Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алена Васілевіч - Браты-артысты

Увага! Поўны змест

   Іх было трое. I асірацелі яны на трэці дзень, як нарадзіліся на свет. Памятаю, прыйшла тады цётка Фядора з хлява ў хату, бядуе:
   — Гэта ж такая авечка была!
   А сяджу я на печы — мне тады гадоў дзевяць было — ды раптам як заплачу! Учора ж я сама бегала ў хлеў і бачыла ягнятак. Такія яны вясёленькія былі. Так падбрыквалі і смешна тыцкалі мордачкамі ў бакі матку-авечку — шукалі малака.
   I вось яны засталіся без маці. Як жа будуць адны?..
   — Што твае слёзы цяпер памогуць? — строга спыніла мяне цётка. — Апраніся лепей ды хадзем у хлеў. Трэба забраць іх у хату.
   У мяне адлягло ад сэрца. Калі забяром ягнятак у хату, то яны ўжо не змерзнуць. I галодныя таксама не будуць у хаце.
   Цётка злавіла і падала мне спачатку адно ягнятка, потым другое. Трэцяе яна ўзяла сама, і мы подбежкам кінуліся ў хату. Ягняты барукаліся, таўхаліся цвёрдымі капыцікамі і галасілі на ўвесь двор.
   — Не плачце, дурненькія. Не плачце. У хаце вам будзе добра, — суцяшала я іх, бегучы па рыпкаму снегу. Снег сыпаўся мне ў валёнкі і пёк ногі, як агнём.
   Мы з цёткаю прынеслі ягнят у хату і пусцілі на падлогу. Яны хутка асвойталіся і пачалі ўсюды тыцкаць свае цікаўныя насы, пачалі абнюхваць. А адно, відаць, самае ўпраўнае, ускочыла на лаву. А з лавы на стол. I давай абнюхваць абрус, якім быў накрыты хлеб.
   — Гэтае не прападзе, адразу ведае, дзе шукаць, — пажартавала цётка. — Адрэж яму скібачку хлеба.
   Я выканала цётчын загад. Але ягня не хацела. Панюхала, лізнула скібачку і адвярнулася. Гэтаксама зрабілі і яго браты: толькі лізнулі яго ружовымі язычкамі.
   — Малыя яшчэ, — цётка дастала з шафы гладыш і наліла ягнятам малака ў місачку.
   Яна падсунула місачку спачатку аднаму. Ягня тыцнулася пыскаю ў малако і смешна зафыркала. Не ўмелі піць з міскі і яго браты. Яны таксама смешна круцілі пыскамі і гучна фыркалі, распырскваючы малако.
   — Цяпер будзе з імі работы, — незадаволена выліла малако ў свіное карыта цётка. — Трэба купляць соску і паіць, як маленькіх дзяцей, з бутэлькі.
   Цётка сказала мне зноў апрануцца і збегаць да Заброцкіх — пазычыць соску. У Заброцкіх было малое дзіця, то павінна была быць і соска.
   Пакуль я збегала да суседзяў, цётка нагрэла ў чыгуне з гарачай вадой бутэльку з малаком. Галодныя ягняты галасілі на тры галасы. I галасней ««за астатніх патрабавала есці тое, што паспела ўжо ўскочыць на стол.
   — Цяпер будзем, як з музыкамі, — дала цётка соску з малаком самаму галаснейшаму.
   Ягня спачатку ніяк не магло злаўчыцца, а потым узялося, узялося і выпіла ледзь не паўбутэлькі малака. Браты яго адтапталі нам з цёткаю ногі: «Хутчэй, хутчэй! — нібы прасілі яны. — Мы таксама галодныя!..»
   Наеўшыся, усе трое захацелі спаць. I хутка ўсе трое заснулі на старым кажушку, у куточку за печчу. Прачнуліся яны гэтак жа раптоўна, як і заснулі. Прачнуліся і зноў затупалі па хаце, забляялі.
   — Што ж цяпер з імі рабіць? — сумеўся дзядзька.
   — Соскі купляць. Вось што трэба рабіць, — дала адказ на дзядзькава пытанне цётка Фядора.
   I назаўтра мой стрыечны брат Ціма паехаў аж за сем кіламетраў у мястэчка.
   Купляць ягнятам соскі.
   Зіма выдалася халодная. I браты-сіроты зімавалі ў нас у хаце. Клопату з ягнятамі хапала, але і радасці было шмат. Раслі браты хутка. I неўзабаве бутэлек з малаком было ім не набрацца. Тады я пачала прывучаць іх да хлеба і да сырой бульбы. Нарэжу лустачак — і ў рот кожнаму. Спачатку ягняты бульбы не любілі, а потым, як рассмакавалі, што гэта за ласунак, дык ужо выпрошвалі бульбу без усялякага сораму.
   I наогул есці і дурэць ім ніколі не надакучвала. Яны прачыналіся, калі на вёсцы не свяцілася яшчэ ні адно акно. Прачнуцца і давай адразу дурэць па хаце. На лавы скачуць, на ложкі... Ускочыць каторае і тупае па табе. Ну як тут улежыш...
   «Мучыцелі» наперабой хапаюць з маіх рук хлеб і лустачкі бульбы. Ліжуць шурпатымі гарачымі языкамі мне рукі. Дзякуюць... Ну, ужо добра, добра. Не падлізвайцеся. У школу ўставаць рана, і я сама яшчэ хоць крыху пасплю.
   Спіцца раніцою смачна. Асабліва, калі цябе разбудзілі апоўначы і паднялі з пасцелі. Разаспішся так, што нядоўга і школу праспаць... Але зноў: туп-туп-туп... Па тваім ложку, па тваіх нагах. Зноў нехта лізь цябе ў нос, у шчаку...
   — Адчапіцеся, назолы! Не дадуць паспаць...
   Так прайшла зіма ў нас.
   А як пацяплела на дварэ, як зазвінеў у небе жаваранак, выправадзілі мы ягнят назад у хлевушок. Выправадзілі — і неяк пуста і сумна зрабілася ў хаце.
   Жылі мы ля самай школы. Таму я амаль на кожным перапынку бегала да сваіх выхаванцаў. Схаплю ў хаце які ласунак, выпушчу ягнят з хлява і гуляю з імі па школьным двары. Ды так важна, з такім гонарам перад усімі вучнямі! Маўляў, у каго ёсць такія разумныя бараны, як у мяне? А то пачну дурэць з імі. Я бягом па двары, а яны следам за мною. А то «піраміду» робім: два браты-бараны стануць поруч, а трэці ўскочыць і стаіць у іх на спіне...
   Дзецям, вядома, цікава. Збяруцца ўсе ў круг. Смех. Крыкі. Усе наперабой мяне ўпрошваюць: зрабі тое, зрабі гэта...
   — А што дасце артыстам?
   — Дамо! Дамо!
   I артысты сапраўды атрымліваюць шчодрую плату: яблык, ружовую моркаўку або кавалак смачнага пірага.
   Так мінула вясна.
   Настала лета.
   Браты-артысты выраслі і сталі рагатымі баранамі. Цяпер яны штодня хадзілі з чарадою ў поле. Аднак і ў чарадзе трымаліся яны задзірліва і ганарыста. Маўляў, мы не такія, як усе астатнія бараны і авечкі...
   А ўвосень і я пайшла ў школу ўжо ў другую вёску. Вечарам, ідучы выганам дадому, я не мінала авечай чарады, дзе хадзілі і мае гадаванцы. Але яны ўжо не беглі да мяне. Яны ўжо не хацелі мяне пазнаваць.
   I мне было сумна...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!