Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Вечар

   У гэтым творы мы назірае адмысловае і арганічнае спалучэнне камічнага і трагічнага, смешнага і паважнага. Без гумару, смеху, блазнавання гісторыя пра трох пажылых людзей - Гастрыта (Мікіту), Мульціка (Васіля), Ганну, - што дажываюць свой век у закінутай, "неперспектыўнай" вёсцы, дзе мноства пустых хат з пазабіванымі аканіцамі, магла б ператварыцца ў дыдактычную драму або ў трывіяльную п'есу, у якой тлумачылася б, чаму моладзь пакідае вёску.
   Мастацкі час п'есы скіраваны не толькі ў сучаснасць, а перадусім у мінулае. Героі, для якіх настаў вечар жыцця, наноў пераасэнсоўваюць пражытае. Вечаровы час - час успамінаў, згадак, падвядзення жыццёвых рахункаў. П'еса "Вечар" мае рэтраспекцыі (адступленні ў мінулае) і аналітычную кампазіцыю (вяртанне ў мінулае, каб патлумачыць падзею, учынак, стан рэчаў і г. д.).
   На аналітычную кампазіцыю працуюць нават дэкарацыі, рэквізіт п'есы. З дапамогай дэталяў і рэчаў, кожная з якіх мае сваё прызначэнне, ствараецца красамоўны другі план дзеяння. Ён добра праглядваецца ўжо на ўзроўні кампазіцыі, у першай жа працяглай рэмарцы:
   "Вуліца сучаснай неперспектыўнай вёскі. Хата, яе фасад. Пад вокнамі лавачка. Злева, каля плота, стары рыпучы журавель. На адным яго канцы ледзь пагойдваецца абшарпанае драўлянае вядро, на другім - груз. Чаго тут толькі не панавешана! І шчарбатая шасцяронка ад камбайна, і доўгая мядзяная гільза ад снарада, і кавалак гусеніцы ад трактара, і нават іржавая прабітая каска. Калі набіраюць ваду, праз тужлівы рып жураўля чуваць перазвон гэтых жалязяк".
   Тут кожная дэталь "намякае" на колішнія падзеі. Цяжар перажытага навідавоку, ён матэрыялізуецца праз зрокавыя вобразы. Сімвал жыцця - калодзеж, вада ў ім "жывая", яе трэба вычэрпваць, каб калодзеж не высах. Мульцік старанна выбірае ваду з калодзежа, палівае не толькі свой гарод, але і суседнія дзялянкі. Гэта сведчыць, што вёска, пакінутая яе жыхарамі, працягвае жыць.
   Аляксей Дудараў стварыў каларытныя, шматмерныя характары.
   Вобраз Ганны здаецца досыць знаёмым, традыцыйным. Бабуля пражыла доўгае жыццё і так нарабілася на сваім вяку, што пад старасць не засталося сілы, каб утрымаць каля сябе няўдалага сына.
   Ганна - мудрая і разважлівая. Яе мудрасць адметная. Яна бачыць дабро і зло, як бы яны не перамешваліся, не перапляталіся ў жыцці. Яна не суддзя чужым учынкам. Яна на дабро адказвае дабром, спачуваць іншым, здольная дараваць крыўду, калі на тое ёсць хаця б маленькая падстава.
   І яшчэ рыса яе характару: наіўнасць, даверлівасць, якія спалучаюцца з жыццёвай відушчасцю. Як лёгка яна паверыла ў "спектакль", з песняй "па заяўцы" ад імя сына, наладжаны Мульцікам. Як арганічна ўвайшла ў ролю "нявесты" ў сцэне сватання і сур'ёзна, нават крытычна ацэньвала прэтэндэнтаў на сваю руку. Яна просіць дазволу на шлюб - толькі ўжо не ў бацькоў, а ў партрэта мужа-нябожчыка. Праглядаецца вобраз жанчыны, якая звыкла давяраць моцнай мужчынскай волі, падпарадкоўвацца ёй, але з аглядкаю, з жаночай здольнасцю прадбачыць...
   А Мульцік? На першы погляд ужо знаёмы нам тыпаж дзівака, які размаўляе з сонцам і з тэлевізарам, старшыні калгаса прапаноўвае свае паслугі ў якасці "жывога барометра". Ён строгі суддзя ўсім грахам Гастрыта і адначасова яго літасцівы "адвакат". Пакутнік, працаўнік, прапаведнік і балагур, блазан - перш чым паміраць, ён спачатку правядзе "генеральную рэпетыцыю", і гэтым не на жарт напалохае сваю "маладую жонку" Ганну. Гумарыстычнае стаўленне да смерці, да ўласнай старасці і нямогласці, да універсальнай жыццёвай недасканаласці - усё гэта стасуецца з лепшымі якасцямі беларускай ментальнасці. За гэтыя якасці, уласна кажучы, беларуса любяць у сусветнай супольнасці, з-за іх ён часта і церпіць...
   Гастрыт - найбольш супярэчлівы, складаны вобраз. Ніхто з персанажаў столькі разоў не будзе мяняць сваіх паводзін на працягу дзеяння так, як ён. Недаверлівы, хваравіта зайздрослівы да чужой радасці - такі ён у першай сцэне, дзе дапытваецца ў Мульціка, ці пішуць яму дзеці. Хцівы, раз'юшаны, гатовы з нажом у руках бараніць сваё "папяровае шчасце" - у сцэне з выйгрышным латарэйным білетам. Безабаронны перад голасам сумлення, што абудзілася ў ім, што прачыналася ў ім, ён глушыў яго ў сабе да самай апошняй хвіліны...
   У гэтым заглыбленні ў чалавечыя характары, іх таямніцы, у гістарычнае мінулае, па-свойму перажытае трыма персанажамі, нібыта раствараецца праблема "неперспектыўных вёсак". Яна выглядае лакальнай таму, што вынікае з мінулага як яго наступства, як вынік куды больш драматычных сацыяльных катаклізмаў. Варта было паставіць пытанне "чаму?" і пачаць яго разблытваць, як вырас цэлы комплекс праблем іншага парадку.
   Праблема "бацькі - дзеці" існавала заўжды. Заўжды існавала завядзёнка крытыкаваць сучасную моладзь, нават у часы Сакрата і Арыстафана. Але ў кожную эпоху з гэтай праблемай звязваўся цэлы комплекс іншых праблем: гістарычнага, сацыяльнага, псіхалагічнага, маральнага кшталту. Варта было толькі зачапіць - і вось яны навідавоку.
   Пытанне пра сучасную моладзь ставіць Гастрыт. Ён не чакае, якімі наступствамі можа абярнуцца адказ.
   Г а с т р ы т. ... І чаго яны такія? Толькі пра тое і думаюць, каб кожны дзень гарэлкі нажэрціся да ікаўкі!
   М у л ь ц і к. А што ім яшчэ рабіць? Ні рукі, ні душы не занятыя... Гадзіны свае адпрацуе, у сталоўцы пад'есць, прыйдзе ў сваю цагляную хату, у блакітны яшчык паглядзіць... А далей што? Дзень доўгі... А каля дома ні гарода, ні хлява, ні курыцы... Пуста... Што яму рабіць? Чым заняцца?.
   Гэтыя тырады нагадваюць звычайнае старэчае бурчанне пра сапсаванасць сучаснай моладзі, падобнае на маралізатарства аўтара "Прамовы Мялешкі". Старыя абгаварылі, асудзілі сучасную моладзь, а пасля неўпрыкмет перайшлі да сваіх праблем. Азірнуліся на сябе, на сваё мінулае, прыгадалі маладосць. І тут выявілася тое істотнае, што ў рэшце рэшт прывяло да з'яўлення "неперспектыўных" вёсак, адбіла ахвоту людзей да вольнай працы на зямлі, ператварыла жыццё селяніна ў прыгон.
   М у л ь ц і к. Ты ж некалі ўсіх добрых гаспадароў з вёскі павыгнаў... Тых, хто любіў зямлю... Любіў і слухаў...
   Г а с т р ы т. Я супраць кулакоў...
   М у л ь ц і к. Колькі іх было на ўсю нашу вёску? Два.
   Г а с т р ы т. Брэшаш, болей...
   М у л ь ц і к. Два. Зяпа і Мішук Цяркоўскі... Ад іх усе Вежкі плакалі... А каго Васіль Барабулінак эксплуаціраваў? У яго ж парабкаў не было, ён са сваёго мазаля жыў...
   Г а с т р ы т. Ён народную зямлю эксплуаціраваў...
   М у л ь ц і к. Зямля з радасцю аддае ўсё таму, хто да яе рукі прыкладае... Ты проста не хацеў працаваць, як усе, а хацеў наглядчыкам над людзьмі быць... Лёгка, няпыльна і ў пачоце! Вось і муціў ваду, пускаў усім пыл у вочы... Сазнацельным прыкідваўся!
   Карані сённяшніх, нявырашаных пытанняў адшукваюцца ў мінулым, у значнай ступені з'яўляюцца цяжкой спадчынай сталінскай эпохі. Сам драматург скажа пра гэта досыць адназначна, характарызуючы свой персанаж: "...Сазнацельны Мікіта - страшэннае зло і разам з тым ахвяра свайго часу -прадукт трагічных часоў культу".
   Як бачым, праблема паварочваецца наступным чынам: чалавек і час, чалавек і гісторыя. Васіль, Ганна, Мікіта - яны пражылі аднолькавыя па працягласці, ды зусім розныя паводле свайго канчатковага сэнсу жыцці. Гісторыя вырашала іхнія лёсы, але і яны рабілі гісторыю - кожны па-свойму. Надышоў вечар, калі раздумваюць аб пражытым, дый аб сэнсе чалавечага жыцця. І тут гаворка ўжо не пра тое, колькі ў Вежках было кулакоў, каго лічыць "кулаком", а каго не, каго "эксплуаціраваў" Васіль Барабулінак і што лічыць "эксплуатацыяй". Гаворка пра іх, траіх, што дажылі да цяперашняга часу, і наогул пра жыццё. Яна перацякае ў агульнафіласофскую і этычную плоскасць.
   І вось ужо нават Ганна, якой няма калі адысціся ад гаспадаркі і ад хворага Мульціка, як бы мімаходзь, кіне пытанне: "Васіль, а чагой-та мы жылі?" Гастрыт, які на словах лічыць сябе бязгрэшным, і той раптам занепакоіўся, засумняваўся: ці так жыў?
   Не папрокі Мульціка палохаюць Гастрыта, а набліжэнне смерці, той мяжы, за якой пачынаецца невядомасць. Гастрыт абдзелены сямейным шчасцем, ужо зведаў жахлівасць адзіноты, што схіляе да роздуму пра ўласную асобу, пра пройдзены жыццёвы шлях. На пачатку дзеяння ён вінаваціць у сваіх бедах іншых: дзяцей, жонку-нябожчыцу, аднавяскоўцаў, "кулакоў", нарэшце, само жыццё і час. "Час быў такі, разумееш, час!!!" - крычыць ён у запале. Хіба час не аднолькавы для ўсіх? Але адны праходзяць яго з годнасцю, а другія занадта лёгка скараюцца перад абставінамі, пачынаюць здабываць выгоду з няшчасцяў іншых.
   У п'есе прыгадваецца эпізод з часоў калектывізацыі. Для Мікіты гэта быў свайго роду "зорны час", перыяд бурнай чыннасці. Ён "праводзіў лінію": выкарчоўваў "кулакоў", змагаўся з аднаасобнікамі. Сёння Гастрыт апраўдваецца: ён толькі выконваў загады. Бяздумнае паслушэнства таксама злачынства. Гастрыт напісаў данос на брата Васіля, Андрэя, і гэта ўжо не па загадзе, а па ўласнай ініцыятыве, бо Андрэй збіраўся паслаць сватоў да будучай яго жонкі Алены...
   Калі Гастрыт і спрабаваў заставацца чалавекам у сітуацыі выбару, дык рабіў гэта напалову. У сорак першым, у палоне, ён маўчаў, калі нямецкі афіцэр дапытваўся ў чырвонаармейцаў: "Хто страляў?" і пагражаў растраляць усю калону. Наперад выйшаў "адзін маленькі, худзенькі заморак з Полацка" і прыняў на сябе кару за стрэл Гастрыта.
   Яго віна выглядае як вынік няпоўнай чалавечай самарэалізацыі. Чалавек з'яўляецца на свет, каб цалкам рэалізаваць свае магчымасці. Эгаізм - тое, што не дае яму самарэалізавацца.
   "Жыў напалову", - прыходзіць да высновы перад смерцю Гастрыт.
   Дагэтуль Гастрыт не можа спакойна глядзець, як шчыруе Мульцік на сваёй сціплай гаспадарцы: "Перажытак кулацкі!"
   Звычка хлусіць нават самому сабе абуджаецца літаральна за хвіліну перад смерцю. У сваёй споведзі ён шчыры напалову, што і сам адчувае: "Не слухай! Зноў кручуся..."
   За ўсё ў жыцці рана або позна даводзіцца плаціць, - так прачытваецца гэтая сцэна. Колішнія ўчынкі Гастрыта, што прынеслі шмат гора яго аднавяскоўцам, нарэшце абярнуліся вялікімі душэўнымі пакутамі для яго самога. Той, хто ў жыцці шукае зручнага, зацішнага закутка, спрабуе выкруціцца ад суда і адплаты гісторыі, несвядома заганяе сябе ў пастку.
   Мульцік, які напачатку дужа строга і сурова ставіўся да свайго суседа, напрыканцы твора значна мякчэе, "адпускаецца". Бо бачыць, што жыццё і час пакаралі Гастрыта больш, чым гэта мог бы зрабіць чалавечы суд. У адной з апошніх гутарак з Гастрытам ён не столькі абвінавачвае, колькі спрабуе вытлумачыць прычыну чалавечай бяды.
   Г а с т р ы т. ...Я ж не злодзей які-небудзь, жыў як усе... Шчасця хацеў... Мы ж за ім на гэты свет і прыходзім, працуем, пакутуем... Чаго ж мне так млосна? Чаму ж цішыні ў душы няма?
   М у л ь ц і к. Ты любіў мала...
   Г а с т р ы т. Мала...
   М у л ь ц і к. Плакаў мала...
   Г а с т р ы т. Мала... (Нервова). Яшчэ! Кажы яшчэ!
   М у л ь ц і к. Усё... Разумней любові, шкадавання і слёз людзі нічога не прыдумалі... І ці прыдумаюць?..
   І сам Мульцік, гэты дамарослы філосаф і мудрагель, якому, здаецца, адкрыты прычыны чалавечых нягод, гэты цярплівы спавядальнік, маралізатар і часам рэзанёр, таксама перажывае стан закінутасці, разгубленасці. Яму вядомы пакуты адзіноты. Але Мульцік верыць у гармонію светабудовы, у мэтанакіраванасць жыцця, і падмацоўвае гэтую веру ўласнай "касмаганічнай сістэмай", у падмурку якой - культ Сонца. Згодна з ёю, усё жывое ў свеце пайшло ад Сонца, і чалавек мае ў сабе каліва сонечнай цеплыні, каб саграваць ёю халодны Сусвет. Чалавек, памёршы, зноў "пойдзе на Сонца". Мульцік не моліцца Сонцу, а размаўляе з ім, просіць літасці і даравання людзям за іхнія грахі.
   Вера Мульціка, па асноўных параметрах, тоесная звычайнай веры чалавека ў Бога.
   Яго "ідалапаклонства" - не адступніцтва ад хрысціянства і не рудымент паганскай веры ў Дажбога. Мульцік паходзіць з таго пакалення, якое змалку адвучвалі ад веры ў Бога. І яму, чалавеку, які ўсё жыццё жыў у суладнасці з прыроднай гармоніяй, лягчэй было прыйсці да веры цераз усведамленне таго, што дае людзям цяпло, ураджай, спакой. Гэта дазваляе Мульціку сваімі словамі амаль у кананічнай чысціні даводзіць хрысціянскія прынцыпы любові, шкадавання, міласэрнасці.
   Героі гэтай драмы вядуць няспынны этычны пошук, сутнасць якога - не вынаходніцтва новай рэлігіі і новых маральных прынцыпаў, а вяртанне да старых, занядбаных гуманістычных каштоўнасцей. Пра гэта сведчаць, яшчэ раз нагадаю, словы Мульціка: "Разумней любові, шкадавання і слёз людзі нічога не прыдумалі". Састаўныя гэтага пошуку: ачышчэнне, споведзь, пакаянне.
   Адносна просты, амаль празрысты ў сваёй яснасці шлях, якім прыйшлі да высвятлення гэтай ісціны героі п'есы "Вечар", не паўторыцца ў творах А. Дударава.

Похожие статьи:

БиографииАляксей Дудараў

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя