Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Філаматы

   Філаматы (ад грэч. philomathes – аматар ведаў) – тайнае патрыятычнае студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце ў 1817-1823 гг. Заснавана 01.10.1817  Ю. Яжоўскім (прэзідэнт), Тамашам Занам, Адамам Міцкевічам, Ф. Малеўскім, Ануфрыем Петрашкевічам, В. Палюшынскім, Б.Сухецкім.
   Праект статута распрацоўвалі Міцкевіч і Зан з арыентацыяй на аб’яднанне значнай колькасці моладзі, але быў прыняты праект Яжоўскага. Ён прадугледжваў стварэнне вузкага, фактычна закрытага таварыства з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў.
   Галоўнай мэтай філаматы лічылі падрыхтоўку моладзі да рознабаковай дзейнасці на карысць Айчыны. Яна ажыццяўлялася ў навуковым і арганізацыйным кірунках, ва ўласнай творчасці, прадугледжвала глыбокае авалоданне разнастайнымі навуковымі ведамі, замежнымі мовамі. Вялікая ўвага аддавалася абуджэнню нацыянальнай свядомасці, прапагандзе гуманізму, галоўная роля ў гэтым адводзілася гуманітарным навукам. Філаматы трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіцыйнай палітыкі ў адукацыі, спроб абмежавання культурна-асветніцкіх функцый навукі. Сацыяльныя заганы трактавалі з пункту гледжання канцэпцыі «натуральнага права», асуджалі дэспатызм, прыгонніцтва, феадальна-абсалютысцкія парадкі. Статут таварыства абавязваў яго ўдзельнікаў мець працы філосафаў, гісторыкаў і палітыкаў. Практычныя прапановы членаў таварыства прадугледжвалі паскарэнне развіцця прамысловасці, шырокае выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы дасягненняў агранамічнай навукі і тэхнічных прыстасаванняў. Асноўным пунктам праграмы філаматаў было патрабаванне адмены прыгоннага права, свабода сялянства лічылася асновай дабрабыту і прагрэсу грамадства, найважнейшай умовай шырокага распаўсюджання асветы. Вырашэнне галоўных грамадска-палітычных праблем філаматы разглядалі як залежнае ад палітычнай улады і суадносілі яго з вырашэннем маральных праблем; маральнае зло лічылі асновай любой несправядлівасці сацыяльнага жыцця. Яны збіралі і аналізавалі беларускі літаратурны фальклор, звычаі і абрады, планавалі падрыхтаваць сінтэзаваную характарыстыку народнага жыцця. Фальклорныя вобразы істотна паўплывалі на паэтычную творчасць Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча.
   У арганізацыйным плане філаматы імкнуліся да структурнай цэласнасці і дасканаласці сваёй дзейнасці. Яна ўскладнялася неабходнасцю пастаяннай падтрымкі ўмоў строгай канспірацыі, што накладвала адбітак на ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі таварыства і знайшло адлюстраванне ў 3-х варыянтах яго статута (прымаўся адпаведна ў 1817, 1818 і 1819). Магчыма, статут быў распрацаваны пад уплывам масонаў, якія актыўна дзейнічалі ў Вільні. 1-ы статут Яжоўскага падзяляў філаматаў на правадзейных членаў арганізацыі і членаў-карэспандэнтаў, куды залічваліся навічкі (мелі права толькі на навуковую дзейнасць і не дапускаліся на адмінстрацыйныя сходы). Паводле 2-га статута ў таварыстве створаны 2 аддзелы: свабодных навук і літаратуры, фізіка-матэматычных і медыцынскіх навук. 3-i статут фармальна скасаваў інстытут карэспандэнтаў, але захаваў абавязковы 4-месячны выпрабавальны тэрмін для новых кандыдатаў.
   У пачатку 1821 таварыства рэарганізавана, стала больш адкрытым і дэмакратычным. Усе ўдзельнікі атрымалі права распрацоўкі яго статута, кіраўніцтва крытыкавалася за пэўны ўціск свабоды мыслення. У 1819 філаматы стварылі шэраг саюзаў-клубаў з мэтаю пашырэння свайго ўплыву на моладзь і павышэння ўзроўню самаарганізацыі. У красавіку 1819 заснаваны «Саюз сяброў», галоўнай задачай якога стала падрыхтоўка моладзі да разумення філаматычнай праграмы, а з кастрычніка 1820 — кіраўніцтва новаарганізаваным «Саюзам філарэтаў». Са студзеня 1821 «Саюз сяброў» фактычна стаў сярэдняй ступенню буйнога канспіратыўнага маладзёжнага аб’яднання (першую прадстаўлялі ўласна філаматы, якія тайна кіравалі «Саюзам сяброў», трэцюю — філарэты. Па прапанове Міцкевіча з непадрыхтаванай моладзі фарміраваліся спецыяльныя таварыствы, даступныя яе духоўнаму ўзроўню. Значную папулярнасць меў створаны філаматамі «Саюз прамяністых».
   У 1823 тварыства філаматаў раскрыта афіцыйнымі ўладамі, многія з яго ўдзельнікаў (Антон Адынец, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Ануфрый Петрашкевіч, Аляксандр Ходзька, Ян Чачот і інш.) арыштаваны, Тамаш Зан асуджаны да зняволення ў крэпасці.


Крыніца: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512с.

Похожие статьи:

ІншаеФіламаты і філарэты