Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Радавыя. Аналіз і мастацкія асаблівасці п'есы

   П'есе «Радавыя» (1984) Аляксей Дудараў даў нетрадыцыйнае жанравае вызначэнне — «драматычная балада», падкрэсліваючы тым самым вастрыню канфлікту, напал страсцей і пачуццяў. Пісьменнік сутыкае ў творы сілы дабра і зла, апошнія ўвасоблены ў абагульненым вобразе вайны. Сярод дзеючых асоб аўтар не вывеў ніводнага ворага. Нямецкі падлетак, які забівае Дугіна, таксама ахвяра фашызму, ахвяра вайны, — падманутае, зацкаванае, да таго ж фізічна скалечанае дзіця. Такім яго ўбачыў Дугін, таму нават не падумаў дастаць з кабуры пісталет, Таму не дае Бушцецу забіць падлетка Дзерваед.
   Галоўныя персанажы п'есы — байцы, салдаты. Яны сумленна выконваюць свой абавязак перад Радзімай, з'яўляюцца непрыкметнымі, часта невядомымі, пра што сведчыць узнагарода Дугіна, героямі вайны. Аднак вызначэнне «героі» А.Дудараў нідзе не ўжывае, наадварот, усяляк зніжае, зазямляе гераічны пафас твора. Дугін, Дзерваед, Бушцец, Адуванчык, невядомыя нам, бо загінулі ў час бою, Варонін і Гальчанскі называюцца радавымі. Аляксея Дударава цікавіць не героіка вайны, а тое, пра што наша багатая «ваенная» літаратура сказала пакуль найменш — цана Перамогі.
   Вайна нясе смерць і разбурэнне. Гэта думка падкрэсліваецца ўсімі кампанентамі твора. Падзеі ў п'есе «Радавыя» адбываюцца сярод руін — руіны нейкага касцёла, рачнога вакзала, генеральскага дома, архітэктурнага помніка і проста руіны. Праца чалавечых рук і розуму ператворана ў друз, які нагадвае ссохлую кроў, Руіны і ў душах людзей, бо ад кожнага з іх вайна запатрабавала непамерных ахвяр. Нават апрануты з іголачкі, бо яшчэ не нюхаў пораху, малады Лейтэнант, які з'яўляецца ў другой дзеі, мае рахункі з вайной: у яго загінуў бацька. У Дзерваеда, Адуванчыка, Бушцеца загінулі ўсе. Пакутніцкую смерць сына і жонкі Дзерваед, сівеючы і трацячы прытомнасць, бачыў сам. Адуванчык гарэў разам з маці, сястрычкамі. Бушцецу, які пачуў пра смерць блізкіх, вайна нанесла яшчэ адну душэўную рану: яго Люська засталася жывой, але яна цяжарная ад немца. Дугін на сваім доўгім франтавым шляху сутыкнуўся з недаверам і несправядлівасцю — быў разжалаваны, зведаў штрафбат. А ў дадатак да гэтага вайна забрала ў яго паўнату кахання, радасць стаць бацькам. Свая трагедыя ў Насты, жанчыны, якая разам з Люськай была ў лагеры, у Ліды, Веры,
   Трагізм вайны ў творы падсвечваецца вобразамі бязвінных ахвяр — дзяцей. Гэта і Дзерваедаў Васілёк, і безыменная нямецкая дзяўчынка, якой былы партызан аддаў хлеб, і будучы чалавечак, што зварухнуўся пад сэрцам Люські, і ненароджаныя дзеці Ліды і Веры. Жанчына-маці і дзіця выступаюць у Аляксея Дударава ўвасабленнем Жыцця, Будучыні, за што змагаюцца з фашызмам салдаты.
   Салянік — самы нетрадыцыйны і неадназначны вобраз у п'есе. Яго непрыняцце вайны ідзе ад хрысціянскай запаведзі «не ўбій!» Гэтай запаведзі Мацвей трымаецца да канца: ён разам з іншымі ходзіць у атаку, але не страляе. Пацыфізм Саляніка не аб'яўляецца аўтарам варожым, здрадніцкім, але ён развенчваецца. Патрэбныя аргументы і словы знаходзіць Дугін: «...Лёгка быць святому, Мацвей... калі ты адзін, у пустыні! У мяне, можа б, і хапіла сілы здохнуць з голаду, а чужога не ўзяць... А калі побач малое дзіця з голаду памірае? Тады што? Глядзець і думаць пра «не ўкрадзі»?!
Салянік. Папрасі!
Дзерваед. А не дадуць?
Салянік. Тады ўкрадзь.
Дугін. Ага!
Салянік. Але ніколі не думай, што зрабіў добра...
Дугін. А калі прыйдуць у мой дом і на вачах у мяне заб'юць майго бацьку, раскрыжуюць маці, згвалтуюць сястру... Што мне рабіць? Папрасіць? Адуванчык, што твая маці ў іх прасіла: «Паночкі, не страляйце дзетак больна»? I што?! Дык што ж мне, грэшнаму, Бог параіць, Мацвей?
Салянік маўчыць.
Правільна... Забі, але не думай, што гэта добра. Дык я і без Бога ведаю, што гэта дрэнна...»
   Пацыфізм (адмаўленне ўсякай вайны) не тая ідэя, якую можна перакрэсліць і адкінуць, таму Салянік не бярэ свой аўтамат, каб з ім ісці ў бой. Аднак не заўсёды яна служыць Дабру і Справядлівасці — Мацвей адчувае віну перад Дзерваедам, Адуванчыкам, Бушцецам, Дугіным. Паміраючы, ён просіць Ліду не маліцца, а заспяваць пра поле і дзявочыя косы.
   Вайна не толькі забівае, яна калечыць чалавечыя душы, робіць іх жорсткімі і халоднымі. Пра душэўны холад гавораць у творы амаль усе персанажы, аднак гэтая праблема найперш звязана з вобразам Сяргея Бушцеца. Калі Адуванчыка чалавечны і спагадлівы, нягледзячы на ўсё перажытае, Дзерваед хоча неяк засцерагчы ад смерці, то пра Бушцеца ён аднойчы сказаў, што таму лепш загінуць. Вайна выпаліла ў душы маладога хлопца любоў, спачуванне, слёзы. Усё гэта Мульцік (з п'есы «Вечар») назваў самым лепшым, што змагло прыдумаць чалавецтва за сваю гісторыю.
   У Бушцеца няма будучыні, гэта інтуітыўна адчувае Ліда, цягнучыся да Адуванчыка. Ён не ведае, што будзе рабіць у мірным ЖЫЦЦІ— страляць, біць пад левую лапатку, кідаць гранату там ужо не спатрэбіцца, а іншага ён рабіць нічога не ўмее. «...Усё жыццё буду ўспамінаць вайну... Толькі вайну ўспамінаць... Калі ж наступную чакаць? ..Калі новы Гітлер народзіцца?..» — такі настрой пануе ў маладога чалавека напярэдадні доўгачаканай Перамогі.
   Вобраз Бушцеца, як і вобраз Саляніка, палемічна завостраны і новы для беларускай «ваеннай» літаратуры. Аляксей Дудараў — прадстаўнік маладзейшага пісьменніцкага пакалення, якое імкнецца асэнсаваць падзеі апошняй для нашага народа вайны. I робіць гэта аўтар «Радавых» з пазіцый дня сённяшняга, больш гуманнага і аб'ектыўнага.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!