Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Абразок

Увага! Поўны змест

   У Міколы Кісялёва — Кісляціны, як яго клікалі ў вёсцы, — памерла старэнькая маці. Аджыла сваё і памерла. «Дай бог усім столькі пражыць»,— гаварылі пра 90-гадовую Матруну на хаўтурах і ўсё ж шкадавалі... Ну, яно зразумела, што аджыла, што старэйшыя сыны дзядамі сталі, што праўнукі ўжо ў школу пайшлі, і ўсё ж неяк не так... Быў чалавек у вёсцы, здаецца, заўжды, усе яго бачылі, сустракаліся з ім, і во — усё, няма больш. I не будзе ніколі ўжо, не будзе нідзе. Ніякавата звыкнуцца адразу з такой думкай. Трэба, каб прайшоў час, каб трохі забылася.
   Памёр чалавек — аджылі свой час і яго рэчы. Недзе праз месяц пасля хаўтур Мікола разабраў стары матчын ложак, зацягнуў яго на гарышча, кінуў на пагнуты абшарпаны веласіпед, што ўжо год пяць ляжаў тут без патрэбы. Чорную плюшаўку, спадніцы, кофты, бялізну, што засталася пасля старой, акуратна склалі ў яе куфры і запіхнулі глыбока пад ложак. Усё гэта нікому не трэба, але не выкідаць жа... Хай ляжыць.
   Зняў Мікола і невялічкі абразок з левага кута. Вышываныя чырвонай ніткай набожнікі паклаў у шафу (можа, спатрэбіцца на што), а святую багародзіцу з яе немаўляткам таксама вырашыў занесці на гарышча. Ужо ўзлазіў па лесвіцы, але ўспомніў, што нядаўна карова рогам разбіла ў хляве акенца і яго прыходзілася затыкаць сенам, каб не надзьмула снегу. Мікола злез з лесвіцы, падышоў, выцягнуў касмылявае сена, прымерыў абраз. Акурат падышоў, толькі старая почапка перашкаджала. Мікола прынёс малаток, прыгнуў почапку да закапцелай рамкі і ўставіў абраз замест акенца, замацаваў цвікамі. Потым, падкідваючы ў руцэ малаток, адышоўся і паглядзеў на сваю работу. Здалося, што гэта не толькі карысна для гаспадаркі, але неяк і цікава, смела... Можна было б здзерці з-пад шкла гэту маляваную паперу, тады б святлей у хляве было, але ёсць жа лямпачка, святла хапае, дый карова не будзе лезці з рагамі, не разаб’е... Хай так... Абразок той разам з гаспадарамі пераходзіў з старых хат у новыя — будаваліся шмат і да вайны, і пасля, адзін раз згарэлі — пераходзіў і займаў свой левы куток над сталом... Ужо год з дзесяць вісеў зусім немаведама для чаго. Мікола б даўно яго выкінуў, каб не маці. Старая, што зробіш?.. I не малілася, а хай вісіць — і ўсё... Так і вісеў. Побач электралічыльнік, а ўнізе тэлевізар. Нават смешна было. Прыходзілі браць за электрычнасць, зазіралі за набожнікі і гаварылі: «Ну, колькі тут наша багародзіда накруціла?»
   Прыйшла з работы жонка, заўважыла пусты кут.
   — Зняў ужо?
   — Зняў, — сказаў Мікола і чамусьці спытаўся: — А што?
   — Нічога... Пуста неяк... I лічыльнік гэты чорны, як пляміна на шпалеры...
   I сказала, здаецца, без усякай задняй думкі, звычайна сказала, а Міколу чамусьці зашкрэбла.
   — Давай каго-небудзь павесім, каб поўна было.
   — Каго?
   — Абы каго! — пачаў злаваць Мікола. — Чаго? Абы вочы мазоліў...
   Жонка прамаўчала, пайшла даваць свінням есці. Амаль адразу ж вярнулася, стала на парозе:
   — Коля, ці й та ты ашалеў?
   — Чаго табе? — спакойна падпёр сківіцу рукой
   Мікола, хоць ужо здагадаўся — заўважыла абраз на хляве...
   — Нашто ты яго туды?
   — Вецер дзьме. Холадна карове. Хоць якая ды карысць...
   — Я здыму.
   Мікола ляпнуў далоняй па стале, сказаў ціха, спакойна і ўпэўнена:
   — Не здымеш. Як табе не сорамна, дэпутатка? Абраз нейкі струхлелы шкадаваць!..
   — Ці падумаў ты, што людзі...
   — Лю-дзі! — рэзка перасцігнуў яе Мікола.— Увесь век жывеш не так, як хочацца, а як людзям патрэбна... Напляваць! Хай пагавораць. Ціха сталі жыць, сумна... Хоць языком пачэшуць...
   — Усё, каб не як у людзей...
   — Хопіць! Не квахчы... Вунь свінні на ўсю галаву крычаць — ідзі давай...
   — Здыму,— няўпэўнена паабяцала жонка. — Гэта нягожа...
   — Я табе здыму! Спадніцу во здыму і акенца гэта завешу...
   Міколу нават стала прыемна, што ён нешта адстойвае, нават абараняе. Хоць, прызнацца, і не чакаў, што жонка заўважыць яго работу. Што ёй гэты абразок? Пэўна, і набожнікі надакучыла мыць за столькі год. Хоць бы якая карысць...
   Мікола падсеў да акна і, чакаючы вячэры, пачаў лічыць у суседскім плоце колле. Ён заўважыў, як ля яго хаты спыніўся Сяргей Чалеснік, калгасны пчаляр, год на пяць старэйшы за Міколу. Доўга глядзеў на хлеў, затым неяк палахліва азірнуўся па баках, паківаў галавой і, плюнуўшы сабе пад ногі, пайшоў да ганка. Узрушана зачыніўшы за сабой дзверы, Чалеснік замест «дзень добры ў хату» ціха вылаяўся.
   — Што? — спытаў Мікола і ўсміхнуўся.
   — Калюн, маці тваю бог любіў, што ты як блазнюк які? Дадумаўся!..
   — Я не думаў. — Міколу стала весела, ён задаволена прамовіў: — Хлеў прама як музей стаў. Скажы?
   — Ты гэта ад суму ці шарыкі нейкія з мазгаўні выкаціліся?
   Мікола заўважыў, што добры Чалеснік злуецца на яго з-за чаго? З-за абразка. Мікола хітравата ўсміхнуўся:
   — Што, на ўсялякі выпадак бога абараняць узяўся? А раптам калі-небудзь залічыцца?.. Так?
   — Грак! — сказаў Чалеснік. — Дурны, галодны грак ты, Мікола... Толькі не сярдуй...
   — Не сярдую, ладна. А ты во адкажы: думаў калі-небудзь пра гэта? А раптам бог ё! Га?
   — Мне ўсё адно. Пражыў без яго, паміраць буду без яго і там буду без яго.
   — Дзе гэта там?
   — Пад бярозкамі, калі час прыйдзе.
   — Дык што ж табе да гэтай багародзіцы?
   — На хлеве ж... Дадумаўся! Усё жыццё на самым пачэсным месцы вісеў, бацькі твае за святое яшчэ лічылі, а ты на хлеў...
   — Слухай, а на якую трасцу яму вісець тут? Што гэта — люстэрка? Ну і зняў.
   — Зняў — і правільна. Толькі лішні клопат жонцы.
   — Ну во...
   — А ты пра матку сваю падумаў? Яна ж здароўя для цябе ў яго прасіла, калі ты яшчэ пялёнкі пэцкаў,— цішэй, быццам нехта падслухае, сказаў Чалеснік.
   — Што ўжо ёй? — уздыхнуў Мікола. — Ёй ужо нічога. Калі жыла, дык я трымаў яго тут... Не для сябе ж...
   — А памерла — значыць, усё. Можна і на хлеў?
   — А што?
   — Пень! — сумна сказаў Чалеснік. — Толькі не крыўдуй... Пра матку не падумаў... Гэта ж усё адно што загнаць свіней на яе магілку пасвіць...
   Мікола пачаў адчуваць, што яму робіцца ніякавата. Ён ведаў, што Чалеснік можа завесці ў гаворцы туды, адкуль і не выйдзеш.
   — Ладна! — сказаў Мікола. — Ты не раўняй шчокі з гэтымі... як іх... Сказануў.
   — А што? Сам жа казаў — ёй усё адно. Ці пакрыўдзіцца?
   Мікола маўчаў.
   — Маці верыла ўсё жыццё,— гаварыў Чалеснік. — Гэта, Коля... думаць трэба. Мы не верым, мы, можа, разумнейшыя за іх, але ж... нельга так... На хлеў тое, што людзі ў душы насілі... Хай сабе і па глупству... але ж шчыра...
   Мікола ўскіпеў:
   — Ды мала што яны там насілі! Ад цемені сваёй. Майму дзеду вунь цар на руска-японскай медаль нейкую ўсунуў, дык той да самай смерці, дурань стары, верыў, што цар — гэта ого! акурат як бог... I не пераканаць было... Так і памёр... Што мне — і гэта паважаць?
   — А ты думаў?..
   — Ца-ра?! Ну, Сярожа, цябе пара ў міліцыю здаваць.
   — Што ты дзіцёнкам прыкідваешся? Цара-ца-ра... Лясніся ён, твой цар! Не яго, а тое... тое, што чалавек верыў... Разумееш, усёй душой... Гэта толькі ад злосці не паважаюць, калі самому няма ў што верыць, калі сэрца пустое, як паграбня вясной...
   — Ты канчай заліваць... Я сам ведаю, што раблю.— Мікола адвярнуўся.
   — Ты б падумаў спачатку... Во, не дай бог, цьфу ты чорт... Калі здарыцца, што ты захварэеш... Ты ці жонка — вясковыя ж бабы на ўсю сілу будуць званіць, што гэта цябе бог пакараў... I гэту лухту другім у вушы несці будуць... Маладым, дзецям... Сам жа гэтаму богу дапамагаеш...
   — Адчапіся ты!
   — Калі ён табе не патрэбен — спалі, плюнь... Што хочаш... Але без гэтага... дурнога звону.
   — Ну як жа! Знойдзецца які-небудзь мяккагруды, прыйдзе, як ты, і дакараць возьмецца, што бога ў агонь, як грэшніка, кінуў. Праведнікі...
   — Богу, калі ён ёсць, і не засвярбіць ад цябе, а вось людзі, людзі... Гэта ж дурнота са свістам: абраз на хлеў...
   — А ў мяне шкла не было! На балонку. Захацеў і ўставіў... Багародзіцу вашу... I капцы!.. Нечага тут...
   — Певень ты хрыпаты, Коля... Толькі не сярдуй.— Чалеснік пайшоў да дзвярэй.— Праўду людзі кажуць — Кісляціна ты...
   — Ладна! — грымнуў яму ўслед Мікола.— Ідзі, куды ідзеш, а то не дойдзеш. Поп новы знайшоўся! Вера яму трэба! Павага! Не здыму, назло! Во вам усім... Праведнікі.
   Гэтага Чалеснік ужо не чуў. Ён выйшаў на вуліцу.
   Раніцай Мікола пайшоў у пуньку наскубці карове сена. Абраза на хляве не было. Акенца акуратна зашклёна, здаецца, тым жа шклом з-пад абраза. «Чалесніка работка. Ненармальны... I калі паспеў?» — падумаў Мікола, але падумаў без абурэння, злосці, нават не зразумела чаму — вінавата. Чыстае, шызаватае шкло свяціла яму ў вочы ружовым ранішнім сонцам.

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

БиографииАляксей Дудараў