Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч - Аўтамат

Увага!!! Поўны змест

І
   – Грыша, немцы сышлі ўжо? – убачыўшы цераз плот свайго неразлучнага дружбака, паціху запытаўся Віця.
   Грыша толькі што выйшаў з хаты. Спыніўшыся на ганку, ён збіраўся з думкамі, чым бы яму заняцца. Перад ім быў доўгі летні дзень. Ён ужо намерыўся быў спярша падацца да Віці, як пачуў яго голас.
   – Сышлі, няхай яны ногі паломяць, – пстрыкнуўшы скрозь зубы слінаю, адказаў Грыша.
   – Ну, то і добра. Ад нас таксама звалакліся. Яны цяпер да вечара не вернуцца.
   – Каб яны назусім звалакліся, от тады было б добра... А так набегаюцца за дзень, як сабакі, а вернуцца, дык злыя, што ваўкі.
   Віця лёгка пераскочыў цераз нізкі паркан і апынуўся на двары побач з таварышам. Абодва яны былі роўныя і па гадах, і па росту. Толькі Віця быў бледны і худзенькі, з віхрастым, даўно нястрыжаным чубам, а Грыша камлюкаваты, з шырокім скуластым тварам; круглая, як рэпа, галава яго стракацілася ад разор няроўнай саматужнай стрыжкі, відаць, «авечымі» нажніцамі.
   – У вас дома ёсць хто? – таямнічым голасам спытаўся Віця.
   – Я адзін.
   – Ну то і добра.
   – А што?
   – Так сабе, – няпэўна адказаў Віця, засоўваючы руку ў глыбокую кішэню шарачковых штаноў. Не вымаючы рукі, ён аглянуўся, ці не відаць каго, і дадаў: – Хадзем лепш у клець...
   Грыша не пярэчыў. Матнуў сваёю круглаю галавою ў знак згоды і памкнуўся ісці, але Віця спыніў яго:
   – А хату замкнуў?
   – Не.
   – Замкні лепш.
   Грыша замкнуў дзверы доўгім ключом, які праходзіў праз вушак, потым засунуў ключ пад крокву страхі.
   Клець, куды прыйшлі хлопцы, была прыбудавана пры гумне трысценем. Зімою сюды ссыпалася мякіна і пацяруха для каровы. Тут жа валяліся і розныя гаспадарчыя прылады. Гэта было самае зацішнае месца па сядзібе, куды са старэйшых рэдка хто заглядваў, і хлопцы даўно аблюбавалі яго для сваіх сакрэтных сходак і спраў. Зараз тут, далей ад людскога вока, можна было памарыць уголас аб шмат якіх рэчах, што цікавілі малых. Не першы дзень ужо хлопцы ломяць галаву над тым, як знайсці ім партызан або што б такое прыдумаць, каб пазнішчаць гітлераўцаў, якія запаланілі іх калгас і ўводзяць тут свае фашысцкія парадкі. Марачы, яны не раз вынаходзілі розныя цудоўныя гарматы, якія самі не толькі раз’язджаюць па зямлі, але і страляюць толькі ў фашыстаў, а нашых ніводнага чалавека не зачэпяць. I ніякая сіла не можа ні спыніць, ні разбіць гармат. Спрабавалі яны ствараць у сваім дзіцячым уяўленні і такіх казачных асілкаў, якія не баяцца ні бомбаў, ні снарадаў. Бомбы і снарады адскокваюць ад іх, як мячыкі. А што да куль, дык асілак на іх і ўвагі не звяртае. Самі ж асілкі ходзяць па заняволеных гарадах і калгасах і дзе толькі ўбачаць фашыстаў – раздзіраюць, як жаб.
   Прыемна снаваць такія прывабныя мары! Калі ж гарачая фантазія астывала, хлопцы цішком, з палёгкай на душы, паглядалі ў цёмны куток клеці, дзе пад рэшткамі леташняй мякіны і пацярухі ляжыць, стаіўшыся, у зямлі самы сапраўдны ППД, знойдзены імі ў бары пасля адступлення нашых. Як зачараваны тэстамент, гэта рэальная, не казачная зброя бадзёрыла іх і напаўняла нуднае жыццё нечым светлым, радасным. Яны ўспаміналі сваю родную Чырвоную Армію, сваіх бацькоў-чырвонаармейцаў, успаміналі вясёлыя бесклапотныя дні шчаслівага жыцця ў школе, у піянерскім атрадзе... Мінула толькі якіх два месяцы, як прыйшлі да іх у калгас чужыя салдаты ў зялёных шынялях, а здавалася – прайшло шмат гадоў, і былыя дні ўяўляліся цяпер як нейкая цудоўная казка.
   Зачыніўшыся ў клеці, хлопцы паселі ля сцяны. Грыша з цікавасцю сачыў за адтапыранай кішэняй свайго таварыша. «Відаць, знайшоў нейкую важную зброю», – думаў ён.
   – Цяпер можна, – з таемнасцю змоўцы загаварыў Віця. – Заплюшчы вочы і разяў рот...
   I хоць размова Віцева крыху не вязалася з тым, аб чым думаў Грыша, ён усё ж заплюшчыў вочы і разявіў рот. Усміхаючыся, Віця выняў з кішэні нейкую прадаўгаватую рэч, укручаную ў бліскучую алавяную паперку, спрытна разгарнуў яе і, сказаўшы «раз, два, тры!», укінуў Грышу ў рот. Той сціснуў у зубах салодкую, як мёд, цукерку і са смакам пачаў жаваць яе.
   – Дзе ты ўзяў? – спытаўся ён, праглынуўшы цукерку.
   – Немцы на стале пакінулі – аж цэлых пяць штук! На яшчэ адну. I мне дзве застанецца, бо адну я ўжо з’еў.
   Расправіўшыся з цукеркамі, Віця сказаў, кіўнуўшы галавою ў куток клеці:
   – А цяпер давай паглядзім: можа, заржавеў?..
   – А калі яны скора вернуцца?
   – Чаго? Яны, мусіць, паехалі партызан шукаць. Нешта ўсё гергеталі адыходзячы: «партызант, партызант...»
   – Што ты кажаш? – захваляваўся Грыша.
   – Сам чуў па свае вушы.
   – Эх, каб ведаць, дзе нашы... Мы б ім хоць перадалі пра гэта... – пашкадаваў Грыша.
   – Мы б тады ім і аўтамат аддалі, – дадаў Віця. – А так ляжыць дарэмна.
   Хлопцы рукамі адкапалі мякіну, разгрэблі мяккую зямлю зверху і дасталі з ямкі ўкручаны ў стракатую посцілку пакунак. У пакунку быў аўтамат. Яны ўважліва агледзелі густа змазаны ствол, затвор, дыск з патронамі і засталіся задаволеныя: іржы не відаць было. Пасля гэтага яны зноў пачалі марыць аб тым, як звязацца з партызанамі і перадаць ім сваю знаходку. Ніхто з старэйшых іхняга сакрэту не ведаў. Грыша настойваў на тым, каб сказаць каму. Віця не згаджаўся. Ці можна быць упэўненым, што гэты старэйшы дапаможа? Яшчэ загадае аддаць фашыстам, – тады бяда. Яны ж з першых дзён вывесілі аб’яву, у якой пагражаюць шыбеніцай усім, хто не здасць зброю.
   – Аддаць трэба толькі партызанам, – даводзіў Віця.
   – Дзе ты іх знойдзеш? – заклапочана перапытаў Грыша.
   – Трэба шукаць...
   – Але ж яны, можа, дзе за дваццаць ці за пяцьдзесят кіламетраў...
   Справа сапраўды не простая. У сваім барку, што сінеецца тут жа, за калгаснымі палеткамі, партызан не чуваць. Хлопцы ж там часта бываюць. А што робіцца далей, у вялікім лесе, – хто можа ведаць. Ісці туды, па-першае, боязна, па-другое, маткі не пусцяць.
   Нацешыўшыся з аўтамата, яны зноў старанна загарнулі яго ў посцілку і захавалі ў тым месцы, дзе ён і быў. Потым пайшлі займацца сваімі штодзённымі справамі. Маткі іх і Грышава старэйшая сястра працавалі ў полі. Над калгасам немцы паставілі свайго старасту і паліцаяў. Паліцаі хадзілі са стрэльбамі, усюды заглядвалі, шнырылі, вынюхвалі, ва ўсё ўмешваліся. Цяпер яны тарчалі больш на полі як прыганятыя. Хто спрабаваў супраціўляцца няволі, яны білі тых самі або вялі ў воласць да пана каменданта.
   З першых жа дзён у калгасе атабарыўся нямецкі атрад па ахове дарог: побач праходзіла чыгунка і шасэ. Ужо некалькі дзён, як фашыстаў пачалі даймаць партызаны. Пад адхон паляцелі цягнікі. На шасэ рвуцца міны, узлятаюць у паветра грузавікі... I гітлераўцы хадзілі панурыя і лютыя, як ваўкі.

II
   Сонца было на захадзе. Яго доўгія мяккія праменні слаліся па зямлі коса і малявалі цыбатыя нязграбныя цені ад будынкаў і дрэў. Быў канец жніўня; у паветры сям-там плавалі на сваіх кволых красёнцах павучкі – прадвеснікі блізкай восені. Лёгкі ветрык пяшчотна калыхаў красёнцы, рассейваючы іх па колкім іржэўніку, па платах, кустах. У прыродзе, хоць яшчэ і невыразна, але ўжо вызначаўся пераход з лета па восень. Палі бадай апусцелі. Толькі дзе-нідзе тарчалі дзялянкі позняй ярыны, як забытыя гаспадарамі палосы.
   Віця накапаў бульбы і пачаў варыць яе тут жа, на агародзе. Ён разлічваў да прыходу маці ўправіцца з работай, каб потым разам павячэраць. Жылі яны цяпер у меншай палавіне хаты, якая звычайна служыла для схову розных хатніх рэчаў. Чыстую, большую палавіну займалі немцы. Там жылі афіцэр і яго дзяншчык.
   Першымі вярнуліся немцы. Афіцэр, на хаду расшпільваючы гузікі мундзіра, падаўся проста ў хату; яго высокі хударлявы дзяншчык спыніўся ля ганка, водзячы вакол доўгім носам. На двары было пуста, і нішто, відаць, не затрымала яго ўвагі. Злосна чмыхнуўшы, ён крута павярнуўся назад і павольна пайшоў вуліцаю. Раптам ён спыніўся супраць двара, дзе жыў Грыша. Грыша ў гэты час карміў ля ганка сваю курыцу Рабку крошкамі хлеба. З чарады курэй яна засталася адна, і Грыша песціў яе сваімі клопатамі і ўвагаю. Салдаты, якія стаялі ў іхняй хаце, зараз цягалі курэй і ўсякую жыўнасць з суседніх двароў, маючы на ўвазе, што здабыча на сваім двары іх не міне.
   Дзяншчык увайшоў на двор. Рабка згледзела чужога чалавека і пырхнула ў падваротню хлява, дзе ў яе было седала. Дзяншчык нешта забалбатаў да Грышы, паказваючы на хлеў. Грыша здагадаўся, аб чым ідзе размова, але не кратаўся з месца: ён не спадзяваўся, што немец з другога двара паквапіцца на яго Рабку, калі салдаты з іхняй хаты яе абыходзяць. Але дзяншчык зняў з пляча аўтамат, адчыніў вароты. Курыца масцілася ўжо на сваёй жардзіне, жмурачы вочы. Дзяншчык выстраліў. Рабка звалілася на зямлю. Ён падняў яе за ногі і, ухмыляючыся, жвава падаўся з двара міма збянтэжанага Грышы.
   Сонца закацілася за лес. Цемень згушчалася ўвачавідкі. З поля пачалі ісці калгаснікі. Прыйшла нарэшце і Віцева маці. Змораная і галодная, яна адразу прысела ля тлеючага вогнішча, дзе на трыножцы стаяў чыгунок зваранай бульбы. Елі яны моўчкі, як звычайна, хмурыя і сумныя.
   Яны яшчэ не скончылі вячэры, як на агарод да іх прыйшоў дзяншчык. Ён загадаў ім зараз жа падняцца і ісці да пана афіцэра.
   Афіцэр сядзеў за сталом, уплятаючы засмажаную курыцу. Чырвоны твар яго аж гарэў ад сытасці і віна, бутэлька якога стаяла перад ім. Еў ён павольна, не зводзячы вачэй са стала. Віця з маткаю спыніліся пры ўваходзе, чакаючы, што скажа ім афіцэр.
   Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот і глянуў на ўвайшоўшых.
   – У вашым доме, – загаварыў ён ляніва, – мяне абакралі... Я не хачу і не буду займацца следствам, хто пакраў мае цукеркі. Суд адбудзецца заўтра каля вісельні на вашым агародзе.
   Перавёўшы асалавелыя вочы на дзеншчыка, ён дадаў:
   – Заперці арыштаваных у кладовую і паставіць варту.
   Дзяншчык казырнуў. Абамлелыя Віця і маці маўчалі.

III
   Аб тым, што здарылася з Віцем, Грыша даведаўся толькі раніцай, калі на агародзе салдаты ўжо ставілі слупы для шыбеніцы, а пад вокнамі стараста з паліцаямі выгуквалі грозны загад пана афіцэра ўсім збірацца на месца пакарання злачынцаў, зрабіўшых замах на ўласнасць германскай імперыі...
   Падзея гэтая так уразіла Грышу, што ён з немым крыкам кінуўся прэч з хаты. Маці ведала, якія шчырыя дружбакі былі Грыша і Віця, і яна не здзівілася такой уражлівасці сына. У яе самой падкошваліся ногі, млела ўсё ўсярэдзіне, хоць яна і не верыла ў сапраўднасць таго, што адбывалася. Можа, гэта проста так сабе гавораць... Яна паспрабавала падысці да суседчынай кладовай, каб хоць праз дзверы запытацца ў яе самой, аб чым гэта трывожна загаварылі людзі. Але вартавы наставіў аўтамат, пагражаючы спусціць курок. Яна адышла, села на сваёй прызбе і, скамянелая, сачыла за работаю салдат.
   Грыша ў хату не вярнуўся. Ён зайшоў у клець, зашыўся ў цёмны куток і плакаў наўзрыд, несціхана. Гэта ж ён таксама еў тыя праклятыя нямецкія цукеркі. Ён дакараў сябе са строгасцю няўмольнага суддзі, чаму яму не прыйшла тады думка параіць сябру занесці назад хоць рэшту цукерак. Можа б, не такая страшная кара спасцігла Віцю, калі б яны не ўсе цукеркі паелі... I што цяпер будзе? А мо Віця сказаў ці скажа і пра яго? Тады павесяць іх разам...
   Праз шчыліну клеці Грышу добра відаць было, што робіцца на агародзе. Вось салдаты ўстаўляюць ужо другі слуп і засыпаюць камель яго зямлёю... Вось двое з іх прыстаўляюць да слупа драбіны і прыладжваюць перакладзіну... Бесклапотна нешта балбочуць, ухмыляюцца. Ім весела. Павесіць Віцю ім усё роўна што растаптаць казюльку. Агідныя каты! Яны відаць Грышу як на далоні.
   I раптам яму нібы малатком стукнула ў галаву: «Забіць іх!» Ён глянуў пад ногі, дзе ўсяго на якія сантыметраў дзесяць у зямлі ляжаў запаветны ППД. Варта толькі дастаць яго, навесці праз шчыліну... Заманлівая думка на момант адагнала роспач і пуду. Што будзе потым, ён не думаў.
   Грыша хутка раскапаў зямлю, дастаў пакунак. Разгарнуў яго, як учарашнюю цукерку, пакруціў аўтамат у руках. Ён ніколі не страляў з аўтамата, але, як і кожны цікаўны падлетак, даўно ўжо ведаў усе тонкасці гэтай справы. Да вайны ў барку быў лагер, дзе камандзіры і байцы праводзілі зборы, і, вядома, хлопцы былі там частымі гасцямі.
   Ён прытуліў аўтамат да шчакі. Пякучыя слёзы градам пасыпаліся з яго вачэй. Ён развітваўся з аўтаматам, як з блізкім сябрам. Усе яго мары пра дзівосныя гарматы, пра цудоўных асілкаў канчаліся.
   Перш чым разрадзіць аўтамат, ён акінуў вокам месца, мяркуючы, як бы прастрачыць не аднаго якога ката, а ўсіх. Тым больш што іх было толькі чатыры. Але тут ён убачыў, што на агарод збіраюцца калгаснікі, якіх гоняць паліцаі. Ён пачаў углядацца ў знаёмыя твары – у апошні раз хоць паглядзець на іх.
   А дзе ж маці?.. Ён ясна ўяўляў сабе, што як толькі націсне на курок, дык не толькі фашыстаў заб’е, а і сябе. Яны ж, вядома, не даруюць яму.
   На Віцевым двары паказалася постаць афіцэра з тоўстаю цыгараю ў зубах. Грыша толькі цяпер успомніў пра яго. Гэта ж яго, афіцэрскія цукеркі. Гэта ж ён аддаў загад вешаць Віцю. Пракляты вяпрук! Уся злосць, боль і нянавісць Грышавы перакінуліся раптам на гэтага самага крывавага ката. I ён тут жа рашуча навёў прыцэл на афіцэра, каб уляпіць яму ў жывот поўны дыск свінцовых цукерак. Няхай толькі падыдзе бліжэй.
   Афіцэр махнуў рукою да вартавога, а сам паважна накіраваўся да гатовай шыбеніцы. Паліцаі замітусіліся, адганяючы народ, каб даць пану афіцэру шырэйшы праход. Людзям можна было глядзець толькі здалёк і вучыцца «нямецкаму парадку». Яны павінны дрыжаць не толькі перад немцамі, але і перад усім нямецкім. Дзеля гэтага і прыдумана была афіцэрам чарговая шыбеніца.
   Ля шыбеніцы афіцэр спыніўся, ківаючы галавою. Відаць, спадабалася яму работа салдат, бо тыя ззялі ад задаволенасці, круцячыся перад начальнікам.
   Неўзабаве вартавы гнаў перад сабою арыштаваных. Віця ішоў са спушчанай уніз галавой, маці трымала каля вачэй белую хустку.
   «Віцька, братка! – вырвалася з Грышавых грудзей. – Мы ж яшчэ ўчора збіраліся з табою шукаць партызан, каб аддаць ім аўтамат. А цяпер не трэба, Віцька... Я сам буду страляць. Ты гэта ўбачыш!»
   Грыша нацэльваўся ў афіцэра, акружанага салдатамі. I калі той крыху падаўся ўперад, доўгая чарга прыглушаным пошчакам пасыпалася па клеці. За некалькі секунд спружына дыска выпрасталася, і раптам зрабілася ціха...

   Віця ўзняў галаву. Перш яму здалося, што гэта немцы страляюць па іх. Але вось натоўп шарахнуўся ў бок двара, і ён з маткаю ў момант апынуліся сярод сваіх людзей. Вартавы пакінуў іх і шпарка прабіраўся наперад. Хтосьці ўдарам каменя зваліў яго на зямлю... Віця ўбачыў, што на тым месцы, дзе стаяла шыбеніца, валяліся распластаныя салдаты. Дзядзька Тодар з калом у руках распраўляўся з недабітым афіцэрам.
   – У лес уцякай. Ратуйся! – пачуў ён голас дзядзькі Тодара.
   Віця схапіў за руку разгубленую маці і пацягнуў яе за сабою. I калі раптам на загуменнях ён убачыў Грышу з аўтаматам у руках, яму ўсё стала ясна...
   Далучыўшыся да сябра, яны разам памчаліся наперад, далей ад смерці, насустрач сінім барам і лясам.

1945 г.

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Смелы Васька

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла