Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цэнтон

   Цэнтон (ад лац. cento — адзенне, пашытае з розных абрэзкаў) — верш, складзены з урыўкаў розных твораў аднаго ці некалькіх паэтаў.
   У пераважнай большасці — гэта від гумарыстычнай літаратуры. Часам ужываецца і з пэўнымі навуковымі мэтамі. Так, рускі вершазнавец В. Баеўскі асабіста складзеным цэнтонам, радкі для якога ўзяў са свабодных вершаў розных паэтаў, даводзіў думку, што верлібру ўласцівы філасофскі роздум.
   Цэнтон можа ўжывацца і як літаратурная пародыя. Такі характар мае сямістрофны цэнтон-пародыя Цімоха Дзеразы (П. Сушко) («Літаратура і мастацтва». 1985. 12 ліпеня), які складаецца з катрэнаў аднолькавага памеру і падобнага зместу, узятых з кніг Я. Міклашэўскага, У. Скарынкіна, В. Гардзея, З. Дудзюк, С. Басуматравай, Петруся Макаля і В. Ракава.
   Вось своеасаблівы санет-цэнтон Ю. Пацюпы «Арабескі» (2000), які амаль цалкам складзены з радкоў Максіма Багдановіча (10, 11), Алеся Гаруна (12), М. Грамыкі (6), К. Кірэенкі (4), Вацлава Ластоўскага (14), Г. Леўчыка (5), А. Моркаўкі (7), А. Паўловіча (1), Алеся Разанава, (3, 8), Хв. Чарнышэвіча (2, 13), Янука Д. (9):

У чарах млее ноч. За рэчкаю ў аддалі
гамоняць радасна паміж сабой кусты
па той бок. Што па той бок? І ўжо знікаеш ты.
Так многа шчасця, хоць яго было так мала.

О, сэрца, ты не плач! — яшчэ не перастала
нясцішна гаманіць у часе цемнаты.
Пільнуеш, быццам смерць, гадзіны, дні, гады,
калоціцца агонь, што губіць і ўздымае.

Шкада разбітых мар. На цёмным дне жыцця
мінулае сваё прыпамінаю я
і кожны трэск, і стогн, і звонкі птушак сокат…...

Прыходзь у гэты лес, паветра тут глытай —
у хвалях возера разліта пазалота:
Само-Сіерра, Рэйн, Аара, По, Дунай!