Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Гарун - У Панасавым сяле

Увага! Поўны змест

Бывальшчына

   Было так: пачуўшы раптоўны неспакой на ўсім целе, маўляў, ад электрызацыі, я адвярнуўся ў другі бок. Ён сядзеў на крайчыку ложка. Прымракаваты свет прыкручанай лямпы на стале дазволіў мне адразу разглядзець толькі цёмна-зялёны нямецкага крою сурдут, ёмка сядзеўшы на доўгім, жылястым тулаве, высунутыя з недазволена кароткіх рукавоў цёмныя калматыя рукі з чалавечымі пальцамі і цёмнымі кругла астрыжанымі пазногцямі на іх канцах і голыя, але аброслыя калматай шэрсцю, так што выглядалі, нібы ў футраных нагавіцах, ценкія, але, відаць, моцныя ногі з нейкімі петушынымі ці індычымі лапкамі замесг ступняў нагі. Чорны фрыдрыхаўскі траярогі капялюш ляжаў на каленях, а на ім адпачываў, скруціўшыся, як вужака, канец голага, ледзь апушанага пільсцю хваста. Асвойчыўшыся са светам, я разглядзеў і твар. Цёмны, але не як мурымскі1, даўгавіды, але не выцягнуты, пажылы і абвеяны, але не паношаны, з цвёрдасцю, але не жорсткасцю ў міне, ён, зліваючыся ў барве з гладкімі, коратка абстрыжанымі валасамі на галаве, выглядаў пекнай рамкай для пары цёмна-нябескіх з чарнаватымі зрэнкамі вачэй, з якіх свяціліся не то глыбокая думка, не то яшчэ глыбачэйшая журба і агромністы, шалёны, надлюдскі розум. Мой рух вывеў яго з задумлення.
   — А, вы прачнуліся, — звярнуўся ён да мяне, — выбачайце! Я не хацеў вас абудзіць, хацеў дачакацца, пакуль не ўстанеце самі. Не ўставайце, калі ласка, я магу і тут пасядзець. Яшчэ лепей, бо да печы блізка, а я мушу пагрэцца. А-а? Вот сівер дык сівер, — сказаў ён, паціраючы рукі, — так, ведаеце, да самых вантробаў дастае, да маслакоў праядае, як сабака.
   — Ці ж ваш сурдут кепска грэе?
   — Э, ліхое ў ім спасенне. Стары ўжо, выбіўся, але вот прызвычаіўся да яго ўжо, дык шкода мяняць Ну, што тут у вас чаўпецца, якія навіны?
   — Навіны кепскія: кажуць людзі, на носе канец свету.
   — Глупства! Глупства! — запярэчыў ён двойчы, зрабіўшы строгую міну. — Проста, пане, некаторым амерыканам удалося на вайне добра зарабіць, дык на канцы свету хочуць яшчэ лепей паправіцца. От і ўсё!
   — Як так?!
   — Ды вельмі проста: паглядзеце, што цяпер на біржах робіцца. Паперы, пане мой, цяпер папраўдзе паперамі сталіся, бо ўсякую вартасць згубілі, а чаму? Таму, што тысячы легкаверных, пачуўшы аб канцы свету, кінуліся ліквідаваць сваё менне. Гэ-гэ! Ліквідацыя! Добрая выдумка. У Амерыцы гэтымі днямі ўжо трэцяя «Кампанія ліквідацыі» залажылася, і ўсе добра зарабляюць.
   — А Порт, астраном?..
   — А гэты Порт, ці Хорт, брэша, як наняты, бо такі і наняты, і нават добрыя грошы яму плочаны, — во хто Порт.
   — Та-ак! — працягнуў я, просга прыгнечаны гэтай навінай.
   — Так, так! Свет ашукаць — як хухнуць: раз, і скончана, і лаві рыбку. Пусціў качку ў газетную рэчку, і гатова, зроблен завод, пайшла машынэрыя! Ху-га-а, сколькі цяпер на вашым свеце качак гэтых на газетных хвалях пялёскаецца! Нашто далёка шукаць: вазьмеце «Беларусь»...2
   — Што ў «Беларусі»?—перабіў я, напалохаўшыся, ці няма зноў якой плебісцытнай справы. — Шкода б было газеты...
   — А вось што: чыталі хіба, як З. Бядуля панапісываў аб Панасавым жыцці на небе3 — і зорачкі, і не зорачкі, — а яно саўсім не гэтак, і ўсё няпраўда. Не думайце толькі, што я хачу вас з панам З. Бядуляй пасварыць — вінаваты не ён, а спозненае радыё, — аднак я больш дзеля гэтага і прыляцеў, каб вас аб усім праўдзіва паведаміць. Усё, што напісаў пан З. Бядуля, — праўда, шчырая праўда, але цяпер гэта ўжо старая праўда. Усё змянілася...
   — Якім спосабам?
   — Простым, — праз бабу. Помніце, як Панас бабу сваю на небе прыняў? Уцёк ад яе, а замест яе з дзвюма другімі, маладзейшымі, пабраўся. Думаў, пэўне, за іх схавацца, — ого, ліха з два ты ад злоснай бабы схаваешся: з-пад каменя ў вадзе дастане і дапячэ. I гэта дапякла. Круціла-вярцела мазгамі і знайшла-такі спосаб.
   — Што ж яна зрабіла?
   — Пацярпеце — раскажу. Помніце, што ў канцы Бядулінага паведамлення сказана? Добра жывуць палешукі, толькі трывожацца тым, што да іх з зямлі ўсё болей ды болей людзей прыбывае, а палешукі ніяк гэтаму дарадзіць не могуць. Ну, дык вот і выкарыстала Панасіха гэты іхні клопат. Ды як спрытна! Ні адзін з маіх ураднікаў4 з ёй не зраўняўся б.
   Гады са тры таму назад выпрасілася яна ў Петры жыць за райскую браму. «Я, ка, кабета простая, без работы ані дня не ўседжу, а тамака, ля дарогі, суніцы, бачыла, растуць пекныя. Во буду збіраць ды прадаваць, — тым і сыта буду. Усё ж роўна мяне тут мой гэты дранцвіцель хлебам не корміць». Угаварыла Петру, а ў самой «суніцы» саўсім другія на вуме. Прыладзілася жыць каля дарогі і як ні спаткае якога палешука, дык і пачне яму на Панаса кідкі кідаць, нагаварываць — «а ён такі, а ён гэтакі... А мяне, справядлівую жанчыну, пакінуў, а сам з бонкамі5 жыве...» Спачатку гэта мала давала карысці, бо кожны паляшук, спаткаўшы яе, рад успомніць быў, што ад свае пілкі-шчэрбы адкараскаўся ўрэшце. Гэкне пару разоў, хмыкне сабе пад нос, паправіць піпку ў зубох і далей тралюе ў Панасава сяло.
   Але вось ад двох ужо гадоў змяніўся народ. Ідуць ужо палешукі, але найчасцей не такія самыя, як раней ішлі. Здзівіла гэта спачатку Панасіху. Што за ліха? Даўней ідзе сабе паляшук па дарозе проста, валіць, як мядзведзь праз пушчу, не аглянецца, не прывітаецца; на прывітанне стрэліць маланняй з-пад апушчаных броў — і толькі таго так, што каб з імі разгаварыцца, дык трэ было дарогу заступіць ды канюкаць: «Дзядзюшко, родненькі, паслухай мае крыўды...» А тутака ляціць гэтакі лёганькі, шпаркаваты, ва ўсе бакі галавой, як цыган, аглядаецца, а абачыўшы Панасіху, яш чорт... (выбачайце, абмовіўся паляшуцкім словам) яшчо ліха ведае адкуль шапку скідае і кланяецца гжэчнінька, як пісар з воласці, і па-панску вітае «Здрасце, таварыш!» Прызнаёміўшыся крыху і з гэтым станам6, убачыла Панасіха, што з гэтымі людзьмі можна бражку курыць яшчэ лепш, можа, чымся з сапраўднымі палешукамі. Бо гэтыя ўжо не хмыкаюць у сваю піпку, быццам вол той у цэбар з пойлам, на яе скаргі, але, пачуўшы, што Панас на добрую гаспадарку ўзлез, самі пачынаюць яе ўгаварываць, што ён кепскі чалавек, дый з такім заўзяццем, якога і свой за свайго не заўсёды пакажа. За жонак яшчэ не так: «Ета, — кажуць, — таваріш, новый порядок дажа одобряет», але за гаспадарку — дык глынуць, здаецца, гатовы. Панасіха на ўсё згодна: «Хай сабе і гэ, дзядзюшкі, ка, знайду я сабе без яго добрага чалавека, — толькі вы яму маёй крыўды не даруйце».
   Далей болей, так адукавалася кабеціна, што яе і сам Панас не пазнаў бы, — такая зрабілася асэсарка. Набрала сабе, пане, такіх звычаяў не паляшуцкіх, як у павятовай спраўнічыхі, — разважнела, распанела, а языком меле, як цэпам б’е. Лепей за ўсіх гэных каватараў. Наватсамы закаранелы паляшук, адышоўшыся ад яе, пачынаў ужо, схаваўшы піпку і капшук, як папугай бэкаць. «Бур... жуй!.. Як... сплю... а... тага...»
   I, як думаеце, свайго-ткі даканалася. Зрабіла так, што хаця яна й адна на дарозе свае «суніцы» збірае (а хто ведае — можа, у гэты час ужо і не збірае), але і Панасу ўжо жыцця няма. Выжывуць яго, мабыць, хутка з Панасавага сяла. Бо валасы ўжо страціў разам з галавой. Пачалося гэта ад таго, што як назбіралася тамака жменька гэтага вархольства, Панас свае жонкі страціў: адбілі і саўсім на свой капыл перарабілі. Потым, бачучы, што палешукі на іх касавурацца і волі не лішне даюць, знайшлі спосаб, як сваё таварыства пасяліць. Пасадзілі ў воласць сваіх людзей, балазе ўсё пісьменнікі — і ўстанавілі свае парадкі, для сябе зручнейшыя. Даўней, бывала, у воласці пыталіся ў таго, хто хацеў упісацца: «А ты, чоловіча, паляшук?» Калі той, не вымаючы люлькі з зубоў, акуратна адказваў: «Эге», — то, нічога не зробіш — свой — прымалі; калі ж не — дык выпраўлялі шукаць іншага свету. А за новымі парадкамі паляшуцтвам ужо мала цікавіліся: больш пыталіся, з якой партыі.
   Палешукі толькі вочы таропілі на тое, што дзеецца, але покуль раскусілі гарэх, дык час прабавілі — спозніліся. Цяпер, папраўдзе, дык не яны ўжо гаспадары, але гэныя, новыя. Панаса з хаты яны выгналі, той сабе ў варэннай7 ціханька сядзіць, як мыш у мяшку, ды толькі вохкае, каб чаго горшага не дачакацца. Рэшта палешукоў сядзяць і не рыпаюцца на што-небудзь. На млыне няма завозу, бо ніхто нічога не прывозіць, а што было, дык чысцюсенька вымелі. Борух ярмолку страціў і, бегаючы, барадой трасе; няма ўжо Борухавай карчмы — цяпер тамака клюб зрабілі. Гарэлку, аднак, п'юць яшчэ мацней, чым даўней у карчме, на што ў беднага Боруха сэрца кроўю абліваецца гледзячы—такі профіш страціць! Усё цяпер па-іншаму ў Панасавым сяле. Не тыя пайшлі парадкі, не даўнейшыя. Хто ў пашане быў, той цяпер тамака ў запечку сядзіць, а той, чыйго духу там даўней не было, — найбольшую пашану мае. Панасіху, хоць яе яшчэ там і няма, лепш ведаюць і болей шануюць, чым самога
   Панаса, каторы сялу пачатак даў. Цяпер хочуць сяло на рэспубліку перайначыць, а Панасіха, кажуць, мае прэзідэнтам зрабіцца. I гэта не дурна кажуць: нейкія перамены там будуць незабавам, конча будуць...
   — Шкода Панаса і наагул усяго сяла шкода, — сказаў я бачучы, што мой бяседнік перастаў гаварыць, мабыць, скончыў.
   — Нічога не параіш! Час такі дый баба зух, хай яе не знаць. Дый сам Панас вінен, што так усё праміргаў. Ну, але вы гэтага яшчэ ні ад каго не чулі? — перабіў ён сам сябе пытаннем да мяне.
   — Не, ад вас першага...
   — Вот бачыце! Што ж у вас тут, якія навіны?
   — Ад ліха — ціха, дабра не чуваць...
   — Ці, хутчэй: «Папаўся ў нерат — ні ўзад ні ўперад»? А Рада што?
   — Рада — як Рада...
   — А!.. Ну, выбачайце — дзякую затое, што паслухалі, і за цёплую печку: адагрэўся знамяніта. Бывайце здаровы!
   Коратка сціснуўшы маю далонь у сваёй мяккай і цёплай ручцы, чорт адкінуў хвост набок, як шаблю, адзяваючы на галаву капялюш, на момант паказаўся ўвесь, як стаіць, і ў мгненню вока счэзнуў праз вакенны вушак.
   Лямпа згасла... але, калі я прачнуўся, праз вакно заглядаў паранак. Я ўстаў з пасцелі і, насунуўшы на плечы кажух, сеў пры стале і пачаў запісываць гэтую цікавую версійку.

1920

 

1. Мурымскі — мабыць, мурынскі. Мурын — чорны чалавек, «арап»;
2. «Беларусь» — беларуская штодзённая грамадска-палітычная газета (21.10.1919 - 09.07.1920)
3. «... З. Бядуля панапісываў аб Панасавым жыцці на небе» — Маецца на ўвазе апавяданне Змітрака Бядулі «Панас на небе»;
4. Ураднікаў — тут у сэнсе: чыноўнікаў;
5. Бонка — жанчына, якая знаходзіцца на ўтрыманні;
6. Стан (польск.) — саслоўе;
7. Варэнная — кухня.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!