Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэксталогія

   Тэксталогія (ад лад. textus - тканіна, сувязь і грэч. logos - слова) — дапаможная галіна літаратуразнаўства, якая вывучае гісторыю напісання літаратурнага твора з мэтай вызначэння канчатковага, так званага кананічнага, тэкста, вызваленага ад розных памылак і скажэнняў, дзеля яго выдання. Кананічным лічыцца тэкст аўтарскага белавога рукапісу, а калі яго няма - тэкст апошняй прыжыццёвай публікацыі твора.
   Тэксталогія займаецца таксама праблемамі датавання (вызначэнне дакладных дат напісання і публікацыі твораў), атрыбуцыі (устанаўленне аўтарства ананімных ці псеўданімных твораў), каментавання (стварэнне каментарыя — больш ці менш пашыранага даведачнага апарата).
   Асобныя тэарэтычныя і практычныя праблемы беларускай тэксталогіі абагульнены ў працах М. Мушынскага "Ад задумы да здзяйснення" (1965), Р. Гульман "Тэксталогія твораў Янкі Купалы" (1971), у зборніку "Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры" (1980) і інш.
   Пошукі аўтараў ананімных паэм XIX стагоддзя увасоблены ў кнігах Г. Кісялёва "Загадка беларускай "Энеіды" (1971) і "Пошукі імя" (1978).
   Расшыфраваць многія псеўданімы і крыптанімы беларускіх пісьменнікаў дапамагае "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст." Я. Саламевіча (1983).
   Тэксталогія пры неабходнасці абапіраецца ня бібліяграфію, крыніцазнаўства, палеаграфію і іншыя навукі.