Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч - Піянер Геня

Увага!!! Поўны змест

І

   Калі вайна дакацілася да калгаса, дзе жыў піянер Геня, і ўсё вакол загудзела грымотамі і запалымнела пажарамі, – ён з мамаю перабраўся з хаты ў склеп.
   Склеп быў на агародзе, між лапушыстага бульбяніку, які пачынаў ужо цвісці. Побач зелянелі густыя градкі морквы, завязваліся крамяныя качаны капусты, чырванелі бурачныя цыбуры. Была пара росквіту і красавання, пара, калі людзі, любоўна даглядаючы палеткі, цешацца з працы сваіх рук. Але браніраваная фашысцкая навала ў той усім так памятны год бязлітасна нішчыла ўсё жывое і прыгожае.
   Вечарамі грымоты крыху сцішаліся. Геня выходзіў са склепа, з болем і страхам узіраўся ў ваколіцу, дзе стаяла злавеснае зарыва ад бушуючых пажараў.
   У адзін з такіх вечароў ён убачыў слуп агню над сваёй хатай. Сэрца яго моцна закалацілася. Немы крык вырваўся з яго грудзей. З гэтым крыкам ён убег у склеп і сказаў маці. Але, прыдушаная нечуванаю бядою, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца...
   А назаўтра ўсё прыціхла. Вайна адкацілася кудысьці за калгас. Глушэй гула зямля ад гарматных выбухаў. Геня выйшаў на свет. Перш за ўсё ён убачыў вакол вялікія змены: на месцы шмат якіх хат тарчалі абкураныя дымам печы, датляваючы, курыліся галавешкі. На вуліцы было поўна чужых салдат у зялёным адзенні, з круглымі каскамі па галовах. Адны з іх з аўтаматамі ў руках ганяліся за курамі і парасятамі, другія, расклаўшы на агародах і нават на вуліцы агні, смажылі на скавародах і варылі ў чыгунах свежаніну. Тут жа стаялі павозкі, матацыклы, розныя машыны.
   Геня вярнуўся назад. Але ж сядзець у склепе яму і так надакучыла за гэтыя дні. Неўзабаве ён зноў выйшаў са склепа і падаўся ў гай – любімая яго мясцінка, дзе ён часта бавіў час улетку. Гай пачынаўся бадай што за самымі гумнамі. Гэта быў густы зараснік, перамешаны маладымі бярозкамі, алешынамі, лазняком. Несціхана шчабяталі тут птушкі, гудам гула розная машкара, танцуючы, пырхалі матылькі.
   Вайна, якая смяротнымі крыламі прашумела і над гаем, паламала шмат кустоў, пассякала галлё і лісце. Але гэтае калецтва можна было заўважыць толькі зблізку. Здалёк гай здаваўся такім жа прыгожым і прывабным, як і раней.
   Геня, здавалася, забыўся тут і пра спаленую хату, і пра тое, што ўбачыў на вуліцы. Да яго зноў вярнулася бесклапотнае дзяцінства, спыненае вайною. Вось перад ім пырхнула маленькая даўгахвостая пліска з чарвячком у дзюбцы. Яна прысела на лазовай галінцы, трывожна завярцелася. азіраючыся. «Мусіць, гняздо недалёка», – падумаў Геня. Птушачка пакруціла галоўкай, потым пераляцела на другі куст. Цікуючы, Геня крадком падаўся за ёю.
   Раптам у насцярожанай цішыні пачуўся прыглушаны стогн. Геня спыніўся. Асцярожна расхінуў куст. За кустом, уткнуўшыся тварам у траву, ляжаў чырвонаармеец. Доўгі русы чуб яго ўпаў на траву. Рукі распасцёрты на ўсю шырыню; ён абняў імі зямлю і раз-пораз сціскаў і разнімаў кулакі, драпаючы траву. Акрываўленая правая калашына штаноў ніжэй паясніцы ўсыпана чорным мушыным роем. Побач, справа, ляжала каска.
   Геня нагнуўся над раненым. I тут ён убачыў на пятліцах яго гімнасцёркі па два невялікія квадрацікі цёмна-чырвонага колеру.
   – Таварыш лейтэнант... – прашаптаў усхваляваны Геня, асцярожна дакрануўшыся да пляча раненага.
   Ранены, здавалася, не чуў яго.
   – Таварыш лейтэнант... – паўтарыў Геня.
   Ранены ледзь паварушыў галавою.
   – Вады... піць... – асмяглымі губамі прашаптаў ён.
   I толькі па стогну і гэтых словах можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё.
   – Пацярпіце крышку, – сказаў Геня, – я зараз збегаю...
   Ён усхапіўся. Галава яго кружылася. Але калі ён крыху апамятаўся, дык падумаў, што ў калгас ісці па ваду небяспечна. Можна нарвацца на немцаў і адкрыць след... Ніхто не павінен ведаць аб раненым камандзіру. Але дзе ж узяць вады? Ён успомніў пра канаву за гаем. Можа, яна яшчэ не зусім перасохла. Схапіў каску і кулём кінуўся за гай.
   На шчасце, у канапе яшчэ сям-там блішчалі мелкія лужынкі. Геня раскапаў дно адной лужынкі, паглыбіў яго. Вада павольна збіралася на дно. Потым ён стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. I, не дачакаўшыся, зачэрпнуў вады ў каску. «Асядзе ў касцы», – парашыў ён.
   Калі ён вярнуўся назад, ранены не стагнаў і не драпаў пальцамі зямлю. Геня пачаў клікаць яго, варушыць. Ранены не адклікаўся.
   «Мусіць, памёр, пакуль я чакаў, калі састоіцца вада», – думаў Геня. У роспачы ён прысеў ля раненага, і слёзы самі пасыпаліся з яго вачэй. Яму было горка і да гэтай сустрэчы, а зараз яго чулае дзіцячае сэрца перапоўнілася болем да краю.
   Вакол гэтак жа весела шчабяталі птушкі, дзумкалі чмялі, нібы выцінаючы на цымбалах, кружыліся матылькі... Але ўсё гэта здавалася цяпер Геню лішнім і недарэчным.
   Ён доўга сядзеў засмучаны і заплаканы. З думак не выходзіла вайна, чужыя салдаты-ліхадзеі. Успомніў ён бацьку – вясёлага калгаснага брыгадзіра, якога не толькі ён – усе любілі. У першы ж дзень вайны бацька пайшоў на фронт. Дзе ён цяпер? Можа, вось гэтак жа ляжыць дзе пад кустом або ў чыстым полі, і чорныя крумкачы кружацца над ім... Але падобная думка пра бацьку ніяк не стасавалася з яго жывым вясёлым характарам, з яго смеласцю і дасціпнасцю. Геню здавалася, што нават смерць не зможа асіліць яго бацьку.
   Думкі яго неўзабаве былі спынены: ранены заварушыўся.
   – Жывы! – ускрыкнуў узрадаваны Геня. – Таварыш лейтэнант, я вады прынёс.
   Ранены паспрабаваў павярнуцца на бок. Але яму, відаць, было вельмі цяжка зрабіць гэта. Геня дапамог яму. I калі ранены, счарнеўшы ад болю, крыху павярнуўся, Геня паднёс да яго губ каску. Ранены прагна адпіў некалькі глыткоў. Потым галава яго зноў упала на траву.
   – Ты адкуль, сынок? – ледзь пераводзячы дух, спытаўся ранены.
   – З калгаса, – паказаў Геня рукою за гай.
   – А тата дзе?
   – На вайне.
   – Як цябе зваць?
   – Геня.
   – Геня... Генадзій, значыць...
   Ранены заплюшчыў вочы. Лёгкая непрытомнасць заўладала ім.
   – Геня... – зноў зашаптаў ён неўзабаве. – Я, мусіць, доўга не пражыву. Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка... Пакляніся самым табе дарагім...
   Дрыжыкі калючымі мурашкамі прабеглі па Геневым целе. Ранены гаварыў з ім такім тонам, нібы гэта былі чароўныя ўсемагутныя словы-заклінанні.
   – Клянуся... – шчыра зашаптаў усхваляваны Геня. – Чэснае піянерскае... Клянуся...
   Ён запнуўся, не ведаючы, як яму яшчэ клясціся.
   – Досыць, Геня. Я веру табе. Ён там, у кусце, ляжыць. Схавай яго і нікому-нікому не кажы. Ваенная тайна. Разумееш?
   Геня кіўнуў галавою. О, ён разумее, што такое ваенная тайна!
   – Як вернуцца нашы – перадасі ім. Вось і ўсё. Я табе веру...
   Геня маўчаў, углядаючыся ў твар камандзіра. Потым запытаўся:
   – Перавязку вы зрабілі?
   – Не, Генік.
   Ранены паварушыўся. Пакутная грымаса болю ценем прабегла па яго твары.
   – Ні ўстаць, ні павярнуцца...
   – Бінт ёсць у вас?
   – У сумцы, Генечка, індывідуальны пакет.
   Геня хутка дастаў пакет, выняў з кішэні свой ножык-складанчык і пачаў разразаць калашыну.
   – Вы толькі не крычыце, таварыш лейтэнант... Немцы каб не пачулі, – упрошваў ён раненага.
   Зрабіўшы, як здолеў, перавязку, Геня прынёс каску свежай вады.
   – Цяпер вам будзе лягчэй. Пацярпіце. Я скора вярнуся, – сказаў ён і знік у кустах.
  

II

   Ідучы ў вёску, Геня думаў толькі пра камандзіра. Яму патрэбна дапамога, і нават вельмі спешна. А чым жа ён можа дапамагчы? Сказаць маме? А што зробіць яна? Ад мамы думка перакінулася да важатай Мані. I гэтая думка заўладала ім.
   Важатая жыла недалёка ад іх. Геня абмінуў свой склеп і, спяшаючыся, пайшоў па вуліцы. Цяпер ён не думаў пра небяспеку і не зважаў на салдат, якія, відаць, угаманіліся і зараз спалі пад дрэвамі ў садах і агародах.
   Як жа парадзела вёска! Вось месца, дзе была хата дзядзькі Сцяпана. Тут былі шырокія моцныя лаўкі, моладзь вечарамі збіралася сюды спяваць песні. Каля хаты старшыні калгаса дзядзькі Якуба расла высокая старая ліпа, шырока раскінуўшы свае густалістыя галіны. На ёй была прымайстравана старая драўляная барана з буславым гняздом. Кожны год вясною на гняздо прыляталі буслы. Стоячы на адной назе, яны весела клекаталі на ўсю ваколіцу, радуючыся ўтульнаму гнязду, вясне і сонцу.
   Страшнай зрабілася зараз старая ліпа. Адзін камель і тоўстае галлё тарчалі на тым месцы, дзе расло прыгожае пышнае дрэва. Згарэла і гняздо з буслянятамі...
   З трывожным клёкатам кружыліся старыя буслы над асмаленым дрэвам. «Гнязда шукаюць», – падумаў Геня. Сэрца яго сціснулася ад болю за пакрыўджаных птушак.
   Важатую Маню ён знайшоў у старой варывеньцы, куды перабралася яна з маткай. Хата іх была цэлая, але зараз там жылі нямецкія салдаты.
   Маня сядзела на парозе варывенькі, абірала бульбу. Старая маці крактала ў кутку на нейкіх лахманах. Геня даведаўся, што старую прыбіў гітлеравец: яна ратавала ад яго сваю карову. Прыходзіў доктар з калгаснай бальніцы Іван Нічыпаравіч. Сказаў, што ў яе адбіты лёгкія. Гітлеравец біў яе прыкладам, потым на зямлі – ботамі.
   У Мані было сваё гора. Геня глядзеў у яе чырвоныя, затуманеныя слязьмі вочы і думаў: «Што яна можа параіць або дапамагчы, калі ёй самой патрэбна дапамога?» На бледным Геневым твары выразна свяціліся засмучэнне і гора. Маня заўважыла гэта.
   – Ты што-небудзь хацеў сказаць ці так прыйшоў? – спыталася яна.
   I Геня ўсё ж не ўтрымаўся, каб не расказаць ёй пра тое, што яго больш за ўсё хвалюе. Важатая перастала абіраць бульбу. З шырока раскрытымі вачыма слухала яна расказ пра сустрэчу Гені з раненым камандзірам. Калі Геня скончыў гаварыць, яна ўстала, паправіла па галаве касынку, выцерла вочы і сказала:
   – Пасядзі, Генечка, каля мамы. Вада ў кутку. Можа, дачысці бульбу...
   – А ты куды?
   – Пакуль што – но ведаю...
   Праз паўгадзіны важатая вярнулася. Следам за ёю ішоў Іван Нічыпаравіч са сваім чамаданчыкам і палкай у руках. Прывітаўшыся, ён паставіў чамаданчык, зняў акуляры, працёр іх хустачкай, потым зноў надзеў і ўтаропіўся на Геню.
   – Ну, сынку, – паціху сказаў ён, – раскажы ж ты мне ўсё пра камандзіра і яго рану...
   Геня пачаў гаварыць. Доктар часта спыняў яго, перапытваў, ківаў галавою, знімаў акуляры і зноў надзяваў іх. Потым сказаў:
   – Яго, канешне, трэба забраць адтуль. Магчыма нават гангрэна... А гэта значыць, без аперацыі нельга.
   Заключэнне Івана Нічыпаравіча не ўзрадавала ні Геню, ні важатую. Як перанесці раненага і куды перанесці, калі ў вёсцы поўна немцаў?
   – Маня, – сказаў нарэшце Геня, – нашу хату спалілі. Мы з мамкай жывём у склепе. Туды немцы не заглядваюць...
   – Іван Нічыпаравіч, даражэнькі, – глянула Маня на доктара, – пасядзіце каля мамы... Цямнее. Мы пойдзем. Прабачце мне.
   Іван Нічыпаравіч зняў акуляры. Ласкавымі вачыма глянуў на Маню.
   – Не трэба, дачушка, выбачэнняў. Ці ж я маленькі, не разумею, што на свеце робіцца? За мяне, дзеці, будзьце спакойны.
   У кутку застагнала маці. Маня падышла да яе.
   – Што, мамка, цяжка?
   – Цяжка, дачушка...
   Маня адвярнулася. Слёзы душылі яе. Нядобра пакідаць маці ў такі час. Можа, яна, калі вернецца, і не застане яе... Чужы чалавек мусіць закрыць ёй вочы і скласці рукі.
   Скрозь шчыліну закутка на матчын твар падала шэрае вячэрняе святло. Маня заўважыла: твар хворай мярцвецкі пажаўцеў, рысы яго завастрыліся і выцягнуліся. Вочы запалі.
   З жалем і замілаваннем глядзела яна на роднага, блізкага ёй чалавека, душачыся ад нахлынуўшых слёз. А з думак не выходзіў і другі чалавек, якога яна ніколі не бачыла, але які стаў ёй блізкі і родны таму, што змагаўся і за яе, і за маму, і за ўсіх вось такіх жа сваіх людзей. I нейкая нястрымная сіла ўзнімала яе, клікала па дапамогу таму, хто застаўся тут разам з імі прадстаўніком сваёй Чырвонай Арміі.
   – Мамачка, – прагаварыла Маня, – я ненадоўга адлучуся. Іван Нічыпаравіч пабудзе з табою.
   – Ты зноў пакідаеш мяне?
   Маня нагнулася і горача пацалавала маці.
   – Так трэба, мама...
   Геня з трывогай наглядаў сцэну развітання Мані з маткай. Што, калі Маня застанецца? I што з раненым, якому ён абяцаў вярнуцца зараз жа. Успомніў ён і сваю маці, якую не бачыў ад самага ранку і якая, напэўна, непакоіцца аб ім. Даваў сабе адчуваць і голад: цэлы дзень ён нічога но еў.
   Маня накіравалася да дзвярэй, але Геня спыніў яе, ухапіўшы за руку:
   – Ён жа галодны, Маня...
   – Ах, я зусім забылася...
   Яна аглянулася вакол. Што ж ёй узяць? Бульба не зварана. Малака няма.
   – Ага, – павесялела яна, – бяжы на агарод, вырві колькі штук моркавак, а я хлеба вазьму. Пасля што-небудзь прыдумаем...
  

III

   Поцемкам увайшоў Геня ў склеп. Маці ўжо страціла ўсякую надзею ўбачыць сына. З паўдня яна шукала яго, потым аплаквала горкімі слязьмі, а зараз сядзела адзінокая ў кутку склепа, з трывожнымі цяжкімі думкамі. I як жа ўзрадавалася яна, калі пачула спачатку знаёмыя крокі, а потым голас:
   – Мама, ты дома?
   Яна кінулася абнімаць сына, распытвала яго, дзе ён быў і што з ім. Але Геня, замест адказу, толькі запытаўся:
   – Немцы да нас не заходзілі?
   – Чаго яны пойдуць сюды, сынок.
   – Ну і добра. Не трэба, мама, каб яны і ведалі пра наш склеп. Пачакай, я зараз вярнуся...
   I ён знік гэтак жа раптоўна, як і з’явіўся.
   Праз хвіліну Геня вярнуўся. За ім ішлі яшчэ людзі. Яны неслі на насілках раненага.
   – Мама, – сказаў Геня, – гэта свае. Мы прынеслі нашага раненага камандзіра. Ён будзе жыць у нас...
   – Дзетачкі ж мае, яму ж тут, у склепе, мо нядобра будзе? – затурбавалася маці.
   – Нічога не зробіш, цётка Марфа, – сказала важатая. – Ніхто не павінен ведаць пра яго. А больш патайнога месца ў нас няма.
   Раненага асцярожна паклалі па зямлю, падаслаўшы коўдру-ватоўку.
   – Пойдзем, хлопцы – сказала важатая. – А ты, Геня, можа, не спі сёння: пасядзі каля яго...
   Калі яны выйшлі, маці з газовачкай у руках падышла да раненага і доўга ўглядалася ў яго твар. Ранены ляжаў моўчкі з заплюшчанымі вачыма.
   – Малады яшчэ, – сказала яна. – Яму б доктара... А якую мы раду дамо?
   – Доктар прыйдзе, мама, – адказаў Геня.
   – Ідзі, сынок, спаць, – ты ж нябось нахадзіўся за доўгі дзень, – сказала маці, сядаючы каля раненага.
   Але Геню не хацелася спаць. Перажыты дзень усё яшчэ хваляваў яго. I толькі за поўнач ён млява асунуўся на салому ў кутку склепа і заснуў сном спрацаванага чалавека.
  

IV

   Першыя дзён колькі Іван Нічыпаравіч бадай не адлучаўся ад раненага. Мераў тэмпературу, рабіў перавязкі, папраўляў пасцель. Ранены расказваў яму пра сябе, пра сваё жыццё. Завуць яго Барташэвічам Рыгорам Палікарпавічам. Ён настаўнік з Чэрвеньшчыны. Выкладаў у сярэдняй школе батаніку, заалогію і іншыя прыродазнаўчыя навукі. Там у яго засталася сям’я – жонка і двое дзяцей. Ён часта ўспамінаў пра іх, а ў гарачцы клікаў іх па імёнах. Настаўнік Барташэвіч быў камандзірам запасу, і таму ў першыя дні вайны ён ужо вёў у бой роту.
   Іван Нічыпаравіч шчыра падружыў з хворым. Усё цяперашняе жыццё яго было запоўнена адным – адратаваць ад смерці свайго новага друга.
   На пяты дзень раптам узнялася высокая тэмпература. Доктар занепакоіўся. Тэмпература не спадала. Барташэвіч гас увачавідкі. Пасля гэтага Іван Нічыпаравіч зрабіў вывад, што без аперацыі не абыдзешся. Усе дні ён са страхам чакаў гэтага моманту. Сам ён не быў хірургам. Але ён быў сельскім доктарам, і яму за доўгую практыку даводзілася мець справу і з хірургіяй, хоць складаных аперацый ён усё ж не рабіў яшчэ ніколі. Гэта і непакоіла Івана Нічыпаравіча. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Але справа гэта рызыкоўная.
   І Іван Нічыпаравіч адважыўся сам выняць з нагі асколкі... Яму здавалася цяпер, што са смерцю камандзіра яго ўласнае жыццё зробіцца пустым і лішнім.
   ...Цэлыя суткі пасля аперацыі Іван Нічыпаравіч не зводзіў вачэй з хворага. I якой жа была яго радасць, калі назаўтра раніцай тэмпература спала. Хвораму стала лягчэй. Ён заснуў і праспаў да паўдня.
   Пад вечар Геня прынёс у склеп навіну.
   – Каменданту капут! – сказаў ён. – Чэснае піянерскае...
   Барташэвіч зацікавіўся навіною. Але хто забіў каменданта, Геня не ведаў. Ён толькі даведаўся, што неўзабаве прыехаў новы камендант і адразу схапілі з вёскі дзесяць заложнікаў.
   Барташэвіч папрасіў Геню паклікаць важатую.
   З Маняй ён гаварыў адзін на адзін. А назаўтра Геня прынёс у склеп новую навіну: усе заложнікі вызвалены, варта перабіта.
   Так ішлі дні за днямі. Барташэвіч усё часцей выклікаў Маню. Маня засталася сіратою. Са смерцю маткі яе болей нішто не звязвала з хатай.
   Ужо неяк пад восень, калі па полі слалася першая кволая павуціна і ў паветры закружыўся жоўты ліст, Маня прыйшла да Барташэвіча з клумкам у руках. Следам за ёю прыйшоў і Іван Нічыпаравіч, таксама з клумкам і доктарскім чамаданчыкам.
   – Гатовы? – сустрэў іх Барташэвіч.
   – Гатовы, таварыш камандзір, – па-ваеннаму адрапартавала Маня.
   – Ці не ранавата, Іван Нічыпаравіч, – гаварыў Барташэвіч, устаючы з пасцелі. Абапіраючыся на палку, ён прайшоўся па склепе. – Прыстану яшчэ... – ківаў ён галавою.
   – На руках данясу, таварыш камандзір, – усміхнулася Маня. – Я сказала хлопцам, што сёння ж прывяду вас. Болей чакаць не згаджаюцца. Ды і фашысты лютуюць...
   – Нядобра ўсё ж, што камандзір кульгавы. Ды затое памочнікі ў мяне якія... Праўда? – ласкава глянуў Барташэвіч на Маню і Івана Нічыпаравіча.
   – Памочнікаў у цябе, Рыгор Палікарпавіч, ужо бадай каля сотні... – адказаў доктар.
   Барташэвіч апрануўся, падышоў да Гені.
   – Дзякуй, збавіцель ты мой. Расці вялікі, Генечка, – сказаў ён, абнімаючы Геню.
   У Гені на вачах выступілі слёзы.
   – Іван Нічыпаравіч, і я з вамі пайду...
   – Вось як! Малы ты яшчэ, брат...
   – Я не малы, – пакрыўдзіўся Геня, – Вазьміце, дзядзя...
   Ён аберуч павіс па шыі Барташэвіча.
   – А маці што скажа? – пачаў здавацца Барташэвіч.
   – Яна пусціць. Праўда, мамусенька?
   Для маці гэта было вялікай нечаканасцю. Яна не ведала, што і адказаць ім – Геню і Барташэвічу. Ёй шкада было разлучацца з сынам, але яна добра ведала, з кім і на якую справу ён ідзе. Яна і сама б згодна ісці разам, ды як жа ёй прасіцца... I яна маўчала.
   – Дык што ж, Марфа Платонаўна? – перапыніў цяжкае маўчанне Барташэвіч. – Можа, няхай... Геня хлапец дасціпны. Памочнікам будзе ў нас. А сцяг, Геня, цяпер ужо не тайна: ён будзе сцягам нашага партызанскага атрада, а можа і брыгады...
   Узрадаваны Геня пачаў апранацца. Маці моўчкі выцірала ражком хусткі вочы. Потым яна раптам схамянулася і пачала збіраць сына ў дарогу.
  
1944 г.
  
  
Крыніца: Якімовіч А. Збор твораў у 3-х т. Т. 3. Апавяданні, казкі, аўтабіяграфія. [Для сярэдн. і ст. школ, узросту/ [Мастак П. Калінін]. – Мн.: Маст, літ., 1980. – 480 с.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк