Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аляксей Дудараў. Вечар

Драма ў дзвюх дзеях


Дзейныя асобы:
Мульцік (Васіль) — 80 гадоў.
Ганна — 76 гадоў.
Гастрыт (Мікіта) — 78 гадоў.


    Нашы дні. Усходняя Беларусь.
 

Дзея першая

    Вуліца сучаснай неперспектыўнай вёскі. Хата. Пад вокнамі лавачка. Злева, каля плота, стары рыпучы журавель. Толькі-толькі пачынаецца дзень. Павольна выходзіць Мульцік з вядром. Размаўляе з сонцам, запрашаючы яго зірнуць на зямлю. Потым вядро за вядром чэрпае з калодзежа ваду, гаворыць, звяртаючыся то да былых аднавяскоўцаў, то да сонца: «Думаеш, глупствам займаюся? Няма каму ваду з калодзежа браць... Раз'ехаліся ўсе... А калодзеж жывы павінен быць... 3 яго чэрпаць трэба, каб вада ў зямлю не пайшла, каб не застаялася... Во я і выбіраю штодня... За былых сваіх суседзяў, за дзяцей іх і за свайго сына...» Успамінае ўласнае жыццё: «...Тры вайны адпляскаў, шабляй махноўцы секлі, кулакі ў трыццаць другім цвікамі на кладзішчы да крыжа прымацавалі, на фінскай ногі адмарозіў, у партызанах немцы расстрэльвалі, потым ваяваў — два разы параніла, тры разы кантузіла... Двух дзетак за вайну пахаваў... і хату пярун паліў, і карова здыхала, і жонка памерла, і сын апошні гадоў пяць пісем не піша...»
    Падыходзіць Ганна. Расказвае, што ў сне бачыла свайго старэйшага, Іваньку, які на вайне прапаў без весткі. Мульцік супакойвае суседку, што гэта добры сон. Старыя панеслі ваду кожны ў свой двор.
    Да калодзежа з чайнікам ідзе Гастрыт. Кліча Васіля і пытаецца ў яго, калі той памрэ. Не верыць, што Мульцік не баіцца смерці. Як звычайна пры сустрэчах старыя пачынаюць спрачацца. Раптам Мульцік заўважае на дарозе ў вёску чалавека. Удваіх напружана ўглядаюцца, але чалавек паварочвае ў іншы бок.
    Спрэчка працягваецца:
    Гастрыт. Ведаеш, хто ты?
    Мульцік. Ведаю, ведаю... Элемент.
    Гастрыт. I не наш!
    Мульцік. Шкада, што ты наш... Бяда народная...
    Гастрыт. Я калі-небудзь на цябе ананімку напішу. Пабачыш.
    Мікіта, забыўшыся на чайнік, злосны ідзе ў Займішча (суседняя вёска) снедаць.
    З сумкай хлеба стомленая, але вясёлая прыходзіць Ганна. Прымушае Васіля танцаваць, бо яму пісьмо. Мульцік, танцуючы, сагнуўся, а разагнуцца не можа. Напалоханая Ганна кладзе яго на лаўку і аддае канверт. Прачытаўшы некалькі радкоў, Васіль сумна апусціў руку: гэта яго пісьмо вярнулася з Джэсказгана, не знайшоўшы там адрасата, сына.
    Падыходзіць Гастрыт. Выказвае меркаванне, бачачы ў руках суседа пісьмо, што Васілёў сын «прапіўся да ніткі, во і бацьку ўспомніў, грошай просіць». Мульцік абяцае яму «гваздануць калі-небудзь». Гастрыт пераводзіць размову на сучасную моладзь, здзіўляецца, што яе, акрамя гарэлкі, нічога не цікавіць.
    Мульцік ... А вы адбілі ахвоту ў людзей радасна працаваць на зямлі...
    Гастрыт. Хто гэта мы?
    Мульцік . Ты і такія ж асталопы, як ты... Ты ж некалі ўсіх добрых гаспадароў з вёскі павыгнаў... У Вежках ты I моладзь ад зямлі адбіў... Колькі гадоў сачыў за тым, каб, значыць, ніхто лішнюю бульбіну ці мех зерня ад зямлі не ўзяў...
    Прыбягае расхрыстаная Ганна, крычыць, каб уключылі «радзіва». Голас дыктара чытае пісьмо ад Віктара, які просіць перадаць для любай маці песню. Жанчына плача ад радасці. Але «чэсны» Гастрыт заўважае ў пісьме недакладнасці. Адкрываецца, што заяўку на радыё зрабіў Мульцік. Ганна цяжка пайшла дахаты.
    Мульцік выцягвае са штаноў дзягу, загадваючы Гастрыту здымаць штаны.
    Мульцік. ...Радасць у чалавека была!!! Яна ж без яе ўсё жыццё свае!!! Трое дзетак у партызанах з голаду памерлі, старэйшы сын «без весці», Піліп вярнуўся кулямі ды асколкамі начынены, два месяцы пажыў... Віцька адзін застаўся, дык і ў яго жыццё наперакасяк пайшло... Адна ўсё жыццё... Гаротніца... Хоць ты яе ў царкве вешай як пакутніцу святую, а ты...
    Гастрыт. А я не дазволю! Не дазволю ўсяму народу, усяму гасударству галаву дурыць!.. Па нашаму радыё толькі праўду перадаюць! I нечага...
    Дрэмле стары журавель. Вечар. З'яўляецца Мульцік, потым Гастрыт. Смяецца з Васіля, што той хоча набыць у калгасе каня, нават узятку даваў.     Мульцік тлумачыць, што не хоча ў дзяржавы на шыі сядзець. Пасля адыходу суседа гаворыць да сонца, якое заканчвае свой дзённы шлях, і ідзе дамоў.
    Ганна, набраўшы вады, села і заплакала. Вяртаецца Гастрыт. Шукае свайго ката Піначэта, праз якога не спаў цэлую ноч. Потым прапаноўвае Ганне перабірацца да яго ў хату.
    Ганна . Во спасібачкі! Во ўважыў! Гэта ты мяне заместа ката свайго рыжага да сябе завеш... Каб дыхала...
    Гастрыт. Дык і я ж табе дыхаць буду!
    Ганна. А мышэй мне лавіць у тваёй хаце не трэба будзе?
    Непрыкметна выходзіць са свайго двара Васіль, слухае далейшую размову. I калі Гастрыт загаварыў пра курорты, злосна нападае на Ганну: «Каго ты слухаеш, бахіла старая?! Курортніца!.. Варта нам толькі махнуць рукой на ўсё, пачаць пра курорты думаць — смерць усімі капцюрамі ўчэпіцца... Ганна, адумайся! Жыць надакучыла?» Мульцік прапаноўвае жанчыне перавесці казу ў яго хлеў, а самой пераходзіць у яго хату. Гастрыт злуецца. Жанчына спрабуе памірыць мужчын. Потым ідзе пытацца ў свайго мужа (гаварыць з партрэтам), вярнуўшыся, паведамляе, што Піліп дазволіў і яна пойдзе да Васіля.
 

Дзея другая

    Хата Мульціка. Раніца. Ганна ладзіць снеданне, кліча з двара Мульціка. Седзячы побач за стадом, старая ціха смяецца, што добра ўсё-такі замужам. Ідзе прапаліць у сваёй хаце.
    Урываецца з газетай у руках узбуджаны Гастрыт. Ён выйграў па латарэі «Жыгулі». Ставіць на стол бутэльку віна замачыць выйгрыш. Нечакана задумаўся і заявіў, што ніколі ў жыцці не меў поўнага шчасця, усё напалавіну, і з жонкай так атрымалася, і на вайне, і на працы. «...Нават пад старасць... Ганну во я ўгаварыў замуж выйсці... Згадзілася і... да цябе пайшла жыць! А цяпер во гэты білет... Нашто ён мне? Маладзейшаму б каму-небудзь...» Але калі Мульцік зрабіў выгляд, што праглынуў білет, Гастрыт кінуўся на яго з нажом. Выведзены з раўнавагі Гастрыт прызнаецца, што на Васілёвага брата данос у маладосці напісаў ён, бо дзяўчына, якая яму падабалася, дала згоду выйсці замуж за Андрэя.
    Мульцік аддае Гастрыту скамечаны, але цэлы білет, і выпраўляе таго з хаты, сам хапаецца за сэрца.
    Досвітак, На палку перад печкай ляжыць Мульцік з сашчэпленымі на грудзях рукамі — прымерваецца, як будзе ляжаць на покуце. Ганна, зайшоўшы ў хату, загаласіла, ёй здалося, што Васіль памёр. Мульцік адкрывае вочы і наказвае, каб каля яго, «калі што якое, ніхто не скавытаў. Ціха пражыў, — ціха і на Сонца пайду».
    Ганна паведамляе, што Гастрыта завезлі на хуткай у бальніцу. Дакарае мужа, што той не хоча лячыцца ні ў бальніцы, ні дома. Потым шкадуе яго, бо змізарнеў, нічога не есць.
    Васіль расказвае, як яго распялі на крыжы на могілках вясковыя багацеі Зяпа і Цяркоўскі. Ганна спрабуе зразумець, чаму такі «няўдачны» яе Віцёк. Гаворку перапыняе Гастрыт, які з'яўляецца на парозе ў белых ісподніках, загорнуты ў бальнічную коўдру. Просіць Ганну і Васіля не выганяць яго з хаты.
    Доўгая зімовая ноч. Каля печы на палку галава да галавы ляжаць Мульцік і Гастрыт. Гастрыт просіць Мульціка гаварыць пра яго ўсё — «самае нядобрае, самае паганае», бо няма цішыні ў душы.
    Гастрыт. Болей скажы... Пасудзі...
    Мульцік. Я не суддзя, Мікіта... Ды ты і сам усё ведаеш...
    Гастрыт (заплакаў). Госпадзі! Як жа гэта? Я ж чэсна працаваў, падтрымліваў, стараўся... Казалі ісці— ішоў, казалі рабіць— рабіў, гаварыць— гаварыў... Ой, Васіль! Свет, свет наўкол паганы...
    Мульцік. Свет добры... Чысты... Гэта мы яшчэ дрэнныя... Нам саміх сябе перарабляць трэба, а мы, дурні, увесь свет перарабіць хочам, пад сябе падагнаць...
    Уваходзіць Ганна і расказвае, што старшыня абяцаў даць Васілю каня бясплатна, як ветэрану. Мульцік, не слухаючы пратэстаў жонкі, з цяжкасцю ўстае, апранаецца і падаецца на двор.
    Гастрыт просіць жанчыну схадзіць на могілкі і папрасіць ва ўсіх прабачэння за яго, бо сам зрабіць гэта не паспее. Становіцца на калені і моліцца: «Дзе ты, хто ты, ці ёсць ты — не ведаю... Калі ёсць, на зямлю гэту ты мяне ужо не пусціш... Я не слухаў яе... I не пачуў...» Потым заціхае на палку.
    Васіль спакойна прымае вестку пра смерць Мікіты. Гаворыць Ганне, што трэба зняць з іх кніжкі сотні дзве на памінкі, адбіць Мікітавым дзецям тэлеграмы. Сам жа збіраецца ісці да старшыні за канем. Ганна нагадвае, што Мікіта прасіў за яго памаліцца.
    Мульцік (ціха і ўрачыста). Аджыў сваё чалавек... Прыйшла яго ноч... Прыйшоў наш вечар... Дзякуй вам, бацька-маці, што вы нас нарадзілі і вырасцілі... I табе, Сонейка, дзякуй... Ні за адну, нават самую горкую, слязінку не наракаем на жыццё. Дзякуй за тое, што жылі, мучыліся, смяяліся, плакалі... Ідзе нехта! У вёску ідзе...
    Старыя стаяць побач. Глядзяць, чакаюць.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!