Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Гарун - На смерць

Памёр ты, татачка, ўспакоіўся навекі!
На вочы сумныя насунуліся векі,
Прыціснула іх смерць мацней за чужанца.
I вот айца
Не стала, родны мой, ад смерці тваяе.

О, смерць без літасці, ратунак ты і кара!
Нашто ж яму, як тая чорна хмара,
Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі?
Скажы, слязьмі
Нашто пасквапілась радзіны ты мае?

Ах, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны,
Жыццё сваё, той шлях, няўдатны і нявольны,
Ты з боллю цяжкаю у сэрцы перабыў
I свой згубіў
Апошні стон, адзін, у чужжстве, у цішы.

Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога...
I торгання разлукі не так катуюць строга,
Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч,
Ў цябе із воч
Сляза скацілася аб скрыўджанай душы.

Дратуе сэрца мне, цвікі ў мазгі ўбівае,
З грудзей і боль, і стоны здабывае
Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін
Ты там адзін,
Маўляў, бясплеменнік усім чужы, сканаў...

Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэнне,
Хаця б не роднае, хаця бы на здарэнне,
Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць,
Каб з ім аддаць
Сваім апошні свой, гарачы свой прывет.

Не меў Ён літасці, не даў табе спакою,
Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою
Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух
I бедны дух
Прымусіў твой пакінуць гэты свет.

Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца?
Ці ж можна праўду нам знайсці, калі маніцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?
З журбой, з слязьмі
Нясці туды сваю найбольшую з надзей?

Пабач, гаротны мой: ці ж ты не моцна верыў?
Святою праўдаю ці ж кожан шаг не мерыў?
Слязьмі крывавымі не плакаў? не прасіў?
Не ўсё знасіў,
Запомнены1 праз неба, нязнаны праз людзей?

Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак?
З гароты, з беднасці ці знаў перапачынак
За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды,
Не сох з бяды
З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх?

Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата
Памеў за жыцце ты, мой родны, бедны тата,
А можа, горкую табе і я хвілінку даў,
Не спагадаў
Табе калі... Цяпер за гэта выбачай.

Няхай пуховаю табе зямелька будзе,
Няхай спакой табе твой Пан прысудзе.
Я некалі прыйду пад той убогі крыж,
Дзе ты ляжыш.
I там наплачуся. А пакуль што — прашчай!


* Запомнены (паланізм) — забыты.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!