Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Адам Міцкевіч - Смерць палкоўніка

На палянцы зялёнай, між думных бароў,
Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.
Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.
Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.
Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў
I прывесці бліжэй, да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.
Загадаў свой прынесці паходны мундзір,
Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі.
А калі ўжо ад хаты каня адвялі,
Ксёндз туды ўвайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.
Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.
Нават воі Касцюшкі былыя
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.
Рана-рана ў капліцы званіць пачалі.
Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх — насцеж дзверы.
Там ляжаў ён на лаве — ў спакоі чало.
У руках яго — крыж, збоч — нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі — сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!
Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў... дзяўчынай! Была — слёз не трэба, жанкі, —
То ліцьвінка Эмілія Плятэр!

1832

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!