшчы цыганскія кіраўнікі атрымлівалі пацвярджэнне сваёй улады з каралеўскай канцылярыі, то ў ВКЛ на пасаду іх узводзілі Радзівілы.    Згодна з гэтай традыцыяй, Пане Каханку сваёй граматай ад 22 ліпеня 1778 года зацвердзіў каралём цыганоў у Міры мешчаніна Яна Марцінкевіча, які стаўся самай знанай і каларытнай асобай.
   На манер свайго апекуна і дабрадзея Караля Радзівіла Ян Марцінкевіч любіў праявіць уладу, паказаць сваю каралеўскую мосць. Як сапраўдны кароль, ён збудаваў у Міры прыгожы палац, дзе вясёлае жыццё віравала нібы ў шатры. На шумныя цыганскія бяседы сюды прыязджалі знаныя польскія асобы, пашаноўныя госці, Радзівілы. За 12 гадоў кіравання Ян Марцінкевіч добра ўславіўся сваімі дзівацтвамі. Пры ім цыганская сталіца не раз звінела вясёлымі песнямі, шумела пышнымі святамі і відовішчамі. Як сведчыць беларускі гісторык Д. Даўгяла, апранаўся кароль модна, замест шаблі насіў бізун. "Калі трэба было яму ехаць, то звычайна ўперадзе ехалі дзесяць спевакоў з кіраўніком (паўкерам), які біў рэмнем па кацялках. За спевакамі ехаў сам кароль на добрым кані, вельмі хораша прыбраным.
   Ззаду за ім — сем цыганоў у рознакаляровым убранні. За імі вялі некалькі троек парожніх коней. Затым, у старасвецкім рыдване, які быў вымаляваны ў пунсовы колер, ехала каралева на васьмёрцы коней".
Іншыя сцвярджаюць, што кароль любіў катацца ў пазалочанай карэце, запрэжанай дванаццаццю коньмі. Суправаджаў яе вялікі натоўп служылага люду, коннікі. Гэткую ж світу меў ён і пад час пешых праходак. А сустрэчныя цыганы мусілі ў пакорлівай схіленасці вітаць свайго Бацю Яна.
   Але сярод цыганскіх іерархаў сустракаліся і больш жорсткія. У Лідскім павеце цыганы нават узбунтаваліся супраць тамашняга верхаводы Якуба Знамяроўскага: так дапёк ён сваім самадурствам. Было гэта напрыканцы XVIII стагоддзя. Гарачы і бунтоўны цыганскі народ запіхнуў Якуба ў мех, падвесіў да бэлькі ў хаце і добра выменціў — білі не шкадуючы. Адвёўшы душу, абдарылі першацыгана падарункамі і правялі дадому. Кажуць, на начальніка гэта паўплывала станоўча.
   Марцінкевіч быў апошнім мірскім каралём. Пасля смерці Яна цыганскі трон атрымаў яго сын, які неўзабаве кінуў-рынуў усё набытае ў Міры і вольным ветрам разам са сваімі суродзічамі паляцеў у Турцыю. Тыя ж, што засталіся, стваралі свае суконныя, ткацкія і скураныя мануфактуры, якія славіліся на ўвесь край. Цыганскае палатно вылучалася добрай якасцю і носкасцю. У многіх міран доўга захоўвалася гэтае ткацтва. З яго нават шылі царкоўныя шаты. А пра не вельмі сумленных людзей хадзіла прымаўка: "Майстар з Міра, што цяў, то й дзіра". Багаты рыштунак з палаца Яна Марцінкевіча яшчэ на пачатку XX стагоддзя захоўваўся ў Мірскім замку.
   З лёгкай рукі цыганоў Мір праславіўся шматлюднымі конскімі базарамі. Людзі тады казалі, што з-за коней і цыганоў свету божага не відаць. Часта купля-продаж абрастала такімі пацешнымі абставінамі, што нагадвала дзівосную забаву. Сапраўднымі майстрамі выявілі сябе аселыя цыганы ў гадоўлі мядзведзяў. Нават Радзівілы бралі ў іх вучняў для знакамітай Смаргонскай акадэміі, дзе гэтых дужых звяроў адмыслова вучылі розным штукарствам. Займаліся цыганы кавальствам, слясарнай справай, выразалі з дрэва. Яшчэ мо і сёння ў жыхароў Міра захоўваюцца іхнія драўляныя сальніцы, бочкі, дзежкі, міскі, дзіцячыя цацкі і іншыя вырабы.
   Аднак, вядома, неад'емнай рысай цыганскага жыцця былі гандаль, карты, гаданні, песні, скокі. Калі часам у цыгана пыталіся: "Якой ты веры?", ён адказваў: "За грошы — якой хочаш, бацю!"
   Пазней расійская імператрыца Кацярына Вялікая выдала ўказы, згодна з якімі цыганы мусілі прапісацца ў гарадах і адмовіцца ад вандровак. Шмат хто пайшоў тады ў купецтва, дасягнуў значных поспехаў. А большасць бедных і безмаёмных былі ператвораны ў казённых сялян.
   Як зоркі і месяц, шапаткая цішыня і мурожны пах з'яўляюцца вызначальнымі прыкметамі сапраўднай летняй ночы, так кібітка, песня і шацёр дагэтуль служаць адметнымі асаблівасцямі сапраўднай цыганскай вольнасці. I калі пачуеце раптам прывольны і распеўны, гарачы і тэмпераментны цыганскі напеў, згадайце гэтых няўрымслівых адвечных падарожных, якіх здавён і надоўга лёс звязаў і з беларускай зямлёй.