Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Пісьмянкоў - Балада роду

– Дзед, раскажы баладу роду,
– Што ні кажы, ты – старажыл...

* * *

– З Дняпра наш продак родам,
З зямлі Машэк, з зямлі Вашчыл.
Гарачы норавам і сэрцам,
Як люд у нашай старане,
Вачэй радзіміцкіх азерцы,
Крыху гарэзінкі на дне.
Любіў жыццё ён больш, чым Бога,
Як мёд, піў вусны маладзіц.
Яго жыццёвыя дарогі
Працялі стрэлы навальніц.
Хоць плугам трызнілі далоні,
Ды не ржавеў ягоны меч, -
З ліхім іржаннем неслі коні
Яго праз вогнішча і смерць.
Калі ў крывавы час

напасцяў

Край бараніў ад груганоў,
Прымусіў многіх косці скласці...
Зірні, брат,

      колькі курганоў!

З пяром і граматай у згодзе
Ён жыў. І незнарок,
Казалі, князь пры ўсім народзе
Яму імя даў – Пісьмянок.
Ён і пачаў баладу роду,
Вянец ён першы залажыў.
З Дняпра наш продак родам,
З зямлі Машэкаў і Вашчыл!
Курганы моўчкі спяць на ўлонні,
Даўно ў музеі лук і меч...
А мне ўсё сняцца тыя коні,
Што неслі продкаў цераз смерць.