Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Узвышша

Кнопка отправить на печать

   «Узвышша» – аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў у 1926-1931 гг. Створана 26.05.1926 (статут прыняты 20.08.1926, зацверджаны 02.12.1926) па ініцыятыве Адама Бабарэкі, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі, Кандрата Крапівы, Язэпа Пушчы, Кузьмы Чорнага.
   У згуртаванне ўваходзілі: К. Чорны, К. Крапіва (намеснік старшыні і скарбнік), А. Бабарэка (сакратар), А. Адамовіч, З. Бядуля, П. Глебка, Сяргей Дарожны, У. Дубоўка, Уладзімір Жылка, Лукаш Калюга, Тодар Кляшторны, Ф. Купцэвіч, М. Лужанін, Андрэй Мрый (А. Шашалевіч), Я. Пушча, В. Шашалевіч і інш. Аб'яднанне выдавала часопіс «Узвышша», літаратурныя зборнікі. На ідэйна-мастацкую платформу «Узвышша» станоўча паўплывала літаратурная група «Перавал» (існавала ў Маскве, выступала за высокую эстэтычную культуру творчасці).
   На 1-м этапе (май 1926 - снежань 1929) аформілася ідэйна-эстэтычнае аблічча «Узвышша». Ідэя-праект абгрунтавана Бабарэкам на пасяджэнні Цэнтральнага бюро «Маладняка» (26.05.1926), дзе разглядалася заява пра выхад са складу гэтага аб’яднання. Заснавальнікі «Узвышша» не пагаджаліся з пралеткультаўскімі тэндэнцыямі, якія выявіліся ў недаацэнцы мастацкай спадчыны, тэорыі «калектыўнай творчасці», што вяла да збяднення літаратурнага майстэрства і прафесійнай падрыхтоўкі. Ідэйна-эстэтэтычная платформа «Узвышша» абвешчана ў праграмнай заяве (тэзісах) «Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» (1927), якая ўключала крытычны аналіз становішча тагачаснай беларускай літаратуры (спадчына яе заснавальнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і інш., творчасць маладых пісьменнікаў, якія недаацэньвалі або зусім не прызнавалі літаратурную традыцыю і не ўзнялі літаратуру на новую мастацкую ступень), крытыку «маладнякізму» як літаратурна-асветніцкага кірунку. На думку членаў «Узвышша», дасягнуць вышыні нацыянальнай літаратуры магчыма было шляхам вучобы і выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый і стварэння арыгінальнай школы літаратурнага мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, апору на аўтэнтычны фальклор і класічную літаратуру, арганічнае спалучэнне рэалістычных тэндэнцый са смелым наватарствам, шырокае выкарыстанне мастацкай сімволікі, канцэнтраваную вобразнасць, нацыянальна-спецыфічную тэматыку, цэласнасць і канцэптуальнасць творча-мастацкага мыслення, разнастайнасць форм і стыляў. Заснавальнікі «Узвышша» абгрунтавалі мастацкі кірунак нацыянальнай літаратуры аквітызм (ад лац. aqua vita - жывая вада) – развіццё традыцый нацыянальнага адраджэння і творчае выкарыстанне навацый сусветнай мастацкай культуры.
   На 2-м этапе (студзень-кастрычнік 1930 г.) у выніку рэпрэсій супраць ідэйных лідэраў «Узвышша», нападак вульгарна-сацыялагічнай крытыкі прынята «Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» (1930). У ёй адзначаюцца недакладныя фармулёўкі ў асобных артыкулах У. Дубоўкі, Ф. Купцэвіча, К. Чорнага і інш., перабольшанне нацыянальнага моманту. У артыкуле «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі «Узвышша» вымушаны былі адмовіцца ад «нашаніўскіх традыцый старэйшага пакалення пісьменнікаў», абяцалі разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асноўныя палажэнні марксізму-ленінізму, пераадолець у сваёй свядомасці «дробнабуржуазную сялянскую хісткую псіхалогію», уключыцца ў барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літаратурную дзейнасць з працай грамадскіх арганізацый. Адначасова адзначалася, што «Узвышша» дало «шэраг выдатных мастацкіх твораў, блізкіх пралетарыяту».
   На 3-м этапе (1931 г.) пасля арышту і ссылкі А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, Я. Пушчы, У. Жылкі і інш. агульны сход аб’яднання прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Узвышша».
   Вульгарна-сацыялагічная крытыка 1930 – пач. 1950-х г. поўнасцю адмаўляла значэнне «Узвышша» ў станаўленні беларускай савецкай літаратуры, адносіла аб’яднанне да варожых сацыялізму арганізацый. Толькі ў 2-й палове 1960-х – 1990-я г. навуковая літаратуразнаўства аб’ектыўна ацаніла уклад «Узвышша» ў развіццё літаратуры, мастацкай культуры і эстэтычнай думкі Беларусі.


Крыніца: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.16: Трыпалі – Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 576 с.