Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цэзура

Кнопка отправить на печать

   Цэзура (ад лац. caesura — рассячэнне) — пастаянная ўнутрырадковая паўза, якая звычайна праходзіць праз адно і тое ж месца ўсіх вершарадоў паэтычнага твора, напісанага антычным, сілабічным ці сілаба-танічным вершам.
   У антычным вершы цэзура дзяліла (рассякала) стапу (адсюль і назва), у сілаба-танічным яна, як правіла, супадае з заканчэннем слова і стапы.    Часам, аднак, і рассякае стапу, як гэта заўважаецца ў вершы Петруся Броўкі «Красаванне». Тут цэзура «рассякае» чацвёртую стапу Д6, што падкрэсліваецца нават графічна (вершарад запісваецца ў два радкі):

 

Ёсць прыгажосць у ранку праменным,

ёсць у змярканні,

Толькі нічога не знаю прыгожай,

як час красавання,

Як разліваюцца белыя вішні,

а слівы, а бэры,

А буйныя ружы, а мак лёгкакрылы,

а сціплы той верас.


   У чатырохстопным і пяцістопным вершы цэзура звычайна знаходзіцца пасля другой стапы, у шасцістопным — пасля трэцяй, у сямі- і васьмістопным — пасля чацвёртай. Напрыклад:

Асцярожна, ногі: //

плошча Перамогі!

Спяць бацькі трывожна, //

а над імі — гімн...

Сватала вайна іх , //

ажаніла многіх

Неразлучна з смерцю//

у дамах магіл.

(Алесь Камароўскі. «Паклон»)


   Тут, у шасцістопным харэі, цэзура стаіць пасля трэцяй стапы. Яна дзеліць вершарад на дзве палавіны, што падкрэслена графічна.
   Цэзура мае рытмастваральнае значэнне, набліжаючыся па сваёй інтанацыйна-сэнсавай ролі да міжрадковай паўзы. Стапа, што знаходзіцца перад цэзурай, можа накшталт клаўзулы быць з нарашчэннем (Цн) ці ўсячэннем (Цу) — падоўжанай на адзін-два склады або, наадварот, зменшанай. Вось чатырохстопны ямб з цэзурным нарашчэннем на адзін склад (Я4Цн1):

 

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
(Максім Багдановіч)

Няма цэнзуры, ды ёсць цэзура,
Калі за горла хапае страх,
Калі пасе нас, нібы кузурак,
Ахоўна-схоўны таёмны гмах.
(Васіль Зуёнак)
 

   Арыгінальнасць рытма-інтанацыйнаму малюнку верша надаюць Цн і ў харэі. Як, у прыватнасці, у вершы Анатоля Вялюгіна «Чаромхавыя халады» (першыя два радкі):

Па ярах сумётамі — белая чаромха.
Салаўі шалёныя б’юць на ўсе лады.
Заінела пер’е майскага чарота,
выветрыўшы неба,
ходзяць халады.


   А вось прыклады з Цу. Верш Янкі Купалы «З кутка жаданняў» напісаны чатырохстопным дактылем з цэзурным усячэннем на адзін склад у няцотных радках (Д4Цу1Д4Д4Цу1Д4):

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям—
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.
 

   «Балада пра начлег» А. Пысіна напісана чатырохстопным амфібрахіем з цэзурным усячэннем на адзін склад (Ам4Цу1Ам4Цу1):

 

Граната ў руках. // Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, // яшчэ не стае!
Стралковая рота// сопку ўзяла.
...Пад намі зямля, // над намі зямля.


   Часам цэзурай называюць любы словападзел у радку, а пастаянную працяглую паўзу — медыянай.