Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алена Васілевіч - Як я быў доктарам

Увага! Поўны змест

   Ідучы на работу, мама загадала мне:
   — Вова, у дванаццаць гадзін закапаеш Наташы вочы. Альбуцыд у шафцы.
   — А-ай...— гатовая вось-вось раскіснуць, скрывілася мая любая сястрыца.
   — Не «ай»! — строга спыніла яе мама і ўдакладніла, звяртаючыся да мяне: — Па дзве кроплі ў кожнае вока.
   Мама ведала, каму дае даручэнне, і ўсё ж не стрымалася:
   — I, калі ласка, нічога не пераблытай, як гэта ў цябе часта бывае...
   Спачатку я хацеў быў пакрыўдзіцца, але перадумаў — я ж не дзяўчынка, каб надзімаць губы ад кожнай дробязі. Мой настрой узняўся, бо ўсё-такі не каму-небудзь іншаму, а мне мама даручыла лячыць Натку, і, непрыкметна тузануўшы сястру за касу, я горача запэўніў маму:
   — Не хвалюйся, мамачка, роўна ў дзве гадзіны я закапаю ёй па дванаццаць кропель у кожнае вока!
   — Я так і ведала! Ты ўжо і зараз, не паспела я за дзверы выйсці, усё пераблытаў... Не па дванаццаць кропель, а па дзве! I не ў дзве гадзіны, а ў дванаццаць... Ды глядзі, у школу не спазніся!..
   — Не спазнюся, мамачка, не! Ідзі на работу, а то сама спознішся... Я добра памятаю: у дванаццаць па дзве!
   Ледзь не падштурхваючы, я правёў маму да дзвярэй, там яна яшчэ раз строга паўтарыла сваё: «Глядзі ж, не забудзь і нічога не пераблытай», і я нарэшце з нейкім шчаслівым адчаем шчоўкнуў ключом у дзвярах.
   Перакруціўшыся на адной назе і робячы выгляд, што бягу на каньках, я накіраваўся ў пакой, дзе была Натка — мая хворая, або пацыентка, як кажа наш сусед па калідоры, доктар Бабровіч.
   Натка сядзела, надзьмуўшыся, на канапе і перагортвала тоўсты стос «Мурзілак», сабраных за некалькі гадоў і сшытых тоўстымі шэрымі ніткамі,— гэта мяне тата прымусіў падшыць «Мурзілкі», каб не валяліся дзе папала, а былі разам.
   Я паглядзеў на Натку: падумаеш, грамацейка знайшлася! У самой шчокі тоўстыя, ружовыя, на галаве бант, таксама ружовы, і два такія ж ружовыя банты ў тоўстых белых косах.
   Я ніколі не мог прайсці паўз сястру, каб не пацягнуць яе за гэтыя косы з бантамі.
   Так я зрабіў і зараз.
   — Пусці, а то як дам!
   Хоць Натцы ішоў усяго толькі сёмы год — мне ўвосень споўніцца ўжо адзінаццаць! — і дома яна была страшэнная плакса, здачы даваць яна ўмела. На нашым двары яе баяліся ўсе малыя. Але то былі малыя, а я... Зрабіўшы страшны твар і гіпнатызуючы Натку жудасным позіркам, я наблізіўся да яе і зларадна зашаптаў:
   — А я табе закапаю не па дзве, а па дванаццаць кропель альбуцыду ў кожнае вока! Ага!
   I я зарагатаў тым агідным смехам, які мы чулі ў махноўца, калі глядзелі ў тэатры лялек «РВС» Аркадзя Гайдара. Не ведаю, што больш напалохала Натку — мой страшэнны выгляд ці дванаццаць кропель альбуцыду, але яна пранізліва піснула, ускочыла з нагамі на канапу і загаласіла на ўсю кватэру:
   — Не буду! Не хачу! Я маме скажу, як прыйдзе!..
   Да мамінага прыходу было яшчэ далёка, мама толькі што выйшла...
   А ўсё астатняе — «не буду», «не хачу» — мяне асабліва не турбавала. Я быў старэйшы ў доме і быў надзелены бязмежнай уладай.
   Каб не аглухнуць ад гэтага піску і плачу, я парашыў лепш перайсці да халоднай вайны.
   — Не хочаш, не будзеш, — значыць, аслепнеш! — тонам, ад якога, як мне здавалася, павінна была застыць кроў у жылах, прыгразіў я.
   Натка ў момант прыціхла, недаверліва глянула на мяне і прыкусіла кончык указальнага пальца зубамі. Гэта азначала, што яна або нешта хітруе, або сапраўды спалохалася.
   Цяпер, калі перамога была на маім баку, у мяне чамусьці зусім адпала ахвота дражніць сястру. Аднак, паколькі я ўсё ж быў пераможцам, я не мог і не хацеў першым пачынаць перагаворы. Першай павінна была папрасіцца яна. У мяне.
   Але сястра не спяшалася прасіцца. I я, каб яшчэ больш узвысіць сваю ўладу, падышоў да шафкі, дзе стаяла наша хатняя аптэчка, узяў з палічкі бутэлечку з альбуцыдам, павольна паднёс яе да правага вока, потым пабоўтаў, паглядзеў на святло. Затым, не спяшаючыся, узяў у рукі піпетку — такую шкляную трубачку, з маленькім гумавым пухірком на канцы, для закапвання вачэй...
   — Мама сказала ў дванаццаць закапаць. А зараз яшчэ няма дванаццаці, яшчэ рана... — нібы сухі кляновы ліст, прашалясцеў у мяне за спіной дрыжачы шэпт.
   Я распрастаў плечы і, не адказваючы Натцы, зноў паўтарыў па парадку ўвесь свой дослед: паднёс бутэлечку з альбуцыдам да вока, паглядзеў кроплі на святло, націснуў некалькі разоў піпетку.
   — Яшчэ не пара закапваць,— мацней задрыжаў за маёй спіной роспачны шэпт.
   Па натуры я зусім не такі строгі і злосны, якім заўсёды стараўся здавацца перад сястрой. З мяне ўжо было даволі і сваёй улады, і яе страху перад гэтай уладай, і яе слёз. Стоячы бокам да сястры, я суха сказаў:
   — А я і не збіраюся зараз закапваць.
   — Мама гаварыла, каб мы прыбралі кватэру,— ратуючыся ад маіх лекаў, выдумала першае, што ёй прыйшло ў галаву, Натка.
   — Ты што будзеш рабіць? — як і належыць мужчыну і пераможцу, велікадушна спытаў я. — Вазьмі павыцірай пыл, а я пайду дарожкі выб’ю...
   — Я таксама хачу выбіваць дарожкі! — запярэчыла Натка, але, успомніўшы пра сваё заняволенае становішча, адразу ж пакорна адмовілася: —    Ну добра, давай зробім, як ты хочаш...
   Як я хачу!.. Мая сястра, якая ніколі ў жыцці нікому і ні ў чым не ўступала, цяпер гаварыла мне: «Давай зробім, як ты хочаш...» Вось што значыць перамога!
   Я скакаў па лесвіцы цераз дзве прыступкі і цягнуў, нібы хвост, доўгую дывановую дарожку. Я нават спяваў «Барабаншчыка»:

Однажды ночью на привале
Он песню весёлую пел,
Но, пулей вражеской сражённый,
Пропеть до конца не успел...

   Праз гадзіну нашу кватэру было не пазнаць. Мы з Наткай, калі хацелі, умелі парадаваць маму. Мы нават падлогу вымылі, хоць спачатку і не думалі яе мыць. Праўда, шаруючы анучамі, мы не заўважылі, як намачылі і запэцкалі адзенне: я — сваю новенькую школьную форму, а Натка — сукенку, якую ёй падарылі на дзень нараджэння.
   Пакуль мы з Наткай прыбіралі ў кватэры, а потым мокрай шчоткай чысцілі адзенне і сушылі яго на батарэі, час праляцеў непрыкметна. I калі мы зноў апрануліся, я раптам успомніў пра свае доктарскія абавязкі. Я глянуў на гадзіннік — які жах! Ужо было палова першай гадзіны.
   — Натка! — закрычаў я.— Хутчэй лажыся на падушку, я табе закапаю вочы...
   Натка скрывілася, але пакорна падмасціла сабе пад галаву аж тры вышываныя падушкі, што ляжалі на канапе, і легла, а я, кінуўшыся да шафкі, схапіў кроплі, піпетку і паспешліва прыступіў да сваіх абавязкаў доктара.
   — Глядзі на паляўнічых! Глядзі на паляўнічых! — нервова камандаваў я сястры, якая ніяк не магла расплюшчыць вочы. У нас над канапай вісела карціна мастака Пярова «Паляўнічыя на прывале».
   Натка глянула на паляўнічых, і я ў гэты момант капнуў ёй у вока адну кроплю.
   — Ой-ёй-ёй! — заенчыла Натка. — Холадна!
   — Дзе холадна? — здзівіўся я, мерачыся капнуць другую кроплю.
   Але Натчына вока нібы зашылі. Яна качалася па канапе і ўсё прыгаворвала:
   — Ой, Вовачка, холадна! У воку холадна!
   Ад нашага суседа, доктара Бабровіча, я чуў, што з хворымі трэба абыходзіцца ласкава і далікатна, нават калі яны гавораць глупства або патрабуюць таго, чаго і самі не разумеюць.
   — Гэта табе толькі так здаецца, — як мага больш ласкава сказаў я Натцы, хоць зараз куды з большай ахвотай тузануў бы яе за касу.— Ты глядзі толькі на паляўнічых...
   Натка паверыла мне і зноў на нейкі момант расплюшчыла вока, і ў тую ж хвіліну я капнуў ёй другую кроплю.
   — Ой, паміраю, ой, холадна!
   Я ведаў, што другой такой прытворшчыцы, як наша Натка, у цэлым свеце няма. Я раз нават чуў, як мама гаварыла пра гэта з татам. I таму зараз не звяртаў асаблівай увагі на крыкі. Калі яна ўжо схапіла кан’юнктывіт — так называў хваробу Наткі доктар Бабровіч, — дык трэба ж неяк ратавацца. Пасля, калі вочы перастануць балець, можна будзе ёй добра надаваць. Але пакуль што, добра памятаючы, як павінен абыходзіцца з хворымі доктар, я як мага больш пяшчотна ўгаворваў сястру:
   — Вось і ўсё! Вось і добра! Бачыш, адно вока ўжо закапалі. Цяпер давай другое... Глядзі на паляўнічых...
   Але Натка толькі качалася па канапе і лямантавала:
   — Ой, холадна! Ой, у нос пацяклі кроплі!
   Гэта ўжо ніяк нельга было зразумець. Мне самому не раз закапвалі вочы альбуцыдам, але я ніколі не мёрз і ніколі кроплі не цяклі мне ў нос. З такой пацыенткай я напэўна мог спазніцца ў школу, ужо не кажучы пра тое, што, вядома, не паспею паснедаць і павінен буду ісці з дому зусім галодны.
   — Ну, ведаеш, няма мне тут часу з табой цацкацца! — павысіў я нарэшце голас.— Глядзі на паляўнічых!
   Як і ўсякая, нават самая смелая дзяўчынка, Натка баялася сапраўднага мужчынскага тону. Яна спалохана маргнула, і я тут жа спрытна капнуў ёй кропельку ў другое вока!
   — Ай, Вовачка, міленькі, больш не трэба!
   Што за глупства! Засталося капнуць адну толькі кроплю...
   — Глядзі, піскуха! — далей вытрымліваць свой ласкавы доктарскі тон я не мог. — Вось я закапаю гэтыя кроплі сабе, хоць у мяне няма ніякага кан’юнктывіту...
   Я нават не лёг, як Натка, на падушкі, а толькі адкінуў галаву і — раз, два! — закапаў сабе спачатку ў адно вока! Раз... — у другое!
   I тут жа, не бачачы свету, я вобмацкам паставіў на край стала бутэлечку з лякарствам, паклаў піпетку і кінуўся на падушку поруч з Наткай.
   — Ну што? — прастагнала Натка, тручы вочы кавалкам марлі.
   — Н-нічога, зараз п-пройдзе, — не маючы сілы расплюшчыць вочы, прамармытаў я.
   — Табе не холадна?
   — Гм... Нешта халаднавата... У цябе не праходзіць?
   — Не-е, — зарумзала Натка. — Яшчэ далей у нос пацякло...
   «Пацякло ў нос» і мне. Пацякло нешта пахучае, рэзкае, халоднае. I, галоўнае, нельга было расплюшчыць вачэй.
   — Ну, табе ўжо лепш? — спытаў я.
   — Не, яшчэ горш... А табе?
   Я вымушаны быў прызнацца, што і мне «холадна» і «яшчэ горш»...
   — Што гэта за такі альбуцыд? Я больш ніколі не буду ім закапваць вочы. Я яго вон выкіну!..— хныкала Натка і совала па канапе нагамі.
   Я ўжо і сам гатовы быў выкінуць за акно агідную бутэлечку... Раптам мяне насцярожыў нейкі добра знаёмы пах. У чым справа? Альбуцыд жа не пахне.
   Я працягнуў руку да стала, схапіў бутэлечку і паднёс яе да левага вока, у якое паспеў капнуць усяго адну кроплю і якое яшчэ крышку расплюшчвалася... Цяпер ужо холадна зрабілася не толькі маім вачам, але і вушам, і нагам, і ўсяму целу...
   У руках у мяне было ментолавае масла — ад насмарку!
   — Натка, мы аслеплі! — у роспачы крыкнуў я.
   У Наташы, як і заўсёды, на ўсё быў толькі адзін адказ: яна загаласіла на ўсю кватэру.
   — Хутчэй бяжы на кухню! — крыкнуў я і, схапіўшы сястру за руку, пацягнуў яе да ўмывальніка.
   Адкруціўшы кран, я прыгаршчамі пачаў ліць ваду сабе на твар, на вочы. Тое ж рабіла і знявечаная маім лячэннем Натка. Аднак умыванне мала дапамагло. Тады я наліў у кубкі гатаванай вады з чайніка. Узяўшы па кавалку марлі, мы з Наткай пачалі прамываць вочы цёплай вадой. Нам зрабілася крыху лягчэй. Тады мы пачалі наліваць ваду з чайніка яшчэ і яшчэ...
   Нарэшце Натка спытала ў мяне:
   — Ну што, цяпер мы не аслепнем?
   Я не паспеў адказаць, бо да нас пастукалі. Мы кінуліся адчыняць. Суседка, цётка Поля, убачыўшы нашы чырвоныя твары і вочы, успляснула рукамі.
   — Бацюхны мае, што гэта з вамі?
   — Мы аслеплі! — урачыста паведаміла Натка.
   — Што-о?!
   — Мы закапалі вочы ментолавым маслам замест альбуцыду,— растлумачыў я.
   — Божа ж мой! — ускрыкнула цётка Поля і, нічога больш не сказаўшы, кінулася да дзвярэй.
   Мы былі вельмі здзіўлены яе паводзінамі: замест таго, каб пашкадаваць нас і чым-небудзь дапамагчы, яна пабегла да суседзяў.
   Мы замкнулі на ключ кватэру і зноў пайшлі мыць цёплай вадой свае вочы. Цяпер у нас ужо была маленькая надзея — а можа, і не аслепнем? Вачам стала цяплей, і яны не так слязіліся. Толькі, праўда, з насоў у нас пацякло, як пры добрым насмарку.
   Хвілін праз дзесяць у нашы дзверы застукалі так, што мы з Наткай аж скалануліся.
   — Хто гэта? — прашаптала Натка.
   — Не ведаю,— таксама шэптам адказаў я.
   Стук паўтарыўся з новай сілай.
   — Можа, зладзеі?
   — Не, зладзеі прыходзяць ноччу, — не зусім упэўнена супакоіў я сястру.
   Стук не спыняўся. За дзвярыма моцна гаманілі. Мы разабралі голас цёткі Полі:
   — Далібог, яны там, мусіць, патруціліся... Я траха не самлела, як убачыла. Белыя як палатно!..
   — Можа, у каго з суседзяў ключ падыходзіць да гэтай кватэры? А то прыйдзецца ламаць дзверы, — сказаў малады жаночы голас.
   Мы з Наткай надышлі да самых дзвярэй і насцярожыліся.
   — Няма такога ключа. Ва ўсіх у нас розныя ключы, — гаварыла цётка Поля. — Пабягу сякеру вазьму ды кватаранта свайго паклічу. Адны, без мужчыны, мы тут нічога не зробім...
   На пляцоўцы затупалі, забегалі,— відаць, пабеглі па сякеру. Мы з Наткай не дыхалі.
   За дзвярыма нехта грубым жаночым голасам сказаў:
   — Такіх матак, што пакідаюць у дзяцей пад рукамі што папала, трэба было б у турму саджаць.
   — Мяне непакоіць, што за дзвярыма не чуваць ні гуку — зусім інакш, заклапочана і мякка, азваўся другі, малады голас.
   Пры гэтых словах у нашы дзверы зноў пастукалі.
   Мы з Наткай пераглянуліся.
   — Не трэба адчыняць, — прашаптала Натка, — а то нашу маму засудзяць і пасадзяць у турму...
   — А калі дзверы пасякуць?..
   На пляцоўцы пачуліся цвёрдыя крокі, нехта моцна штурхануў дзверы, і мужчынскі голас крыкнуў:
   — Дзеці, ану адчыняйце!
   — Ён нас бачыць...
   Натка, а следам за ёю і я на пальчыках адышлі да вешалкі і схаваліся за старое маміна паліто...
   — Ламіце, кажу вам, дзверы! Гэта ж, не раўнуючы, дзеці, а не пянькі яловыя! Можа, іх там ужо і жывых няма — Цётка Поля была, відаць, страшэнна напалохана і ледзь не плакала.
   Заскрыгатала жалеза, затрашчалі дзверы... Мы з Наткай стаялі за вешалкай і чакалі, што вось-вось паляцяць трэскі... Што будзе, калі вернуцца дадому мама з татам і ўбачаць паламаныя дзверы? Больш маўчаць было нельга.
   — Мы жывыя! — нейкім вельмі тоненькім галаском закрычала Натка і кінулася да дзвярэй. Я — услед за ёю.
   — Мы жывыя! — лямантавалі мы ў адзін голас, ніяк не могучы павярнуць ключ у замку.
   Калі дзверы, нарэшце, адчыніліся, мы твар у твар сутыкнуліся з дзвюма жанчынамі ў белых халатах. За іх спіной стаялі цётка Поля, яе кватарант і яшчэ суседзі з іншых кватэр.
   — Ну што тут у вас? Жывыя? Здаровыя? — пераступаючы нарог, звярнулася да нас маладая цёмнавалосая жанчына ў белым халаце. Гэта была доктар «Хуткай дапамогі». Яна глядзела на нашы чырвоныя твары, і вочы яе смяяліся.
   Мы з Наткай збянтэжана апусцілі галовы.
   — Ну, хутчэй расказвайце ўсё па парадку.
   — А вы не будзеце саджаць у турму нашу маму? — спытала Натка. Нас цяпер больш за ўсё непакоіла гэта.
   — Не, не буду,— смеючыся паабяцала маладая жанчына.
   Старэйшая, таксама ў халаце, з чамаданчыкам, не згадзілася:
   — А варта было б!.. Каб ведалі, як дарэмна ганяць «Хуткую дапамогу»...
   — Ну, ну, Іванаўна...— мякка спыніла яе маладая і зноў звярнулася да нас:
   — Ну, дык што здарылася?
   — Вова лячыў мяне...— паказала на мяне Натка.
   Я ўжо крыху пасмялеў, перастаў баяцца доктаркі з чамаданчыкам і расказаў усё па парадку.

1957

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!