Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аляксей Дудараў - Святая птушка

Увага! Поўны змест

   Адвячоркам жнівеньскага дня, загнаўшы машыну ў гараж, калгасны шафёр Сцяпан Пузырэвіч каціў да свае хаты старое, зламанае кола. Выпрасіў у конюха дзядзькі Патапа, са смехам паабяцаўшы за гэта бутэльку з палучкі. Вуліца была бязлюдная. Сцяпан раз-пораз штурхаў сваё кола і пускаўся подбегам услед за ім. Амаль каля самага двара яму сустрэўся брыгадзір Мікола Тарэйкін.
   "От чэмер! — падумаў Сцяпан.— Цягнуць жа яго чэрці! Калі трэба, дык днём з ліхтаром не знойдзеш... А зараз..."
   Гаварыць з брыгадзірам у яго не было ахвоты.
   — Куды ты гэта? — спытаў той Сцяпана, кіўнуўшы на кола.
   Сцяпан з нейкай смешнай беражлівасцю прытуліў кола да нагі, выцер аб штаны рукі і папрасіў:
   — Ты закурыць не дасі? — Яму хацелася пазбегнуць гаворкі пра гэты падарунак дзядзькі Патапа і пра тое, што ён задумаў.— Пагодка ў гэтым годзе стаіць! Скажы, як па заказу...
   — Навошта яно табе? — усё ж спытаў Тарэйкін.— Запчасткі для свайго грузавіка збіраеш?
   — Ды гэта... гэта...— Сцяпан закашляўся і махнуў рукой.
   — Калёсы вырашыў паціху сабраць? — усміхнуўся брыгадзір.
   — Ага! — узрадаваўся Сцяпан.— А што? Па дровы з'ездзіць ці на рынак калі...
   — У цябе ж машына.
   — Яно-то так, але... На калёсах неяк цікавей... Едзеш сабе, конік хвастом памахвае...
   — Ну, давай. Каці яго ў двор.
   Сцяпан пакаціў. Больш ніхто ўжо яму не сустракаўся, і тлумачыць нічога не давялося. Азірнуўшыся па баках, ён адчыніў свае веснічкі і піхнуў кола ў двор. Паразганяўшы куранят, яно віхлява пракацілася па траве і грукнулася аб ганак.
   — Што ты прывалок? — азвалася з сенцаў жонка.
   Сцяпан, задаволены і радасны, прайшоўся па двары. Тут, за гэтымі веснічкамі, ён заўжды адчуваў сябе ўпэўнена і незалежна. Гаспадар!
   — Ці чуеш, што пытаюся? — зноў крыкнула жонка.
   — Хадзі зірні. Агрыгат!
   Жонка Таццяна, на галаву вышэйшая за Сцяпана, з мокрымі рукамі выйшла на ганак.
   — Навошта табе гэтая дрэнь?
   — Верталёт рабіць буду,— сур'ёзна адказаў Сцяпан.— Праз тыдзень на ферму, як Баба Яга, лётаць будзеш... Фыр-ррр — і тамачкі!
   — Фу-ты, пустабрэх!.. Па дровы б калі-небудзь выбраўся лепей...
   — Алешнік твой не вавёрка — не збяжыць. Хай таўсцейшы расце.
   — Недарэка. Цягае на двор усякае ламачча... На якую трасцу? — Жонка сярдзіта плюнула і пайшла зноў у сенцы.
   Сцяпан доўга і рупліва аглядаў сваё кола, мацаў рукой, ці трывалыя яшчэ шэрыя ад засохлай гразі спіцы, схадзіў на дрывотню, прынёс сякеру і, усеўшыся пад ліпай, доўга і старанна вастрыў яе.
   — Хадзі вячэраць! — гукнула жонка. — Чым там заняўся?
   — Спакойна,— азваўся Сцяпан, здымаючы з ліпіны паблекла-зялёны з патрэсканым абмылкам рукамыйнік.— Не ў бірулькі гуляем...
   Таццяна выйшла на ганак, калі муж прыстаўляў да дрэва лесвіцу.
   — Што й та ты прыдумаў? Вешацца палезеш? Дык вяроўку, вяроўку вазьмі...
   — I вяроўка спатрэбіцца.— Сцяпан засунуў за дзягу сякеру, далез да першых галін і пакараскаўся далей на вершаліну.
   — Што ў тваёй галаве? Куды ты? — крычала знізу жонка.
   — Да бога ў госці! — са смехам адказаў Сцяпан.— Сёння ля Міхалёўкі мне анёлы ў кабіну заляцелі, паселі на плечы дый кажуць: вялікі ты пакутнік, Сцёпа... Загрызла цябе твая выдра ўшчэнт... Хрыстос глядзіць зверху і плача ад жалю... Лезь, кажуць, вечарком на ліп... Ай, ёлкі-маталкі, усю руку абдзёр!..
   — Дурань, звалішся — галаву скруціш...
   — Спакойна.
   — Які шал у чалавека ўлез?
   Сцяпан ужо схаваўся ўвесь у густым лістоўі ліпы і ўпарта шкробся на самую вершаліну.
   — Не памрэш ты сваёй смерцю,— патрэсла кулаком угару Таццяна.— Я цябе чакаць не буду! Чуеш?
   — Еш,— крыкнуў з ліпы Сцяпан.
   — Павячэраю, а што застанецца — свінням аддам. Цьфу, ірад! — Таццяна пайшла ў хату.
   Ашчаперыўшы рукамі вершаліну, Сцяпан трохі адпачыў і аддыхаўся. Зверху ўся вёска ляжала як на далоні.
   "Прыгажосць! — падумаў Сцяпан.— От жа птушкам добра! Захацелася на дрэва — пырх, і —гатова. I во, любата, прастор... А то і ў неба можна... Буслы вунь пад восень, калі маладняк лятаць вучаць, так высока залятаюць, што і зусім не відаць. Як яно там?..
   Чакай, а хто гэта ў Таўкачовай бульбе дрыхне? Хе-ге... Ды гэта ж сам Таўкачык... А Таўкачыха, дурніца, ля магазіна яго шукае... Смяхоцце!"
   Сцяпан як зручней уладкаваўся сярод голля, выцягнуў з-за дзягі сякеру і, трымаючыся рукой за сук, пачаў раз-пораз цюкаць па вершаліне. Праз колькі хвілін ссечаная вершаліна зашамацела галінамі і, патрэскваючы тонкімі сучкамі, паляцела ўніз. Сцяпан пусціў за ёю сякеру, выцер далоняй узмакрэлы лоб і стаў спускацца сам...
   Пашукаўшы ў каморы вяроўку, ён зайшоў у хату.
   — Ты вяроўкі не бачыла?
   Жонка засмяялася.
   — Ты, можа, і сапраўды... гэта...
   — Пацярпі крыху. Не сёння. Дзе вяроўка?
   — Сядзь ды паеш, госпадзі... Скажы, што хочаш рабіць?
   Лагодны тон жонкі не абяцаў ніякіх насмешак, і Сцяпан прызнаўся:
   — Хату буслам будую. Трэба кола зацягнуць...
   Таццяна разгублена ўтаропілася ў мужа.
   — На якое ліха яны табе?
   — Хай жывуць... У вёсцы ніводнага гнязда няма, а вунь у Міхалёўцы аж тры...
   Жонка не зразумела.
   — Дык што з таго? Жылі без буслоў — і нічога.
   — А цяпер з бусламі будзем. Святая птушка... Хай клякоча над нашай хатай.
   — Фу-ты! Святая... Яны ж увесь двор запаскудзяць...
   — Прыбярэм... Ты скажаш, дзе вяроўка, ці не?
   Спрачацца з жонкай і даказваць, чаму так захацелася, каб жылі ў іх вёсцы буслы, Сцяпан не мог. Ён і сам не ведаў... Было ўжо даўно нейкае вострае, шчымлівае жаданне, каб гэтыя белыя птушкі ляталі над вёскай, выводзілі птушанят, прыляталі напрадвесні і радасна клекаталі па вечарах, калі за старым, разбураным млынам за вёскай садзіцца на елкі ружовае сонца... Было толькі адно жаданне. I магчымасць... Высокія дрэвы ёсць, вёска на ўзвышшы стаіць, балота побач... Толькі і клопату, што кола ўсцягнуць.
   — Дзе вяроўка? У каморы на цвіку вісела.
   — У хляве, у хляве яна... Ідзі цягні... Каб цябе самога куды-небудзь... Як блазнюк той, чэснае слова! Якая з іх карысць?
   — Ціха, не пыхці,— буркнуў Сцяпан, выходзячы з хаты.— Я во завалаку яго туды, а табе калі не спадабаецца, лезь заўтра і здымай...
   Добра прывязаўшы адзін канец вяроўкі за вобад, а другі за руку, Сцяпан зноў палез на ліпу. Ля самай вершаліны ён выбраў тоўсты сук, перакінуў вяроўку цераз яго і пачаў падымаць кола. Сцяпан ажно засопся, пакуль узняў яго да першых галін. Наматаўшы вольны канец вяроўкі на руку, ён хацеў адпачыць, але сук, на якім Сцяпан стаяў, раптам, бы вужака, выслізнуў з-пад ботаў, і ён, трэснуўшыся лбом аб гэты ж пракляты сук, стрымгалоў паляцеў уніз з канцом вяроўкі. Знізу, нібы рэактыўны снарад, ламаючы галлё, шуганула кола на макаўку дрэва.
   — А маць тваю за нагу! — толькі і паспеў крыкнуць Сцяпан, ужо боўтаючы нагамі метры на два ад зямлі. Кола засела на вершаліне паміж двух сукоў, а Сцяпан павіс на вяроўцы.
   "Памяняліся месцамі,— усміхнуўся Сцяпан. Спалохацца ён не паспеў.— Гэта ж як піць даць можна было зайграць на той свет..."
   Трэба было вызваліць ад вяроўкі руку і саскочыць на зямлю. Але Сцяпан скеміў, што варта толькі выпусціць вяроўку з рук, як кола чабурахнецца ўніз, яму на галаву. Пэўна, і адскочыць не паспееш. Так і прыплюшчыць да зямлі.
   — Во папаўся дык папаўся,— сам сабе прабубніў Сцяпан.— Таццяна-а-а! Таццяна! Чорт! Гэтак жа і рука можа парвацца... Таццяна!
   У сенцах бразнула клямка.
   — Ну чаго, чаго ты равеш на ўсё горла? Чаго раскрыч... Вой! Вой! А бо-о! А людцы! Мамачкі мае!
   Таццяну як абухом па галаве стукнулі. Яе вочы зрабіліся па яйку, калі яна ўбачыла мужавы ногі ў працёртых на халявах ботах, што боўталіся высока над зямлёй. Вісіць чалавек! Палова тулава Сцяпанава была заслонена густым лістоўем.
   — Сцё-па-а! — Таццяна так завішчала, што на суседнім двары выскачыла з кануры і заскавытала сучка Арда.
   — Сціхні! — закрычаў Сцяпан.— Не   сарамаці сябе!
   Белая як прасціна жонка, учуўшы яго голас, перастала лямантаваць, падбегла да ліпіны. Выцягнуты Сцяпан вісеў на правай руцэ, нібы спрабаваў нешта дастаць. Ледзяны халадок пачаў адпаўзаць ад Таццянінага сэрца.
   — Ну, чаго вытрашчылася? Лесвіцу падстаў. Рука зараз у плячы вырвецца... Хутчэй жа!
   — Ах ты, вулдыр мардаты! Гэтак напужаць!.. Каб ты сапраўды засіліўся, бусел куртаты... Ледзь у труну не загнаў... Ну, паразіт, я табе зараз пакажу!
   Таццяна вылецела з сенцаў з каромыслам і стала лупцаваць па нагах, бразгаючы почапкамі:
   — От табе кола! От табе буслы! От табе вяроўка!
   — Таццяна, слухай... Канчай, кажу! Далібог, у косці дам! Вой, рука!
   — От табе, от табе!..
   Не маючы больш цярпення і сілы, Сцяпан выпусціў вяроўку і чмякнуўся на зямлю.
   — Ратуйся, дурніца! — схапіў ён жонку за рукаў і тузануў ад дрэва.
   Зверху ў той жа момант зашамацелі, затрашчалі галіны, і кола, цягнучы за сабой вяроўку, гахнулася пад плотам, якраз на тое месца, дзе толькі што стаялі Сцяпан з жонкай. Абцярушанае лістоўе доўга яшчэ ляцела долу.
   — Во,— цяжка дыхаючы, прамовіў Сцяпан.— Я цябе ад пагібелі ўратаваў. А мог бы і адзін адбегчы... Ну, чаго ты маўчыш? Сварыся, махай каромыслам, лупі мяне за гэта! Э-эх!
   Сцяпан у роспачы махнуў рукой і пайшоў у хату.
   Вячэралі позна, памірыўшыся ўжо.
   — Ты нічога не разумееш,— сёрбаючы халодны крупнік, гаварыў Сцяпан жонцы.— Буслы гэта не так сабе, а птушкі асаблівыя... Яны шчасце чалавеку прыносяць...
   — Маўчы,— тужліва ўздыхнуўшы, папрасіла Таццяна.
   — Во хоць бы вясна... Ты думаеш, яна па лістках календара прыходзіць? Га! Разагналася, і на табе... Буслы з выраю вяртаюцца, і яна з імі...
   — Ой!
   — Гракі, шпакі і ўсялякая іншая драбяза — гэта адно толькі цьфу! А буслы... Яны вунь якія разумныя. Заўжды ля чалавека.
   — Ну-ну... Можа, і ты ад іх розуму набярэшся. Толькі парасон не забудзь прыдбаць...
   — Парасон?..
   — Бо праз двор спакойна не пройдзеш. Як свісне каторы зверху — толькі сцеражыся... Вунь міхалёўскі дуб — бачыў? — аж срэбны ад іх...
   Сцяпан адкусіў хлеба і ўздыхнуў:
   — Што ні кажы,— з'едліва прыжмурыўся ён,— але калі ў чалавека на галаве хустка — капцы. Розуму ні каліўца. Падумай. Спакон веку ўсе людзі гэтых птушак прывячалі. На стрэхах бароны спецыяльна клалі, каб яны жылі побач. Усе ім рады. Забіць бусла — гэта за самы цяжкі грэх лічылася.    Святая птушка! А як яны кружацца пад восень. Ты думаеш, гэта так сабе? Жаб наеліся і пацяшаюцца? Гм... Не, даражэнькая, развітваюцца з домам перад далёкай дарогай. Сумуюць. Ды што табе казаць! Ці бусел, ці сарока — табе ўсё роўна...
   — Добра, добра, еш ты ўжо. Буслятнік. Нешта ўбіў сабе ў галаву.
   — I зноў жа дзеці... Народзіцца немаўлятка — кажуць, бусел прынёс. Думаеш, гэтым толькі дзятву падманваюць? Не-е, Таццяна. Старая прыкмета. Буслы, яны...
   Сцяпан пашкадаваў, што нагадаў пра дзяцей. Не трэба было. Жонка спахмурнела, ніякавата разгладзіла фартух на каленях, паклала лыжку, сумна адышла да акна.
   — Калі ўжо за пятнаццаць год нічога,— ціха і журботна прамовіла яна,— тут ужо, Сцёпа, і святыя твае птушкі...
   Сцяпан крэкнуў, устаў з-за стала, падышоў да жонкі. Хацелася сказаць ёй нешта ласкавае, пяшчотнае, а атрымалася толькі:
   — Ты гэта... як-небудзь... Чаго там? Ну, зацягну я гэта кола. Хай жывуць. Горай жа не будзе!
   — Глупства ўсё... Малака хочаш?
   — Ну, канечне, глупства! Лухта! Забабоны! Знахарак вунь усе на чым свет лаюць. Шарлатанкі! Не ўводзьце народ у зман! А як прыспічыць, як бяда падапрэ — ідуць! Не вераць, а ідуць. Тыдзень назад міліцыянерава жонка свайго меншага да Лазнячыхі вадзіла. Пужаецца нечага малец. Вадзіла ж... Ат, ды што там! Усе мы разумныя! Усе з гэтым...— Сцяпан не дагаварыў і, ляпнуўшы дзвярыма, выйшаў з хаты. Сеў пад ліпінай ля варот і доўга курыў, задуменна гледзячы на цёмную вуліцу...
   "А на свеце ўсё можа быць",— падумаў ён.
   Ранкам наступнага дня кола было на вершаліне. Ды не трапіла буслам пасяліцца ля хаты Сцяпана. Дні праз тры над вёскай пранеслася бура. Сцяпанаву ліпу не парушыла, і кола, добра замацаванае дротам, засталося на дрэве. Вецер паклаў старое, дуплістае дрэва, што стаяла каля хаты Рыгора Таўкача. Паваліўшыся, ліпа парвала электрычныя правады і пакамечыла кабіну Таўкачовага трактара.
   — Спілаваць іх усе к чортавай матары,— загадаў ранкам брыгадзір.— Трухляціна, а не дрэвы. Яшчэ пры панах вунь садзілі. Быў тут некалі шляхцюк Любамірскі. Дзеля нейкай сваёй пацехі загадаў сялянам ля кожнага двара па ліпе пасадзіць. I ўзнагароду паабяцаў: чыя будзе вышэйшая — таму задарма карову падорыць. Во і насадзілі! Цяпер хадзі па вёсцы і сцеражыся. У мінулым годзе адна каля лазні грымнулася, а цяпер вось гэта шкоды нарабіла... Спілаваць!
   Сцяпан якраз снедаў, калі да яго на двор увайшлі Мішка Шпынь і Мікола Пугач — абодва з будаўнічай брыгады.
   — Дзядзька Сцяпан! — вышчарыўся круглатвары Пугач.— Гатуй сівуху! Зараз мы табе дроўцаў нарыхтуем. Усю зіму паліць будзеш.
   Мішка Шпынь па-гаспадарску абышоў двор, выбраў месца, куды спляжыць дрэва.
   — Плот трэба разабраць. Во на вуліцу і пакладзём. Давай пакуль трохі падпілуем... От тут...— Шпынь цюкнуў з аднаго боку сякерай.
   I тут выбег Сцяпан.
   — Вы што гэта задумалі?
   — Зямельку во тваю вызвалім,— пажартаваў Пугач.— Годзе панскай дылдзе спажыву з зямлі смактаць.
   Шпынь прысеў ля ліпы, дзынкнуў пілой.
   — Ну, давай... А ты, Сцёпа, пакуль што агароджу разбяры, а то патрушчым. Таўшчэзная ж, зараза.
   Сцяпан зразумеў, што да чаго.
   — А ну... адсюль! — ён збег з ганка, турнуў убок Пугача і, выхапіўшы з рук Шпыня пілу, шпурнуў яе цераз плот на дарогу.
   — Ты што, не апахмяліўся яшчэ? — падскочыў да яго Шпынь.— Чаго кіпяцішся? Нам брыгадзір загадаў. Дрэва аварыйнае.
   — Я вам зараз самім аварыю зраблю! — пагрозліва сціснуў кулакі Сцяпан.— Ужо і секануць паспеў, падла! Ты яе садзіў? Садзіў?
   — Ды ўсе ж пілуем,— умяшаўся вясёлы Пугач.— Ля Андроніхі павалілі, каля сельсавета дзве. Сёння ноччу ледзь Таўкача не ўходала. Чаго ты злуеш?
   — Ненармальны,— паціснуў плячыма Шпынь.
   — Марш адсюль! Ідзіце ў свае двары і там хоць усю траву выскубіце, а тут... Дыбайце, я вам кажу...
   Будаўнікі разгублена паціснулі плячыма і, падабраўшы свае прылады, пайшлі скардзіцца брыгадзіру.
   Тарэйкін, выслухаўшы іх, ускіпеў:
   — Чаго ён ерапеніцца?
   — А чорт яго ведае?! — адказаў Шпынь.— Кола на ліпіну ўсцягнуў і буслоў чакае.
   — Чыкнулі б без усялякіх размоў і — гамон.
   — Ага! Ён жа збялеў увесь, трасецца, быццам яму самому прыйшлі галаву адрэзаць. Навошта яму гэтыя буслы? Поліўку з іх будзе варыць, ці што? — развёў рукамі Пугач.
   Брыгадзір адышоў на сярэдзіну вуліцы і злосна скасавурыўся на Сцяпанаву хату:
   — Дзяцей няма, дык ён сам дзяцініцца... Бусел бяскрылы! Каго-небудзь прыдушыць гэтай ліпінай, а мне адказвай...
   У той жа дзень пасля абеду вяртаўся Сцяпан з рэйса. Вазіў зерне на здачу. Машына лёгка ўскочыла на апошні пагорак перад вёскай.
   "От ёлупні! — высунуўшыся з кабіны, падумаў шафёр.— Абстрыглі вёску. Як аладка цяпер. Нейкая стала шчарбатая, прыплюснутая. А гэтыя ліпы яшчэ сто год стаялі б... Цяпер толькі адна мая і засталася".
   Але і яго хата здалася яму нейкай чужой, незнаёмай. Ён убачыў, што і яго ліпа з разбітым колам ляжала сярод вуліцы ў гразі з яшчэ зялёным, сакавітым лісцем. Пад'ехаўшы да хаты, Сцяпан не ведаў, што рабіць. Сварыцца з жонкай, што недагледзела? Дык яна на ферме. Хата замкнёная. Бегчы да брыгадзіра? Той яго і слухаць не стане... Пасноўдаўшыся па двары, ён маркотна прысеў ля свежага пня і, паглядзеўшы ў неба, заўважыў над вёскай белыя крыжы буслоў. Яны ніколі не ляталі над іхняю вёскай. Усё над полем, а цяпер... Кружаць, кружаць... Аж ля самых снежных аблокаў.
   Сцяпан схіліўся над жоўтым пнём ліпы і, абшчаперыўшы галаву рукамі, ціха заплакаў.
   Дзівак чалавек!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!