Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Гарун - Начныя думкі

Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязведаны край,
Повен то шчасця, то жаласці, плачу,
То зло-хмурлівы, то светлы, як рай.

Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у слёзах матуля сынка;
Сцелецца пушча глухая і цёмна;
Косці з магілы глядзяць бедака...

Бачу я: жоўтае жытняе поле
Коласам ціха шуміць-шалясціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня з аднэю малітваю "піць".

Траўка ў ляску ў цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча – людзей пацяшае;
Льецца крынічка, плюскоча вадой.

Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі смяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зеллем шаптухі паціху снуюць...

Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!

Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.

Дай мне купальскую кветку ў рукі,
Путы жалезныя мне развяжы,
Дай ты мне зелля на гора і мукі,
К шчасцю гасцінец мне дай, пакажы!

Ціха. Нічога не чую, не бачу.
Роіцца толькі нязведаны край,
Повен то шчасця, то жаласці, плачу,
То зло-хмурлівы, то светлы, як рай...

1908

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!