Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Салавей - Гуманізм

Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць...

М. Багдановіч

 

1. Францішак Скарына

У месце Вільні, у цішы ад бруку,
у шэрым замку, думна-самавітым,
ў пакоі сціплым, даўніной спавітым,
я з ім спаткаўся без размоў, без гуку.

Стагоддзі пылу я страсаю з друку,
між літар бачу зрокам прагавітым,
як людзям простым, людзям паспалітым
са словам нёс ён праўду і навуку.

3 бязмежнай прорвы тхленнага змяркання
падняў радзіму дух яго глыбінны...
Гартай балонкі мудрага выдання:

радкоў чырвоных краскі і галіны,
паўмесяц, сонца — як вянок адзіны,
як непагаснасць вечнага світання!


2.    Васіль Цяпінскі

Дзвіны шырокай бурныя глыбіны
плывуць імкліва, крышаць перашкоду
і праз парогі — цвёрдую пароду —
нясуць у далі свой наплыў няспынны...

Зямляк вялікі слаўнага Скарыны —
з зямель Наддзвіння, з полацкага роду —
душы парывы прысвячаў народу,
стаяў на службе праўды і айчыны.

«Шануй — вучыў ён — над сябе самога
свой родны звычай, не здраджай чужому,
вучы нашчадкаў, школа — іх дарога

да дому продкаў, праведнага дому...»
Дзвіна спявае вечны гімн былому —
стагоддзі пылу не змялі нічога.


3. Сымон Будны

Ад зыркіх промняў — першых іскраў рання
агні ўзняліся, і было іх многа.
А ён прыходзіў знішчыць духа злога
туды, дзе цемры йшчэ было ўладанне.

Ішоў са словам праўды і пазнання,
і з гэным словам, дадзеным ад Бога,
была для люду дзіўная спамога:
душы вялікай буйнае паланне!..

Я сяння бачу: зноў зладумаў змова
над славай краю спеліць план імглісты,
бразджыць над ёю катняя акова.

А ён не гасне — свеціць дух вячысты,
няхай пад пылам — ды заўсёды чысты,
і з ім не моўкне даўняй праўды слова!

1943

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!