Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Анатоль Бутэвіч - Мора Герадота

З кнігі "У гасцях у вечнасці"

 

   Сёння яго не знойдзеш ні на адной карце Беларусі. Аднак гэтае міфічнае мора ад самае прадаўнасці прыпісана да беларускай зямлі. Упершыню пра яго згадвае старажытны грэцкі вучоны Герадот, празваны бацькам гісторыі, які жыў амаль 2,5 тысячы гадоў таму. Чацвёртая з 9 ягоных кніг "Мельпамена" з'яўляецца самай ранняй пісьмовай крыніцай пра тэрыторыю сучаснай Беларусі, яе прыроду і насельніцтва і дагэтуль выклікае спрэчкі і дыскусіі ў асяроддзі вучоных.
   Тысячы гадоў таму значная частка Пінскага Палесся была сапраўдным водным царствам. Стрыжнем гэтага вялізнага вадаёма, які і называўся тады Морам Герадота, з'яўлялася рака Прыпяць. Яе пойма — гэта нязмерныя прасторы між Бугам і Дняпром, абмежаваныя з левага боку Пінскім Палессем, з правага — Валынскім. Сама Прыпяць, якая мела 761 кіламетр і паілася больш як 120 рэкамі, мноствам балоцістых ручаёў, лічылася адной з найбольш адметных рэк у Еўропе. Сівыя легенды звязваюць гэты край вады і туману з Чорным морам. Яшчэ зусім нядаўна непадалёк ад Лунінца існавала знакамітае балота, якое называлася залівам Мора Герадота. Бязлюднае, бясконцае і непраходнае. I, як у сапраўдным царстве, было тут шмат таямніц, загадак і неспадзянак. Ну як, напрыклад, праверыць дакладнасць таго, што, гавораць, нават у XIX стагоддзі Грычынскае балота мела падземнае спалучэнне з Чорным морам?
   Герадот меркаваў, што старажытнае славянскае племя будзіны — гэтыя першабытныя насельнікі поймы Прыпяці, жыло над велізарным морам, у якое ўпадаюць цяперашнія рэкі Гарынь, Стыр і Случ.
   Вядомы польскі пісьменнік і гісторык XIX стагоддзя Юзаф Ігнацы Крашэўскі зазначаў: "Балоты, што акружаюць Пінск, мноства рэк і рачулак, якія перацінаюць край, і вясновыя іхнія разлівы, што затапляюць велізарныя прасторы, былі, верагодна, прычынай бытавання існуючага і зараз падання, што некалі Чорнае мора распасціралася да самага Пінска, але нейкі магутны князь Кіеўскі раскапаў горы і спусціў сабраныя за імі воды, з-за чаго на месцы мора засталіся адны балоты. У доказ гэтага прыводзяць якары, якія знаходзілі пад час апрацоўкі палёў..."
   Так, сапраўды бязмежнымі здаваліся багністыя палескія балоты, якія складалі басейн Чорнага мора. Палешукі і праўда знаходзілі ў пойме Прыпяці не толькі якары, але і "цэлыя судны, накшталт невялікіх караблёў". Пра гэта сведчыць знаны гісторык, этнограф і археолаг А. Кіркор. Меркаванні і іншых даследчыкаў не адмаўляюць верагоднасці існавання на Пінскай нізіне вялікага старажытнага мора даволі вялікіх памераў. Дарэчы, 15—18 мільёнаў гадоў таму на гэтых прасторах ужо было рэальнае мора. Прычынай грунтоўных зменаў рэльефу і клімату сталі шматлікія магутныя ледавікі. Пад іх уздзеяннем на тэрыторыі сённяшняй Беларусі замест урадлівых збожжавых палеткаў некалі рассцілалася тундра, існавала самая сапраўдная вечная мерзлата.
   Палеская нізіна, калі сабраць усе яе адрознасці, яшчэ і дагэтуль захоўвае шмат марскіх прыкмет. У свой час іх адзначаў вучоны-географ Э. Эйхвальд: "Адметным з'яўляецца пясчаны стэп на Палессі, гэта значыць паўночнай частцы Валынскай губерні, дзе, асабліва ў ваколіцах г. Ковеля, сустракаецца сыпучы пясок, як на марскім беразе Балтыйскага мора, і далей забалочаная нізіна ў Пінскім і Мазырскім паветах. Уся гэтая пясчаная і балоцістая раўніна выяўляе сляды вялізнага возера, якое існавала там у часы Герадота на зямлі старажытных будзінаў і якое злучала некалі яе з Балтыйскім морам".
   Свой дагістарычны круты нораў захавала Прыпяць і да нашых дзён. У час разводдзя і моцных дажджоў яе разліў дасягае 30 кіламетраў і доўжыцца да 4 месяцаў. Аднак аўтахтонныя палешукі, нашчадкі старажытных герадотавых плямёнаў, як сапраўдныя паморы ўмела прыстасаваліся да гэткіх умоў. Вялікая вада абуджае ў іх навыкі і звычкі сапраўдных марскіх ваўкоў.
   Не цураліся ж яны некалі рачных падарожжаў на мясцовых суднах у Данцыг, Кёнігсберг і Крамянчуг. Вывозілі туды здабытыя ў багатых тутэйшых лясах дзёгаць, смалу, дошкі, мачты для караблёў, іншыя лясныя даброты.
   Тысячагадовае змаганне з суровымі ўмовамі, натуральны лад жыцця загартавалі палешукоў, спрыялі таму, што гэтыя дзеці прыроды навучыліся жыць у суладдзі з ёю, вылучаліся моцным здароўем і дужасцю. Сярод іх было шмат доўгажыхароў, якія мелі па 100 і больш гадоў. Як нідзе, цягам многіх стагоддзяў тут захоўваліся і з пакалення ў пакаленне перадаваліся шматлікія прымхі і забабоны, непаўторныя казкі, легенды, язычніцкія традыцыі.
   А што да ваўкоў, то яшчэ Герадот лічыў першабытных насельнікаў поймы Прыпяці сапраўднымі чараўнікамі. Асабліва неўраў, якія спачатку жылі каля Піны, а затым перакачавалі на Прыпяць і ці не там стварылі легендарную і таямнічую краіну Неўрыду. Як і належыць сапраўдным чарадзеям чароўнай краіны, яны "ператвараліся кожны год на некалькі месяцаў у ваўкоў". Такіх пярэваратняў палешукі і дагэтуль называюць ваўкалакамі. Але іх тут не баяліся, а нават шанавалі. Бо, відаць, добра ведалі, што сапраўдныя неўры з любым ворагам змагаліся ў абліччы ваўкоў.    Згадайце, напрыклад, летапіснага князя Усяслава, які найбольш вядомы пад мянушкай Чарадзей. Яго таксама лічылі ваўкалакам. Нават аўтар знакамітага "Слова пра паход Ігаравы" (пераклад Я. Купалы) адзначаў гэта:

Усяслаў-князь людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў,
А сам поначы, свету на здзіў,
Ваўкалакам ці воўкам гуляў...

   Лічыцца, што некалі існавала прыпяцкае адгалінаванне знакамітага гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі", узбоч якога былі заснаваны гарады Тураў (980), Пінск (1097), Мазыр (1155). А ўвогуле першыя пасяленцы ў басейне Прыпяці з'явіліся ў 25-м тысячагоддзі да нашай эры. Сведчыць пра гэта адна з самых старажытных стаянак чалавека на Беларусі, якая адкрыта каля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна.
   У герадотавы часы паселішчаў у пойме Прыпяці было зусім мала. Ляпіліся яны на пясчаных пагорках-боханах сярод балот. Цягам стагоддзяў палешукі былі адарваныя не толькі ад усяго свету, але і ад сваіх супляменнікаў. Лодка стала іхнім звыклым транспартам, лес — іхнім надзейным жытлом, вялікая вада вызначала лад іхняга існавання. I хоць праз вякі жылі яны "паміж пустак, балот", "на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай", ды іхняе светапазнанне не было абмежаваным, не з'яўляліся яны абяздоленымі жабракамі. Гадавалі скаціну, лавілі рыбу, палявалі, даставалі з борцяў мёд. Будавалі судны і сплаўлялі ў далёкія краі сваё дабро ў абмен на тое, чаго нельга было здабыць на балотах, у шматлікіх азёрах і рэках, спракавечных пушчах. I нічога страшнага, што пушчанскі гушчар не адкрыў ім таямнічую папараць-кветку, што з дапамогай яе чароўнага святла не знайшлі ні скарбаў, ні багаццяў. Галотай сябе яны не лічылі. Бо не толькі ўмела плялі лапці і хадакі, а цнатліва аберагалі і перадавалі ў спадчыну сваю непаўторную мову, дзівосныя показкі, свае высокага кшталту маральныя запаветы і сваю непарушную паляшуцкую годнасць.
   Такія яны былі — герадотавы прашчуры беларусаў: будзіны і неўры, скіфы-земляробы, дзеці вады і лесу, якім выпала плаваць па таямнічым старажытным Моры Герадота. Такімі яны і засталіся — самабытныя і здатныя палешукі, выштукаваныя і загартаваныя ракой і ветрам, сонцам і пушчай, працай і песняй.
   А пра старадаўнасць і унікальнасць гэтага краю сведчаць шматлікія сённяшнія запаведнікі, заказнікі, паркі, музеі, навукова-даследчыя станцыі, помнікі прыроды.
   Дык ці адкрые сваю таямніцу "краіна чараўнікоў і ваўкалакаў" Неўрыда, ці набудзе рэальныя абрысы легендарнае Мора Герадота?