Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Бутэвіч - Крэмневыя шахты

З кнігі "У гасцях у вечнасці"

   Тое, што Беларусь з'яўляецца сёння шахцёрскай краінай, ведаюць многія, нават далёка за яе межамі. Звязана гэта найперш з залежамі калійнай солі ў Салігорску. Па здабычы гэтых дражджэй урадлівасці Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што першыя шахцёры на беларускіх землях з'явіліся больш як 5 тысяч гадоў таму, для многіх нечаканае адкрыццё. А гэта сапраўды так.
   Нашы далёкія старажытныя прашчуры, якія сяліліся найперш у далінах рэк, умелі не толькі паляваць на маманта і скародзіць матыкай зямлю, лавіць рыбу і ляпіць гліняны посуд, але і вырабляць шмат якія каменныя прылады — каб хадзіць на паляванне, секчы лес, выдзяўбаць лодкі. Выраблялі іх з крэменю. А для гэтага патрэбна была сыравіна. Той, што знаходзілі часам на паверхні, не хапала. Тады позіркі нашых усё больш здатных і кемлівых прашчураў скіраваліся пад зямлю.
   Так і ўзніклі на памежжы неаліту і бронзавага веку першыя беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта ля цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым прытоку Нёмана рацэ Рось у Ваўкавыскім раёне. Зараз тут знаходзіцца Краснасельскі археалагічны комплекс. Ён уключае помнікі каменнага і бронзавага вякоў — шахты па здабычы крэменю, крэменеапрацоўчыя майстэрні, стаянкі людзей, могільнік, а таксама селішчы жалезнага веку і сярэднявечча.
   Упершыню беларускія шахты былі выяўлены толькі ў 20-я гады XX стагоддзя, праз шмат тысячагоддзяў пасля свайго запачаткавання. З таго часу вялося іх інтэнсіўнае вывучэнне. Аказалася, нашая практыка здабычы крэменю нічым не адрознівалася ад той, што існавала ў Бельгіі, Англіі, Францыі, Венгрыі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах. А на тэрыторыі былога СССР Краснасельскі быў адным з пяці шахцёрскіх цэнтраў. Па сведчанню некаторых даследчыкаў, тут дзейнічала ў розны час каля тысячы шахт. Многія дзесяткі іх даследаваны, вывучаны і нават пройдзены нанава — каб больш дакладна зразумець сэнс і змест працы першых краснасельскіх шахцёраў.
   На беразе Росі некалі знаходзіліся вялікія крэйдавыя адклады. У іхняй тоўшчы і хаваліся тыя патрэбныя для майстравітых людзей камяні, з якіх латва было рабіць розныя карысныя ў жыцці рэчы. Толькі засталося невядомым, хто ж быў першым геолагам, тым шчаслівым першаадкрывальнікам, які ў крэйдавай белі здолеў разгледзець невялікіх памераў крэмневыя самародкі. Аднак шахцёрская справа развівалася даволі шпарка. Каб здабыць патрэбную сыравіну, капалі вертыкальныя калодзежы дыяметрам да паўтара метра. Глыбіня іх залежала ад насычанасці крэйды крэменем і дасягала 5 метраў.
   Капаў, як правіла, адзін чалавек. Але ж голымі рукамі шмат не напрацуеш. Каб паскорыць працэс, патрабаваліся пэўныя прылады і інструменты. Дзеля гэтага шахцёры выкарыстоўвалі рогі высакародных аленяў. З іх рабілі своеасаблівыя кіркі, матыкі, завостраныя капачы, карысталіся нават цэлымі рагамі. У адрозненне ад прылад з крэменю, на іх не наліпала крэйда, гэткі інструмент меў здольнасць сам па сабе вастрыцца. Адпрацаваную пароду ў спецыяльных скураных мяшках выцягвалі на паверхню.
   Вось і атрымлівалася ланцугова-залежная рэакцыя. Каб забіць аленя — патрэбны каменная сякера альбо крэмневы наканечнік на стралу. А для іх вырабу неабходны крэмень, які можна здабыць з дапамогай рагоў аленя.
   Пад'ёмных ліфтаў тады не існавала. Калі шахта станавілася ўсё глыбейшай і шахцёру было цяжка ў яе апускацца, скарыстоўвалі мудра прыдуманыя лесвіцы — ствол дрэва з коратка абсечанымі галінамі. Калі ж крамянёвыя канкрэцыі, так называлася сыравіна, адшуквалі ўбаку ад шахтнага ствала, тады ў крэйдзе выдзёўбвалі гарызантальныя адгалінаванні. Шахцёр рабіў гэта лежачы на жываце, бо вышыня раскопаў не перавышала 60 сантыметраў. А каб выграбці адпрацаваную пароду або перадаць здабыты крэмень, гарняк адпаўзаў назад.
   Шахты працавалі сезонна — толькі летам, бо зімой крэйда замярзала, а восенню і вясной падземную гаспадарку часта залівала вада. I тады крэйда станавілася мацнейшай за бетон. Нават летам на дне шахт было холадна і сыра. Калі ў бакавыя адгалінаванні не зазірала сонца, для асвятлення скарыстоўвалі лучыну. А каб сагрэцца, палілі проста ў шахце кастры, часам апускалі гаршкі з вуголлем. Шахтныя ствалы прабіты так густа, што нагадваюць пчаліныя соты. Ды і самі шахцёры шчыравалі пад зямлёй як сапраўдныя пчолкі.
   Значны клопат надаваўся бяспецы шахцёраў. У гарызантальных выпрацоўках столь рабілі скляпеністай, пакідалі спецыяльныя слупы-падпоркі. Таму няшчасных выпадкаў практычна не здаралася. Толькі ў адной з многіх краснасельскіх шахт было выяўлена, як лічаць вучоныя, рэдкае пахаванне старажытнага шахцёра, побач з якім знайшлі гаршчок ды касцяную іголку. А ўсяго ў Еўропе акрамя гэтага вядома толькі 5 выпадкаў знаходак чалавечых рэшткаў у шахтах.
   Здабыты крэмень, які праляжаў у крэйдавай тоўшчы невядома колькі часу, быў вільготны і таму крохкі, як крышталь. Але затое ён добра паддаваўся апрацоўцы. Таму часцей за ўсё гэтым займаліся проста ў шахце. З дапамогай прасцейшых прыстасаванняў ад крэменю адлушчвалі, адсякалі ўсё лішняе. Пад зямлёй выяўлены нават своеасаблівыя молаты і накавальні, на якіх праводзілі першасную апрацоўку здабытай сыравіны.
   Непасрэдна ў шахтах з крэменю выраблялі галоўным чынам загатоўкі сякер. У спецыяльных майстэрнях на паверхні іх даводзілі да ладу, надавалі зручную і прафесійна дасканалую форму. Уздоўж берага Росі іх месцілася шмат. Там дзень пры дні клапатліва шчыравалі майстры сякерных спраў.
   Калі попыт мясцовых спажыўцоў задавальняўся цалкам, адбываўся абмен каменнымі вырабамі: мы вам сякеры, вы нам — наканечнікі стрэл, дроцікі, скрабкі, разцы, праколкі. Такім чынам краснасельскія шахцёры забяспечвалі патрэбы навакольных насельнікаў. I не толькі ў гатовых вырабах, але і ў сыравіне. А калі і там насычанасць была поўная, старажытныя крэменездабытчыкі адпраўлялі сваю прадукцыю на экспарт. Чым не прататып сучаснай эканомікі? Ды калі — цэлых пяць з гакам тысяч гадоў таму.
   Без усялякіх перабольшанняў можна сцвярджаць, што старажытныя крэменездабыўныя шахты на беларускай зямлі — унікальнае сведчанне майстравітасці, кемнасці і здатнасці нашых далёкіх прашчураў. Гэта каштоўныя крыніцы даследавання прафесійных заняткаў першанасельнікаў беларускай зямлі.
   Калі раптам вам надарыцца спаткаць старадаўнюю каменную сякеру, альбо нейкі іншы выраб, альбо проста кавалак крэменю, не старайцеся адразу выкідваць іх. Патрымайце на сваіх далонях, і вы адчуеце цяпло рук тых, хто шмат тысячагоддзяў таму здабываў каштоўную сыравіну, хто сваімі мазольнымі пальцамі надаваў ёй патрэбную форму. А мо гэта будзе крэмень акурат з першай беларускай шахты, што месцілася ля ваўкавыскага пасёлка Краснасельскі.

Похожие статьи:

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Бярэсце

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Мір – цыганская сталіца

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Крэўскі замак

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Каложская царква